Поиск по этому блогу

Быў выпадак "За падтрымкай у манастыр"

 

Быў выпадак

 

За падтрымкай у манастыр

 

У 1989 годзе  ў Жыровіцкім манастыры адкрылася (дакладней сказаць, узнавіла сваю працу)  духоўная семінарыя.

Тады я працаваў настаўнікам у Слонімскім раёне, у Касцянёўскай сярэдняй школе. Пасля працы як літаратар (на той час выдаў дзве кнігі: зборнікі аповесцей “Гордзіеў вузел” і “Эльдарада просіць дапамогі”) і як актыўны ўдзельнік руху “Адраджэнне” займаўся палітычнай дзейнасцю, а таксама змагаўся за права беларусаў размаўляць па-беларуску на сваёй зямлі. Дзяржаўнаму апарату гэта вельмі не падабалася. На  мяне пастаянна ціснулі прадстаўнікі органаў народнай асветы. Я адчуваў, што вось-вось магу апынуцца за парогам школы. Сваю краіну, нягледзячы ні на што, не збіраўся пакідаць.

Пачуўшы, што ў Жыровіцах адчыняецца духоўная семінарыя, вырашыў звярнуцца туды і папрасіць, каб мяне ўзялі на працу ў якасці выкладчыка беларускай мовы.

Па-першае, мне трэба было атрымаць надзейнае, сталае месца працы, мець хоць які-небудзь заробак, па-другое, такім чынам вырашыў выказаць свой пратэст, хацелася, каб ён атрымаў шырокі грамадскі рэзананс. У тыя гады наша дзяржава (а гэта быў, як здавалася многім, усемагутны Савецкі Саюз) халаднавата адносілася да праваслаўнай царквы.

Цёплым асеннім днём са Слоніма прыехаў у Жыровіцкі манастыр і, сустрэўшыся з настаяцелем (яго прозвішча, на жаль, не памятаю), выклаў яму сваю просьбу. Настаяцель аднёсся да мяне ветліва, інтэлігентна. Ён правёў экскурсію па манастыры, паказаў, як жывуць яго насельнікі і напрыканцы сказаў, што праз некалькі дзён атрымаю канкрэтны адказ.

Праз некалькі дзён, што вельмі здзівіла, да мяне дамоў патэлефанаваў мітрапаліт Філарэт. Помню яго гулкі бас. Па-мойму, у час тэлефоннай размовы менавіта ён прапанаваў мне  выступіць перад навучэнцамі духоўнай семінарыі, прачытаць ім лекцыю аб сучаснай беларускай паэзіі. Тое ж самае пачуў і ад прадстаўнікоў манастыра. Прапанаваў ім расказаць аб сваёй літаратурнай творчасці, але яны ад гэтага адмовіліся.

Я зразумеў, што на працу ў семінарыю мяне не возьмуць. Дый у самога, скажу шчыра, адпала такое жаданне. У час экскурсіі бачыў, як навучэнцы падыходзілі да настаяцеля, як цалавалі яму руку. Ведаючы свой вольналюбівы характар, зразумеў, што там  не змагу  працаваць. Таму адмовіўся ад гэтай задумы і больш туды не паехаў.

Ці прыняў бы прапанову, калі б паступіла? Думаю, што прыняў бы і, напэўна, трапіў бы з агню ў полымя. А са школы пазней мяне ўсё-ткі выціснулі. Каб захаваць здароўе, у 55 гадоў мусіў пайсці на ільготную настаўніцкую пенсію.

                                                                                    Аляксей Якімовіч