Поиск по этому блогу

Каму што баліць…


З напісанага даўней

Каму што баліць…

Як кажуць, каму што баліць, той на тое і скардзіцца. Вось і знаёмы вадзіцель маршрутнага аўтобуса № 12 Іван З., сустрэўшы мяне, пачаў скардзіцца на сваё нялёгкае шафёрскае жыццё. Падчас размовы я зразумеў, што праблемы, якія ўзнімае Іван, хвалююць не толькі яго, вадзіцеля, але і мяне, пасажыра гарадскога транспарту.
Спачатку Іван стаў расказваць пра прастоі аўтобусаў, якія адбіваюцца на яго зарплаце, а, значыць, і на бюджэце яго сям’і.
У аўтапарку, дзе ён працуе, не хапае ўсяго. Як Іван сказаў, “нават звычайнай дробязі. Напрыклад, свечкі запальвання. А пра ліставое жалеза для зношанага кузава аўтобуса і казаць не прыходзіцца”.
А адна з самых балючых праблем вадзіцеляў аўтапарка – праца на маршруце № 12, які ён чакае як пакаранне. Вядома, што гэты маршрут – “таксі”. Праезд тут даражэйшы, чым на аўтобусах іншага маршруту, а таму для пасажыраў ён павінен быць камфортны. Так першапачаткова і задумвалася. Планавалася, што маршрут № 12 “таксі” будзе ўключаць 7 прыпынкаў: Энка – 10-я школа – Аптэка – Вакзал – Ільнозавод – магазін “Іса” – Бальніца.
Каб праехаць туды і назад, трэба зрабіць кальцо, на гэта вадзіцелю давалася адна гадзіна. У гэты час шафёры ўкладваліся без асаблівага нервовага напружання. А потым адміністрацыя аўтапарка да вышэй пералічаных прыпынкаў па патрабаванню пасажыраў дабавіла яшчэ некалькі: Тапалёвая – Зялёная – “Спадарожнік” – плошча Сапегі, а таксама Чкалава – Сёмы пераезд – Леашэні. А час на маршрут пакінулі той жа: адну гадзіну.
У новы графік вадзіцелю цяжка ўкласціся. У выніку яны сталі нервавацца, графік маршруту пачаў парушацца, з-за чаго злуюцца пасажыры, выказваючы свае папрокі вадзіцелю. Узнікае ўзаемная непрыязнь, асабліва калі трэба прыпыніцца па патрабаванню людзей, якія знаходзяцца ў аўтобусе ці на прыпынку.
Добра, калі ў аўтобусе ёсць сігнальная кнопка. Калі ж яна адсутнічае, то пасажыр вымушаны гукаць на  ўвесь аўтобус, каб вадзіцель спыніўся па яго патрабаванню, што часта ў салоне аўтобуса выклікае смех, кпіны, пасля чаго пасажыр выходзіць абражаны.
У гэтым годзе на агульным сходзе вадзіцелі прасілі кіраўніцтва аўтапарка павялічыць графік гэтага маршрута на 10 хвілін, але кіраўніцтва да іх голасу не прыслухалася. Вадзіцелям хацелася б зрабіць графік маршрута № 12 пастаянным: 35 хвілін у адзін канец і 35 -- у другі. Цяпер жа яны з Энкі да раённай бальніцы павінны прывезці пасажыраў за 15 хвілін. А як гэта зрабіць у час пік?
                                                              Аляксей Якімовіч, чэрвень 1998 года.