Поиск по этому блогу

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Паняцце пра адасабленне. Адасобленыя дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні

 

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма: Паняцце пра адасабленне. Адасобленыя дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні

 

Што трэба ведаць пра адасабленне?

 

Праца з табліцай.

Пазнаёмцеся з табліцай.

Паняцце пра адасабленне

------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Сэнсава і інтанацыйна выдзеленыя члены сказа называюцца а д а с о б л е н ы м і:

Максім старанна гроб, налягаючы на вёслы.

Прычына адасаблення --

жаданне ўзмацніць, асабліва падкрэсліць сэнсавую ролю пэўнага даданага члена сказа,

канкрэтызаваць апісанне дзеяння, даць больш глыбокую характарыстыку асобе або

прадмету, надаць сказу эмацыянальную афарбоўку.

--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

1. Адасабляюцца часцей за ўсё азначэнне і акалічнасць.

2. Абавязковай умовай адасаблення з'яўляецца адсутнасць цеснай сувязі члена сказа з

галоўным словам.

3. Умовы, што спрыяюць аслабленню сувязі члена сказа з галоўным словам і ўзмацненню

яго сэнсавай значнасці:

а) дыстантнае становішча да паяснёнага слова: Гэтыя хваінкі праз нейкі час узмужнеюць і будуць, стройныя, радаваць многіх людзей;

б) інверсія (зваротны парадак слоў): Горда стаяць магутныя дубы, задуменныя і

пажаўцелыя (М. Гарэцкі).;

в) ступень развітасці даданага члена (напрыклад, развітыя прыдаткі або наяўнасць

некалькіх аднародных адасобленых членаў): Максім, высокі статны хлопец,

падабаўся многім дзяўчатам.

г) сінтаксічная неспалучальнасць звязаных па сэнсе слоў (асабовых займеннікаў і

азначэнняў): Узрушаны, ён у гэту ноч доўга не мог заснуць.

Сродкі адасаблення --

інтанацыя ў вусным маўленні і знакі прыпынку -- коска або працяжнік -- на пісьме.

 

Як распазнаць адасобленыя дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні?

 

--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Адасобленыя дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні

------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Адасобленыя дапасаваныя азначэнні выражаюцца:

1) адзіночнымі прыметнікамі ці дзеепрыметнікамі: Туман, шэры і густы, павольна плыў над ракою.

Радасныя, мы накіраваліся дамоў.

2) прыметнікавымі і дзеепрыметнікавымі зваротамі: Надзвычай шчаслівы, ён у той вечар ляцеў дамоў як на крылах. На ўскрайку сяла Міхась убачыў вялікую хату, накрытую зялёнай бляхай.

------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Адасобленыя недапасаваныя азначэнні выражаюцца:

1) назоўнікамі ва ўскосных склонах: Побач са мною бег Максім, без шапкі, з расхрыстанай на грудзях кашуляй.

2) спалучэннем назоўнікаў і колькасных лічэбнікаў: Дзядуля, гадоў каля сямідзесяці, сядзеў каля плоту на лаўцы.

----------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Праца са сказамі.

Спішыце, устаўляючы прапушчаныя літары. Вызначце адасобленыя азначэнні. Чым яны выражаюцца? Пры неабходнасці выкарыстайце табліцу.

1.Лабановіч пр..помніў размову са сваёй старожкай і, зацікаўлены, глянуў яшчэ раз на пасаду (Якуб Колас). 2. Доўга буду помніць цябе, дарагая! 3. Вада была н..глубокая, пад пахі, зеленаватая. 4. Неба, абложанае ні..кімі хмарамі, здавалася, усё цяжэй навісала над аголенай зямлёй (Якуб Колас). 5. Рэха, у лесе звонкае, панеслася ўдалечыню. 6. Дзяўчынка, гадоў на восем, ішла каля маці. 7. Месяц, серабрысты і выгінасты, з’явіўся ў вяч..рнім небе.

Назавіце дзеяслоў, да якога можны прымяніць наступнае выказванне:

Вёсны -- вясна!..

                                                                Пасля мяккай зычнай напішам я:

                                                                У першым складзе перад націскам яна.

                                                                                                                              (Глянуў.)

Праца з табліцай.

Пазнаёмцеся з працягам табліцы "Адасобленыя дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні".

------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Інтанацыйныя асаблівасці сказаў з адасобленымі азначэннямі:

а) на паяснёным слове павышаецца тон;

б) адасобленае азначэнне выдзяляецца паўзамі;

в) павышаецца голас і запавольваецца тэмп на адасобленым азначэнні, якое стаіць у

пачатку ці сярэдзіне сказа;

г) паніжаецца голас, калі адасобленым азначэннем заканчваецца сказ.

-----------------------------------------------------------------------------------------------------------------

 

Выразнае чытанне.

Прачытайце, захоўваючы патрэбную інтанацыю пры адасобленых азначэннях. Растлумачце, ад чаго залежыць іх вымаўленне. Вызначце сэнсава-стылістычную ролю адасобленых азначэнняў  ў тэксце.

1. Насцечка была бойкая і рухавая дзяўчынка, белатварая, з густымі валасамі, якія роўна ляжалі на яе галаве пад грабянцом. Да самых халадоў яна прыходзіла ў школу ў шарсцяной кофтачцы, шэрай, у карычневыя палоскі. А калі стала халадней, то пачала надзяваць на кофтачку чорнае ватовае паліто з простым бобрыкавым каўняром і вузенькім суконным паяском (Кузьма Чорны).

Са спалучэння, выдзеленага курсівам, выпішыце словазлучэнні.

Закончыце думку сказа: Частка слова, якая служыць для сувязі слоў у сказе і ўтварае граматычную форму слова, -- гэта ... (Канчатак.) Абазначце канчаткі ў назоўніках.

Праца з вучэбным дапаможнікам.

Прачытайце ў вучэбным дапаможніку лінгвістычны матэрыял аб адасабленні азначэнняў, якія стаяць пасля паяснёнага назоўніка і перад паяснёным назоўнікам.

Проба сіл.

Спішыце, раскрываючы дужкі. Падкрэсліце адасобленыя азначэнні і растлумачце ўмовы іх адасаблення.

1. Рака Шчара, акаймаваная (каля) берагоў зялёнай асакой, павольна плыве, каб сустрэцца з бацькам Нёманам. 2. Плюхала і спакойна цякла рэчка, сіняя, халодная (Кузьма Чорны). 3. Міхась, аглушаны страшэнным выбухам, доўга ляжаў (у) мяккай густой траве. 4. Русявы, (з) блакітнымі вачыма, ён адразу (ж) спадабаўся Алесі. 5. Рамы вокан, чорныя (ад) дажджу, былі гнілаватыя. 6. Міхась Кароцька, высокі, (з) кучаравай чупрынай, павольна ўстаў з-за парты.

Назавіце слова, у якім гукі [д], [т] пры змякчэнні чаргуюцца з [дз′], [ц′]. На пісьме яны перадаюцца літарамі дз, ц. (Парта -- на парце.)

Карысна ведаць.

У 1596 годзе беларус Лаўрэнцій Зізаній выдаў  "Граматыку" для народа з дадаткам "Лексіс" (слоўнік), у якім на старажытнай беларускай мове растлумачыў значэнне многіх  царкоўнаславянскіх слоў. У “Лексісе”, дбайна падрыхтаваным, можна знайсці шмат слоў жывой сучаснай мовы беларусаў.

Назавіце адасобленае азначэнне.

Падбярыце сінонім да слова “дбайна”. (Старанна.)

Пагартаем "Лексіс" Лаўрэнція Зізанія.

Недуг -- хороба.

Выкарыстаўшы слова "хвароба", пабудуйце і запішыце сказ з адасобленым дапасаваным ці недапасаваным  азначэннем. (Хвароба, цяжкая, нечаканая, прымусіла Міхася пашукаць лягчэйшую працу.) Зрабіце сінтаксічны разбор гэтага сказа.

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма напішыце прыгожае беларускае слова “азначэнне” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

У гасцях у тлумачальнага слоўніка.

Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул да назоўніка "брыжы". (Зборкі, складкі на адзенні ў форме веера.)

Узор. Дзеяч, -а, м. Асоба, штро праявіла сябе ў якой-небудзь галіне дзейнасці. Вядомы дзеяч.

Выкарыстаўшы слова "брыжы", пабудуйце і запішыце сказ з адасобленым дапасаваным ці недапасаваным  азначэннем. (Брыжы, вялікія, блакітныя, выдяляліся на Алесінай кофтачцы.)

[1, стар. 63, 103, “Тлумачальны слоўнік”]

Акцэнталагічная хвілінка.

Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.

Брыжы, пахмурны, сухенькі, цяжкі, заінелы, каталог, статуя.

Адказ. Брыжы, пахмурны, сухенькі, цяжкі, заінелы, каталог, статуя.

Параўнальны аналіз сказаў.

Прачытайце сказы з адпаведнай інтанацыяй. Параўнайце іх. Да якога вываду вы прыйшлі?

1. Міхась доўга стаяў і любаваўся ўсыпанай белымі кветачкамі вішанькай. 2. Алеся нарэшце ўбачыла атуленую густымі кустамі крынічку. 3. Густы і цёмны лес выклікаў трывогу.

1. Міхась доўга стаяў і любаваўся вішанькай, усыпанай белымі кветачкамі. 2. Алеся нарэшце ўбачыла крынічку, атуленую густымі кустамі. 3. Лес, густы і цёмны, выклікаў трывогу.

Для даведкі (напісана на пераноснай дошцы). Адасобленыя азначэнні даюць больш нагляднае ўяўленне аб прадмеце гутаркі, падкрэсліваюць яго прымету, надаюць маўленню выразнасць. Прымета, выражаная адасобленым азначэннем, больш прыцягвае ўвагу.

Ведайце! Адасобленыя азначэнні найчасцей ужываюцца ў мастацкім і публіцыстычным стылях маўлення, радзей -- у навуковым.

Перакладчыкі.

Запішыце афарызмы па-беларуску. Расстаўце прапушчаныя знакі прыпынку. Зрабіце сінтаксічны разбор аднаго-двух сказаў.

Искусство(,) стоящее на страже человеческого здоровья (о медицине) (Цэльс).

Человек, стремящийся к славе, часто сворачивает с пути добродетели (Публілій Сір).

Порицания достойны родители(,) не желающие воспитывать своих детей в строгих правилах (Пятроній).

Следует всегда поддерживать сторону(,) находящуюся в более тяжёлом положении (Луцылій).

Речь(,) пекущаяся об истине(,) должна быть простой и безыскусной (Сенека).

Словы для даведкі: стоящий -- які стаіць, стража -- варта, стремящийся -- які імкнецца, порицание -- ганьбаванне, достоен -- заслугоўвае.

Як вы адносіцеся да слоў рымскага паэта Луцылія? Ці трэба падтрымліваць таго, хто апынуўся ў цяжкім становішчы? Ці трэба спагадаць яму?

Праца з практыкаваннем.

Пастаўце, дзе трэба, знакі прыпынку. Назавіце сказы з дапасаванымі азначэннямі, якія стаяць перад паяснёным словам.

1. Дзяўчынка(,) лёгкая і прыгожая(,) імкліва ўзбегла на пагорак. 2. Задаволены атрыманай адзнакай(,) Міхась сеў за парту і ўсміхнуўся. 3. Хлапчук убачыў вузкую сцяжынку(,) сям-там парослую высокаю крапівою. 4. Узрушаны(,) ён доўга глядзеў на дагледжаныя аднавяскоўцамі палеткі. 5. Важкая цёмная хмара нарэшце прынесла ў вёску доўгачаканы дождж.

Раскрыйце сэнс слова "палетак". (Участак поля, які вылучаецца па родах пасеву або па іншых прыкметах.)

Падбярыце сінонім да слова "палетак". (Участак.)

Падбярыце аднакаранёвае слова да назоўніка "палетак". Выдзеліце ў іх корань. (Поле.)

Пры напісанні слова "палетак" у якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Падбярыце рускі адпаведнік да слова "палетак". (Участок.) Параўнайце гучанне і напісанне.

Пабудуйце сказ ці словазлучэнне са словам "палетак". (Азімы палетак.)

Ці супадае вымаўленне слова "вузкую" з напісаннем? Чаму?

[1, стар. 233, “Тлумачальны слоўнік”]

Самастойная праца.

Спішыце. Рассстаўце, дзе трэба, знакі прыпынку. Вызначце сказы з недапасаванымі азначэннямі.

1. Уяўляю яго(,) дужага(,) маладога(,) у прасторным школьным класе. 2. Міхась(,) прыгожы, з усмешкай на вуснах, моўчкі стаяў перад намі. 3. Прыехаўшы у горад, мы няспешна крочылі па вуліцы(,) высаджанай маладымі ліпкамі. 4. Каля ракі мы сустрэлі свайго суседа(,) маладога(,) з доўгімі валасамі(,) чалавека. 5. Ганна(,) шчаслівая(,) доўга глядзела ўслед Міхасю.

(Нумары сказаў з недапасаванымі азначэннямі: 2, 4.)

Назавіце прыметнікі, да якіх можны прымяніць наступнае выказванне:

Акуратна,

                                                                                    ад душы

                                                                     о, э пад націскам пішы.

Праца са сказам.

Запішыце сказ. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку пры адасобленым азначэнні. Для гэтага выберыце патрэбнае тлумачэнне.

Заўсёды выдзяляюцца коскамі:

1) адасобленыя дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні, калі яны стаяць пасля паяснёнага назоўніка;

2) дапасаваныя і недапасаваныя адасобленыя азначэнні, якія адносяцца да асабовага займенніка (незалежна ад месца ў сказе).

Перад паяснёным назоўнікам азначэнні адасабляюцца ў наступных выпадках:

1) калі яны маюць дадатковае акалічнаснае значэнне прычыны ці ўступкі;

2) калі паміж азначэннем, якое паясняе дзейнік, і гэтым дзейнікам стаіць выказнік.

Міхась, невысокі і худзенькі, смела паглядзеў на свайго крыўдзіцеля.

 Тэст.

Адзначце сказы, у якіх на месцы пытальніка трэба паставіць коску.

1. Пакрыўджаная з дзяцінства,(?) не ведала яна, што такое шчасце.

2. На ганку стаялі мужчынскія боты(?) пакрытыя шэрым пылам.

3. На лугавых кветках сядзелі чмялі(?) важныя, сярдзітыя.

4. Мы сядзелі на высокім, парослым зялёнай травой беразе(?) возера.

5. Трава(?) аблітая сонцам(?) блішчала ад расы.

Адказы. Сказы, у якіх на месцы пытальніка трэба паставіць коску: 1, 2, 3, 5.

5. Падвядзенне вынікаў урока.

Прапаную вам адказаць на пытанне-жарт Ці можа страус назваць сябе птушкай? (Не, ён не ўмее гаварыць.)

Спадзяюся, што вы і зараз правільна адкажаце на пытанні да тэмы "Адасобленыя дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні", толькі ўжо без жарту.

Якія азначэнні могуць адасабляцца?

Як інтануюцца адасобленыя азначэнні?

Якія знакі прыпынку ўжываюцца для выдзялення адасобленых азначэнняў на пісьме?

З якой мэтай адасабляюцца азначэнні?

 

Выкарыстаная літаратура

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.