Поиск по этому блогу

Экспертыза "Не хачу палоць градкі"

 

Не хачу палоць градкі

 

Размаўляю з маладзіцай гадоў 35. Назавём яе Марынай. Ведаю, што яна родам з вёскі, дзе цяпер жыве адна, без мужа, яе маці. Таму цікаўлюся, ці часта ездзіць у вёску. Маладзіца адказвае, што даўно не была там, бо не знаходзіць паразумення з маці. Тая прымушае яе палоць градкі, а яна гэтага не хоча рабіць. Ёй хацелася б адпачываць у вёсцы, не турбаваць сябе лішнімі клопатамі, жыць па сваіх законах.

 

Як Вы, нашы эксперты, ацэньваеце гэту сітуацыю?

Што зрабілі б у дадзеным выпадку?

 

Эксперт Мікалай.

-- Адарвалася Марына ад вёскі, надта гарадской сябе лічыць, зазналася. Так і сказаў бы ёй, калі б выпала сустрэцца.

Эксперт Таццяна.

-- З маці заўжды трэба знаходзіць паразуменне, жыць не толькі сваім, але і яе жыццём, рабіць так, каб яно перасякалася, станавілася агульным. У дадзеным выпадку я паехала б да маці і дапамагла б ёй.

Эксперт Рыгор.

-- Марына адарвалася не толькі ад вёскі, але і ад сваёй маці. Яна ачарсцвела, не шкадуе яе, не разумее, што маці ў гадах, што ёй патрэбна дапамога. Гэта, канешне, бачаць дзеці Марыны і, напэўна, бяруць з яе прыклад. Як кажуць у народзе? Што пасееш, тое і пажнеш. Незайздросны лёс чакае цябе, Марына, у будучым.

Эксперт Юля.

-- У тваёй душы, Марына, сядзіць стрэмка. Яна коле табе, напамінаючы пра гэта непаразуменне. Хутчэй дастань яе, суцеш свой боль і боль тваёй маці.

Эксперт Пятрусь.

-- У словах Марыны ёсць рацыя. Так, маладыя хочуць жыць па-іншаму, сваім жыццём, без гэтых градак і агародаў, да якіх многія са старэйшага пакалення прыкіпелі і не ўяўляюць сваё жыццё без іх. Лічу, што тут мы бачым канфлікт двух пакаленняў: старэйшага, аграрнага, і маладзейшага, гарадскога.

 

А як да гэтай сітуацыі адносіцеся Вы, нашы чытачы?