Пісьменнік і яго прыхільнікі -- 6
Гісторыя шостая
Па-рознаму з’яўляюцца ў пісьменніка прыхільнікі. Іншы раз
зусім нечакана, як гаворыцца, не з таго боку, у які глядзеў. Так нядаўна
здарылася і ў мяне.
У 2024 годзе мінскае выдавецтва “Беларусь” выпусціла маю
кнігу “Жылі-былі літары: займальныя гісторыі пра літары беларускага алфавіта”.
У ёй сабраны па тры казкі на кожную літару беларускага алфавіта. Іх галоўныя
героі – хлопчыкі Міколка і Васілёк, Сінічка і Верабейка, чорны мураш Чарныш і
рыжы мураш Рыжык. Для нашага часу наклад кнігі немалы: 1000 асобнікаў.
Гэтыя займальныя гісторыі для дзяцей дашкольнага і
малодшага ўзросту складаліся дзесяцігоддзямі, друкаваліся ў розных выданнях,
дапрацоўваліся мною, дапаўняліся. Іх ахвотна змяшчалі газеты, якія выходзілі ў
Слоніме, адкуль без майго ведама трапілі і ў Інтэрнэт.
Мне вельмі хацелася, каб яны, дапрацаваныя, сабраныя
разам, выйшлі ў адной кнізе. Нарэшце мая мара збылася. Гэты казачны,
пазнавальны матэрыял заўважылі супрацоўнікі выдавецтва.
Кніга атрымалася вялікая, прыгожая і прыкметная.
Зборнік праз свае крамы рэалізоўвала Белкніга, а яшчэ яго
набывалі бібліятэкі нашай краіны, асабліва старанна ў Віцебскай і Гродзенскай
абласцях.
А ў верасні да мяне прыйшла навіна з выдавецтва
“Беларусь”: тыя экзэмпляры, якія засталіся (усяго 86), забрала прафсаюзная
арганізацыя Беларусбанка для падарункаў.
Вось так знайшліся ў мяне прыхільнікі ў такой вядомай
арганізацыі, як наш Беларусбанк. Зацікавіліся яны маімі беларускамоўнымі займальнымі
гісторыямі і вырашылі ўручыць, як мне здаецца, дзеткам, якія ўпершыню
пераступілі праз школьны парог.
Дзякуй Вам, мае дарагія прыхільнікі!
17.
09. 2025.