Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. УСТАНАЎЛЕННЕ СУВЯЗІ СЛОЎ У СКАЗЕ З ДАПАМОГАЙ ПЫТАННЯЎ

Творчы ўрок у 3 класе. УСТАНАЎЛЕННЕ СУВЯЗІ СЛОЎ У СКАЗЕ З ДАПАМОГАЙ ПЫТАННЯЎ

 

Мэты: актуалізаваць веды вучняў аб устанаўленні сэнсавай і граматычнай сувязі слоў у сказе з дапамогай пытанняў; выпрацоўваць  уменні выдзяляць  словазлучэнні са сказаў, будаваць іх; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў;  абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; прывіваць любоў і ўважлівасць да сябе і да слова.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны этап.

                                                          Цудоўны, дзівосны,

                                                          Старанны, вясковы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

                                                                    Аляксей Якімовіч.

• Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце і ўстаўце прапушчаную арфаграму. Растлумачце яе напісанне.

Адгадайце загадку.

Еду, еду --

                                                          Н..ма следу. (Човен.) [2, с. 318, “Беларускія прыказкі…"].

                                                                     З народнага.

• Вызначце значэнне слова “човен”. (Лодка.)

4. Чыстапісанне ў спалучэнні са слоўнікавай працай.

Ч Ч Ч ч ч ч човен

• Які гук абазначаюць напісаныя літары? [ч]

• Якая асаблівасць гука [ ч] у беларускай мове?

• Прачытаем разам напісаныя спалучэнні літар.

                     ча чу  чо  чы  чэ

• Чаму толькі гэтыя галосныя пішуцца пасля літары ч?

У ч..цвер на нашым возеры мы каталіся на чоўне.

• Падкрэсліце галоўныя члены сказа. Адкажыце на пытанні.

Каталіся (на чым?)…

На возеры (чыім?)…

Каталіся (калі?)…

• Што абазначае слова "чацвер"? (Назву дня тыдня.)

• Назавіце словы -- назвы тыдня.

• Раскрыйце сэнс выразу "пасля дожджыку ў чацвер". (Падман, няпраўда.)

• Пры напісанні слова "чацвер" у якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к. Словы жывуць у сказе не паасобку. Яны звязваюцца адно з адным па сэнсе і сябруюць звычайна парамі. Сувязь слоў у такіх парах вызначаецца па пытаннях.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Праца са сказам.

Прачытайце сказ.

Змітрок нядаўна прачытаў  беларускую казку.

• Вызначце дзейнік і выказнік у сказе.

• Цяпер паспрабуем вылучыць у ім пары слоў. (Дзейнік з выказнікам не называйце.)

Каментарый настаўніка.

Запомніце! Адно слова ў сказе можа сябраваць адразу з двума.

Парашутыст павольна апускаўся на зямлю.

• З дапамогай пытанняў вылучыце слова, якое ў гэтым сказе сябруе адразу з двума.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце!  Словазлучэнне звычайна складаецца з двух слоў, якія звязаны паміж сабой па сэнсе.  У словазлучэнні адно слова залежыць ад другога: ягады (якія?) спелыя.

Не з’яўляецца словазлучэннем спалучэнне дзейніка з выказнікам.

Стварэнне займальнай формы ўвядзення задання.

Н а с т а ў н і к. Аднойчы вось што здарылася на ўроку не ў нашай школе, не ў нашым класе...

У адным месцы са сказаў уцяклі словазлучэнні “сёння зварыў”, “малатком прыбіў”. Вось яны, гэтыя сказы з прапушчанымі словазлучэннямі (запісаны на дошцы):  Тата …  паліцу. Алесь … смачны суп.

Настаўнік папрасіў дзяцей падумаць і вярнуць у сказы словазлучэнні-“ўцекачы”

- А што тут думаць! - закрычаў Змітрок. - Прапушчана толькі два словазлучэнні. Іх няцяжка ўставіць.

Доўга не думаючы, Змітрок уставіў у сказы словазлучэнні-“ўцекачы”. І вось як выйшла ў яго.

1. Тата сёння зварыў паліцу. 2. Алесь малатком прыбіў смачны суп. (1. Тата малатком прыбіў паліцу. 2. Алесь сёння зварыў смачны суп.)

• Выпраўце Змітраковы памылкі, вярніце словазлучэнні ў сказы. Пастаўце пытанні да членаў сказа.

Праца з вершаваным тэкстам.

Прачытайце. З кожнага сказа выпішыце спачатку дзейнік з выказнікам, падкрэсліце іх. Затым выпішыце словазлучэнні. Вусна стаўце пытанні ад аднаго слова да другога.

                                                               На полі вясною

 

                                                        Люблю я прыволле

                                                       Шырокіх палёў,

                                                       Зялёнае мора

                                                       Ржаных каласоў.

                                                                        Якуб Колас [3, с. 89, “Раніца ў нядзельку].

Узор разважання. Вецер пранёсся -- дзейнік і выказнік. Гэта не словазлучэнне. Паставім пытанне ад выказніка да даданага члена сказа: пранёсся (як?) хутка -- гэта словазлучэнне.

• Падбярыце літаратурныя адпаведнікі да аўтарскага слова “ржаных”. (Жытніх, аржаных.)

Самастойная праца ў спалучэнні са слоўнікавай працай.

Выызначце ў сказе галоўныя члены і ўстанавіце сувязь слоў па пытаннях.

На нашай рачулцы блішчыць лёд.

• Растлумачце напісанне слова "блішчыць".

• Раскрыйце сэнс параўнання "блішчыць, як воўчае вока”. Складзіце і запішыце сказ з гэтым параўнаннем

• Раскрыйце сэнс выразу “бліснуць вокам (вачыма)”. Складзіце і запішыце сказ з гэтым выразам.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Блішчаць – слоўнікавае слова. Запомніце, як яно пішацца.

Праца са сказамі.

Прачытайце сказы. Выпішыце з гэтых сказаў словазлучэнні і вусна ўстанавіце ў іх сувязь слоў па пытаннях.

Узор разважання. Летні дожджык палівае зямлю.

Дожджык (які?) летні – гэта словазлучэнне. Ад выказніка палівае ставіцца пытанне што? Да даданага члена сказа зямлю.

1. Алеся наблізілася да стала і паклала на яго свій дзённік 2. Дзеці павольна ішлі каля возера. 3. Вечарам на небе загарэліся яркія зоркі. 4. Кастусь выйшаў з хаты і прывітаўся з настаўнікам. 5. Вучні трэцяга класа пасадзілі каля школы маленькія яблынькі. 6. З-за лесу выплыла цёмная хмара. 7. Утаптаная сцежка павярнула налева. 8. Алеся разам з мамай часта збірала суніцы на лясных палянках.

Гульня “Сказы-жартаўнікі”.

Выправіце памылкі ў сказах з парушанымі сэнсавымі сувязямі. Устанавіце сувязь слоў з дапамогай пытанняў.

На лузе коні пасвяць дзядулю. Прыгожая кветка намалявала Волечку.

Праца з дэфармаваным тэкстам.

Прачытайце. Устаўце патрэбныя літары.

                                           Дзяціны час!.. Я памятаю

                                           Зімы прыхо.. у нашым краю.

                                           Стаіць над лесам шум маркотны;

                                           Па небе хмары, як палотны,

                                           Паўночны вецер рассцілае,

                                           І бель над далямі звісае,

                                           І ціха стане на падворку,

                                           І лес жалобную гаворку,

                                           Свой гоман вос..ні канчае

                                           І моўчкі зіму сустракае.

                                                                     Якуб Колас [3, “Раніца ў нядзельку”.   “Пачатак зімы”, с. 58].

• Падбярыце літаратурны адпаведнік да аўтарскага слова “краю”. (Краі.)

• Якім блізкім па значэнні словам можна замяніць слова “маркотны”? (Сумны.)

• Як вы разумееце сэнс слова “палатно” (доўгая тканіна, якую ткалі на кроснах – самаробных станках) і выразу “дзяціны час” (час дзяцей)?

• Выпішыце са сказаў дзейнік з выказнікам. Адкажыце, ці з’яўляюцца яны словазлучэннем.

Узор разважання. Лета праляцела – дзейнік і выказнік. Гэта не словазлучэнне.

Чытанне працягу казкі.

Н а ст а ў н і к. Давайце сустрэнемся з Сарокай і Шпачком і паслухаем іх гаворку.                                                    

Сарока дастала з партфеля ручку, ліст паперы і напісала на ім словазлучэнне “будаўнічы кран”.

Шпачок выцягнуўся на лапках, паглядзеў на ліст і сказаў:

- Што ты яшчэ прыдумала?

- Конкурс прыдумала. Са словазлучэннямі “цікавая кніга”, “зялёная бярозка”, “блакітная пралеска”, “высокі дом”, “будаўнічы кран” будзем складаць сказы.

- Я ўжо склаў, - пахваліўся Шпачок. – З будаўнічага крана цячэ цёплая вада.

- З якога крана? – здзівілася Сарока.

Шпачок зразумеў, што памыліўся, але не захацеў  прызнавацца.

- Я сам бачыў, як адна дзяўчынка на кухні кран адкрывала і талеркі  мыла вадою. З крана цякла вада.

- Цякла, але не з таго крана! – усклікнула  Сарока.

Шпачок натапырыўся, як вожык.

- Я даказаў табе, што вада цякла з крана? Даказаў! Значыць, я перамог у конкурсе.

- Чыё разважанне правільнае: Шпачка ці Сарокі? Складзіце сказы са словазлучэннямі “цікавая кніга”, “зялёная бярозка”, “блакітная пралеска”, “высокі дом”, “будаўнічы кран”.

Гукавая гульня «Назавіце слова».

Прачытайце і назавіце патрэбнаае слова.

                                              У цянёчку, каля хаты,

                                               Пад малінавым кустом,

                                               Даўганосенькі камарык

                                               Гуляў з беленькім … (катом).

                                                                        Аляксей Якімовіч.

• Устанавіўшы сувязь слоў з дапамогай пытання, выдзеліце словазлучэнне са словам “катом”.

Праца са словам.

Прачытайце загадку.

                                               На градзе ён доўгі, зялёны,

                                               У бочцы жоўты, салёны (Агурок.) [2, с. 318, “Беларускія прыказкі…”].

                                                                    З народнага.

• Знайдзіце адгадку загадкі сярод надрукаваных слоў.

Бурактыдзеньнядзеляасашпаккукурузаморкваконьдзьмухавецмядзведзьагурок

• Устанавіце ў сказах загадкі сувязь слоў па пытаннях.           

Фізкульхвілінка.

Вы прыходзіце на агарод, становіцеся каля градкі і пачынаеце выбіраць агуркі. Вырваўшы, кладзяце іх у кошычак.

Пакажыце, як робіце гэта.

Самастойная праца.

Складзіце словазлучэнні са словамі “падала”, “капала”, “паліць”, “закапаць”, “нападаць”, “плачу”, “раяцца”, “звялі”.

• Якую заканамернасць вы заўважылі, складаючы гэтыя словазлучэнні?

Складанне тэксту.

З дадзеных слоў складзіце сказы і запішыце іх.

Летняе, яркае, свяціла, сонца, з вышыні. Было, у лесе, бярозавым, ціха. Па, кустах, дрэвах, і, прабягаў, зрэдку, ветрык. Ціха, было, вакол, як у царстве, зачарованым.

• У кожным сказе знайдзіце дзейнік і выказнік. У першым сказе знайдзіце даданыя члены сказа, якія адказваюць на пытанне якое?

• Назавіце словазлучэнне, якое складаецца з трох слоў.

Узнаўленне вывучанага.

Гусь (якая?) …, сабака (які?) …, кацяня (якое?) …, медаль (які?), рунь ( якая?)… .

• Складзіце словазлучэнні. Якія памылкі магчымы пры складанні дадзеных словазлучэнняў? Чаму?

• Раскрыйце значэнне слова “рунь”. (Усходы азімых, якія засяваюць увосень. Яны зімуюць пад снегам.)

Вясёлая хвілінка.

Н а с т а ў н і к. Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а гудзенне пчалы – жу-жу-жу, жу-жу-жу – потым перадасце і вы.

                                              Жу-жу-жу, жу-жу-жу…

                                              Пчала гудзіць, спявае.

                                              Свежы мёд яна знайшла,

                                              Сябровак склікае.

                                                              Аляксей Якімовіч.

• Пакажам, як гудзіць пчала, прамовім разам: “Жу-жу-жу, жу-жу-жу “.

• Устанавіўшы сувязь слоў з дапамогай пытання, назавіце словазлучэнне ў вершы, якое паказвае на якасць мёда.

• У слове “мёд” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару трэба напісаць, змяніце яго. (Мядовы.)

Перакладчыкі.

Перакладзіце на беларускую мову. Падкрэсліце галоўныя члены сказа.

Весной я иногда прихожу в лес. После долгой зимы он кажется необыкновенным. Каждая травинка зеленеет, тянется вверх. На деревьях появляются маленькие листочки. Птицы радостно поют, приветствуют чудесную весну.

Слоўнік: необыкновенный – незвычайны, чудесный -- цудоўны.

Складанне сказаў.

З наступных слоў складзіце сказы і запішыце іх. Устанавіце сувязь слоў у сказах па пытаннях.

1. Першымі, нам, аб, вясне, пралескі, паведамляюць. 2. Рэха, лесе, у незвычайна, гучыць, яно, нясецца, імкліва, ад, перабягае, дрэва, да, дрэва. 3. Пад, схаваўся, кустом, з, баравічок, цёмным, капялюшыкам. 4. З, даносяцца, гушчару, птушак, спевы.

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                   Голасам моцы, ціха і важна

                                          Гром пракаці(у, ў)ся ўгары.

                                   Лу(г, х) адазва(у, ў)ся грому працяжна,

                                           Лес адгукн(у, ў)ся стары.

 

                                   Гай страсян(у, ў)ся, дрогнула поле,

                                             Долы той гук паняслі.

                                   Ў гэтым раскаце чуе(ц, цц)а воля,

                                             Чуе(ц, цц)а радасць з(я, е)млі  [3, с. 91, “Раніца ў нядзельку”. “Першы гром”].

• Выпішыце словазлучэнні з другой страфы. Устанавіце ў іх сувязь па пытаннях.

• Знайдзіце ў сказах даданыя члены сказа, якія адказваюць на пытанні як? дзе?

• Растлумачце значэнні слоў "гай" (невялікі, часцей лісцевы лес) [1, с. 80, “Тлумачальны слоўнік"], "долы" (тут: паверхня зямлі, даліны, нізіны). Ці можна падабраць да іх сінонімы?

Тэсты.

Выберыце словазлучэнні.

1. Вучымся старанна.

2. Мы вучымся.

3. Вучымся ў школе.

• Абазначце знакам "+" патрэбнае.

Словазлучэнне з галоўным словам -- дзеясловам.

1. Узыход сонца.

 2. Збірацца дамоў.

3. Фарбы восені.

Словазлучэнне з галоўным словам -- назоўнікам.

!. Вучым урокі.

2. Паважаныя госці.

3. Дарункі восені.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Раскажыце пра словазлучэнні паводле наступнага плана.

1. Устанаўленне сувязі слоў у сказе.

2. Словазлучэнне.

3. Адрозненне дзейніка і выказніка ад словазлучэння.

4. Прыклады словазлучэнняў.

8. Заданне на дом.  

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 20 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.