Поиск по этому блогу

Экспертыза "Непаразуменні са свякроўю"

  

                                              Непаразуменні са свякроўю

 

Вось што мне прыйшлося пачуць ад маладзіцы Святланы.

-- Разам з мужам жыву ў свякрові, у яе кватэры. Можна сказаць, з першага дня не склаліся ў мяне з ёю адносіны. Часта кажам адна адной колкія словы, ад чаго і мне, і¸ думаю, ёй становіцца нядобра.

 

Як Вы, нашы эксперты, ацэньваеце гэту сітуацыю?

Што зрабілі б у дадзеным выпадку?

 

Эксперт Валянцін.

-- Канешне, ні Святлане, ні яе свякрові не пазайздросціш. Тут, напэўна, як кажуць людзі, найшла каса на камень. Думаю, што Святлане разам з мужам трэба перабрацца ў іншую кватэру і жыць самастойна.

Эксперт Пятрусь.

-- Як я зразумеў, Святлана не маўчыць, адказвае колкасцю на колкасць. Яна забылася, а, магчыма, і зусім не ведае, што трэба з павагай адносіцца да старэйшых. Ёй трэба навучыцца паважаць свякроў, прамаўчаць альбо прыязна ўсміхнуцца, калі яна зробіць нейкую заўвагу. Тады і іх адносіны наладзяцца.

Эксперт Ніна.

-- Самае страшнае ў тым, што і Святлана, і яе свякроў – гэта, па сутнасці, ворагі. Два ворагі кожны дзень знаходзяцца ў адной кватэры. Камусьці з іх яе трэба пакінуць. А яшчэ раю Святлане адкрыта пагаварыць са свякроўю не як з ворагам, а як з блізкім чалавекам. Няхай тая, як старэйшы, больш вопытны чалавек, скажа ёй, што трэба зрабіць у дадзенай сітуацыі.

 

Эксперт Галя.

-- Не ведаю, якую пазіцыю займае ў гэтай сітуацыі муж Святланы. Калі маўчыць, то, значыць, пагаджаецца з мамай, не перажывае, калі бачыць Святлану знерваванай, у слязах. Калі гэта так, то, відаць, не ў той двор і не ў тыя рукі яна трапіла. Сілком мілы не будзеш. Трэба развітвацца табе з імі, Святлана, і шукаць сваё, іншае шчасце.

 

Эксперт Даша.

-- Канфлікт, відаць, развіваецца на бытавым узроўні. Кожная з іх у кватэры хоча быць галоўнай, гаспадыняй. Вось і не могуць падзяліць уладу. Ды не толькі ўладу на ўзроўні быту, але і ўладу над сынам. Ва ўзаемаадносінах з ім кожнай таксама хочацца быць галоўнай, рэўнасць мучыць іх. Святлане трэба ўцякаць, жыць самастойна.

 

А як да гэтай сітуацыі адносіцеся Вы, нашы чытачы?