Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. СУФІКС

 

                                      Творчы ўрок у 3 класе. СУФІКС

 

Мэты: сфарміраваць паняцце пра суфікс як частку слова, якая служыць для ўтварэння новых слоў; фарміраваць уменні і навыкі знаходзіць  суфіксы ў словах і ўтвараць словы з іх дапамогай; садзейнічаць развіццю маўлення; выпрацоўваць арфаграфічную пільнасць; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; прывіваць жаданне вучыцца, атрымліваць у школе веды.

 

                                                         Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

                                                          Прыгожы, духмяны,

                                                          Пшанічны, жытнёвы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

• Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.    

Н а с т а ў н і к. На папярэднім уроку мы вывучалі... (прыстаўку). Прыстаўкі с- і з- разгубіліся і не ведаюць, дзе іх словы. Давайце дапаможам ім, злучым лініямі (выконваюць два вучні каля дошкі, астатнія -- на картках у парах).

            клеіць

            рабіць

            лічыць

з-         хадзіць           с-

            пакаваць

            жаць

• Успомнім правіла правапісу прыставак з-, с-.

4.Чыстапісанне.

Прачытайце словы, якія запісаны на дошцы:

                     скасіць   вясковая    каса

• На хвілінцы чыстапісання напішам тры літары, якія знаходзяцца ў прыстаўцы першага слова, у пачатку кораня другога слова і ў канчатку трэцяга. Якія гэта літары?

                      с  в   а

• Вызначыце парадак літар у дадзеным радзе:

                     сва   ссва   свва   сваа   сссва...

(У радзе напісаны літары с, в, а; па чарзе ўдвойваецца іх колькасць: спачатку с, потым в, а; затым утройваецца).

• Напішыце гэты рад, захоўваючы паслядоўнасць.

• Прыдумайце і запішыце сказ, выкарыстаўшы два словы з прапанаваных: скасіць, вясковая, каса.

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к. Ці захоча хто-небудзь з вас пакаштаваць мыла? А часам пра чалавека кажуць: "Пайшоў як мыла з'еўшы". Так гавораць тады, калі чалавек нечым незадаволены, у дрэнным настроі. Але хто сапсаваў яму настрой? Можа, ён сам? Вельмі часта настрой чалавека залежыць ад яго самога, ад яго працы на ўроку. Не будзем ленавацца, разам з казкай актыўна папрацуем, як след вывучым частку слова -- суфікс і тым самым створым сабе добры настрой.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі.

У гэты дзень Шпачку было вельмі сумна, бо з самай раніцы  з Сарокай пасварыўся. А з-за чаго, запытацца? Ён, Шпачок, дзеля жарту ў калюжыну ўскочыў, крыльцамі пырхнуў і Сароку вадою абліў і прабачэння не папрасіў.

Цяпер адзін сядзіць на галінцы, пазірае ў адчыненае акно хаты, дзе  дзяўчынка Насця  вучыць  правіла.

Заслухаўся Шпачок,  не заўважыў, як Сарока побач з ім на галінку села.

Загайдалася галінка ад цяжару, а Сарока ўсміхнулася Шпачку.

Шпачок адразу павесялеў і запытаўся:

- Сарока-белабока, ты больш не злуешся на мяне?

- Тсс! - ціха прамовіла Сарока. - Давай Насцю паслухаем.

У гэты час Насця гучна прачытала:

- Суфікс – гэта частка слова. Ён знаходзіцца пасля кораня перад канчаткам. З дапамогай суфікса ўтвараюцца словы з новым значэннем.

- Суфікс вывучае! - адзначыў Шпачок.

- А ты, відаць, тут даўно сядзіш! - засакатала Сарока. - Напэўна, шмат запомніў.

- Я асаблівасці суфікса надта добра запомніў! - упэўнена прамовіў Шпачок. - Першая асаблівасць: суфікс -- частка слова; другая асаблівасць: ён знаходзіцца пасля кораня перад канчаткам.

• Яшчэ якую асаблівасць суфікса не назваў Шпачок? (Утварае словы з новым значэннем.)

Самастойная праца.

Ад слова "лес" пры дапамозе суфікса –н- утварыце слова з новым значэннем. Абазначце значком  ^  суфікс -- частку слова, якая знаходзіцца пасля кораня перад канчаткам.

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай  працай вучняў.

Н а с т а ў н і к. Паслухайце працяг нашай казкі.

Сарока ўбачыла каля хаты Насцін мяч і прапанавала Шпачку:

- Давай пагуляем. Мяч адзін аднаму будзем кідаць і пры дапамозе суфіксаў новыя словы ўтвараць.

- Добра прыдумана! - зусім павесялеў Шпачок.

Сарока кінула мяч і назвала слова "сад".

Шпачок злавіў мяч і, назваўшы слова "садовы", кінуў мяч сяброўцы.

Сарока назвала слова "садавіна" і зноў кінула мяч Шпачку.

Злавіўшы мяч, Шпачок назваў слова "садавінка".

Стварэнне праблемнай сітуацыі.

Сад - садовы - садавіна- садавінка.

• Пры дапамозе якіх суфіксаў утвораны гэтыя словы?

• Якое з іх перадае пачуццё? (Пачуцці -- радасць, захапленне, замілаванне і інш.).

• Пры дапамозе якога суфікса перадаецца гэта пачуццё? Якое пачуццё?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.           

Запомніце! Некаторыя суфіксы надаюць словам памяншальна-ласкальнае значэнне.

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце верш і назавіце патрэбнае слова.

                                                    З  самай раніцы у полі

                                                    Вецярок гуляе,

                                                    З каласкамі залатымі

                                                    Ціха … (размаўляе).

                                                            Аляксей Якімовіч.

• Назавіце суфіксы, якія надаюць словам памяншальна-ласкальнае значэнне.

Праца са словам.

На картцы запісаны два наборы літар і слова. Выберыце слова.

Смыжанка     Дождж      Каравурка (Дождж.)

• Што дапамагло вам адрозніць слова ад набору літар? (Словам можна назваць толькі тое, што мае нейкае значэнне, нейкі сэнс.)

•  Што абазначае слова "дождж"? (З'яву прыроды.)

• Якія яшчэ з'явы прыроды вы ведаеце?

• Павучымся заклікаць дождж. Для гэтага вывучым заклічку.

                                    Дожджык, дожджычак, з’явіся,

                                    На зямлю хутчэй спусціся.

                                    Мы цябе даўно чакаем,

                                    Разам дружна выклікаем.

                                                           Аляксей Якімовіч.

• Ці ёсць суфікс у слове "дождж"? А ў словах "дожджык", “дожджычак”?

Фізкультхвілінка.

Вучні паказваюць, як з’яўляецца хмарка, як падаюць дажджынкі, даганяючы адна адну, як дзеці ўцякаюць, хаваючыся ад дажджу.

Утварэннне слоў у спалучэнні са слоўнікавай працай.

З дапамогай суфіксаў утварыце словы з новым значэннем ад слоў "сасна", "воз", "гара", "снег", "чаромха", "павук".

• Ці ёсць сярод іх словы з памяншальна-ласкальным значэннем? Утварыце іх, калі няма.

• Дзе вы бачылі чаромху? Калі яна зацвітае?

Каментарый настаўніка.

Цікава ведаць! Да слова "чаромха" можна падабраць сінонім "чарэмшына".

Адгадайце загадку па прыметах:

1) яна зацвітае ў маі;

2) яе кветкі белыя, вельмі духмяныя;

3) звычайна пышная, густая.

• Што гэта? (Чаромха.)

• Пры напісанні слова "чаромха" ў якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна?

• Растлумачце правапіс літары а ў першым складзе.

• Перакладзіце на рускую мову слова "чаромха". Параўнайце гучанне і напісанне.

• Растлумачце напісанне слова "павук".

• Раскрыйце сэнс параўнання "ўблытаў, як павук муху ў павуцінне". Складзіце і запішыце сказ з гэтм параўнаннем.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Павук -- слоўнікавае слова. Запомніце, як яно пішацца.

Праца з дэфармаваным тэкстам.

Спішыце,  устаўляючы патрэбныя літары. Абазначце суфіксы ў словах з памяншальна-ласкальным значэннем “жоўценькім”, “пясочку”, “зялёненькім”, “лясочку”.

                                   Кончыліся, дзеці, вашы гульні

                                   Каля светлай р..чкі, каля пуні ,

                                           І на жоўценькім пясочку,

                                           І ў зялёненькім лясочку.

 

                                  Пахавайце вуды, стр..лы, лукі,

                                  Прыступайце, дзеці, да навукі,

                                           Каб было ўсё акуратна,

                                           Каб вучы..а на “выдатна”.

                                                              Якуб Колас [2, с. 8, “Раніца ў нядзельку”. “За навуку”].

• Вызначце значэнне слова “пуня”. (Збудаванне для сена.) [1, с. 276, “Тлумачальны слоўнік”].

• Да чаго заклікае дзяцей паэт?

Вясёлая хвілінка.

Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а песню, звон камарыкаў – з-з-з, з-з-з-, з-з-з – потым перадасце і вы.

                                                    Зялёненькі конік

                                                    На цымбалах грае.

                                                    Насаценькіх камарыкаў

                                                    Спяваць запрашае.

                                                                   Аляксей Якімовіч.

• Пакажам, як звіняць камарыкі, прамовім разам: “З-з-з, з-з-з, з-з-з…”

• Назавіце словы з памяншальна-ласкальным значэннем. Якія суфіксы надаюць словам гэта значэнне?

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Выправіце памылкі ў сказе з парушанымі сэнсавымі сувязямі.

Траўка ідзе да казы.

• Вучань сцвярджае,  што ў словах "траўка", "казы" а) ёсць суфіксы, б) няма суфіксаў. Правільна гэта?

Хвілінка адкрыцця.

Утварыце імёны па бацьку з дапамогай суфіксаў -авіч(-овіч), -аўн(-оўн) ад дадзеных уласных імён.

Узор. Іван - Іванавіч- Іванаўна.

Сымон, Кандрат, Ігнат, Піліп, Міхаіл, Яўген.

Праца з запіскай-“дапамагаткай”.

Вучні атрымліваюць запіскі-"дапамагаткі "Як знайсці суфікс у слове".

Каб знайсці суфікс у слове "дружная", трэба разважаць так:

1. Змяняю слова: дружная, дружнай, дружных. Выдзяляю ў слове "дружная" канчатак -ая.  

2. Падбіраю аднакаранёвыя словы: дружная, дружба, дружыць, падружыць. Выдзяляю агульную частку -- корань друж-.

3. Суфікс – частка слова. Ён стаіць пасля кораня перад канчаткам.  Значыць, у слове "дружная" суфікс -н- . Выдзяляю яго знакам  ^  : дружная.

• Карыстаючыся Запіскай-"дапамагаткай", знайдзіце суфікс у слове "снежны".

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                  Ну, пачнём мы казку так:

                                  Жыў ды быў на свеце рак

                                  З доўгімі вусішчамі,

                                  З чорнымі вач(і, ы)шчамі,

                                   Зыркімі, лупатымі,

                                   З лапамі разгатымі,

                                   Шырач(е, э)зны ў шыі,

                                   Клешні -- во якія!

                                   А як вусам павядзе --

                                   Страшна робіцца ў вадзе!

                                   Ры(б, п)кі хвосцікам мяльнуць

                                   Ды галоўкамі кіўнуць...

                                   А маруда той, лінок,

                                   Віль хвастом -- ды пад кусток [2, с. 197, “Раніца ў нядзельку”. “Рак-вусач”].

• Якім малюецца ў тэксце рак? Якія суфіксы выкарыстаў для гэтага паэт? Якое значэнне яны надаюць словам?

• Чаму словы з іншымі суфіксамі ўжыты паэтам, калі ён гаворыць пра рыбак?

• Растлумачце  значэнні слоў "лупатымі" (вялікімі, на выкаце), "разгатымі "(разгалістымі, доўгімі), "мяльнуць" (тут павернуць), "маруда" (які прывык рабіць павольна, няхутка), "віль" (тут махнуць). Падбярыце да іх сінонімы.

• У слове “казку” напісанне літары з не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару трэба пісаць, звярніцеся да слова ласкава, утварыце яго памяншальна-ласкальную форму. (Казачка.)

Тэсты.

Падкрэсліце патрэбнае.

Суфікс служыць:

1) для сувязі слоў у сказе;

2) утварае слова з новым значэннем.

• Падкрэсліце словы, у якіх суфікс вызначаны правільна.

1. Домік. 2. Школьны. 3. Прыгарадны.

• Падкрэсліце слова, якое не мае суфікса.

1. Сад.  2. Садовы. 3.Пасадка.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

• Што такое суфікс? Для чаго ён служыць?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 20 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.