Аляксей Якімовіч
Акунёў вудзіць
(як узнік фразеалагізм)
Беларуская вёсачка
Замошша стаяла каля лесу. Побач цякла
рачулка. Увосень і асабліва ўвесну яна выходзіла з берагоў і разлівалася па
лузе, падступала да самых агародаў. Белыя гарлачыкі з вялікімі жоўтымі кветкамі
вырасталі на затопленым лузе, калі прыгравала сонейка. Каля іх павольна плавалі
акуні, плоткі, шчупакі. Нямала іх потым заставалася ў азярынках, калі вада
адступала, уваходзіла ў берагі.
Працавітыя людзі жылі ў
Замошшы. Яны не толькі шчыравалі ў агародзе, на полі, але і лавілі рыбу, у лесе
збіралі ягады, грыбы, арэхі. Шмат іх было на пагорках. Вялікімі шышакамі віселі
яны на высокіх гнуткіх ляшчынах.
У вёсцы Замошша жыў і
Мацей. Ён быў не такі, як іншыя аднавяскоўцы: ленаваўся, не любіў працаваць.
-- Мацейка, -- аднойчы
звярнулася да яго жонка Ганна, -- палі
вадою з бочкі грады на агародзе. Сохне зямля.
-- Уся не высыхне, --
буркнуў Мацей. – Дождж калі не сёння, дык заўтра нашы грады памочыць.
-- Каторы дзень няма
дажджу! Палі. Каму сказала! – страціла цярпенне жонка. Кожны дзень ёй з Мацеем
прыходзілася ваяваць.
-- Няма калі мне! –
агрызнуўся Мацей.
-- Калі!.. Калі!.. Каго
ты калоць сабраўся? – павысіла голас Ганна.
-- На возера пайду.
Акуні там добра клююць, -- сказаў Мацей і выйшаў з хаты.
Накапаўшы за хлявом
чарвякоў, ён узяў вуду і паклыпаў на возера.
Ідзе Мацей
да возера,
Вуду
прыціскае.
Рыбацкае
шчасце
Яго даўно
чакае.
Возера, па берагах
парослае аерам, чаротам і асакой, было непадалёку.
Па возеры плавалі
буравата-шэрыя качкі. Заўважыўшы Мацея, яны адплылі далей і неўзабаве схаваліся
ў густым чароце.
Мацей сеў на
шаўкавістую траву і закінуў вуду. Непадалёку конікі стракочуць, нібы дзіўную
песеньку спяваюць, сіняватыя стракозы лятаюць. Адна з іх села на паплавок, які
ўзвышаўся над вадою.
-- Кыш! Кыш! – як на
курыцу, закрычаў на страказу Мацей. А яна сядзіць, не зважае.
Мацей прыўзняў вуду.
Страказа ўзнялася і паляцела.
Прыгравае, усё вышэй
узнімаецца сонца. Над возерам праляцела кнігаўка, жалобна закрычала:
“Чыы-ы-вы, чыы-ы-вы, чыы-ы-вы…”
Дзесьці непадалёку яе
гняздо – неглыбокая ямка, высланая сухімі сцяблінамі травы. Магчыма,
аліўкава-бурыя яечкі з чорнымі плямінкамі ўжо ляжаць у ім.
Мацей апусціў галаву на
грудзі і задрамаў. Да яго падскочыў цікаўны зялёны конік, уставіўся, глядзіць.
Адразу не паверыў ён, што гэты рыбалоў з доўгаю вудаю заснуў.
Мацей усміхнуўся. Яму
прыснілася, што цягне з вады вялікага шчупака. Шчупак упіраецца, не паддаецца.
І ён, Мацей, не ўломак. Усё-такі выцягнуў шчупака. Трапечацца ён на беразе. А
Мацей пазірае на яго, задаволены. Будзе чым сёння парадаваць і жонку, і дзяцей.
А ў гэты час акунькі ў
возеры каля кручка плаваюць, чарвяка па кавалачку адкусваюць, цягаюць. Паплавок
на вадзе трапечацца, скача.
Цікаўны конік падскочыў
і ўсеўся Мацею на калена. Ці прачнецца, ці накрычыць на яго рыбалоў?
Не прачнуўся, сапе
носам.
Конік пасмялеў, на
шапку заскочыў. Сядзіць на галаве Мацея, пазірае з яе, як з незвычайнай вышкі.
Сонца косы
распусціла,
Ў возера
глядзіць.
Рыбачок
лянівы
Не зважае,
спіць.
Невядома, ці доўга так
спаў бы шчаслівы Мацей, калі б да яго не падышлі два хлапчукі з Замошша:
чарнявенькі і бялявенькі.
-- Глядзі! – падаў
голас чарнявенькі. – Дзядзька Мацей з вудай у руках спіць.
-- Акунёў вудзіць, --
пырснуў смехам бялявенькі.
-- А конік сядзіць на
шапцы і яго ахоўвае! -- засмяяўся і чарнявенькі.
Зялёны конік пачуў
гэта. Саскочыў з шапкі і ў траве схаваўся.
А на вадзе паплавок
скача, хвалюецца.
-- Дзядзька Мацей, клюе
ў вас! -- гукнуў чарнявенькі.
-- Га? – спрасонку
ўсклікнуў Мацей і, расплюшчыўшы вочы, тузануў вуду. Ды не злавіў ён акунька.
Хітры акунёк сцягнуў з кручка чарвячка.
Цяпер пра таго, хто дрэмле, спіць седзячы, кажуць акунёў вудзіць.
Выдадзена ў выдавецтве “Беларусь”.
Якімовіч, А. М. Нязваныя госці :
прыгодніцка-гістарычная аповесць, мастацкія гіпотэзы, вершы, прыпеўкі для
настрою / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2022. – 199 с.