Поиск по этому блогу

Наша памяць


З напісанага даўней                                                                                           

                                                                                        Аляксей Якімовіч
Наша памяць

Усё часцей многія з нас задумваюцца над такімі пытаннямі: хто мы?; адкуль пайшлі?; якімі былі нашы продкі?; ці можна імі ганарыцца?
Так, чалавек павінен ведаць свае карані, сваю радаслоўную, сваю гісторыю. Гэта надае яму годнасць, права адчуваць сябе роўным сярод іншых народаў. Нездарма ўсе музеі свету па крупінках збіралі і збіраюць ўсё тое, што завецца гісторыяй народа, нашай памяццю. Збіраюць, шануюць, перадаючы нашчадкам. Без гэтага цяжка і, відаць, немагчыма пабудаваць цывілізаванае грамадства.
Цудоўную легенду пра нашу старонку пакінуў Вялікі і Вольны Беларус пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Вось яна. Калі нашы продкі прыйшлі да Бога прасіць зямелькі, то вельмі ж спадабаліся яны яму. І аддаў ён ім Беларусь, дзе ўсяго патрэбнага чалавеку ўдосталь. А нашы прашчуры гэтую зямельку зрабілі квітнеючым краем. Ды не доўга яны цешыліся плёнам сваіх рук. Хцівае вока ворага ўсё часцей пазірала на яе. Шмат бітваў-пабоішчаў пабачылі беларускія гоні, лясы. Паэт сярэднявечча Мікола Гусоўскі нездарма ў паэме “Песня пра зубра” пісаў пра бога вайны збраяноснага Марса, пра тое, як у крывавых купальнях ён губіць людзей.
Ці не самымі заклятымі ворагамі нашых далёкіх продкаў былі крыжакі і мангола-татары.
Прыйшоўшы з дзікіх стэпаў, мангола-татары зруйнавалі Кіеў, Усходнюю і Паўднёва-Заходнюю Русь. Некаторыя гісторыкі імкнуцца даказаць, што непраходныя балоты, непралазныя лясы не дазволілі мангола-татарам трапіць у Беларусь. Але ж гэта не так. Вядома з гісторыі, што на беларускія землі яны спрабавалі прарвацца праз Гомель і Брэст. Вось як Іпацеўскі летапіс расказвае пра бітву пад Брэстам: “И не можаще проехати в град, ради смрада великого убиенных множества в поле лежащих».
Хто ляжаў каля Брэста? Канешне, мангола-татары, бо воі-хрысціяне ніколі не пакідалі сваіх загінулых на полі бою.
Ардзе не ўдалося прарвацца на беларускую зямлю, але шмат пацярпела яна ад крыжакоў. З 1284 года імі было зроблена больш за 130 паходаў, пакуль воі Вялікага Княства Літоўскага разам з саюзнікамі 15 ліпеня 1410 года дашчэнту не разбілі іх пад Грунвальдам. Праўда, трэба сказаць, што і воі-беларусы помсцілі ворагу. Яны таксама зрабілі больш чым 60 паходаў у крыжацкія землі, у Прусію, а славуты палкаводзец Давыд Гарадзенскі даходзіў аж да Брандэнбурга і Франкфурта-на-Одэры.
Пасля Грунвальдскай бітвы наша зямля нядоўга адпачывала: усяго каля 50 – 60 гадоў. Прыкладна з 1469 па 1553 гады крымскія татары зрабілі 75 паходаў. Дарэчы, крымскія татары пад час бівы пры Грунвальдзе былі нашымі саюзнікамі і многія з іх засталіся жыць у нас, ды, як бачна, многае змяшалася ў той бурлівы, няўстойлівы час. Крымчакі звычайна бралі ў палон дзяцей, падлеткаў, асабліва дзяўчынак 10 – 12 гадоў, якіх потым з вялікай выгадай для сябе прадавалі на ўсходніх нявольніцкіх рынках. І ад гэтага ворага трэба было бараніцца ўсёй сілай, бо ён знішчаў самае каштоўнае – генафонд народа. Для абароны гарады Беларусі вылучалі спецыяльную вайсковую конную “старожу”, якая размяшчалася ў Брэсце, Пінску і ў Лоеве, дзе быў вядомы “Татарскі брод”. “Старожа” выратавала беларускую зямлю, не дазволіла татарам пайсці ўглыб Беларусі.
1503 – 1533 гады – гэта бесперапынныя войны з тагачаснай Маскоўскай дзяржавай, на чале якой стаяў князь Васіль 3. Узлаваны тым, што паходы ягонага войска заканчваюцца няўдачамі, ён аб’явіў сваю ваенную дактрыну: “Доколе конь мой будет ступать, а меч сечь, не дам спокоя Литве». Нават дачка Васіля 3 Алена, якая перад гэтым выйшла замуж за князя Аляксандра, правіцеля Вялікага Княства Літоўскага, не вытрымала і напісала бацьку: “От твоих людей упад великий стался, города и волости пожжены, а иные позаседаны и бесчисленный люд в полон поведён».
Гэтыя войны працягваліся і пры Іване 4, пакуль у 1537 годзе не было заключана перамір’е.
У 1558 – 1583 гадах Вялікае Княства Літоўскае было ўцягнута ў Лівонскую вайну, у выніку якой Вялікае Княства Літоўскае і Польшча аб’ядналіся ў адзіную федэратыўную дзяржаву – Рэч Паспалітую. Ды з 1654 года паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай пачалася вайна, якая працягвалася да 1667 года. Яна была вельмі зацятай і лютай. У час яе Беларусь страціла кожнага другога свайго жыхара. Нездарма так сталася. Свабодалюбівы беларус не скараўся. Беларуская шляхта і звычайныя мяшчане біліся да апошняга.
Вялікія ахвяры прынеслі беларусам і наступныя войны. У час паўночнай вайны паміж Расіяй і Швецыяй, якая распачалася ў 1700 годзе (яе галоўныя падзеі разгортваліся менавіта на тэрыторыі Беларусі), загінуў кожны трэці беларус. Вайна, развязаная французскім імператарам Напалеонам,забрала кожнае чацвёртае жыццё. У гады першый сусветнай вайны, распачатай у 1914 годзе, мы страцілі кожнага пятага жыхара. У час Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны чацвёрты беларус.
Углядваешся ў гэтыя скупыя лічбы і міжволі задумваешся: як наш народ змог выжыць? Многія народы не вытрымалі і меншага няшчасця, меншай навалы: згінулі, растварыліся, як раствараецца кропля ў бязмежным моры.
Вялікі, жыццястойкі наш народ не паказваў страху перад ворагам, змалку рыхтаваў сябе да вялікіх выпрабаванняў, аб чым можна прачытаць у паэме нашага суродзіча Міколы Гусоўскага.
                                                                                       Аляксей Якімовіч,
                                                                                       17 жніўня 1991 года.