Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 4 класе. СКЛОНАВЫЯ КАНЧАТКІ ПРЫМЕТНІКАЎ У ТВОРНЫМ І МЕСНЫМ СКЛОНАХ АДЗІНОЧНАГА І МНОЖНАГА ЛІКУ

 

Творчы ўрок у 4 класе. СКЛОНАВЫЯ КАНЧАТКІ ПРЫМЕТНІКАЎ У ТВОРНЫМ І МЕСНЫМ СКЛОНАХ  АДЗІНОЧНАГА І МНОЖНАГА ЛІКУ

 

Мэты: пазнаёміць вучняў са склонавымі канчаткамі прыметнікаў у творным і месным склонах адзіночнага і множнага ліку; выпрацоўваць уменні і навыкі абгрунтоўваць правапіс канчаткаў прыметнікаў паводле правіла; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; вучыць выконваць правілы дарожнага руху.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

Растлумачце прыказкі. Якую з іх вы возьмеце з сабою на ўрок? Чаму?

Навука для чалавека як сонца для жыцця.

Што галава, то і розум.

Сказаў, як звязаў [2, с. 178, 181, 184, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”].  

2. Праверка дамашняга задання.

3. Арфаграфічная размінка.

Злучыце пачатак і канец прыказак. Устаўце прапушчаныя літары.

Родную ...                                          ў лад.

А..клад не ідзе...                               белы хлеб расце.

На ч..рнай зямлі…                           маці нікім не заменіш.

Ягад..а да яга..кі --  ...                      і поўны збан                       [2, с. 91, 98, 105, 115, “Беларускія прыказкі Я. Рапановіча”].

• Знайдзіце ў прыказках словы, якія з’яўляюцца прыметнікамі.

4. Чыстапісанне.

Прачытайце народныя параўнанні.

Едзе як з гаршкамі.

Есці як верабейку.

Есць як назаўтра.

• Як вы разумееце сэнс гэтых параўнанняў?

• З якой літары яны пачынаюцца? Запішыце гэту літару да канца радка, чаргуючы яе з літарамі а, я.

       ае   яе   ае   яе

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Гэта часціна вельмі ўпрыгожвае мову і любіць стаяць побач з назоўнікам. Яна ёсць у словазлучэннях “вясёлая хвілінка”, “цудоўны настрой”, “прыгожы клас”. Як называецца гэта часціна мовы?.. Так, так, прыметнік. Сёння ён пазнаёміць нас з правапісам сваіх канчаткаў у творным і месным склонах адзіночнага і множнага ліку.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Запіска-"дапамагатка" "Склонавыя канчаткі прыметнікаў"

Выкарыстаўшы запіску-"дапамагатку", раскажыце, якія канчаткі маюць прыметнікі ў творным і месным склонах адзіночнага і множнага ліку.

м. і н. роды ў  адз. л.                 Т., М.  -ым, -ім.  

м. і н. роды ў  мн. л.                 Т -ымі, -імі.   М. -ых, -іх.

ж. род у   адз. л.                        Т. -ой (-ою), -ай (-аю), -яй (-яю).

                                                   М. -ой, -ай, -яй.

ж. р. у мн. л.                             Т. –ымі, --імі.  М. –ых, -іх.                                          

• А цяпер уважліва паслухайце казку. Вас чакаюць цікавыя заданні.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Аднаго дня Шпачку вельмі захацелася праведаць, ці на самай справе Сарока такая вялікая разумніца.

Шпачок вырашыў зрабіць гэта непрыкметна, каб не здагадалася і не пакрыўдзілася сяброўка.

Калі Сарока прыйшла да яго ў госці, ён сеў за стол і цяжка ўздыхнуў.

-- У цябе непрыемнасці? -- занепакоілася Сарока.

-- І не пытайся! -- адно што не заплакаў хітрун. -- У маім доме завёўся нядобры дамавік.

Сарока ўважліва паглядзела на суседа.

-- Доказы ў цябе ёсць?

-- Вось мае доказы! – прамовіў Шпачок і высока падняў над галавою спісаны няроўным почыркам ліст паперы.

Сарока ўзяла ў Шпачка гэты ліст, уважліва яго прачытала і сказала:

-- Значыць, ён просіць выканаць заданне?

-- Патрабуе! -- удакладніў Шпачок.

-- Яно не вельмі цяжкае, -- заўважыла Сарока і хутка выканала заданне "дамавіка".

• Выканайце і вы заданне "дамавіка".

Гульня "А як у аўтара?"

Вызначце, у якім парадку павінны стаяць прыметнікі. У дужках напішыце склон прыметнікаў і назоўнікаў.

Узор.Чырвоным (Т.) алоўкам (Т.).

… сцежкай (вузкай), … сонцам (цёплым), … чалавекам (добрым), … зімой (снежнай), … красою (дзіўнаю), … колерам (жоўтым).

Словы для даведкі: снежнай, добрым, вузкай, дзіўнаю, цёплым, жоўтым.

• У слове “жоўтым” пасля ж пішам о. А як вымаўляем? (Цвёрда.)

Лексічна-граматычная праца.

Устаўце патрэбныя прыметнікі. Можаце выкарыстаць прапанаваныя словы, а можаце падабраць свае. Пастаўце націск у прыметніках,  абазначце канчаткі і растлумачце іх правапіс. Пры неабходнасці звярніцеся да запіскі-"дапамагаткі".

1. … (Светлыя) кроплі расы пераліваліся на сонцы. 2. … … (Цёплай летняй) раніцай Міхась разам з … (малодшым) братам пайшоў у грыбы. 3. У … (сасновым) лесе весела пераклікаліся птушкі. 4 У сад прыляцелі… (крыклівыя) сойкі. 5. Па … … (пясчанай лясной) дарозе … праехаў (грузавы) аўтамабіль. 6. Мужчыны павольна прабіраліся па … (дрымучым) лесе. 7. На ўскрайку лесу стаяў (магутны) дуб.

• Пастаўце ў творным склоне прыметнікі і назоўнікі ў словазлучэннях “светлыя кроплі”, “грузавы аўтамабіль”.

• З канчаткамі якога склону супадаюць канчаткі прыметнікаў мужчынскага і ніякага роду ў месным склоне?

• З канчаткамі якіх склонаў супадаюць канчаткі прыметнікаў жаночага роду ў месным склоне?

• У слове “дуб” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Дубок.)

• Якое правіла вы прымянілі?

• Пастаўце ў назоўным склоне прыметнік дрымучым. (Дрымучы.)

• Як можна сказаць пра дрымучы лес? Прадоўжыце.

Стары, непраходны... (густы, глухі).

• Ці з'яўляюцца аднакаранёвымі словы «дрымотны (дремотный)» і «дрымучы»?

• Пры напісанні слова «дрымучы» ў якіх месцах вас падсцерагае Памылка Памылкаўна? Чаму?

• Выдзеліце арфаграмы ў слове «дрымучы» і растлумачце іх правапіс.

Словы для даведкі: светлыя; цёплай летняй; малодшым; сасновым; крыклівыя; пясчанай лясной; грузавы; дрымучым; магутны.

Праца з загадкай-метаграмай.

Метаграмы -- граматычныя гульні-загадкі, заснаваныя на замене літары на іншую. 

Прачытайце і адгадайце загадку-метаграму.

                                               З р – кропля на траве начная,

                                               З к – прылада вострая, стальная. (Раса – каса.)

                                                                      Аляксей Якімовіч.

• Назавіце ў тэксце прыметнікі і назоўнікі, ад якіх залежаць прыметнікі. Вызначце іх  род, лік і склон. Як будзеце разважаць, тлумачачы  правапіс канчатка прыметніка? Пастаўце прыметнік у месным склоне множнага ліку. Параўнайце канчаткі ў адзіночным і множным ліку.

Хвілінка кемлівасці.

Складзіце сказ, у якім ёсць прыметнік у творным або месным склоне і слова з выбарам напісання зычных літар.

Узор. Над залатым кало(с, сс)ем кружыліся матылькі.

• Як можна вызначыць склон прыметніка?

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце і назавіце патрэбнае слова.

Жоўтыя лісточкі

                                                        Падаюць з бярозкі.

                                                        Апусціла ўніз яна

                                                        Тоненькія … (коскі).

                                                                    Аляксей Якімовіч.

• Дакажыце, што ў тэксце ёсць прыметнікі. Вызначце іх склон.

Праца са словам.

Знайдзіце прымету прадмета сярод надрукаваных слоў.

Вяснаакнокаляндаркемлівыназоўніккроквечар

            Алсеьбыўсмелы,незбаязлівагадзесятка

• Выберыце патрэбнае тлумачэнне значэння слова “кемлівы”.

Кемлівы -- ломкі, нетрывалы. (Крохкі.)

Кемлівы -- здагадлівы, знаходлівы.

Кемлівы -- свежы, пругкі, ядраны. (Крамяны.) [1, стар. 167, 174, 175, “Тлумачальны слоўнік”].   

• Перакладзіце на рускую мову слова "кемлівы". Параўнайце гучанне і напісанне.

• Складзіце словазлучэнні са словам “кемлівы”. Пастаўце іх у творным і месным склонах адзіночнага і множнага ліку.

Не  з баязлівага дзясятка.

• Падкрэсліце дзейнік і выказнік.

• Раскрыйце сэнс выразу не з баязлівага дзясятка.

• Перакладзіце выраз не з баязлівага дзясятка на рускую мову. (Не робкого десятка.)

• Раскрыйце значэнне слова “дзясятак”.

• Ці будуць з'яўляцца роднаснымі (аднакаранёвымі) словы “дзясятак”, “дзесяць”, “дзясяты”, “дзесяцера”.

• Прадоўжыце рад.

Дзясятак яец, ...

• Пры напісанні слова “дзясятак” у якім месцы вас падсцерагае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Дзясятак -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і выдзеліце арфаграмы.

Фізкультхвілінка.

Н а с т а ў н і к. Я буду чытаць вам сцвярджэнні, якія могуць быць правільнымі ці памылковымі. Калі вы згодны са сказаным, папляскайце ў далоні, калі не – прысядзьце.

1. Слова “праца” з’яўляецца дзеясловам. (Вучні прысядаюць.)

2. Слова “працавіты” з’яўляецца дзеясловам. (Вучні прысядаюць.)

3. Слова “працаваць” з’яўляецца дзеясловам. (Вучні пляскаюць у далоні.)

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Ці згодны вы з такім тлумачэннем?

Штурм -- гэта марская бура, а шторм -- атака.

• Запішыце сказ у выпраўленым варыянце. Знайдзіце прыметнік. У якім склоне (у творным ці ў месным) ён можа ўжывацца ў форме марской (-ою)?

Чытанне працягу казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Настаўнік. Паслухайце працяг нашай казкі.

Выканаўшы заданне "дамавіка", Сарока папрасіла Шпачка:

-- Уключы, калі ласка, тэлевізар. Вось-вось пачнецца мая любімая перадача "У свеце жывёл".

А Шпачку яшчэ хочацца праверыць кемлівасць Сарокі.

-- Я ўключыў бы, але ж...

-- У цябе ёсць яшчэ адно заданне дамавіка? -- здагадалася разумная Сарока.

-- Ёсць. Ён мне спаць не дасць, калі не выканаю гэтае заданне.

-- Хм, -- хмыкнула сяброўка Шпачка.

-- Не дасць спаць! -- паўтарыў Шпачок.

-- Ты яго бачыў калі-небудзь?

-- Не раз і не два бачыў. Ён маленькі, як жучок.

-- Такога маленькага баішся? -- усклікнула Сарока.

-- Кулачкі ў яго як жалезныя, -- панурыўся Шпачок.

-- Пакажы заданне! -- сказала Сарока.

Шпачок дастаў з шуфлядкі яшчэ адзін ліст паперы, на якім было напісана заданне "дамавіка". Сарока села за стол, выканала яго і ўсміхнулася сябру.

-- Сарока-белабока, ты вялікая разумніца! -- сказаў Шпачок і ўключыў тэлевізар.

Самастойная праца.

Выканайце і вы заданне "дамавіка". Спішыце. Вызначце, да якога назоўніка і ў чым дапасуюцца прыметнікі. Дапішыце іх канчаткі.

У прыродзе ўсё больш адчуваецца восень.

Парывы ветру зрываюць з дрэў лісты, усцілаючы зямлю пярэст.. чырвона-жоўт.. дываном.

Надвор’е псуецца.

Павялічваецца колькасць пахмурн.. дзён, усё часцей цярушыць дробн.. зацяжн..  дождж. Але і ў кастрычніку, асабліва ў пачатку месяца, усталёўваецца часам добр.. сонечн.. надвор'е.

У такія дні ў ясн.. і празрыст.. паветры плывуць тонк.. ніткі павуцінак з маленьк.. павучкамі-вандроўнікамі.

На сін... высок.. небе – ні хмаркі (В. Вольскі “Месяц за месяцам”, замалёўка “Кастрычнік”, стар. 60 -- 61). [3, с. 60 – 61, “Месяц за месяцам”].

• Вызначце тэму гэтага тэксту.

• У слове “адчуваецца” пішам два ц. А як чытаем? (Падоўжана.)

Перакладчыкі.

Перакладзіце на беларускую мову, абазначце канчаткі прыметнікаў.

С верными друзьями, о лучшем ученике, о ловких спортсменах, с надёжным другом, в синем небе, об умном котёнке, за толстым деревом, с вежливой девочкой, о любознательных школьниках.

Слоўнік: котёнок – кацяня; вежливый -- ветлівы; любознательный -- дапытлівы.

Складанне сказаў у спалучэнні са слоўнікавай працай.

-- Складзіце сказы, выкарыстаўшы наступныя прыметнікі з назоўнікамі. Вызначце іх род, лік і склон.

Шырокай лясной сцежкай; у высокім летнім небе; марознай снежнай зімой, у цёплы асенні дзень.

Вясёлая хвілінка.

Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а словы – кар-кар-кар...  – потым прамовіце і вы.

                                                           Кар-кар-кар,

                                                           Кар-кар-кар…

                                                           Не люблю я цёмных хмар.

                                                           Закрычала так варона,

                                                           Бо была без парасона.

                                                           Кар-кар-кар…

                                                                      Аляксей Якімовіч.

• Вучань лічыць, што прыметнік “цёмных” стаіць у… склоне … ліку. Абгрунтуйце сваё сцвярджэнне.

• Якім дзецям адрасуецца гэты верш: вялікім ці малым? (Малым.)

• Якой часцінай мовы з'яўляецца слова “малым” у пытанні?

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                           Гукае Міхась: "Баравік!"

                                                           І сам пр(ы, і)сядае на дол

                                                           Ды вочкамі во(д, дз)іць вакол.

                                                           Аж зірк -- м іж калюшак

                                                           Другі кап(е, я)люшык!

                                                           І што за асоба!

                                                           Краса і аздоба!

                                                           Не ч(о, ё)рны -- хутчэй сіваваты.

                                                           Дзябёлы, таўсматы,

                                                           На ёмкім камлі

                                                           С(я, е)дзіць пры зямлі,

                                                           Як нейкі асэсар

                                                           Ці важны прафесар.

                                                           Ну, проста не зводзіў бы воч!

                                                           Аж глянуў -- і трэці наўзбоч! [4, с. 13, “Раніца ў нядзельку”, з паэмы “Міхасёвы прыгоды”].

• Назавіце прыметнікі. Вызначце іх род, лік і склон. Абазначце канчаткі.

• Раскрыйце значэнні слоў “дол” (тут: зямля), “зірк” (тут: зірнуў і ўбачыў), “аздоба” (упрыгожанне), “дзябёлы” (тут: здаровы), “ёмкі” (тут: стройны, прыгожы), “асэсар” (тут: важны чын), “наўзбоч” (збоку).      

Тэст.

Падкрэсліце словазлучэнні з прыметнікамі ў творным склоне.

1. З добрым настроем.

2. Цікавую загадку.

3. Высокаю бярозаю.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Што вы ведаеце пра напісанне склонавых канчаткаў прыметнікаў у творным і месным склонах адзіночнага і множнага ліку?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў , А., Гайдукевіч, І. Шуба , П.  Тлумачальны слоўнік беларускай мовы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. Для сярэд. школы. 2-е выд., перапрац. і дап.  – Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3. Вольскі, В. Месяц за месяцам :  / Віталь Вольскі. – Мінск : Нар. асвета, 1979. -- 159 с.

4.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 22 (2017 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.