Поиск по этому блогу

Выпадак з жыцця. Дзікі

 

Дзікі

 

Розныя выпадкі здараюцца ў жыцці чалавека. Некаторыя з іх доўга ўспамінаюцца.

Мой знаёмы (назавём яго Андрэем) працуе электрыкам у нашым Слоніме. У верасні месяцы разам з двума калегамі па працы яны правяралі лінію электраперадачы, якая цягнулася праз балота, парослае высокай травой і кустамі. Сям-там узвышаліся дрэвы.

Ішлі па пратаптанай сцяжынцы. Андрэй нёс бензапілу. Яна была яшчэ гарачая: спілоўвалі дрэўцы, якія выраслі над правадамі.

Раптам з-а куста выскачыў дзік і кінуўся на людзей. Мой знаёмы не разгубіўся. Пацягнуў за шнур бензапілы. На шчасце, яна адразу ж завялася і гучна зараўла. Напэўна, таму, што была гарачая. Андрэй наставіў яе на дзіка. Спалохаўшыся, звер павярнуўся і пабег, уцёк.

Відаць, паблізу (так вырашылі электрыкі) былі парасяты. Дзік (самка) не хацеў падпускаць да іх людзей. А яны ішлі па сцяжынцы, у высокай траве пратаптанай менавіта імі.

Былі і ў мяне падобныя сустрэчы. Неяк улетку на веласіпедзе ехаў па лясной дарозе. Уперадзе расцяклася вялікая калюжына, узбоч якой раслі елачкі ўперамешку з кустамі арэшніку.

Я злез веласіпеда і заўважыў непадалёку ад дарогі насупраць калюжыны вялікага дзіка.

Застыў, спыніўшыся. Неўзабаве ўбачыў яшчэ аднаго дзіка і парасятак. Усе яны праз хвіліну пабеглі ўглыб лесу. З палёгкаю ўздыхнуўшы, я павярнуўся і накіраваўся на іншую,  больш бяспечную дарогу.