Пра багоў язычніцкіх. Бог зімы Зюзя
(у
форме пытанняў і адказаў)
Наша беларускае мінулае багатае, непаўторнае. Многіх
цікавіць, як жылі нашы прашчуры, чым захапляліся. З урокаў гісторыі мы ведаем,
што яны верылі ў язычніцкіх багоў, шанавалі іх, баяліся, улагоджвалі, а іхнія
выявы з дрэва ці каменя ставілі каля свайго жылля, у лесе. Многія элементы тых
даўніх абрадаў дайшлі да нашага часу. Іх можна ўбачыць і на Купалле, і на
Вялікдзень, і на Каляды.
-- Язычніцкага бога зімы Зюзю лічаць правобразам Дзеда
Мароза. Ці так гэта?
-- Так. Нашы продкі меркавалі, што Зюзя – лысы барадаты
дзядок – ходзіць басанож па снезе ў даўгаполым адзенні з сасновым кіем у руцэ.
Іншы раз ён яго выкарыстоўваў як дубінку.
-- Нашы прадзеды баяліся Зюзю?
-- Асцярожна адносіліся да яго. Ён мог ператварыцца ў
снежнага мядзведзя і напасці на адзінокага падарожніка. Наваліўшыся, трымаў яго
да таго часу, пакуль няшчасны не замярзаў.
-- Чаго надта не любіў Зюзя?
-- Вельмі не падабалася яму, што зіму змяняе вясна. Таму
асабліва лютаваў у апошні зімовы месяц. Вось і назвалі людзі гэты месяц лютым.
-- Людзі, напэўна, стараліся, задобрыць Зюзю, каб не
шкодзіў ім?
-- Для гэтага адзначалі Масленіцу – свята провадаў зімы,
у час якога палілі пудзіла Масленіцы. Гэтым як бы казалі, што не ён, Зюзя,
наслаў на іх траскучыя марозы і снежныя завірухі, а нядобрая Масленіца.
-- Ці ёсць у Зюзі слугі?
-- Слугамі бога зімы Зюзі з’яўляюцца халодныя снежныя
завеі.
Аляксей Якімовіч
Даўгаполае адзенне
Зюзя адзявае,
Зіму-зімавіцу
Ужо даўно чакае.
Ён з зімой сябруе,
Па снезе босы ходзіць,
Усяму жывому
Вельмі любіць шкодзіць.
У яго ёсць слугі –
Завеі ледзяныя.
Круцяцца ля Зюзі,
Як ваўкі ліхія.
Роўныя дарогі
Снегам замятаюць,
Высокія гурбы
Ля плоту пакідаюць.
Даўгаполае адзенне
Зюзя адзявае,
Кій сасновы у руках,
Сціснуўшы, трымае.
2024 год