Поиск по этому блогу

Быў выпадак "Не там рамантавалі"

 

Быў выпадак

 

Не там рамантавалі

 

               Гэта здарылася ў суседняй Расіі. Там на адной адміністрацыйнай тэрыторыі знаходзяцца два населеныя пункты з адной і той жа назвай: умоўна назавём іх Навасёлкі-1 і Навасёлкі-2.

               Жыхары Навасёлак-1 некалькі гадоў запар пісалі і пасылалі скаргі ў розныя інстанцыі: адрамантуйце ў нашай вёсцы вуліцу, бо па ёй, асабліва вясною і восенню, як гаворыцца, ні праехаць, ні прайсці. Вышэйстаячае начальства, не вытрымаўшы такога націску абураных жыхароў, выдзеліла патрэбную суму грошай на рамонт вуліцы ў Навасёлках-1.

               Неўзабаве будаўнікі з дарожнай арганізацыі прыехалі ў Навасёлкі-2 (гэту вёску, не разабраўшыся, яны пераблыталі з вёскай Навасёлкі-1) і шчыра ўзяліся за працу: пачалі там даводзіць да ладу вуліцу, якая таксама патрабавала тэрміновага рамонту. Жыхары Навасёлак-2, вядома ж, узрадаваліся: яны не чакалі такога вялікага падарунка. Раніцай, выйшаўшы з хат, пазіралі на будаўнікоў і ўсміхаліся, задаволеныя, ашчасліўленыя. Але іх радасць працягвалася нядоўга. Праз нейкі час грошы ў будаўнікоў скончыліся, і яны пакінулі вёску, так і не давёўшы працу да канца. Аказалася, што вуліца ў Навасёлках-2 была значна шырэйшая і даўжэйшая, чым у Навасёлках-1 і, канешне, патрабавала большых затрат на яе рамонт.

              Цяпер скаргі ў вышэйстаячыя органы ідуць не толькі з Навасёлак-1, але і з Навасёлак-2.

                                                                                                          Аляксей Якімовіч