Поиск по этому блогу

Паданні з жыцця



Разам з вучнямі Касцянёўскай сярэдняй школы






ПАДАННІ З ЖЫЦЦЯ БЕЛАРУСАЎ

Пра сілу чмутароў (ведзьмакоў, знахароў)                                                                                  







                                                  Пасма рыжых валасоў

Згодна, шчасліва жыла мая хросная са сваім мужам. Ды аднаго дня ў іхняй хаце распачалася сварка, загарэлася, што іскрынка, і адразу ж патухла. На наступны дзень сварка паўтарылася, гарачым агнём ужо забушавала. Праз колькі дзён хросная і яе муж пабіліся.
         Праведаўшы пра бяду, людзі параілі хроснай з'ездзіць да чмутара.
Чмутар сустрэў маладзіцу ветліва, уважліва выслухаў і прамовіў, быццам вырак прачытаў: "Вам зроблена на развод. У шафе пад пасцельнай бялізнай ляжыць пасма рыжых валасоў. Дастань яе і спалі. Неўзабаве пасля гэтага да вас заявіцца ваша разлучніца".
Вярнуўшыся дамоў, хросная сапраўды знайшла ў шафе пад пасцельнай бялізнай пасму рыжых валасоў. Узяўшы іх,  знішчыла так, як параіў чмутар. А праз нейкі час прыйшла суседка-разлучніца. Яна ўся калацілася, галава ў яе не трымалася. З таго часу суседка доўга хварэла, трапіўшы ў тую яму, якую выкапала іншым. А хросная са сваім мужам зноў зажыла шчасліва. Ранейшыя сваркі для яе цяпер як благі сон.
                                                                         Расказала Люда

Навука

Адна жанчына сталага ўзросту - назавём яе Канстанцінаўнай - на рынку купіла яйкі і панесла іх дамоў, ды нечакана паслізнулася, узмахнула рукамі і кінула на зямлю далікатную пакупку. У гэты момант жанчыну падхапіў, падтрымаў незнаёмы мужчына сярэдніх гадоў. Не разабраўшыся, Канстанцінаўна вырашыла, што менавіта ён яе падштурхнуў. Таму з лаянкай накінулася на  яго:
- А каб ты руку сабе паламаў, як я хацела паламаць! Каб у цябе калені так трэсліся, як у мяне цяпер трасуцца!
Твар у незнаёмца стаў шэры, што попел, чырвона-крывавыя пісягі папаўзлі па ім...
Канстанцінаўна перапалохалася і пабегла дамоў. А праз тыдзень бяда яе падпільнавала: што называецца, на роўным месцы ўпала і руку паламала.
Сяк-так устала, здароваю рукою памацала хворую, і калені затрэсліся ў яе ад болю і адчаю.
- Даклялася? - пачуўся побач голас, ад якога валасы на галаве шэрхнуць.
Канстанцінаўна павярнулася і ўбачыла перад сабою шэры мужчынскі твар з крывавымі палосамі.
- Ты?.. Ты! - з жахам прамовіла жанчына.
- Я! Я чмутар! - пачулася ў адказ.
Забыўшыся пра боль у пакалечанай руцэ, Канстанцінаўна ўпала на калені і загаласіла:
- Даруй мне, неразумнай жанчыне! Я не хацела клясці цябе, чалавеча!..
Чмутар зарагатаў і знік. А Канстанцінаўна з таго часу зараклася каго-небудзь клясці.
                                                                                                  Расказала Аня

Помста

У нашай вёсцы ў старшыні калгаса была дачка Наташа - сапраўдная прыгажуня. Густыя чорныя валасы ў яе да самага пояса спускаліся.
Старшыня ганарыўся дачкой, у сталіцу адправіў вучыцца. У вёсцы яна стала бываць радзей, прыязджала толькі на святы ці канікулы. У такія дні хлопцы роем віліся каля прыгажуні, кожны стараўся спадабацца. А дзяўчына да ўсіх адносілася аднолькава, па-сяброўску, бо ў сталіцы мела кавалера, менчука.
 Ды аднаго дня бяда падкралася да Наташы, як заўжды, нечакана, непрыкметна.
Расчэсваючы валасы, яна заўважыла на галаве каўтун, зусім невялічкі, меншы за чмяля. Маці перапалохалася не на жарты, але ўзяла сябе ў рукі і параіла дачцэ не расчэсваць каўтун. А ён з кожным днём станавіўся ўсё большы. Наташа не вытрывала і расчасала яго, тым самым яшчэ большую бяду на сябе наклікаўшы. У яе пакруціла рукі, ногі. Неўзабаве вясёлая дзевятнаццацігадовая дзяўчына ператварылася ў нямоглую хворую жанчыну. Прыехаў хлапец, менчук, падзівіўся на яе і лахі пад пахі. Уцёк, больш у вёсцы не паказаўся.
Вось так нейкі зайздроснік ці мо вораг старшыні з дапамогай злой чмутарскай сілы здзейсніў сваю помсту, тым самым вялікі грэх на душу ўзяўшы.
                                                                                                       Расказала Каця

Іголка з сіняй ніткай

Аднаго разу я заўважыла над уваходнымі дзвярыма кватэры ўваткнутую іголку з сіняй ніткай.
Адчуўшы нядобрае, прысела на табурэтку. "Гэтую іголку хтосьці знарок прынёс да нас як чары, як нагавор", - прабегла ў галаве трывожная думка.
Сапраўды, з таго дня на нашу сям'ю пасыпаліся няшчасці як з рога ўсяго многа.
Не вытрываўшы, я накіравалася да чмутаркі і расказала ёй усё як ёсць.
- Куды ты падзела тую іголку? - пацікавілася чмутарка.
- На сметнік выкінула, - кажу.
- Іголка загавораная. Яе трэба было ў коміне падвесіць, каб дымам з печы правэндзілася, - прагаварыла чмутарка і дала мне солі, наказаўшы: - Гэтую соль, галубка, сыпнеш у твар жанчыне, якая першай прыйдзе да цябе ў хату. Яна ў дзвярах будзе стаяць, праз парог не зможа пераступіць. Гэта твая непрыяцелька, вораг твой. Яна прынесла іголку з сіняй ніткай.
У роздуме я вярнулася дамоў. Села на канапу, вузялок з соллю ў руках сціскаю, чакаю  непрыяцельку.
Прагучаў званок, нечакана, рэзка, патрабавальна.
Ускочыўшы, адчыніла дзверы і разгубілася, бо сваю стрыечную сястру Валю перад сабою ўбачыла. Стаіць яна, крыва ўсміхаецца.
Я вузялок да грудзей цісну. Не паднімаецца рука сыпнуць соль у твар сястры.
- Чаго ў дзвярах стаіш? Праходзь, - запрашаю праз сілу.
Валя адхіснулася ад мяне і пабялела.
- Бывай, сястрычка! - гукнула я і з сілай зачыніла дзверы.
Пасля гэтага маё жыццё памянялася ў лепшы бок, наладзілася. А Валя па сённяшні дзень не прыходзіць да мяне. Відаць, баіцца, што праз парог кватэры не зможа пераступіць.
                                                                                          Расказала Іна

Прарочы сон

Жыла-была дзяўчына Юля. Мела яна хлапца, з якім сябравала два гады. Аднаго разу ён прапанаваў каханай выйсці за яго замуж.
Юля пагадзілася.
Узрадаваны хлапец паехаў у Маскву, каб там на вяселле грошай зарабіць.
 Праз нейкі час чорную вестачку атрымала нявеста: на будоўлі ў Маскве загінуў жаніх, са слізкага даху сарваўся і ўпаў.
Пагаравала, пабедавала Юля, а праз год з'явіўся ў яе новы жаніх -- малады бізнесмен.
- Выходзь за мяне замуж, - праз нейкі час прапанаваў ён ёй.
- З мамай і татам  параюся і дам табе адказ, - прагаварыла Юля.
Ды не паспела яна параіцца ні з бацькам, ні з маці: вечарам, як сцямнела, завітаў да яе ў хату ранейшы хлапец -- будаўнік. Ён быў сумны, увесь счарнелы, з разбітай галавой. Юля адразу здагадалася, што з'явіўся з таго свету, з царства мёртвых. Затрапяталася ў грудзях яе сэрцайка, а нябожчык залаты пярсцёнак працягнуў.
- Давай пажэнімся.
- Не магу, - закруціла галавою Юля.
- Ты абяцала, слова мне дала, -  не адступаецца, настойвае ён.
- Я паабяцала жывому, а не мёртваму, - адказала дзяўчына.
- Тады я забяру тваю душу, з ёю ажанюся, - заявіў мярцвяк і згінуў, быццам растварыўся ў паветры.
Юля на нейкае імгненне здранцвела, потым скаланулася і адчула, што пуста стала ў грудзях: пакінула яе душа, паляцела.
З гэтага дня Юля перамянілася, стала халодная, абыякавая, бізнесмена неўзлюбіла.
"Так болей няможна жыць, прападу я", - неяк разважыла яна і адправілася да чмутаркі, якая жыла ў суседняй вёсцы.
- Ведаю, што за бяда прывяла цябе да мяне, - сказала чмутарка, як толькі дзяўчына пераступіла цераз парог хаты.
Юля згорбілася, як старая, і ўсхліпнула:
- Дапамажыце з душою злучыцца!
Чмутарка дапытліва паглядзела на няшчасную.
- Дзіцятка, ідзі на бераг нашай ракі. Там убачыш, як вогненны туман заклубіцца над вадою. Калі з разгону скокнеш у яго, то на той свет трапіш.
Дрыжыкамі працяло Юлю.
- Мне абавязкова трэба трапіць на той свет?
- Але, дзіцятка. Там твой першы жаніх да вяселля рыхтуецца, з тваёй душой хоча ажаніцца. Не дай яму гэтага зрабіць, да сябе пакліч сваю душу, бо ўжо ніколі не вернецца яна да цябе.
Набраўшыся смеласці, Юля прыйшла на бераг ракі і ўбачыла, як над вадою клубком закруціўся вогненны туман.
Дзяўчына моцна ўздыхнула, набрала ў грудзі паветра і нырнула ў гэтае пекла. Яе закруціла, як у час смерчу, і па цёмнай трубе панесла на той свет, пакуль не прынесла туды, дзе былы жаніх гасцей сабраў. Сядзяць яны, рагатыя, хвастатыя, пакалечаныя, недалечаныя, за доўгімі сталамі, а на самым відным месцы -- жаніх з самотнай Юлінай душой. Устаўшы з-за стала, ухмыльнуўся ён і працягнуў душы залаты пярсцёнак.
- Будзь заўсёды маёй!
- Мая душа, да мяне ідзі! - вырвалася ў Юлі.
Пачуўшы голас гаспадыні, душа птушкай пырхнула да яе.
Устрапянуўся жаніх, зыркнуў на Юлю, госці загаманілі, захваляваліся і праз хвіліну ўсе разам рушылі на дзяўчыну.
Юля павярнулася і давай уцякаць. Ляціць, свету прад сабою не бачыць. А за ёю жаніх з гасцямі бяжыць, даганяе.
Часта-часта дыхае Юля, сілы пакідаюць  яе. Раптам вогненны туман перад Юляй  заклубіўся. Доўга не думаючы, скокнула яна ў яго і неўзабаве апынулася на беразе сваёй рачулкі. А тут ужо бізнесмен з букетам у руках  чакае.
Вось такі сон прысніўся Юлі. Праз нейкі час ён амаль увесь збыўся.
                                                                                                   Расказала Вера
У свеце незвычайнага

                                                     Зрок стаў як у дзіцяці

Гэтую гісторыю пра сваю 82-гадовую маці расказала мне мая каляжанка.
Гадоў пятнаццаць назад жанчына неспадзявана ўпала ў глыбокі пограб, які знаходзіўся пад падлогай у хаце. Моцна стукнуўшыся патыліцай, яна страціла прытомнасць. Ачнулася праз дзве-тры гадзіны і неяк выбралася з пограба. А праз некалькі дзён заўважыла, што да яе вярнуўся той зрок, які мела ў дзяцінстве. "Зрок у мяне стаў як у дзіцяці", - тады з радасцю паведаміла сваёй дачцэ.
Кабета захапілася чытаннем. Пачала чытаць без акуляраў па сто-сто пяцьдзесят старонак у дзень. Аднаго разу зяць вырашыў пажартаваць з цешчы: прынёс ёй эратычны раман. Яна на адным дыханні прачытала яго і на пытанне зяця "Ну, як?" адказала:
- А нічога новага. Такое я чытала яшчэ ў маладосці.
- Нялёгка мне з ёю, - паскардзілася каляжанка. - Яна нават самую маленькую смяцінку заўважыць, калі раптам прапушчу, мыючы падлогу. Тыцкае рукою і прымаўляе: "А вунь там ты нячыста памыла. Вярніся і яшчэ раз прайдзіся анучай". І на спадніцы, і на кофце і смяцінку, і кожную плямінку ўбачыць.
Вось якія цуды бываюць на свеце.

Змест
           
Пасма рыжых валасоў
Навука
Помста
Іголка з сіняй ніткай
Прарочы сон

У свеце незвычайнага
           
Зрок стаў як у дзіцяці