Поиск по этому блогу

Вывучаем часціны мовы. Назоўнік

 

ВЫВУЧАЕМ ЧАСЦІНЫ МОВЫ: ПРАКТЫКУМ

6 клас

              Тэма: Назоўнік як часціна мовы: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля.

              Псіхалагічны настрой.            

                                                          Склады ка, дзядзь; джай, у, ра

                                                          Я старанна вымаўляю,

                                                          З іх назоўнікі складаю.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Назавіце словы (назоўнікі), у якія ўваходзяць склады ка, дзядзь;  джай, у, ра. (Дзядзька, ураджай.) Запішыце іх.

Якую тэму мы сёння будзем вывучаць? Здагадаліся?

Вучымся разважаць.

Пастаўце пытанні да назоўнікаў дзядзька, ураджай.

Выберыце патрэбнае:

а) назоўнікі абазначаюць прадмет;

б) назоўнікі абазначаюць прымету прадмета.

А д к а з: а.                                                                                    

Прачытайце ў вучэбным дапаможніку па беларускай мове для 6-га кл. (2020) лінгвістычны матэрыял параграфа 23 і праверце, ці правільна вы разважалі.

Праца са словам.

Адгадайце загадку.

                                                    Маленькі, сухенькі,

                                                    Усіх адзявае. (Лён.)

                                                             З народнага.      [1, с. 344, “Беларускія прыказкі”Я. Рапановіча].

Назавіце слова, якое рыфмуецца з назоўнікам лён.

Хаты, луг,  сыру, сон, цукар. (Сон.)

         Якой часцінай мовы з'яўляюцца ўсе гэтыя словы? (Назоўнікамі.) Абгрунтуйце сваю думку.

Ці ўсе яны стаяць у пачатковай форме?

Раскажыце, што вы ведаеце пра лён.

Складзіце і запішыце сказ з назоўнікам лён.

   Д л я  д а в е д к і.

Пачатковая форма назоўніка – адзіночны лік, назоўны склон.

Назавіце словы.

Лета – вясёлая часіна,

                                             Прабегла адна … (хвіліна).

                                             Прачытаў верш земляка,  

                                             Пад вечар сустрэў … (рыбака).

                                                                 Аляксей Якімовіч.

Якімі членамі сказа бываюць назоўнікі? (Дзейнікам, выказнікам, дапаўненнем, азначэннем, акалічнасцю.) Пры неабходнасці звярніцеся да вучэбнага дапаможніка.

Вызначце, якімі членамі сказа з’яўляюцца назоўнікі ў вершаваным тэксце.

У слове “часіна”  пасля ч пішам а.  А як чытаем? (Цвёрда.)

   Хвілінка кемлівасці.

              Дапішыце прыказкі і прымаўкі, выбраўшы патрэбны варыянт з прапанаваных.

              1. Адзін рукаў …(і той падзяру на дзяцей ). 2. Без агню пячэ, … (без  

   нажа рэжа). 3. З ліхім чалавекам … (і гадзіна векам). 4. Дзірак у гаспадарцы,

   … (як у дзіравым меху). 5. Дрэва славіцца пладамі, … (а чалавек --  рукамі) [1, с. 75, 77, 83, 101, “Беларускія прыказкі” Я.  Рапановіча].  

               П р а п а н а в а н ы я  в а р ы я н т ы: без нажа рэжа; і гадзіна векам; а  

      чалавек   -- рукамі; і той падзяру на дзяцей; як у дзіравым меху.

   Назавіце назоўнікі і, карыстаючыся даведкай, вызначце іх склон.

   Д л я  д а в е д к і.

               Н. – хто? што? Р. каго? чаго? Д. каму? чаму? В. каго? што? Т. кім? чым?                  

      М. аб кім? аб чым?

Працуем са спалучэннямі слоў.          

Да спалучэння слоў шырокі шлях падбярыце спалучэнне з сінонімам-назоўнікам.

Ці з’яўляюцца гэтыя спалучэнні слоў словазлучэннямі?

Вызначце лік назоўнікаў: адзіночны ці множны. Як вы гэта зрабілі?

Што вам вядома пра напісанне слова “дарога”? (Не пад націскам пішацца а.)

Д л я  д а в е д к і: шырокі шлях – шырокая дарога.

Успамінаем! Назоўнікі могуць абазначаць адзін прадмет або сукупнасць  (некалькі) прадметаў.

Праца з вершаваным тэкстам.

Вось што назоўнік паведамляе пра сябе:

                                                    У мяне ёсць род,

                                                    Тры скланенні маю.

                                                    Прыходзьце ў госці.

                                                    Шчыра запрашаю.

                                                                 Аляксей Якімовіч.

Як можна вызначыць род і скланенне назоўнікаў?

Праца са словам.

Складзіце назоўнік з першых літар наступных слоў: аўтамабіль, глядзець, усход, розны, опера, клікаць. (Агурок.)

Вызначце скланенне гэтага назоўніка.

Слова “агурок” двухскладовае ці трохскладовае? Як вы лічыце?

               Гульня "Сказ-жартаўнік".

Ці згодны вы з наступным сцверджаннем?

Лянота чалавека корміць, а праца псуе.

       Запішыце сказ у выпраўленым варыянце. (Праца чалавека корміць, а лянота псуе [1, с. 108, “Беларускія прыказкі” Я. Рапановіча].)

         Назавіце ў сказе назоўнікі і вызначце іх род. Як вы гэта зрабілі?

Што дае праца чалавеку?

Гульня “Шукаю сябра”.

        Да назоўніка рукамі, ужытага ў рубрыцы “Хвілінка кемлівасці”, падбярыце назоўнік з такімі ж марфалагічнымі прыметамі.                                    

Фізкультхвілінка.

Успомніце, якія беларускія словы-назоўнікі вы запісалі ў пачатку ўрока. (Дзядзька, ураджай.) На столі, на сцяне вачыма напішыце іх і лагодна ўсміхніцеся ім, добрым і ласкавым.

Пазнайце слова.

Пазнайце слова па яго апісанні: корань, як у слове “лясны”, суфікс, як у слове “грыбнік”.

Так, гэта слова “ляснік”. Дзякуючы кораню і суфіксу мы здагадаліся, як яно гучыць. А да якой часціны мовы адносіцца? (Гэта назоўнік.) Як вы дакажаце гэта?

Скорагаворка.

Вымаўляем правільна.

Вазьмі, сынок, ручнік у руку (Аляксей Якімовіч).

Ці ёсць у сказе зваротак, выражаны назоўнікам? Ці з’яўляецца ён членам сказа? (Так, ёсць. Зваротак не з’яўляецца членам сказа.)

Як вымаўляецца спалучэнне зычных у слове “ручнік”?

Запомніце! Пішам ручнік, а вымаўляем [ручн′ік].

Праца з дыялогам.

Выкарыстаўшы назоўнікі, дапоўніце дыялог Аляксея Якімовіча адказамі суразмоўцы. Устаўце прапушчаную літару. У якой частцы слова яна знаходзіцца?

-- Насцечка, гэтыя ягадкі ты збірала разам з мамай? (Разам з мамай.)

-- Ты кожны дзень дапамагаеш мам..? (Я кожны дзень дапамагаю маме.)

         -- Цяпер каму нясеш ягадкі?  (-- Я нясу ягадкі сваёй бабулі.)

         -- А сваю малодшую сястрычку не хочаш пачаставаць спелымі ягадкамі? (Сваю сястрычку я ўжо пачаставала.)

         Ці ўсе назоўнікі ў дыялогу адносяцца да аднаго і таго ж роду? Як вы лічыце?

         Вучаніца сказала: “Усе назоўнікі з’яўляюцца членамі сказа”. Удакладніце яе адказ.

         Які назоўнік у дыялогу не з’яўляецца членам сказа? 

У слове “ягадкі” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, змяніце слова так, каб пасля зычнай стала галосная. (Ягадак.)

З пазычаных складоў.

Прачытайце словы. Вазьміце па адным складзе з кожнага і ўтварыце назоўнік у форме назоўнага склону множнага ліку.

Агарод, кара, джала, неба. (Гараджане.)

Выберыце патрэбнае.

Гараджане -- гэта (жыхары горада, вёскі, хутара, краіны).

Падбярыце аднакаранёвыя словы да назоўніка гараджане. (Горад,      гарадскі.)

               Перакладзіце назоўнік гараджане на рускую мову. (Горожане.)  

      Параўнайце  гучанне і напісанне гэтых слоў.

Пастаўце назоўнік гараджане ў форму адзіночнага ліку.

Назавіце слова.

Пахваліўся нам мінчанін:

                                         Жыву ў Мінску, … (гараджанін).

                                                                Аляксей Якімовіч.

Запомніце, як пішацца назоўнік гараджане.

Перакладаем.

Запішыце па-беларуску.

1. Огромный красный шар солнца поднимался над лесом (Аляксей Якімовіч). 2. Мы с братом купили в магазине гвозди (Аляксей Якімовіч). 3. Мне очень нравится утром встречать рассвет (Аляксей Якімовіч).

Назавіце ў тэксце назоўнікі.

Сустрэча з пісьменнікам.

Ва ўрыўку з кнігі Аляксея Якімовіча “Сем гісторый пра Воўка і Вожыка” на месцы пропускаў устаўце патрэбныя літары.

У гэты дзень распачалася мя..еліца. Васілёк і Алеся з вёскі Залессе выйшлі пасля паўдня. У Залессі ж..ве сябар Васілька Міхась. Васілёк і Алеся гасцявалі ў яго, нават урокі разам зрабілі. Цяпер яны ішлі па дарозе, якая в..ла ў іх вёску Загор’е. У некаторых месцах в..цер ужо перамёў дарогу. Прыходзілася перабірацца праз сумёты [2, с. 4, “Сем гісторый пра Воўка і Вожыка”].

Падбярыце сінонімы да слоў “мяцеліца” (завіруха), “сумёты” (гурбы).

Падкрэсіце назоўнікі як члены сказа.

Гульня “Шукаю сябра”.

         Да назоўніка дарозе, ужытага ў рубрыцы “Сустрэча з пісьменнікам”, падбярыце назоўнік з такімі ж марфалагічнымі прыметамі.

Падбярыце патрэбнае.

Каб правільна вызначыць значэнне слова, падбярыце да яго іншае з двух, дадзеных у дужках.

Абярэмак (травы, малака).

Якім словам можна замяніць назоўнік “абярэмак”? Выберыце патрэбнае. (Ахапак, жменя.)

                                                  Патаўсцеў сланечнік,

                                                  Назапасіў семак.

                                                  Кажа тату верабейка:

                                                  “Вось каб узяць іх ў абярэмак!”

                                                                               Аляксей Якімовіч.

Што вы можаце сказаць пра назоўнік “абярэмак”, выкарыстаны ў вершаваным тэксце?

Падбярыце сінонім да слова “кажа”.

Адказы (словы напісаны наадварот): ыварт, капаха, ьцыроваг.

 Праца са сказамі.       

Прачытайце.

1. У густых кустах каля халоднай крынічкі ўвесь вечар зачароўваў нас сваёй песняй аліўкава-буры … . (Аляксей Якімовіч). 2. … часта прыходзіла да нас, каб пагаварыць, абмеркаваць вясковыя навіны (Аляксей Якімовіч). 3. Як незвычайная песня, гучыць у сасновым лесе звонкае … (Аляксей Якімовіч). 4. Падаіўшы карову, мама ў вядры прынесла ў хату цёплае … (Аляксей Якімовіч). 5. Яшчэ здалёку можна было заўважыць нашы …: мы з татам кожны год старанна фарбавалі іх (Аляксей Якімовіч). 6. Улетку я часта заходзіў у малады … . Там раслі не толькі краснагаловікі, але і баравічкі, лісічкі (Аляксей Якімовіч). 7. Вясною … выйшаў з берагоў, разліўся, затапіўшы і луг, і поле, і хмызнячок (Аляксей Якімовіч). 8. Жвавая рыжая … ўскочыла на старую яліну і, застыўшы каля дупла, адтуль стала пазіраць на мяне (Аляксей Якімовіч). 9. Увабраўшыся ў белыя кветкі, папрыгажэла наша кучаравая … (Аляксей Якімовіч). 10. У мой пакой разам з сонечнымі промнямі ўварвалася свежае … (Аляксей Якімовіч). 11. Залатая … радуе людзей цяплом, сонцам, агароднінай і садавінай (Аляксей Якімовіч).

Устаўце ў сказы адушаўлёныя назоўнікі мужчынскага (1), жаночага (2) і ніякага роду (3), назоўнік, які ўжываецца толькі ў форме адзіночнага ліку (4), назоўнік, які ўжываецца толькі ў форме множнага ліку (5), зборны (6), уласны (7), агульны назоўнік (8), назоўнік першага (9), другога (10), трэцяга (11) скланення.

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): йевалас, акдесус, ахэр, окалам, ыцінсев, кінніса, Намён, акрёвав,  яншів, артевап, ьнесов.

Хвілінка творчасці.

                                      1. З неадушаўлёным назоўнікам шыба

                                      Рыфмуецца адушаўлёны назоўнік р.. .

                                      2. З уласным назоўнікам Света

                                      Рыфмуецца агульны назоўнік пр.. .

                                      3. Са зборным назоўнікам насенне

                                      Рыфмуецца зборны назоўнік к.. .

                                      4. З назоўнікам ніякага роду слова

                                      Рыфмуецца назоўнік жаночага роду м.. .

                                      5. З назоўнікам мужчынскага роду раяль

                                      Рыфмуецца назоўнік такога ж роду б.. .

                                      6. З назоўнікам адзіночнага ліку колас

                                      Рыфмуецца назоўнік такога ж ліку г.. .

                                      7. З назоўнікам множнага ліку ногі

                                      Рыфмуецца назоўнік такога ж ліку д.. .

                                      8. З назоўнікам другога скланення меч

                                      Рыфмуецца назоўнік трэцяга скланення п.. .

                                      9. З назоўнікам першага скланення галава

                                      Рыфмуецца назоўнік такога ж скланення т.. .

Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; напісаны наадварот): абыр, атемырп, еннэрак, авом, ьлаб, салог, ігорад, чеп, аварт.                          

7. Падвядзенне вынікаў урока.

На ўроку Міколка выканаў практыкаванне, праверыў і хацеў здаць сшытак, але Ніна спыніла яго.

-- Пачакай, -- прашаптала яна. – Ты не падабраў сінонім да слова “хата”.

На якое пытанне адказвае слова “хата”? (Што?)

Якой часцінай мовы яно з'яўляецца? (Назоўнікам.)

Што абазначае назоўнік і на якія пытанні ён адказвае?

Як змяняецца назоўнік?

Якімі членамі сказа бываюць назоўнікі?

Ці з’яўляецца зваротак, выражаны назоўнікам, членам сказа?

Падбярыце сінонім да назоўніка хата. (Дом.)

8. Тэст.

Адзначце назоўнікі.

1) Будынак;

2) бурак;

3) плот;                                        

4) звінець;

5) ложак;

6) лыжка;

7) цялятка.

Адказы: 1, 2, 3, 5, 6, 7.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

2. Аляксей Якімовіч. Сем гісторый пра Воўка і Вожыка : апавяданні і казкі  / А. М. Якімовіч. – Мінск : Пачатковая школа, 2016. – 58 с.

Гэты ўрок (у ім могуць быць некаторыя змяненні) надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура”, № 7, 2024 год.