Поиск по этому блогу

Мой выпускны вечар

 

Мой выпускны вечар

 

Што табе найбольш запомнілася з выпускнога вечара?

Ці захацеў бы ты цяпер вярнуцца туды?

Вось такія пытанні я задаў нашым чытачам і вось што яны сказалі.

 

Аляксей, выпускнік 1967 года.

Запомнілася, як сядзелі за столікамі і разам з бацькамі і настаўнікамі адзначалі свой выпуск са школы. Тады крыху выпілі віна і мне здалося, што я такі ж самы, як мае настаўнікі і бацькі: ужо дарослы. Але я памыліўся. Дарослым стаў значна пазней, калі шмат перажыў у жыцці.

А яшчэ запомнілася, як правёў дамоў сваю аднакласніцу, якая мне падабалася і на якую раней глядзеў моўчкі, уздыхаючы. Прыемна здзівіла, што яна адказала мне ўзаемнасцю, прызнацца, гэткага не чакаў. Напэўна, мы пацалаваліся б, калі б не прыбег мой сябар. Ён нейкім чынам знайшоў нас і ўжо не адыходзіўся, ні на хвіліну не пакінуў, што мне вельмі не спадабалася. Вось так пачалася і закончылася мая першая сустрэча з дзяўчынай. Яна была, яна помніцца.

Ці захацеў бы зноў вярнуцца туды, на той выпускны баль? А ці знайшоў бы там цяпер тое, што было тады? Думаю, што не знайшоў бы.

 

Мікола, выпускнік 1966 года.

-- Запомнілася, як ноччу, пакінуўшы будынак школы, прыйшлі на мост, узведзены праз раку. Да самай раніцы мы там былі: смяяліся, жартавалі, спявалі, танчылі. Было цудоўна, весела. Яшчэ запомнілася, як разам з атэстатам уручылі правы шафёра. Яны мне вельмі спатрэбіліся. Спачатку ў арміі, дзе на грузавым аўтамабілі перавозіў зерне на цаліне і выконваў іншыя заданні камандзіраў. Пасля арміі праз нейкі час купіў легкавушку і стаў ездзіць на ёй, ужо маючы гэтыя ж самыя школьныя правы. Яны і цяпер ёсць у мяне. Хачу пахваліцца: за ўсе гады ні разу не парушыў правілы дарожнага руху. Значыць, у школе мяне някепска навучылі.

Хацелася б вярнуцца, прыйсці на той вечар, каб паглядзець на аднакласнікаў, на настаўнікаў, на бацькоў.

 

Юля, выпускніца 2005 года.

-- Добра запомніла, як мне ўручылі атэстат. На тым вечары гэта была мая галоўная падзея. Тады я зразумела, што гэты атэстат – мая пуцёўка ў далейшае жыццё. Я да яго, можна сказаць, ужо была падрыхтавана і фізічна, і маральна, з нецярпеннем чакала гэтага моманту.

Ці хацела б вярнуцца туды? Адразу не магу сказаць. Трэба падумаць.

 

Ніна, выпускніца 1997 года.

Выпускны вечар склаўся з дзвюх частак: афіцыйнай, дзе нам уручалі атэстаты і ўзнагароды (канешне, не ўсім), і так сказаць, танцавальнай, вясёлай. Доўга танцавалі, доўга хадзілі па горадзе, радаваліся жыццю. А яшчэ я ці не ўпершыню пазайздросціла тым, хто атрымаў узнагароды. Што ж, яны, напэўна, заслужылі іх, а я не дацягнула.

Ці хацелася б зноў прыйсці туды? На жаль, у адну і тую ж ваду, якая цячэ няспынна, два разы не ўвойдзеш.

А як адказалі б на пастаўленыя пытанні Вы, нашы чытачы?

                                                                        Падрыхтаваў Аляксей Якімовіч