Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 4 класе. ТЫПЫ ТЭКСТАЎ: ТЭКСТ-АПАВЯДАНННЕ І ТЭКСТ-АПІСАННЕ, ІХ АСАБЛІВАСЦІ

 

Творчы ўрок у 4 класе. ТЫПЫ ТЭКСТАЎ: ТЭКСТ-АПАВЯДАНННЕ І ТЭКСТ-АПІСАННЕ, ІХ АСАБЛІВАСЦІ

 

Мэты: засвоіць паняцці тэкст-апавяданне і тэкст-апісанне, пазнаёміць з іх асаблівасцямі; фарміраваць уменні і навыкі вызначаць і будаваць тэкст-апавяданне і  тэкст-апісанне; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; паказаць багацце і прыгажосць восені.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

                                                          Прыгожы, прывабны,

                                                          Драўляны, сасновы.

                                                          Любім, вымаўляем

                                                          Нашай мовы словы.

                                                                    Аляксей Якімовіч.

Якія беларускія словы вы ведаеце? Назавіце іх.

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Устаўце патрэбныя літары, выразна прачытайце верш Якуба Коласа.

     За(ц, т)іхаюць гоні і даліны,

                                                Павучкі наткалі паву(т, ц)іны

                                                       Ды развесілі на сонцы

                                                       Свае белы(я, е) красёнцы.

 

                                                Хо(д, дз)іць вецер полем з сумным спевам,

                                                Дзе жытцо рунее новым севам.

                                                        Адышло ад нас ты, лета,

                                                        Жаўталісцем лес а(д, дз)еты [4, с. 8, “Раніца ў нядзельку”].                                           

Якая пара года апісваецца ў вершы? Ці ўявілі вы яе?

Вызначце сэнс слоў “гоні” (тут: палі), “красёнцы (кросны)” (самаробны ткацкі станок), “рунее” (тут: узыходзіць, расце).

4. Чыстапісанне.

Прачытайце народнае параўнанне “ляціць як страла”.

Як вы разумееце яго сэнс?

З якой літары пачынаецца параўнанне?

Гэту літару мы будзем пісаць на хвілінцы чыстапісання:

       ллЛЛлл    лллЛЛллл

      Ліда  Ларыса   Ліза...

Запішыце яшчэ адно імя з літарай л.  (Алена.)

Чаму гэтыя словы пішуцца з вялікай літары?

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Пры дапамозе гэтых тэкстаў можна расказаць аб розных падзеях, а таксама яскрава апісаць прыроду, свой пакой, сваю любімую жывёлу, чалавека. Называюцца яны... Так,  тэкст-апавяданне і тэкст-апісанне. Паслухайце, што вам   раскажуць пра гэтыя тыпы тэкстаў героі казкі Сарока і Шпачок.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў. Стварэнне праблемнай сітуацыі.

Цёплым вясновым днём, калі навокал усё зелянела, буяла, Шпачок запрасіў да сябе ў госці  суседку Сароку. Пачаставаўшы яе свежымі чарвячкамі, ён дастаў з шуфляды ліст паперы, спісаны дробненькімі літарамі.

-- Братка Салавей пісьмо прыслаў? -- здагадалася Сарока.

Шпачок шырока раскрыў дзюбу, усміхнуўшыся на ўвесь рот.

-- Прыслаў, пра туман цікава расказвае.

-- Прачытай, калі ласка!  устрапянулася Сарока. Вельмі захацелася ёй нешта новенькае пачуць.

Шпачок гучна кашлянуў, прачышчаючы горлачка, і пачаў няспешна чытаць:

-- Насупраць майго акна расце кучаравая вярба. Ад самай зямлі, ад кораня, угору цягнуцца два ствалы. Яны цемнаватыя, выгнутыя. Доўгія лісточкі дружна растуць на тонкіх гнуткіх галінках. Яны зялёныя, вузкія, падобныя на незвычайную далоньку.

Сарока заварушылася, як быццам яе патрывожылі, напалохалі. Здавалася, вось-вось ускочыць і застракоча на ўвесь голас.

Шпачок  паглядзеў на яе строга, як настаўнік на вучаніцу-свавольніцу.

-- У гэтых лісточках купаецца сонца, асвятляе іх, -- далей чытае, раз-пораз пазіраючы на Сароку.

Сарока зноў заварушылася і крыкнула, не стрываўшы:

-- Хіба Салавей тут расказвае?

-- А што ж ён робіць?! -- у сваю чаргу абурыўся Шпачок.

-- Апісвае, -- паведаміла Сарока. -- Гэта тэкст-апісанне!

-- А мне здаецца, што гэта тэкст-апавяданне! -- заявіў Шпачок.

Вырашэнне праблемнай сітуацыі.

Вучні атрымліваюць наступную запіску-"дапамагатку" "Тыпы тэкстаў"

Тыпы тэкстаў

---------------------------------------------------------------------------------------------------------

       Тэкст-апавяданне                                                Тэкст-апісанне

-------------------------------------------------------------------------------------------------------

Паведамляе аб падзеях.  Апісвае з’явы, прыметы, уласцівасці прадметаў.

Дзеянні ідуць адно за      Тое, што апісваецца, адбываецца адначасова.                     

адным.                                                  

-------------------------------------------------------------------------------------------------------

Вывучыце запіску-"дапамагатку" і скажыце, які  тэкст прачытаў Шпачок: апавяданне ці апісанне?

Праца з практыкаваннем.

Да выдзеленых слоў пастаўце і запішыце пытанні. Дакажыце,  што гэты тэкст з'яўляецца тэкстам-апісаннем.

А рачулка, схаваная ў (     ) густым арэшніку, выбліснула неспадзявана, зачараваўшы міжволі пагляд. Праўда, (    ) невялічкая. Разагнаўшыся, дык і пераскочыць можна. Вады недзе па калена, але нават бачны жучок, што затаіўся ля гнілушкі, абведзенай (     ) зялёнаю раскаю. Крыху воддаль прабег (     ) даўганогі павучок, пакінуўшы на момант рабацінне-дарожку [7, с. 41, “Каб мама ўсміхалася”].

Як вы думаеце, якую ролю выконваюць у тэксце-апісанні словы, што адказваюць на пытанні якім? якая? якою? які? Ці можа аўтар абысціся без іх?

Раскрыйце сэнс слова “раска”. (Зеленаватыя ўтварэнні, якія іншы раз плаваюць у вадаёме.)

Складанне тэкстаў-апісанняў.

Успомніце, як выглядаюць сарокі. Апішыце іх, уставіўшы прапушчаныя словы.

(Можна паказаць каляровы малюнак ці фотаздымак сарокі.)

Сарока. Апярэннне … (чорна-белае), хвост … (доўгі, ступеньчаты). Брушка і плечы … (белыя), астатняя частка цела (чорная). Палёт … (цяжкі) з … (частымі) ўзмахамі, у час якога хвост распушчаны ў выглядзе веера (А. Дарафеееў “Птушкі”, стар. 158) [3, с. 158, «Птушкі”].

У словекрыльцаў” як  вымаўляецца р? (Цвёрда.)

У слове “цяжкі” пішам ж. А як чытаем? (Цяшкі.)

Словы для даведкі: доўгі, ступеньчаты; чорная; чорна-белае; цяжкі; белыя; частымі.

Апішыце вераб’я, выкарыстаўшы словы для даведкі.

Словы для даведкі: цёмна-шэрая галава; светлыя шчокі; белаваты ніз; чорныя горла і грудзі; белая папярочная палоска на крыле (А. Дарафееў  “Птушкі”, стар. 198)             [3, с. 198, “Птушкі”].    

Турнір знаходлівых.

Устаўце прапушчаныя літары. Здагадайцеся, аб якой жывёле гаворыцца ў тэксце.

Гэта самая в..лікая на з..млі жывёла. Жыве ў цёплых краінах. Нос доўгі, ён называецца хобатам. Вушы шырокія. (Слон.)

 Творчая праца.

Апішыце вядомую вам жывёлу, не называючы, хто яна. Прачытайце сваё апісанне.

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Выпраўце памылку.

Прыйшла Аленка з заапарка.

-- Што ты бачыла там, дачушка? – пацікавілася мама.

-- Вялікага мядзведзя ў малой кветцы. (Клетцы.)

Якім вы ўяўляеце сабе гэтага мядзведзя? Ці добра яму ў маленькай клетцы? Апішыце яго.

Праца з тэкстам.

Устаўце прапушчаныя літары. Дакажыце, што гэты тэкст з'яўляецца тэкстам-апавяданнем. Пры неабходнасці выкарыстайце запіску-“дапамагатку”.

Алесеў брат Мікола служ..ць у арміі. Сумна Алесю бе.. брата. Асабліва ц..пер, зімою. Раней ён з Міколам хадзі.. рыбу лавіць. А сёлета мама не пускае аднаго на р..чку. Неяк Алесь запытаўся ў мамы:

-- Калі наш Мікола на пабыўку прыедзе?

-- А ты пісьмо напішы, сам у яго пацікаўся, -- параіла мама [7, с. 18, “Каб мама ўсміхалася”].

Якую ролю адыгрываюць у тэксце словы -- назвы дзеянняў?

Самастойная праца.

Прачытайце верш. Пра якія дзеянні дожджыка і травы гаворыцца ў гэтым тэксце? У якой паслядоўнасці яны адбываюцца? Ці можна аднесці гэты тэкст да тэксту-апавядання?

Дробны дожджык марасіць,

                                              Кроплі рассыпае.

                                              Траўка цягнецца угору,

                                              Травінкі распрамляе.

                                                        Аляксей Якімовіч.

Выпішыце з тэксту словы -- назвы дзеянняў.

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце і назавіце патрэбныя словы.

-- Тук, тук-тук, --

                                                       Гучыць ў бары.

                                                       Дзятлы лечаць

                                                       Лес … (стары).

                                                           Аляксей Якімовіч.

Вызначце тып гэтага тэксту.

Фізкультхвілінка.

Н а с т а ў н і к. Я буду чытаць вам сцвярджэнні, якія могуць быць правільнымі ці памылковымі. Калі вы згодны са сказаным, папляскайце ў далоні, калі не – прысядзьце.

1. У слове "слоўнік" ужываецца у складовае. (Вучні прысядаюць.)

2. У слове "траўка” ужываецца у складовае. (Вучні прысядаюць.)

3. У словазлучэнні “наш урок” ужываецца у складовае. (Вучні пляскаюць у далоні.)

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Паслухайце працяг казкі пра Сароку і Шпачка.

Сарока ўсё-ткі змагла даказаць Шпачку, што ў сваім пісьме Салавей выкарыстаў тэкст-апісанне.

Задумаўся Шпачок, замаўчаў.

-- Сусед, чаму ты такі невясёлы? Чаму галаву павесіў? -- парушыла маўчанне Сарока.

-- Я думаю, -- паведаміў Шпачок.

-- І да чаго ж ты дадумаўся? -- хочацца ведаць Сароцы.

Шпачок таропка прайшоўся па пакоі і запытальна паглядзеў на суседку.

-- Зараз я задам табе пытанне-апісанне. Ты зможаш на яго адказаць?

-- Не ведаю, -- прамовіла Сарока. -- Пытанне-апісанне -- гэта не тэкст.

-- Чаму? -- вырвалася ў Шпачка.

(На гэта пытанне, як і на іншыя, спачатку адкажуць вучні.)

-- Бо яно складаецца толькі з аднаго сказа і тэкстам не з'яўляецца. Але я паспрабую  адказаць. Задавай сваё пытанне-апісанне.

-- Якая літара падобная на серп? -- вось якое незвычайнае пытанне-апісанне задаў Шпачок.

-- Літара с, як мне здаецца, -- здагадалася Сарока.

Але Шпачок  не збіраўся здавацца.

-- А мне здаецца, што шмат апісанняў утрымліваюць загадкі. Адгадай такую, будзь ласкава.

                                                           На калючых стволіках

                                                           Ягадкі чырвоныя.

                                                           Іх ад нас хаваюць

                                                              Лісцікі зялёныя. (Маліны.)

                                                                          Аляксей Якімовіч.

Праца з загадкамі.

Сарока так і не адгадала Шпачкову загадку. Дапамажыце ёй.

Запішыце адгадкі да кожнай загадкі, падкрэсліваючы галосную літару о.

1. Чорная карова ўсіх людзей пакалола, а белая ўстала – усіх пападымала (З народнага). (Ноч і дзень.) 2. Маленькі, удаленькі, скрозь зямлю прайшоў, чырвоную шапачку знайшоў (З народнага.) (Грыб.) [2, с. 345, 365, “Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі Я. Рапановіча”].

                                                            3. Маюць ручку,

                                                           Зубы маюць,

                                                           Траву, лісце

                                                           Падграбаюць.

                                                           Нам яны

                                                           Дапамагаюць.

                                                               Аляксей Якімовіч.

Якія апісанні ўтрымліваюць гэтыя загадкі?

Якая з іх з’яўляецца тэкстам? (Літаратурная.)

Ці можа стаяць галосная о не пад націскам?

Якая галосная, акрамя о, у беларускай мове заўсёды пад націскам? (э)

У слове “загадка” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Загадачка.)

Якое правіла вы прымянілі?

Праца са словам.

Спалучыце словы (назвы ягад і адпаведныя дзеясловы).

чарніцы     чарнеюць

суніцы       спеюць

клубніцы   чырванеюць

Словы “чарніцы”, “суніцы”, “клубніцы” перакладзіце на рускую мову. Параўнайце іх гучанне і напісанне.

Адгадайце загадкі.

Па прыступках

                                                         Уверх вядзе.

                                                         Нас яна

                                                         Не падвядзе. (Лесвіца.)

                                                                 Аляксей Якімовіч.

                                                         У яго чатыры

                                                         Ножкі.

                                                         На іх зверху

                                                         Ляжыць дошка. (Стол.)

                                                                 Аляксей Якімовіч.

Вызначце тыпы тэкстаў.

Дзе можна ўбачыць лесвіцу? Ці лёгка паднімацца па ёй?

Самастойная праца.

Параўнайце два тэксты-апісанні. Чаму першы з іх  падобны да фотаздымка, а другі -- да характарыстыкі? Якія  словы з памяншальна-ласкальным значэннем у другім тэксце характарызуюць  ката?  Пастаўце пытанні да сказаў першага тэксту і запішыце  адказы.

1. Сава вушастая. Верх бураваты з цёмна-мармуровым малюнкам. Ніз іржавата-жоўты з прадаўгаватымі плямамі. На галаве доўгія пучкі пёраў (“вушы”) (А. Дарафеееў “Птушкі”, стар. 124) [3, с. 124, “Птушкі”].

                                                           2. У Савосева суседа

                                                           Быў пярэсценькі каток...

                                                           Нос чарнявы,

                                                           Хвост бялявы,

                                                           Задзірасценькі;

                                                           Кіпцік-шчыпчык

                                                           Заграбасценькі;

                                                           Лапкі-драпкі

                                                           Машастовыя,

                                                           А шарсціначкі

                                                           Шаўковыя...

                                                                      Якуб Колас [4, с. 133, “Раніца ў нядзельку”].

Як вымаўляецца [дз´] у слове “дзіўная”? (Мякка.)

Растлумачце значэнне слова “машастовы”. (1. Зроблены, пашыты з мошасту. 2. У пераносным значэнні: які нагадвае сабой мошасттое, што і крэп. Крэпшаўковая або шарсцяная тканіна  са спецыяльна апрацаванай, злёгку шурпатай паверхняй.) [1, с. 177, 206, “Тлумачальны слоўнік”].

Якое слова можна падабраць, каб паказаць, як ступае кот? (Нячутна.)

Растлумачце правапіс літары я ў слове “нячутна”.

Ці можна спалучыць слова “нячутна” са словамі “размаўляць”, “спяваць”, “гаманіць”?

Пры напісанні слова “нячутна” ў якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Растлумачце правапіс літары у ў слове “нячутна”.

Складанне тэксту-апісання.

Апішыце ката, які жыве ў вас дома ці ў суседзяў, выкарыстаўшы для гэтага тэкст-верш  Якуба Коласа.

Хвілінка адкрыццяў ў спалучэнні са слоўнікавай работай.

Прачытайце. Які тэкст (апісанне ці апавяданне) можа мець такі загаловак і такі пачатак? Па якіх прыметах вы гэта вызначылі? Колькі сэнсавых частак мае гэты тэкст? Пра што гаворыцца ў кожнай частцы? Апошняя частка -- знаёмства з прыказкамі -- апісанне ці апавяданне? Пры неабходнасці выкарыстайце запіску-"дапамагатку".

 

                                                           Мая любімая восень

 

Ці любіце вы восень? Я вельмі люблю восень. Восень багатая. Восень шчодрая. Восень прыгожая. Дрэвы стаяць жоўтыя, чырвоныя. Зямля ў лесе, у парках, засыпаная лісцем, падобна на рознакаляровы дыван. Глядзіш, не наглядзішся. А колькі багацця восенню! Усё спелае,  свежае, сакавітае, толькі што з градкі.

Людзі шмат працуюць восенню: і дарослыя, і дзеці, і вяскоўцы, і гараджане. А ў вольны час спяшаюцца ў лес палюбавацца дзівосамі. А дзівосаў там шмат. Радуюць вока багата ўбраныя дрэвы. Грыбы-прыгажуны вабяць сваімі шапачкамі, вітаюцца з грыбнікамі, просяцца да іх у кошык.

Колькі месяцаў трывае восень? Тры: верасень, кастрычнік, лістапад. Давайце падумаем, што значаць назвы месяцаў. Ёсць такая расліна -- верас -- з дробным лісцем і маленькімі лілова-ружовымі кветкамі. Верас расце нізка, уецца па ўзлессі, цвіце ранняй восенню. Адсюль і назва месяца. У кастрычніку лён труць і сыплюцца з яго рэшткі -- кастрыца. У лістападзе лісце падае. Давайце хорам паўторым назвы восеньскіх месяцаў: верасень, кастрычнік, лістапад.

Паслухаем прыказкі пра восень.

Увосень і верабей сыты.

Восень на рабым (на шэрым) кані ездзіць.

Увосень за стол просім.

Чаму прыказка кажа, што ўвосень і верабей сыты? Чым верабей можа пажывіцца восенню на полі?

На якім кані ездзіць восень? Чаму яе конь рабы, шэры? Можа, таму, што восень дажджлівая?

Чаму ўвосень за стол просім? Ці не таму, што стол багаты і ёсць чым частаваць: шмат садавіны, гародніны?

Паслухаем яшчэ раз прыказкі і вывучым іх (З кнігі “Сцяжынка”, стар. 25 – 26)     [5, с. 25 – 26, “Сцяжынка”].        

Растлумачце правапіс прапушчанай літары ў слове “гараджане”.

Раскрыйце значэнне слова “гараджане”.

Выберыце патрэбнае.

Гараджане -- гэта (жыхары горада, вёскі, хутара, краіны.)

Пры напісанні слова “гараджане” ў якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Гараджане -- слоўнікавае слова. Запомніце, як яно пішацца.

Перакладчыкі.

Запішыце па-беларуску. Вызначце тып тэксту.

Грибы моховики. Растут в сырых сосновых, хвойных и лиственных лесах, а в дождливое ненастье встречаются и на песчаных пригорках хвойных боров. Различают две разновидности моховиков: жёлто-бурые и зелёные (Из «Памятки школьнику», стар. 37) [6, с. 37, «Памятка школьнику»].

Слоўнік: лиственный – ліставы; ненастье – непагадзь; пригорок – узгорак.

Вясёлая хвілінка.

Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш “Восень”, а гукі школьнага званка – дзын-дзын-дзын  – потым перадасце і вы.

Вясёлым званочкам

                                                     Ў школу запрашала.

                                                     У чырвоны колер

                                                     Лісце фарбавала.

                                                              Аляксей Якімовіч.

Цяпер пакажам, як гучыць школьны званок, прамовім разам: “Дзын-дзын-дзын”.

Ці можна аднесці гэты тэкст да тэксту-апавядання? Ці ўтрымлівае ён апісанне?

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                           Грае ч(ы, і)рвань на усхо(д, дзе),

                                                           А Міхась ужо ў пахо(дз, д)е ,

                                                           У руках кашолка, но(ш, ж)  --

                                                           Без нажа гр(ы, і)бнік не гож.

                                                           Разгарнуўся ва ўсе бокі

                                                           Па узгорках лес высокі,

                                                           І такі прыемны пах:

                                                           Як нюхнеш, дык скажаш: "Ах!"

                                                           І імхі -- з(я, е)лёны, белы --

                                                           Ра(с, сс)цілаюць коўрык цэлы.

                                                           Ускрай сцежак -- верасок.

                                                           На даро(ж, ш)цы -- бель-пясок [4, с. 11, “Раніца ў нядзельку”].

Знайдзіце ў гэтым тэксце апісанне. Ці ўтрымлівае ён апавяданне?

Раскрыйце сэнс слоў “чырвань” (чырвоны колер), “кашолка” (кош, кошык), “не гож” (тут: нішто не значыць), “нюхнуць” (панюхаць), “бель-пясок” (белы пясок).

Тэст.

Прачытайце. Які з гэтых тэкстаў з'яўляецца тэкстам-апавяданнем, а які -- тэкстам-апісаннем?

 

1. Цяжкае заданне

Сядзіць Шпачок за сталом галаву павесіўшы. Змрочныя думкі яго адольваюць, спакою не даюць.

Ляцела Сарока, апусцілася каля стала. Яна адразу ж заўважыла, што ў Шпачка непрыемнасці.

-- Сусед, што з табою? Падзяліся сваёю бядою. Можа, я тваю бяду адной лапай развяду.

-- З Вераб’ём паспрачаўся! – скрывіўся Шпачок.

-- Ён перамог цябе? – устрапянулася Сарока.

Шпачок змахнуў скупую мужчынскую слязінку.

-- Пакуль не перамог, але пераможа. Рысавае зярнятка яму прайграю, калі яго заданне не выканаю.

Суцяшаючы, Сарока лапкай пагладзіла Шпачка па пярынках.

-- Пакажы мне гэта заданне.

-- Глядзі, мне не шкада! – Шпачок працягнуў суседцы аркуш паперы з наступным заданнем:

Ноччу прайшоў цёплы дожджык.

-- Ахарактарызуйце дзейнік і выказнік у гэтым сказе (Аляксей Якімовіч “Казкі-падказкі”, стар. 58 – 59) [8, с. 58 – 59, “Казкі-падказкі”].

2.  Далей копкаю сена высіцца невысокі зруб. Бярвенні, счарнелыя ад дажджоў, дбайнаю рукою шчыльна прыгнаны адно да другога. Зверху прыціснула яго да зямлі накрыўка. Крайняя дошка, нядаўна даточаная, бліскаціць габляванаю навізною [7, с. 41, “Каб мама ўсміхалася”].

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Што такое тэкст?

Назавіце характэрныя прыметы тэксту-апавядання і тэксту-апісання. Пры неабходнасці выкарыстайце запіску-"дапамагатку".

Ці можа адзін і той жа тэкст адначасова быць тэкстам-апісаннем альбо тэкстам-апавяданнем  і тэкстам вершаваным? Чаму?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў , А., Гайдукевіч, І. Шуба , П.  Тлумачальны слоўнік беларускай мовы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. Для сярэд. школы. 2-е выд., перапрац. і дап.  – Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

   3. Дарафееў, А. М. Птушкі / А. М. Дарафееў. – Мінск : Нар. асвета, 1984. – 239 с. (Наша прырода).

4.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

5. Марціновіч Л. С., Юрэвіч Т. У., Іўліева Л. У. Сцяжынка  / Л. С. Марціновіч, Т. У Юрэвіч, Л. У. Іўліева. -- Мінск, Нар. асвета, 1994. – 319 с.

6. Памятка школьнику. Центрокооплектехсырьё / составители : В. Шестаков, Э. Подвольцкая, Г. Швецов. -- Типография издательства «Калининградская правда», 1980. – 87 с.

7. Якімовіч, Аляксей. Каб мама ўсміхалася : апавяданні, казкі, смяшынкі / А. М. Якімовіч. – Мінск : Нар. асвета, 2010. – 120 с. 

8. Якімовіч, Аляксей. Казкі-падказкі / А. М. Якімовіч. -- Мінск  : Нар. асвета, 2012. – 104 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 24 (2018 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.