Поиск по этому блогу

Суд над бандытамі


Па старонках старых газет

Суд над бандытамі

27 сакавіка 1946 года ў Слоніме ваенны трыбунал войск НКВД Баранавіцкай вобласці пад старшынствам гвардыі старшага лейтэнанта юстыцыі А. А. Захарчука разглядаў на адкрытым судовым паседжанні справу бандыцкай грабежніцкай групы.
На лаве падсудных – 4 абвінавачваемыя на чале з Мікалаем Склярам.
Восенню мінулага года бандыты Мікалай Скляр, Аляксей Ляўшневіч і Сяргей Корпік сістэматычна займаліся ўзброеным абрабаваннем мірнага насельніцтва на шашы Слонім – Ружаны. У людзей яны забіралі грошы, прадукты харчавання, рабавалі таксама жыхароў на хутарах раёна.
У ноч з 16 на 17 снежня 1945 года гэтыя бандыты ўчынілі забойства агента Слонімскага упаўнаркамзага (упаўнаважанага па нарыхтоўках са Слоніма) Георгія Фянько, яго дачкі – сакратара камсамольскай арганізацыі Мяльканавіцкай пачатковай школы Веры Фянько і жонкі Аксені Фянько.
Ваенны Трыбунал прызнаў віноўнасць трох падсудных даказанай і прыгаварыў М. Скляра да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу, А. Ляўшневіча і С. Корпіка – да 10 гадоў пазбаўлення волі ў папраўча-працоўных лагерах кожнага, з канфіскацыяй асабістай маёмасці.
Падсудны Г. Барадачоў, віноўнасць якога на судзе не пацвердзілася, з-пад варты вызвалены.
Прыгавор Трыбунала з’яўляецца канчатковым і касацыйнаму абскарджанню не падлягае.
Рашэнне суда прысутная ў зале публіка сустрэла адзінадушным адабрэннем.
                                                       Газета “Вольная праца” (Слонім), № 26,
                                                       29 сакавіка 1946 г.
Мой, Аляксея Якімовіча, каментарый да гэтай інфармацыі.

Мой бацька Якімовіч Мікалай Аляксандравіч у тыя часы таксама працаваў агентам па нарыхтоўках, абыходзіў навакольныя вёскі Слонімскага раёна, часта з немалой сумай грошай, атрыманай ад сялян. Аднаго разу яго сустрэлі бандыты ў вёсцы Задвор’е (Барташы) Слонімскага раёна. Цудам вырваўся ад іх. Магчыма, таму, што яго маці была родам адтуль.