Поиск по этому блогу

Вывучаем беларускі правапіс: прыстаўныя гукі

 

ВЫВУЧАЕМ БЕЛАРУСКІ ПРАВАПІС: ПРАКТЫКУМ

 

Тэма: прыстаўныя гукі.

Псіхалагічны настрой.                             

                                                             Гаі, пушчы

                                                             І дубровы --

                                                             Гэта словы нашай мовы.

                                                                              Аляксей Якімовіч.

Якія словы беларускай мовы вам запомніліся, падабаюцца?

Ведайце! У беларускай мове пры вымаўленні некаторых слоў з’яўляюцца прыстаўныя гукі [в], [г], [а], [і].

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як вымаўляем і пішам: гэй ці эй?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Пачнём з правіла.

Запомніце! Прыстаўны гук [г] вымаўляецца  і перадаецца на пісьме ў словах “гэты”, “гэтак”, “гэтулькі”, “гэй”, “адгэтуль”, “дагэтуль”, “пагэтуль”, “Ганна” [3, стар. 140, “Беларуская мова”].

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Вымаўляем і пішам: гэй.

Назавіце слова.

                                                                      Пішам з г

                                                                      Гарбуз і гэта,

                                                                      Ганна, гэтак

                                                                      І … (дагэтуль).

                                                                               Аляксей Якімовіч.

Растлумачце напісанне літары г у словах вершаванага тэксту “гарбуз”, “гэта”, “Ганна”, “гэтак”, “дагэтуль”.

Ад якіх слоў утвораны словы “гэтак”, “дагэтуль”?

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як вымаўляем і пішам: іржа ці ржа?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Чытаем правіла.

Помніце! Прыстаўное і вымаўляецца і пішацца ў некаторых словах перад збегам зычных, першым з якіх з’яўляецца  р, м або л: іржа, іржышча.

Прыстаўное а пішацца толькі ў словах “аржаны”, “амшэць” і ўтвораных ад іх: аржанішча, амшэлы [6, стар. 100, “Беларуская мова”].

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Вымаўляем і пішам: іржа.

Помніце! Прыстаўное і   не вымаўляецца і не пішацца перад збегам зычных, першы з якіх р або л, калі папярэдняе слова канчаецца на галосны: цяжкія льдзіны  [6, стар. 100, “Беларуская мова”].

Назавіце слова.

                                                                       Пішам з і і а

                                                                       Амшэлы, ільняны,

                                                                       Іржа, іржышча,

                                                                       … (Аржаны).

                                                                               Аляксей Якімовіч.

Для даведкі: аржаны – хлеб, спечаны з жыта; ільняны – выраблены з ільну.

Растлумачце напісанне літар і, а ў словах вершаванага тэксту “амшэлы”, “ільняны”, “іржа”, “іржышча”, “аржаны”.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма намалюйце прыгожыя літары в, г, а, і, потым напішыце беларускае слова “іржышча” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

Ствараем праблемную сітуацыю.

Як вымаўляем і пішам: воблака ці облака?

Што трэба ведаць, каб адказаць на гэта пытанне?

Хвілінка кемлівасці.

Звяртаемся да правіла.

Адзначаем! Прыстаўны гук [в] вымаўляецца і перадаецца на пісьме ў пачатку слова перад націскнымі галоснымі [о], [у]: воблака, вушы;  пасля прыставак перад каранёвымі галоснымі [о], [у]: завоблачны, завулак; у сярэдзіне некаторых слоў перад [о], [у]: Навум, павук, Лявон і вытворных ад іх [3, стар. 140, “Беларуская мова”].

Возьмем як прыклад наступныя словы: вуда, вудзільна, возера.

У словах вуда”, ”вудзільна” выдзяляем карані (вуд-, вудз-).

Вывад з хвілінкі кемлівасці.

Прыстаўны гук [в] вымаўляецца і перадаецца на пісьме перад карэнным  [у].

Запісаўшы слова “возера”, бачым, што прыстаўны [в] вымаўляецца і перадаецца на пісьме і перад [о].

Але: наогул, окаць.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Вымаўляем і пішам: воблака.

Працуем са спалучэннямі слоў.             

Са словам “востры” прыдумайце спалучэнні слоў з прамым і з пераносным значэннем.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Што вам вядома пра напісанне слова “востры”?

Для даведкі: востры нож – востры розум.

Помніце! Прыстаўны гук [в] не вымаўляецца і літара в не пішацца ў пачатку слова, калі пачатковы гук [о] пераходзіць у [а]: возера – азёры.

Выключэнне: вока – вачэй – вачаняты, востры – вастрыць – вастрэйшы – навастрыць, вакол – ваколіца – наваколле [3, стар. 140 – 141, “Беларуская мова”].

Назавіце словы.

                                                                     Пішам з в

                                                                     Вастрыць, навокал,

                                                                     Вулей, возера

                                                                     І… (вока).

                                                                                Аляксей Якімовіч.

Растлумачце напісанне літары в у словах вершаванага тэксту “вастрыць”, “навокал”, “вулей”, “возера”, “вока”.

Адзначаем! Прыстаўное в не пішацца: 1) у беларускіх словах: а) перад у, якое развілося з в (успамін, ускапаць, успыхнуць); б) перад прыставачным у (участак, ураджай, указка); 2) у словах іншамоўнага паходжання, імёнах, прозвішчах і геаграфічных назвах:  ордэн, ордэр, урна, г. Ош, Осіпаў [4, стар. 202, “Беларуская мова”].

Але: Вольга, Вогненная Зямля (востраў) [3, стар. 140, “Беларуская мова”].

                [5, “Беларуская мова”]

Праца са сказам.       

Складзіце скорагаворку са слоў.

Каля, ураган, урну, паваліў, Оршы. (Ураган каля Оршы паваліў урну.)

Растлумачце напісанне выдзеленых літар. Пры неабходнасці звярніцеся да тлумачальнага слоўніка.

Праца з вершам.

Складзіце разбураны нядобрым чараўніком верш Аляксея Якімовіча.

                                                      У лясок завітала.

                                                      У золата прыбрала.

                                                      Восень непрыкметна

                                                      Стройныя бярозкі

Адказ: 1 – 3, 2 – 1, 3 – 4, 4 – 2.

Знайдзіце ў вершы слова з арфаграмай на вывучанае правіла. Растлумачце яе напісанне.

Скорагаворкі.

Вудзільна стаяла каля вулея (Аляксей Якімовіч).

Ганна адмерала пагэтуль (Аляксей Якімовіч).

Сцяг ірдзее, а дождж імжыць (Аляксей Якімовіч).

Аржанішча і аржаны (Аляксей Якімовіч).

Ці паўтараюцца арфаграмы ў словах скорагаворак?

Для даведкі: аржанішча – іржышча; імжа – дробныя кропелькі вільгаці; ірдзяны – чырвоны, пунсовы.

Сустрэча з фразеалагізмам.

Назавіце фразеалагізм у вершы Аляксея Якімовіча, які абазначае  “становіцца вядомым для кагосьці”.

                                                               -- Урок не вы..учыў,

                                                               Сыночак Гардзей.

                                                               Сёння мне сказалі,

                                                               … … … .                                                        

Устаўце прапушчаную літару.

Ці ёсць у словах фразеалагізма прыстаўны гук?

Словы фразеалагізма, напісаныя наадварот: олшйад ад йэшув [1, стар. 82, “Фразеалагічны слоўнік”]

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                                   Са шляху яны звярнулі,

                                                                    Нацянькі ідуць мяжой.

                                                                    Хмары ж неба апранулі,

                                                                    Даль закрылася імглой.

                                                                    Як жывое срэбра, ва(ш, ж)ка

                                                                    З хмар пярэдніх дож(дж, ч) упаў:

                                                                    За маланкай следам ця(ж, ш)ка

                                                                 Гром страшэнны загучаў. [2, стар. 318, “Паэмы Я. Коласа”].

Якімі словамі можна замяніць словы “шлях”, “нацянькі”, “важка”? (Дарога; напрасткі; паказаўшы сілу, цяжка.)

Раскрыйце сэнс слова “мяжа”. (Неўзараная палоска зямлі, якая падзяляе два суседнія ўчасткі.)

Ці ёсць у вершаваным тэксце слова з прыстаўным гукам?

Які сінонім з прыстаўным гукам можна падабраць да слова “загучаў”? (Завурчаў.)

Адказы на пытанні.

 У якіх словах вымаўляюцца і перадаюцца на пісьме прыстаўныя гукі [г], [в]?

Калі вымаўляецца і перадаецца на пісьме прыстаўны гук [і]?

У якіх словах вымаўляецца і перадаецца на пісьме прыстаўны гук [а]?

Тэст.

Назавіце словы з прыстаўнымі гукамі [в], [г], якія перадаюцца на пісьме.

1. ..аколіца.

2. ..альховы.

3. ..ольха.

4. ..узел.

5. ..эй.

6. ..указка.

7. ..этулькі.

Адказ: 1, 3, 4, 5, 7.

 

Выкарыстаная літаратура

                                                                                             

1. Гаўрош, Н. В і інш. Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. школы. Пад рэд. доктара філалагічных навук Ф. М. Янкоўскага.  – Мн.,  “Нар. асвета”, 1973. – 352 с.

Перад загал. аўт. : Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепешаў, Ф. М. Янкоўскі.

2. Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Я. Колас. —Мінск : Маст. літ., 1986. — 448 с.

3. Красней, В. П., Лаўрэль, Я. М. Беларуская мова : Падруч. для 5-га кл. шк. з беларус. мовай навучання. – 3-е выд., дапрац. – Мн. : Нар. асвета, 1992. --  318 с. : іл.

4. Несцяровіч, В. І і інш. Беларуская мова : Падруч. для 5-га кл. шк. з рус. мовай навучання / В. І. Несцяровіч, Я. Н. Марозава, Л. С. Васюковіч. – Мн. : Нар. асвета, 1992. – 302. : іл.

5. Валочка, Г. М. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 5-га кл. устаноў агул. сярэд. адук. з беларус. і рус. мовамі навучання : у 2 ч.  – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2019. – Ч. 2. --  144 с.

6. Н. І. Шэўчык, А. А. Амяльковіч. Беларуская мова : падручнік для 4 класа. – Мінск : “Народная асвета”, 1977. – 240 с.

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, лістапад 2020 года, № 11.