Поиск по этому блогу

Былі выпадкі "Капец"

 

Былі выпадкі

                                                                                          

Капец

 

Выпадак першы.

Напрыканцы 2021 года глядзеў расійскае тэлебачанне.

Адзін з гасцей тэлеперадачы (назавём яго Іван) задаў яе ўдзельнікам пытанне:

-- Якое слова найчасцей ужывалася ў Расіі ў 2021 годзе?

Удзельнікі называлі розныя словы, але, на думку Івана, яны адказвалі няправільна. Ён лічыць, што ў 2021 годзе расіяне найчасцей ужывалі слова “капец”. Не мне судзіць, ці адпавядае гэта сапраўднасці, так як не жыву ў Расіі. Магчыма, Іван сказаў праўду. Расіян, як і іншых людзей ва ўсім свеце, замучыла пандэмія. Роспач і адчай прынесла яна. Не спрыяе пазітыўнаму настрою і палітычная абстаноўка. Яе ледзяністая вяршыня: шматлікія пагрозы распачаць вайну.

Мяне ўразіла іншае. Расіянін Іван публічна ўжыў беларускамоўнае слова “капец”, якое, як лічыць ён, ужываюць многія яго супляменнікі, яно блізкае ім.

Слова “капец” мае тры значэнні. Першае – канец, пагібель. Другое значэнне больш прыемнае і цікавае. Здаўна ў беларускіх вёсках у капцах захоўвалі бульбу: ссыпалі яе ў спецыяльна выкапаныя траншэі і на зіму прыкрывалі саломай і зямлёй. Такое сховішча мела конусападобную форму. Вясною капцы адкрывалі і, дастаўшы адтуль бульбу, перабіралі яе, каб прадаць альбо падрыхтаваць для пасадкі. Капцом у Беларусі таксама называлі невялікі слупок з насыпам. Ён абазначаў мяжу нейкага ўладання. Падобныя слупкі і сёння можна ўбачыць у лесе. Там яны абазначаюць межы пэўных лясных участкаў, дзялянак.

А ці блізкае вам слова “капец”?

 

Маякоўскі і Ленін

 

Іншы раз у час размовы можа прагучаць такое пытанне: ці сустракаліся калі-небудзь кіраўнік Расіі Уладзімір Ленін і вядомы паэт Уладзімір Маякоўскі?

Чуў пра такі выпадак.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 20 – 30-х гадах 19 стагоддзя вельмі папулярнымі былі выступленні вядомых паэтаў і пісьменнікаў. Яны збіралі тысячы слухачоў.

Аднаго разу падобную вечарыну праводзіў паэт рэвалюцыі (яго яшчэ называлі плакатам рэвалюцыі) Уладзімір Маякоўскі. Туды прыйшоў Уладзімір Ленін са сваёй грамадзянскай жонкай Надзеждай Крупскай (яны, так кажуць, жылі разам, але не былі распісаныя). Прыйшлі і селі ў першым радзе.

Перад слухачамі з’явіўся Маякоўскі і стаў чытаць свае вершаваныя творы. Голас у паэта быў гучны, ён выплёскваў у залу эмоцыі.

У час перапынку Ленін устаў са свайго месца.

-- Куды ты? – устрывожылася Крупская.

-- Пойдзем! – прагучала ў адказ.

-- Але ж вечар яшчэ не закончыўся. Гэта непрыгожа!

-- Не люблю, калі на мяне крычаць! – адказаў Ленін і разам з Крупскай пакінуў залу.

                                                              Падрыхтаваў Аляксей Якімовіч