Аляксей
Якімовіч
У ГОСЦІ ДА АЛФАВІТА
Казкі, вершы, загадкі, гульні, скорагаворкі
Вучэбны дапаможнік
Адкрывайце кнігу – і
адпраўляйцеся ў госці да алфавіта. Тут вас сустрэнуць цікавыя казкі, загадкі,
ветлівыя словы і словы са школьнага жыцця, а таксама самыя разнастайныя
гульні-заданні. Разам з настаўнікамі і бацькамі яны навучаць вас грамаце,
паглыбяць вашы ўжо набытыя ў школе і дома веды.
Для настаўнікаў, выхавацеляў
дзіцячых садкоў, бацькоў і вучняў малодшых і сярэдніх класаў.
Прадмова
Навучыць дзяцей грамаце –
нялёгкая задача. Гэты перыяд вельмі цяжкі і для дзяцей, і для настаўнікаў.
Вучні прыйшлі ў школу з радасным чаканнем чагосьці новага, незвычайнага,
цікавага. Яны хочуць як мага хутчэй навучыцца чытаць і пісаць і зусім не
ведаюць, не ўсведамляюць, што для гэтага трэба прыкласці вялікія намаганні.
Таму настаўнік павінен стварыць для дзяцей у класе спрыяльныя ўмовы, атмасферу
добразычлівасці. Вельмі важна, каб школа на гэты час пераўтварылася ў свет фарбаў,
гукаў, фантазіі, казкі, творчасці.
Вырашэнне гэтай задачы ў
многім залежыць ад матэрыялу, якім карыстаецца настаўнік на ўроку. Ёсць
матэрыял, які спрыяе развіццю дзяцей, у гульнёвай форме даступна тлумачыць той
ці іншы гук, літару, склад, слова. Гэта загадкі, скорагаворкі, вершы, казкі, прыказкі,
прымаўкі і іншыя творы.
У вучэбным дапаможніку
“Літар дружная сям’я” падабраны займальны матэрыял да кожнай літары алфавіта.
Ён складаецца з наступных частак:
1. Прадмова.
2. Уступ.
3. Фанетычная зарадка.
4. Аўтарскія казкі пра гукі
і літары.
5. Народныя загадкі.
6. Літаратурныя загадкі.
6. Загадкі-пытанні.
7. Прыказкі і прымаўкі.
8. Скорагаворкі і
чыстагаворкі.
9. Трапныя параўнанні.
10. Фізкультхвілінкі.
11. Словы ветлівасці.
12. Хвілінкі кемлівасці.
13. Словы са школьнага жыцця.
14. Вершы.
Героямі аўтарскіх казак
з’яўляюцца заяц Шарачок і мураш Рыжык. Яны размаўляюць, спрачаюцца, гуляюць са
словамі і літарамі, пішуць, чытаюць. Выкарыстоўваючы гэтыя творы, настаўнік сам
вырашае, якое менавіта заданне даць дзецям: прааналізаваць учынкі герояў,
выказаць свае думкі аб іх паводзінах, дапамагчы героям знайсці выхад са
складанай сітуацыі, зрабіць слоўныя ці графічныя малюнкі да прачытанага.
На ўроках часта
выкарыстоўваюцца загадкі. Яны заўжды выклікаюць у дзяцей цікавасць, развіваюць
назіральнасць, кемлівасць. Разам з настаўнікам вучні могуць выдзеліць у загадцы
патрэбны гук, ахарактарызаваць яго. Хочацца папярэдзіць настаўнікаў, каб яны не
ставілі галоўнай мэтай абавязковае адгадванне вучнямі прапанаванай загадкі.
Адгадку настаўнік можа назваць і сам. Галоўнае тут – навучыць дзяцей бачыць у
прадмеце характэрныя, уласцівыя толькі яму рысы, на аснове якіх і складаецца
загадка. Акрамя таго, загадка пазнаёміць вучняў са значэннем слова, узбагаціць
іх маўленне.
Фанетычная зарадка,
скорагаворкі і чыстагаворкі спрыяюць развіццю фанематычнага слыху,
адпрацоўваюць арфаэпічныя навыкі дзяцей. Іх можна выкарыстоўваць на любым этапе
заняткаў. Настаўнік выбірае 1 – 2 скорагаворкі на ўрок. Спачатку іх
развучваюць, потым прагаворваюць, паступова павялічваючы тэмп вымаўлення. Можна
правесці спаборніцтвы на больш хуткае і правільнае вымаўленне паміж групамі
класа і індывідуальныя.
Дзеці заўсёды запамінаюць
лепей тое, што цікава. Вось чаму ў дапаможнік уключаны трапныя параўнанні,
словы ветлівасці. Гэта не гульні-забавы, а навучальныя гульні. Яны накіроўваюць
увагу дзяцей да матэрыялу ўрока, даюць новыя веды. Вучні не толькі
прыслухоўваюцца да прыгажосці гучання, але і сур’ёзна задумваюцца над сэнсам,
выразнасцю слова. Гэтыя заданні дапамагаюць удасканальваць мову, трэніруюць
увагу і памяць, развіваюць дапытлівасць.
З дапамогай прыказак і
прымавак настаўнік не толькі навучыць дзяцей цаніць сумленнасць,
справядлівасць, гуманістычныя пачуцці, але і будзе выпрацоўваць у іх дыкцыю,
правільнае вымаўленне гукаў.
На ўроках навучання грамаце
немагчыма абысціся без вершаў. Прыслухоўвацца да роднага слова, праз яго прызму
зачароўвацца роднай прыродай, ганарыцца сваёй Радзімай трэба з першых урокаў
навучання грамаце. Дапамогуць у гэтым вершы. У час чытання вершаваных твораў у
дзяцей фарміруецца правільнае літаратурнае вымаўленне, папаўняецца,
замацоўваецца і актывізуецца слоўнікавы запас, дзеці вучацца разважаць,
адказваць на пытанні, рабіць вывады і элементарныя абагульненні.
У дапаможнік уключаны і
апостраф, які не з’яўляецца літарай. На гэта пайшоў свядома, так як апостаф
часта ўжываецца ў многіх словах і мінуць яго немагчыма.
Спадзяюся, што вучэбны дапаможнік
“Літар дружная сям’я” стане для настаўнікаў і бацькоў настольнай кнігай.
А а [а]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [а].
2. Назавіце першы гук у
словах “Антось”, “аса”.
3. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме? (А.)
4. Запомніце словы з гукам [а], якія сустрэнуцца вам у казцы “Колькі засталося?”
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Колькі засталося?
Жылі-былі па суседству заяц
Шарачок і мураш Рыжык. Вельмі любілі яны адзін аднаму розныя пытанні задаваць.
Неяк Рыжык Шарачку вось такое пытанне задаў:
-- Запалілі чатыры свечкі,
адну патушылі. Колькі засталося?
А Шарачок у адказ:
-- Хто запаліў?
“Хіба табе не ўсё роўна, хто
запаліў?” – падумаў Рыжык, але не стаў спрачацца.
-- Алені запалілі, --
сказаў.
-- Чаму? – зноў хочацца
ведаць Шарачку.
-- Бо на дварэ было цёмна, -- адказаў Рыжык.
-- А-а-а!.. – працягла
прамовіў заяц і стаў разважаць: -- Значыць, алені чатыры свечкі запалілі, адну патушылі…
Цікава, вельмі цікава!..
-- Колькі свечак засталося?
– напомніў мураш.
Шарачок пачухаў лапкай каля
вуха.
-- Напэўна, пяць. Я адгадаў?
-- Не адгадаў, -- заявіў
Рыжык.
-- Мабыць, тры свечкі
засталося! – выпаліў Шарачок.
-- Адна! – не вытрываў,
падказаў мураш.
-- Чаму? – усклікнуў заяц.
-- Адну патушылі, яна і
засталася, -- растлумачыў Рыжык і, паглядзеўшы на зайца, дадаў з дакорам. – Не
адгадаў!
-- Але я ведаю, з якога гука
пачынаецца слова “адна”, -- усміхнуўся Шарачок.
А вы ведаеце, з якога гука
пачынаецца слова “адна”?
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
У нас заўсёды, а ў коней
ніколі. (Абутак.)
І ўдзень, і ўночы расплюшчаны вочы. (Акно.)
Чырвоны конік па дрэве
бяжыць. (Агонь.)
На градзе – доўгі, зялёны, у
бочцы – жоўты, салёны. (Агурок.)
[2, “Загадкі Рапановіча”, стар. 322, 328, 338, 345].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Мы
зялёныя, прадаўгаватыя,
Крыху
таўставатыя.
Градкі любім, там расцём
Ноччу, раніцай і днём.
(Агуркі.)
Аляксей Якімовіч
На сцяне яна вісіць,
На канцэрт нас запрашае.
Паважае вельмі нас,
Шмат аб чым паведамляе.
(Аб’ява.)
Аляксей Якімовіч
За
сталом да нас прыходзіць,
Хоць яго мы не чакаем.
З’есці ўсё, што на стале,
Ён жаданне выклікае. (Апетыт.)
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• З дапамогай чаго можна выцягнуць з дошкі
цвік? (Абцугоў.)
• Якім
словам можна замяніць слова “настольнік”? (Абрус.)
• Якому
значэнню адпавядае слова “абноўка”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) новая, нядаўна набытая
рэч (звычайна аб вопратцы);
б) рысы, выраз твару. (Аблічча.) [1, “Тлумачальны слоўнік”,
стар. 9, 10].
• Ці ведаеце вы, што
азначае спалучэнне слоў “ад (усёй,
усяе) душы"? (З усёй шчырасцю, сардэчна.) [4, c. 11, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце першы гук у слове “ад”. Якой
літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Аглядайся на заднія
колы.
Агонь – найстрашнейшы
злодзей.
Абы дзень да вечара
Адзін другога не
пераважыць.
На, шапка, не, вушы, лезе,
абяцаная. (Абяцаная шапка на вушы не
лезе.) [3, “Прыказкі Янкоўскага”, стар. 201, 276, 307].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
У аўтобусе ехалі Антось і
Параска.
Андрэй, Антось, Алесь і
Алеся сустрэлі Аляксея.
Малая Ала і малы Апанас
з’елі ананас.
Алесь, Ала і Антось елі
аўсянку.
Аў-аў-аў – падлогу падмятаў.
Аць-аць-аць – адправімся
спаць.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “А”, як мне здаецца,
падобна на два слупкі з паяском, якія стаяць наўскасяк. Вачыма старанна напішыце
яе на дошцы, а затым прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Асцярожна, як з (вядром, агнём, бульбай).
Конь, як (воўк, салавей, арол).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
А дзіцятачка ты маё
роднае!
А мая ж ты зязюлька!
А мая ж ты кукулька!
Для даведкі: тут слова
“кукулька” ўжываецца ў значэнні “зязюлька”.
СЛОВА СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Абзац – 1) адступленне
ўправа ў пачатковым радку тэксту; чырвоны радок. 2) Частка тэксту паміж двума
такімі адступленнямі. [1, стар. 9]
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце словы з прапушчанымі літарамі.
(А)..лов(а)..к, к(а)..р(а)..с ь, (а)..гурок, (а)..пельсін, (а)..тр..(а)д.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “а” да слова
“ўбачыць”.
Узор. Убачыць мора.
• Складзіце слова з першых гукаў слоў “армія”, “сок”, “акно” (аса) і з наступных літар: а, а, ч, к, в,
е (авечка).
• Назавіце першы гук у слове “аса” і першую літару ў
слове “авечка”.
• Назавіце тры словы з літарай “а”.
• Адніміце
адзін склад са слова “аддаваць”.
Якое новае слова вы прачытаеце? (Даваць.)
Ці ёсць у гэтых словах гук [а]? Калі ёсць, то якой літарай ён абазначаецца на
пісьме?
• Дапішыце слова, якое абазначае прадмет. З якой
літары яно пачынаецца?
Ао. (Акно.)
ВЕРШ
Рабінавыя ночы
Ў акно гляджу
І праціраю вочы.
З трывогаю чакаю
Рабінавыя ночы.
Прыносяць нечакана
Іх дажджавыя хмары,
Распальваюць на небе
Чырвоныя пажары.
Як кара, бліскавіцы
Снуюцца і бягуць,
Вогненныя ніткі
Над вёсачкай прадуць.
Пярун, як апантаны,
Патрэсквае, грукоча.
Усеўшыся на хмары,
Як у раі, рагоча.
Вятрыска завывае,
Нясецца за акном.
Ён шчыліну шукае,
Каб уварвацца ў дом
З чырвонай бліскавіцай
І з гулкім перуном.
Вісяць цяжкія хмары,
Зямлю мочаць дажджом.
Аляксей Якимовіч
Для даведкі:
рабінавыя ночы – навальнічныя ночы.
Б б [б], [бיִ]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гукі [б], [бיִ].
2. Назавіце першыя гукі ў наступных
словах:
а) боты, баня;
б) бінокль, Беларусь.
3. Якой літарай яны
абазначаюцца на пісьме? (Б.)
4. Запомніце словы з гукамі [б], [бיִ], якія сустрэнуцца
вам у казцы “У адным боце”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
У адным боце
Сядзіць заяц Шарачок на
бярозавым пні і цяжка ўздыхае.
Падышоў да яго мураш Рыжык і
пацікавіўся:
-- Што здарылася, сусед?
-- Думаю, як паставіць
чатыры салдаты ў адным боце, -- буркнуў Шарачок. Без настрою ён быў.
У Рыжыка аж вочы
акругліліся, як пачуў гэткае.
-- Хіба ў цябе ёсць свае
салдаты?
Як на дзівака, паглядзеў
заяц на мураша.
-- Калі б былі, то ў абодвух
ботах усе яны хадзілі б.
-- Дык навошта ты тады
галаву сабе ломіш? – здзівіўся Рыжык.
-- Нядаўна я на палянцы
барсука Паласаціка сустрэў, -- пачаў расказваць Шарачок.
-- А ён у цябе запытаўся: як
паставіць чатыры салдаты ў адным боце? Так? – выказаў здагадку Рыжык.
-- Так, -- кіўнуў галавою
заяц. – Цяжкае пытанне задаў мне Паласацік.
-- Цяжкае, -- мусіў
пагадзіцца з сябрам мураш.
-- Я здагадаўся! – раптам на
ўвесь лясок крыкнуў Шарачок. – Каб паставіць чатыры салдаты ў адным боце, трэба
зняць у кожнага па…
-- Аднаму боту! – прамовіў
Рыжык. Ён таксама здагадаўся, як паставіць чатыры салдаты ў адным боце.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Мядзведзіца ў хаце, а хвост
на дварэ. (Бэлька.)
Ног многа, а еду з поля
дамоў на спіне. (Барана.)
Зялёная, а не луг, белая, а
не снег, кучаравая, а без валасоў. (Бяроза.),
Не рыба, а плавае; не конь,
а ходзіць; не піла, а рэжа. (Бабёр.)
[2, “Загадкі Рапановіча”, стар. 329, 331,
342, 346].
Для даведкі: барана выглядае
як рама з вострымі зубамі. Бараной рыхляць узараную глебу.
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Усхадзілася уночы,
Доўга бушавала.
Бяды ў лесе нарабіла:
Дрэвы паламала. (Бура.)
Аляксей Якімовіч
Меншаму брату
Яго я падарыў,
Каб літары, словы
Старанна вучыў.
Аляксей Якімовіч
• Які падарунак атрымаў меншы
брат? (Буквар.)
У
тэатры можам ўбачыць
Гэтую дзяўчынку.
Яна на дыбачках танцуе
Не адну хвілінку. (Балерына.)
Аляксей Якімовіч
Ў
яго прыгожы капялюшык
І
тоўсценькая ножка.
Іншы
раз, бывае,
Выходзіць на дарожку. (Баравік.)
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Што выкарыстоўвалі нашы продкі, каб
узважыць прадукты? (Бязмен.)
• Якім
словам можна замяніць слова “імчацца”? (Бегчы.)
• Якому
значэнню адпавядае слова “балахон”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) шырокая грунтавая дарога
(бальшак);
б) доўгі прасторны халат [1,
“Тлумачальны слоўнік”, стар. 52, 53].
• Ці ведаеце вы, што
азначае спалучэнне слоў “бабіна
лета"? (Ясныя цёплыя дні ранняй восені.) [4, c. 21, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце
першы гук у слове “бабіна”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Балючай раны не трэба
дражніць.
Бачаннем жорава не
зловіш.
Бачыць вока, ды
ляжыць высока.
Бруднага пчолы не
падпускаюць.
Галава, не, без, баліць,
прычыны. (Без прычыны галава не
баліць.) [3, “Прыказкі Янкоўскага”, стар. 204, 205, 206].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Бабёр з бабрыхай і бабраня.
Барыс у Бабруйск прывёз
баброў.
Бобік брахаў на баброў.
Багдан і Бажэна босыя бегалі
каля броду.
У бары два бабры збіралі
баравікі.
Бубен і барабан – адно і тое
ж.
Ба-бы-бу – лісцяў награбу.
Бэ-бо-бі – самалёт зрабі.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “Б”, як мне здаецца,
падобна на чалавека з вялікім жывоцікам, у якога на галаве кепка з доўгім
казырком. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Круглы, як (гарох, бочка, каструля).
Лопнула, як (бурбалка,
дрот, галіна).
Ідзе, як (рэха, босы, заяц).
Голы, як (куст, бізун, ліпа).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Бабулечка, галубачка!
Бабулька мая, галубка
мая!
Бярозухна ты мая белая!
Братуленька мой!
Брат.
Братачка.
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Брашура -- невялічкая кніжка ў мяккай вокладцы. [1,
c. 61].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(Б)..а(б)..ёр, цы..(б)уля, (б)..егаць, (б)..інокль, (б)..удаваць.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “б”
да слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць рыбу.
• Складзіце слова з першых гукаў слоў
“бульба”, “артыст”, “лагер” (бал)
і з наступных літар: б, ь, ц, а, р (браць).
• Назавіце першы гук у слове “бал” і першую
літару ў слове “браць”.
• Назавіце тры словы з літарай “б”.
• Адніміце
адзін склад са слова “будаваць”.
Якое новае слова вы прачытаеце? (Буда.)
Ці ёсць у гэтых словах гукі [б, б′]? Калі ёсць, то якой літарай яны
абазначаюцца на пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае дзеянне прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Бы.
(Бегчы.)
ВЕРШ
Запрасіў
Бусел сена накасіў
І гняздо сабе зрабіў.
А як сонейка зайшло,
Жабу ў госці запрасіў.
Жаба цешыцца, увіхаецца,
Да бусла збіраецца.
Бант з куфэрачка дастала
І на шыю навязала.
Камары павыляталі,
На ўвесь голас закрычалі:
-- Туды ў госці не ідзі,
Лепей дома пасядзі!
Бусел дзюбай моцна б’ецца,
Пазбыткуе, пасмяецца.
Ён прымусіць клякатаць,
Па-буслінаму спяваць.
-- Хачу быць сама сабою, --
Пакруціўшы галавою,
Камарам жаба сказала.
Бант у куфэрачак схавала.
Аляксей Якімовіч
В в [в], [вיִ]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гукі [в], [вיִ].
2. Назавіце першыя гукі ў наступных
словах:
а) вавёрка, возера;
б) вясна, венік.
3. Якой літарай яны
абазначаюцца на пісьме? (В.)
4. Запомніце словы з гукамі [в], [вיִ], якія сустрэнуцца
вам у казцы “В-в-в-в…”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
В-в-в-в…
Сядзіць мураш Рыжык на
вярбе, калоціцца і ўсё паўтарае:
-- В-в-в-в… В-в-в-в…
В-в-в-в…
Выбег з-за куста заяц
Шарачок і пацікавіўся:
-- Сусед, цябе воўк
напалохаў?
-- Я не баюся воўка, --
адказаў мураш. Сапраўды, Рыжык быў смелым мурашом і не баяўся ні воўка, ні
нават мядзведзя. Як з раўнёй, з імі мог размаўляць.
-- А чаго ж ты тады плачаш?
– хочацца ведаць Шарачку.
-- Я не плачу. Я дрыжу. Я
вельмі замёрз, бо нядаўна ў лужыну ўскочыў і памачыўся, -- растлумачыў мураш.
-- А чаго ж ты на вярбу
залез? Страх цябе туды загнаў? – запытаўся заяц. Ён ведаў, што са страху на
самае высокае дрэва можна заскочыць.
-- На сонейку нагавіцы сушу.
Сеў вышэй, каб да сонейка быць бліжэй! – выгукнуў Рыжык.
“Невядома, колькі ён на
гэтай вярбе будзе сядзець. Магчыма, да самага вечару”, -- падумаў Шарачок і
параіў сябру:
-- А ты лапкамі
памахай. Хутчэй свае нагавіцы высушыш.
-- Як? – выгукнуў мураш.
-- А вось так! Раз, два! –
паказаў заяц.
-- Раз, два! – выклікнуў
Рыжык і саскочыў з вярбы.
Вось так ён высушыў свае
нагавіцы.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Круглае, гарбатае, вакол
махнатае, па баках белае, у сярэдзіне чорнае, як прыйдзе бяда – пацячэ вада. (Вока.)
Стаіць на гары, крыламі
махае, ветру грудзі падстаўляе. (Вятрак.)
У лесе вырас, а ў хату
прыйшоў – у куце месца знайшоў. (Венік.)
Не кравец, а ўсё жыццё з
іголкамі ходзіць. (Вожык.) [2, “Загадкі
Рапановіча”, стар. 320, 334, 336, 346].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Дзіўную дарожку
Ўбачыў над ракою.
Яна злучыла неба
З нашаю зямлёю. (Вясёлка.)
Аляксей Якімовіч
Пішам на канвертах,
Змяшчаем на дамах.
Яе можна ўбачыць
У вёсках, у гарадах. (Вуліца.)
Аляксей Якімовіч
Глянуўшы угору,
Гукнула дзяўчынка:
-- Мамачка, дзівіся!
Там плыве пярынка.
Аляксей Якімовіч
• Што ўбачыла ў небе дзяўчынка? (Воблака.)
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Як
называецца сталярны або ткаці станок? (Варштат.)
• Якім
словам можна замяніць слова “ахоўваць”? (Вартаваць.)
• Якому
значэнню адпавядае слова “валун”?
Выберыце з двух варыянтаў:
а) вялікі акруглены камень
(абломак скалы, некалі прынесены ледніком);
б) вароты ў двор. (Весніцы.) [1, “Тлумачальны слоўнік”, стар.
69, 70, 73].
• Ці ведаеце вы, што
азначае спалучэнне слоў “вады
не замуціць"? (Быць ціхім, сціплым, лагодным, пакорлівым.) [4,
c. 35, “Фразеалагічны слоўнік”].
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Ведае кулік сваё
балота.
Воўка, з меха
выпусціўшы, цяжка злавіць.
Воўкам не наарэш.
Вышэй сваіх пят не
падскочыш.
З, не, дуба, вялікага,
бывае, малым, карэннем. (Вялікага
дуба з малым карэннем не бывае.) [3, “Прыказкі Янкоўскага”, стар. 208, 209].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Завыў воўк , завыла і ваўчаня.
Вялікая варона праляцела над варотамі.
Верын Віця з Вікай варыў варэнне.
Вечарам Варвара ўбачыла на дрэве вусеня.
Над вадой нахілілася вярба.
Ваў-ваў-ваў – грушу я сарваў.
Віць-віць-віць – трэба адпачыць.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “В”, як мне здаецца,
падобна на дзве маленькія падушачкі са спінкай.
Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым прывітайце правай і левай
рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Прэ што (чарапаха, курыца, вол).
Трэба як (гняздо на бярозе, воўк на небе, арэх на галіне).
Спрытны як (вавёрка, певень, лось).
Ціўкае як (арол, верабей, сарока).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Вялікі расці!
Вялікі расці, добра
гадуйся!
Вам шчасце-долю і
хлеба ўволю!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Віктарына – гульня ў
адказы на пытанні па адной якой-небудзь тэме. Літаратурная віктарына [1, стар.
68, 74].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(В)..яроўка, (в)..ышыня, (в)..озера,
тра(в)..а, (в)..даць.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “в”
да слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць Веру.
• Складзіце слова з першых гукаў слоў
“вазон”, “успышка”, “сон” (вус)
і з наступных літар: в, ц, ц, ь, с, і, я (свяціць).
• Назавіце першы гук у слове “вус” і другую
літару ў слове “свяціць”.
• Назавіце тры словы з літарай “в”.
• Падбярыце блізкае па значэнні слова да
назоўніка “канікулы”. (Вакацыі.)
• Адніміце
тры склады са слова “верагодны”.
Якое новае слова вы прачытаеце? (Год.)
Ці ёсць у гэтых словах гукі [в, в′]? Калі ёсць, то
якой літарай яны абазначаюцца на пісьме?
Для даведкі: верагодны -- надзейны, несумненны; верагодныя
звесткі.
• Дапішыце
слова, якое абазначае прымету прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Выі.
(Высокі.)
ВЕРШ
На дварэ даўно сцямнела…
На дварэ даўно сцямнела,
Ўгары зорачка гуляе.
А маленькі верабейка
Спіць, адпачывае.
Яму добра у шпакоўні.
Тут ён пасяліўся.
Тут ён крылы распраміў,
Тут спяваць вучыўся.
Тут бялявая дзяўчынка
Яго прывітала:
Усміхнулася яму,
Рукою памахала.
Цяпер часта прыбягае,
Прыносіць зярняткі.
Ён заўжды яе чакае,
Пазірае з хаткі.
Цёмна ноччу на дварэ.
Вецярок спявае.
Ён малога верабейку,
Як дзіця, люляе.
Аляксей Якімовіч
Г г [г], [гיִ]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гукі [г], [гיִ].
2. Назавіце першыя гукі ў наступных
словах:
а) гараж, горад;
б) генерал, гіра.
3. Якой літарай яны
абазначаюцца на пісьме? (Г.)
4. Запомніце словы з гукамі [г], [гיִ], якія сустрэнуцца
вам у казцы “Цікавая гульня”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Цікавая гульня
Сядзіць мураш Рыжык на
галінцы грушкі, гайдаецца і гукае:
-- Го-го-го… Го-го-го…
Го-го-го…
Падбег да яго заяц Шарачок і
запытаўся:
-- Весялішся, сусед?
-- Горлачка трэнірую, --
усміхнуўся мураш і яшчэ гучней гукнуў: -- Го-го-го!..
“Герой! Вунь як высока
сядзіць, не баіцца”, -- падумаў заяц і прапанаваў мурашу:
-- Давай пагуляем. Яшчэ
весялей табе будзе.
-- Давай, -- адразу ж
пагадзіўся Рыжык. Яму ўжо надакучыла на галінцы сядзець і гукаць, горлачка
трэніраваць.
-- Будзем гуляць так, --
стаў тлумачыць Шарачок. – Ты слова
пачынаеш, а я яго заканчваю. Згодзен?
-- Згодзен, -- адказаў Рыжык
і ўсклікнуў, як і раней: -- Го!..
-- Гол! – падхапіў заяц.
-- Гі… -- прагаварыў Рыжык.
-- Гітара, -- сказаў
Шарачок.
-- Гу…
-- Гул!
-- Ге…
-- Генерал!
Цікавую гульню прыдумалі
сябры. Весела ім.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
У адным клубочку ды сем
дзірачак. (Галава.)
Зубастыя, а не кусаюцца. (Граблі.)
Бег кот, павесіў хвост на
плот. (Гарбуз.)
Белы, як снег, надзьмуўся,
як мех, на лапатках ходзіць, рогам есць. (Гусак.)
Стаіць у лазе на адной назе.
(Грыб.) [2, “Загадкі Рапановіча”, стар.
322, 327, 339, 340, 350].
ЛІТРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
“Цік-так, цік-так”, --
Не спіць, размаўляе.
І на працу, і ў школу
Многіх адпраўляе. (Гадзіннік.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце і назавіце патрэбныя словы.
Я з усходам сонца
Прыбег у звярынец.
Прынёс малпачцы малой
Смачненькі … (гасцінец).
Аляксей Якімовіч
Цяжка
мне
Глядзець на сад:
Пасёк яго
Востры … (град).
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Як
называецца прылада для стругання дошак? (Гэбель.)
• Якім
словам можна замяніць слова “люляць”? (Гайдаць.)
• Якому
значэнню адпавядае слова “гурба”?
Выберыце з двух варыянтаў:
а) вялікая куча снегу,
найчасцей намеценая ветрам;
б) шумная група, гурт людзей.
(Гурба.)
[1, “Тлумачальны слоўнік”, стар. 93, 94].
• Ці ведаеце вы, што
азначае спалучэнне слоў “гады
ў рады"? (Вельмі рэдка, з вялікімі, працяглымі прамежкамі.) [4, c. 61, Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце першы гук у слове “гады”. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Гаварылі за вочы –
гаварыце і ў вочы.
Гады і самі ідуць, а
розуму набірайся.
Галоднаму – ежы,
халоднаму – цяпла, а сытаму – музыкі.
Год мае багата
прыгод.
Баішся: калі, горш, і, не,
і, мінеш, надрыжышся, ліха. (Горш,
калі баішся: і ліха не мінеш, і надрыжышся.) [4, “Прыказкі Янкоўскага”,
стар. 209, 210, 211].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Грак вясною сее на градках
гарох.
Гусак ускапаў градку і
загагатаў.
Гусь і гусяня гагочуць каля
ганка.
Грымоты грому напалохалі
Глеба і Галю.
Гусяня з’ехала з горкі.
Гі-гі-гі – падгарэлі пірагі.
Гу-гу-гу – дамоў з Грышкам
пабягу.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “Г”, як мне здаецца,
падобна на качаргу. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Многа, як (авечак, гразі, сяброў).
Варыць, як (у гаршку, у сядле, у лесе).
Вісіць нада мной, як
(патэльня, вецер, як грэх над
душой).
Чорны, як (верабей, туман, галка).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Гладкае вам дарожкі!
Галубка мая!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Гардэроб – 1) шафа
для адзення. 2) Памяшканне ў грамадскім будынку для захавання выерхняга
адзення; раздзявальня. 3) Адзенне аднаго чалавека. Гардэроб артыста.
Герб – распазнавальны
знак дзяржавы, горада, дваранскага роду, які змяшчаецца на сцягах, пячатках,
манетах. Дзяржаўны герб.
Гімн – урачыстая
песня. 2) Увогулі хвалебная песня або музычны твор. Складаць гімны пераможцам.
Глобус – наглядны
дапаможнік: мадэль зямнога шара, якая верціцца на падстаўцы.
Гурток – група
людзей, якія сумесна займаюцца чым-небудзь. Літаратурны
гурток [1, стар. 83, 86, 87, 88, 94].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(Г)..ітара, (г)..алінка, даро(г)..а,
(г)..од, дара(г)..і.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “г” да слова
“ўбачыць”.
Узор. Убачыць Ганну.
• Складзіце слова з першых гукаў слоў
“гадзіннік”, “усмешка”, “калючы” (гук)
і з наступных літар: г, г, ь, т, а, а, а, ц (гагатаць).
• Назавіце першы гук у слове “гук” і першую
літару ў слове “гагатаць”.
• Назавіце тры словы з літарай “г”.
• Адніміце
два склады са слова “гадавіна”. Якое
новае слова вы прачытаеце? (Віна.) Ці
ёсць у гэтых словах гукі [г,
г′]? Калі ёсць, то якой
літарай яны абазначаюцца на пісьме?
Для даведкі: гадавіна -- дзень,
у які спаўняецца яшчэ адзін год з часу якой-небудзь падзеі [1, c. 80].
• Дапішыце
слова, якое абазначае дзеянне прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Глць.
(Глядзець.)
ВЕРШ
Дзед Мароз віншуе
Дзед Мароз зайшоў у
хату,
Кій
паставіў ля парога.
Дзеці высыпалі ўсе,
Пазіраюць
на старога.
Дзед
пачухаў бараду,
З-за
плячэй мяшэчак зняў,
Вельмі гучна, каб пачулі,
Сваё
слова тут сказаў:
“Добры дзень” у вашу хату
Хай
прыходзіць найчасцей.
Хай
прымае, сустракае
Дарагіх яна гасцей.
Нашу
мову беражыце,
Не
гнявіце Пана Бога.
Ў
нашай мове, дарагія,
Слоў
прыемных вельмі многа.
А з
суседзямі сябруйце,
Зняўшы шапку, сустракайце.
Нехта
вымавіць не так?
Злосць у сэрцы не трымайце.
Хмары
згінуць, разыдуцца,
Іх
разгоніць вецярок.
Няхай
ваша злосць праходзіць,
Як
вада ідзе ў пясок.
Грошы
працай зарабляйце.
Хай
вядуцца яны ў хаце,
Каб
маглі купіць ласункі
Свайму міламу дзіцяці.
Хай у
вас родзяць агурочкі,
Хай
начальнікі вас чуюць.
А
прадукты, што у краме,
Сілу,
мускулы мацуюць.
Хай
здароўе не мінае,
Пражывіце шмат гадоў.
Няхай
шчасцейка яднае
Заўжды дзетак і бацькоў”.
Стары
зморшчыўся і чхнуў.
Папаўзлі угору бровы!
Дзеці
разам закрычалі:
“Дзедка з казкі, будзь здаровы!”
Аляксей Якімовіч
Д д [д]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [д].
2. Назавіце першы гук у
словах “дача”, “дошка”.
3. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме? (Д.)
4. Запомніце словы з гукам [д], якія сустрэнуцца вам у казцы “Дом”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Дом
-- Давай пабудуем дом, --
аднаго разу прапанаваў зайцу Шарачку мураш Рыжык.
Шарачок паглядзеў на домікі,
якія дружна стаялі навокал, і пакруціў галавою.
-- Дом нялёгка пабудаваць.
-- Колькі гукаў у слове
“дом”? – неспадзявана запытаўся мураш.
-- Тры, -- адказаў заяц. Ён
не зразумеў, чаго дабіваецца ад яго сусед.
-- Прыдумай новае слова,
якое пачынаецца з гука “д”, -- прапанаваў Рыжык.
-- Нам трэба прыдумаць
словы, якія пачынаюцца з тых гукаў, што ёсць у слове “дом”? – вырашыў
удакладніць Шарачок.
-- Так, -- кіўнуў галавою
Рыжык і напісаў дубчыкам на мокрым пасля дажджу пяску: Дом.
-- Дрот, -- адразу ж назваў
патрэбнае слова Шарачок і ўсміхнуўся. – Цяпер мы павінны прыдумаць слова, якое
пачынаецца з гука “о”.
-- Ох! – назваў такое слова
Рыжык.
-- Медаль! – прамовіў
Шарачок, зірнуўшы на літару “м”, якая ў слове “дом” стаяла апошняй.
-- Сусед, ты заслужыў
медаль. Праўда, цяпер яго няма ў мяне. Калі б быў, то абавязкова табе ўручыў
бы, -- сказаў мураш.
-- Магчыма, калі-небудзь
уручыш. Ведай: я не адмоўлюся, -- прагаварыў заяц і праз хвілінку з гонарам
дадаў: -- З трох слоў дом мы пабудавалі!
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Стану – вышэй каня, лягу –
ніжэй ката. (Дуга.)
Рук многа, а нага адна. (Дрэва.)
Адно бяжыць, другое ляжыць,
а каб усталі, то неба дасталі б. (Рака і
дарога.)
Без ног, без крылаў, а да
неба ўзнімаецца. (Дым.) [2, “Загадкі
Рапановіча”, стар. 334, 348, 355].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Ў гэты дзень
Ён тры гадзіны ліў.
Луг і поле
Моцна затапіў. (Дождж.)
Аляксей Якімовіч
Тонкае – уверсе,
Таўшчэйшае – унізе.
Паперу з яго робяць.
І тую, што у кнізе. (Дрэва.)
Аляксей Якімовіч
На сходы, перамовы
Іх групай запрашаюць.
Важнымі асобамі
Часта называюць.
Аляксей Якімовіч
• Як называюць такую групу
асоб? (Дэлегацыя.)
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім
словам можна замяніць слова “хопіць”? (Досыць.)
• Як
называецца пасудзіна, у якую дояць кароў? (Даёнка,
дайніца.)
• Якому
значэнню адпавядае слова “даведнік”?
Выберыце з двух варыянтаў:
а) кніга з кароткімі і
дакладнымі звесткамі аб чым-небудзь;
б) папрок за што-небудзь. (Дакор.)
[1, “Тлумачальны слоўнік”, стар. 94, 96, 97].
• Ці ведаеце вы, што
азначае спалучэнне слоў “давесці
да ладу"? (Вырашыць, спарадкаваць што-небудзь.) [4, c. 74, Фразеалагічны слоўнік”].
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Давалі, але занадта
трымалі.
Да чыстай крыніцы
сцежка ўтоптана.
Даводзіцца знайсці,
даводзіцца і згубіць.
Да аглоблі коськаюць,
а ў аглоблях пугі даюць.
Паложыш – далей, возьмеш,
бліжэй. (Далей паложыш – бліжэй
возьмеш.) [3, “Прыказкі Янкоўскага”, стар. 211, 212].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
У Добрушы мы купілі дуду.
Сад даглядае садавод.
У друкарні доўга друкавалі.
Хлапчук Даніла добра
папрацаваў.
Ды-да-до-ду – хутка я дамоў
пайду.
Да-до-ду-ды – у нас прыгожыя
сады.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “Д”, як мне здаецца,
падобна на самавар без крана на ножках. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а
затым прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Баіцца, як (злога духа, зайца, каня, песні).
Валасы, як (з лісця, з
тканіны, з дроту).
Відаць як (на пяску, на
снезе, на далоні).
Вырас, як (асіна, дуб, агурок).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Добры дзень вам!
Добрага дня!
Добры вечар! – На
здароўечка!
Да пабачэння!
Дабранач!
Дачка (дачушка).
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Дапаможнік – кніга,
прылада, карта і інш, якія выкарыстоўваюцца пры абучэнні чаму-небудзь. Дапаможнік па беларускай мове.
Дата – дакладны
каляндарны час якой-небудзь падзеі, а таксама паметка, якая паказвае год, месяц, дзень напісання чаго-небудзь. Дата нараджэння. Паставіць дату.
Дыкцыя – вымаўленне;
ступень выразнасці ў вымаўленні слоў і складоў.
Дырэктар – кіраўнік прадпрыемства, установы.
Дысцыпліна -- цвёрда
ўстаноўлены парадак, абавязковы для ўсіх членаў якога-небудзь калектыву. Школьная дысцыпліна [1, стар. 99, 100,
111, 112, 113].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(Д)..астаць, (д)..ом, пра(д)..аць, (д)..ым, (д)..обры.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “д”
да слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць дом.
• Складзіце слова з першых гукаў слоў
“дастаць”, “Орша”, “музыкант” (дом)
і з наступных літар: д, л, і, к, ё, а (далёкі).
• Назавіце першы гук у слове “дом” і першую
літару ў слове “далёкі”.
• Назавіце тры словы з літарай “д”.
• Адніміце
адзін склад (або два склады) са слова “дастатак”.
Якія новыя словы вы прачытаеце? (Статак,
так.) Ці ёсць у гэтых словах гукі [д]? Калі ёсць, то якой
літарай яны абазначаюцца на пісьме?
Для даведкі: дастатак -- заможнасць, матэрыяльная забяспечанасць.
• Дапішыце
слова, якое абазначае назву прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Дыар.
(Дырэктар.)
ВЕРШ
Да нас прыйшоў…
Да нас прыйшоў
І цуд прынёс
Даўным-даўно
Іісус Хрыстос.
Нямоглых ацаліў
І словам, і рукою,
Хваробы, немачы
Панёс з сабою.
Сын Божы,
Нас падтрымай,
Наш родны край
Не пакідай.
На мове беларускай
Звяртаюся, прашу.
У душы з маленства
Твой дар нашу.
Яго я берагу,
Як продкі зберагалі,
Малітвамі і песнямі
Скарбонку папаўнялі.
Да нас прыйшоў
І цуд прынёс
Даўным-даўно
Іісус Хрыстос.
Аляксей Якімовіч
Дж дж [дж]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [дж].
2. Назавіце першы гук у
словах “джунглі”, “джынсы”.
3. Якімі літарамі ён
абазначаецца на пісьме? (Д, ж.)
4. Запомніце словы з гукам [дж], якія сустрэнуцца вам у казцы “Лішняе” слова”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
“Лішняе” слова
Прыйшоў заяц Шарачок да
мураша Рыжыка ў госці, прывітаўся з ім, як заведзена. А той паказаў яму на сіні
аркуш паперы, які ляжаў на стале.
-- Прачытай, калі ласка, што
тут напісана.
За акном сярдзіта загудзела
пчала. Яна як бы папярэдзіла зайца: “Зараз уджалю!..”
Хоць Шарачок і ведаў, што ў
пчалы вялікае джала, але не пабаяўся яе.
-- Джын, джэм, джып, дзеці,
-- старанна прачытаў уголас.
Рыжык падскочыў. У гэты
дзень ён быў узбуджаны. Напэўна, таму, што правільны адказ ад Шарачка хацеў
хутчэй пачуць.
-- Сярод гэтых слоў знайдзі
“лішняе!”
Заяц пакруціў галавою.
-- Лішніх слоў не бывае.
-- Усе словы патрэбныя! Так!
– пагадзіўся мураш. – Але сярод гэтых адно лішняе.
-- Яно не падобнае на іншыя?
-- Так, не падобнае. Ты
ўважліва глядзі, -- папрасіў сябра Рыжык.
-- Гляджу, вачэй не зводжу,
-- адказаў Шарачок і, крыху падумаўшы, дадаў: -- Джын – гэта казачны герой, злы
або добры дух.
-- Так, -- адгукнуўся Рыжык.
-- Джэм – гэта салодкае
варэнне з фруктаў або ягад.
-- Так, -- пацвердзіў Рыжык.
-- Джып – гэта марка
аўтамабіля.
-- Так, -- прамовіў Рыжык. –
Словы “джын”, “джэм”, “джып” з якога гука пачынаюцца?
-- Я здагадаўся, якое слова
тут “лішняе”! – усклікнуў Шарачок.
А вы, сябры, задагадаліся,
якое слова на сінім аркушы паперы “лішняе”?
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Адзін лье, другі п’е, трэці
расце. (Дождж, зямля, трава.)
Тонкі, доўгі, а ўпадзе – з
травы не відаць. (Дождж.)
Як ляцеў – зіхацеў, як упаў
– чорны стаў. (Дождж.) [2, “Загадкі Рапановіча”, стар. 339, 364, 365].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Ён раскінуў над зямлёю
Вадзяную сетку.
Цёплы ён бывае,
Асабліва ўлетку. (Дождж.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце
і назавіце патрэбнае слова.
У пчолкі-працаўніцы
Ворагаў нямала.
Яе абараняе
Востранькае … (джала).
Аляксей Якімовіч
Ён уважлівы, культурны,
Яго паважаюць.
Як такога чалавека
Людзі называюць? (Джэнтльменам.)
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім
словам можна замяніць слова “кофта” (вязаная, без каўняра)? (Джэмпер.)
• Што дабаўляюць у цеста, калі пякуць
пірагі, каб выклікаць браджэнне? (Дрожджы.)
• Якому
значэнню адпавядае слова “джгаць”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) розныя складаныя
практыкаванні на кані (джыгітоўка);
б) калоць, раніць джалам; апякаць
(аб крапіве) [1, “Тлумачальны слоўнік”, стар. 102].
• Ці ведаеце вы, што
азначае спалучэнне слоў “як на дражджах"?
(Вельмі хутка, надта добра (расці, развівацца).)
[4, c. 341, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце
пяты гук у слове “дражджах”. Якімі літарамі ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Будзе дождж ісці – будзе хлеб расці.
Восень кажа: ураджу, а вясна кажа: яшчэ пагляджу.
Вясною дажджы не лішнія.
Дождж ідзе не тады, як просяць, а як жнуць ды косяць.
Узарэш, добра, калі, збярэш,
і, то, ураджай. (Калі добра ўзарэш, то і
ўраджай збярэш.) [3, “Прыказкі Янкоўскага”, стар. 97, 98, 99, 101, 104].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Джэнтльмен сеў у джып і
паехаў у джунглі.
Пчала ўджаліла джэнтльмена і
джына.
Джэмпер і джынсы.
Джын не баіцца дажджу.
Джу-джу-джу – па балоце я
хаджу.
Джэй-джэй-джэй – прынясі
вады хутчэй.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
“Дж”, як мне здаецца,
падобна на комін, каля якога ляціць сняжынка. Вачыма старанна напішыце яе на
дошцы, а затым прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Дакучлівы, як (вясенняе
сонца, асенні дождж, першыя кветкі).
Густы, як (хмары, колас, джунглі).
Смачны, як (джэм, крапіва, снег).
Расце, як (на дражджах, на дварэ, у хаце).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Спорнага дожджыку!
Будзьце джэнтльменам!
Для даведкі:
джэнтльмен – культурны, ветлівы чалавек.
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Джоўль – адзінка
вымярэння ў фізіцы.
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
Ха(дж)..у, гля(дж)..у, са(дж)..анцы, ..(дж)унглі.
• Падбярыце адпаведнае слова з “дж” да слова
“ўбачыць”.
Узор. Убачыць джэйрана.
• Складзіце слова з першых гукаў слоў “дуб”,
“жадаць”, “апельсін”, “здароўе” (джаз) і з наступных літар: дж, в, ы, ь, я, з, а, ц (выязджаць).
• Назавіце першы гук у слове “джаз” і пятую
і шостую літары ў слове “выязджаць”.
• Назавіце тры словы з “дж”.
• Адніміце
адзін склад са слова “джаліць”. Якое
новае слова вы прачытаеце? (Ліць.) Ці
ёсць у гэтых словах гукі [дж]? Калі ёсць, то якімі літарамі яны абазначаюцца на
пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае назву прадмета. З якіх літар яно пачынаецца?
Джі.
(Джунглі.)
ВЕРШ
Абгароджваць
і з’язджаць,
Узнагароджваць, адраджаць.
Я
старанна вымаўляю,
Нашу
мову вывучаю.
Аляксей Якімовіч
Дз дз [дзיִ]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [дзיִ].
2. Назавіце першы гук у
словах “дзень”, “дзясна”.
3. Якімі літарамі ён
абазначаецца на пісьме? (Д, з.)
4. Запомніце словы з гукам [дзיִ], якія сустрэнуцца вам у казцы “Колькі засталося?”
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Колькі засталося?
Сустрэліся на лясной
сцяжынцы заяц Шарачок і мураш Рыжык.
-- Добры дзень, --
прывітаўся з Шарачком Рыжык.
-- Не вельмі добры ў мяне
дзень, -- паскардзіўся заяц.
-- Чаму? – усклікнуў мураш.
Ён падумаў, што вялікая бяда падпільнавала Шарачка.
-- Несла гаспадыня ў
кошыку дзесяць яек, а дно ўпала. Колькі засталося? – неспадзявана прагаварыў
Шарачок.
Як на дзівака, паглядзеў
Рыжык на Шарачка.
-- Сёння гэтую задачку
барсучок Паласацік мне задаў, -- растлумачыў мурашу заяц.
-- Несла гаспадыня дзесяць
яек, а дно ўпала. Колькі засталося? -- паўтарыў Рыжык і задумаўся.
-- Не здагадаўся, колькі яек
засталося? – не вытрываў Шарачок.
-- Напэўна, дзевяць, --
выказаў здагадку Рыжык.
Шарачок замахаў лапамі.
-- Я таксама сказаў
Паласаціку, што дзевяць яек засталося, а ён не пагадзіўся са мною.
-- І правільна зрабіў, што
не пагадзіўся, -- нечакана заявіў мураш.
-- Чаму? – усклікнуў заяц.
-- Бо ўсе яйкі разбіліся.
-- Чаму? – не зразумеў
Шарачок.
-- Бо дно карзіны ўпала, --
сказаў Рыжык.
-- Усе дзесяць разбіліся!
Такое рэдка бывае! – паспачуваў гаспадыні Шарачок.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Сярод хаты стаіць куст з ваты. (Дзяжа з цестам.)
Хто ні падыдзе – мяне за віхор возьме. (Дзвярная ручка.)
Не доктар, а дрэвы лечыць. (Дзяцел.)
Рос белы шар, падзьмуў вецер – і шар паляцеў. (Дзьмухавец.)
Не бразгае дзвярмі, у вокны не грукоча, а ў хату
зойдзе, калі захоча. (Дзень.) [2, “Загадкі Рапановіча”, стар. 335, 337, 346, 349, 360].
Для даведкі: дзяжа,
дзежка – невялікая драўляная бочачка.
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Дома, ў школе
Ён са мною
Восенню, вясною
І нават зімою.
Калі дзясятку атрымаю,
Вельмі хутка адкрываю. (Дзённік.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце і назавіце
патрэбнае слова.
Прабегся па палянцы
Сонечны прамень.
Прыйшоў на змену ночы
Да нас шумлівы … (дзень).
Аляксей Якімовіч
Ёсць у яго унукі,
Унучкі падраслі,
У дзень нараджэння
Торт яму спяклі.
Аляксей Якімовіч
• Каму спяклі торт унукі і ўнучкі? (Дзеду.)
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць слова “недзе”?
(Дзесьці.)
• Як называўся стары венік, які
выкарыстоўвалі нашы продкі, каб адшараваць непафарбаваную драўляную падлогу? (Дзяркач.)
• Якому
значэнню адпавядае слова “дзядоўнік”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) расліна-пустазелле з
калючым лісцем і ўчэпістымі галоўкамі (шышкамі);
б) дзікая канюшына. (Дзяцеліна) [1, “Тлумачальны слоўнік”, стар.
103, 104].
• Ці ведаеце вы, што
азначае спалучэнне слоў “дзверы
адчынены"? (Вольны, без перашкод доступ камусьці.) [4, c. 87, “Фразеалагічны
слоўнік”].
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Дзе коратка, там
ірвецца.
Дзіравае кішэні не
напоўніш.
Дзіркі дзіркаю не залатаеш.
Дзякуй не дзякуй, а заплаціць мусіш.
Узгадаваць, дзетак,
пасклікаць, курак, не. (Дзетак узгадаваць – не курак пасклікаць.) [3, “Прыказкі Янкоўскага”,
стар. 135, 213, 214].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
Для даведкі: тут
слова “мусіш” ужываецца ў значэнні “павінен”.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Удзень дзік лёг каля дзічкі.
Дзьмухні на дзьмухавец.
Каля Дзвіны апусціўся
крыжадзюб.
Дзядзька Дзяніс прыехаў з
Дзятлава.
Дзядзька Дзяніс паеў і
падзякаваў.
Цэлы дзень дзяцел дзёўб
дрэва.
Дзі-дзі-дзі – на сонца доўга
не глядзі.
Дзе-дзе-дзе – Дзед Мароз да
нас ідзе.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
“Дз”, як мне здаецца,
падобна на самавар без крана на ножках з лічбай “3”. Вачыма старанна напішыце
яе на дошцы, а затым прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Відна, як (у печы, у белы дзень, у садзе).
Забаўляецца, як (малое дзіця, спартсмен, вавёрка).
Напалі, як (звяры на снег,
сабакі на дзеда, птушкі на траву).
Чорны, як (дзёгаць, лісток, дрэва).
Для даведкі: дзёгаць
– густая вадкасць цёмнага колеру, якую атрымлівалі з каменнага вугалю,
драўніны, торфу.
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Дзякуем вам за ваша
добрае слова!
Дзякуй за ўсё!
Дзядзечка.
Дзеткі.
Дзяўчынка, дзяўчыначка.
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Дзённік – дакумент вучня, якім ён карыстаецца ў
школе і дома.
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(Дз)..ейнічаць,
лю(дз)..і, (дз)..іўны, (Дз)..яніс,
вы(дз)..еліць.
• Падбярыце адпаведнае слова з “дз” да слова
“ўбачыць”.
Узор. Убачыць мядзведзя.
• Складзіце слова з першых гукаў слоў
“даўно”, “золата”, “опера”, “трымаць” (дзот) і з наступных літар: дз, н, н, е, е, я (дзеянне).
• Назавіце першы гук у слове “дзот”
(збудаванне з дрэва і зямлі для вядзення агню і ўкрыцця ад куль і асколкаў) і першую
літару ў слове “дзеянне” [1, c. 103].
• Назавіце тры словы з “дз”.
• Адніміце адзін склад са слова “дзівосы”. Якое новае слова вы
прачытаеце? (Восы.) Ці ёсць у гэтых
словах гукі [дз′]? Калі ёсць, то якой літарай яны
абазначаюцца на пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае назву прадмета. З якіх літар яно пачынаецца?
Дзць.
(Дзевяць.)
ВЕРШ
Раніца
Яна раненька ўстае,
Косы заплятае,
Залатыя промні
Шчодра рассыпае.
Раніца, раніца
Дзень распачынае,
Раніца дзівосная
Цемру праганяе.
На лугах зялёных
Летняю парою
Яна кветкі мые
Срэбнаю расою.
З птушкамі сябруе,
Птушачкам спрыяе,
На чароўнай скрыпачцы
Цешыцца, іграе.
Каля рэчкі над кустамі
Туман навісае.
Пакрывала шэрае
Раніца знімае.
Прачынаецца краіна,
Абудзілася, не спіць.
Нібы песня, нібы казка,
“Добрай раніцы”, -- гучыць.
Раніца, раніца
Дзень распачынае.
Раніца дзівосная
Дзверы адчыняе.
Аляксей Якімовіч
Е е [йיִ э]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [йיִэ].
2. Назавіце першы гук у
словах “ехаць”, “ельнік”.
3. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме? (Е.)
4. Запомніце словы з гукам [йיִэ], якія сустрэнуцца вам у казцы “Каб усе бачылі”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Каб усе бачылі
У гэты дзень ярка свяціла
вясенняе сонца. Заяц Шарачок і мураш Рыжык сядзелі пад зялёнай елачкай і
глядзелі перадачу па тэлевізары, які стаяў непадалёку на невялікім століку.
На экране тэлевізара
з’явіўся вядомы тэлевядучы барсук Паласацік.
-- Лісяня і ваўчаня вырашылі
навучыцца чытаць, але не ведалі, як гэта зрабіць. Крыху падумаўшы,
паразважаўшы, узялі яны чатыры сухія дубчыкі і пачалі складаць літару. Якая
літара атрымаецца ў лісяняці і ваўчаняці? Яна ёсць у слове “ехаць”, --
паведаміў Паласацік.
-- Ты не ведаеш, якая літара
атрымаецца ў лісяняці і ваўчаняці? – запытаўся ў Рыжыка Шарачок. Вельмі ж
захацелася яму пабудаваць гэтую літару.
-- А ты не ведаеш? –
звярнуўся да зайца мураш.
-- Калі б ведаў, то ў цябе
не пытаўся б, -- нахмурыўся Шарачок.
Быццам строгі настаўнік,
мураш паглядзеў на сябра.
-- Здагадаешся, калі добра
падумаеш.
-- Сёння зусім не хочацца
думаць. Напэўна, вясенняе сонейка мяне размарыла, -- прызнаўся заяц.
-- А ты падумай, перамажы
сваю ляноту, -- параіў мураш.
“Гэтая літара ёсць у слове
“ехаць”, -- падумаў Шарачок і ўсклікнуў: -- Я ведаю! Я здагадаўся! Гэтая літара
называецца “Е”. “Е” можна скласці з чатырох дубчыкаў.
-- Малайчына! -- пахваліў
Шарачка Рыжык.
Сябры ўзялі чатыры сухія
дубчыкі і пабудавалі на сцяжынцы літару “Е”. Вялікую-вялікую, каб усе яе
бачылі.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Пад нізенькім небам белы
бярэзнічак расце. (Зубы ў роце.)
Вісіць сіта, не рукамі
звіта. (Павуцінне.)
Усе паны паскідалі жупаны, толькі
трое ў жупанах стаяць. (Сасна, елка,
ядловец зімой.) [2, “Загадкі
Рапановіча”, стар. 321, 325, 352].
Без рук, без ног, а вароты
адчыняе. (Вецер.)
Ляцяць птушкі без крыл, а
садзяцца без ног. (Снег.) [5, “Загадкі Грынблат”, стар. 38, 44].
Для даведкі: жупан –
верхняе адзенне ў мужчын.
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Вые, завывае,
Ўдалечыню ляціць.
Ў клетку не пасадзіш,
Не зможа запыніць. (Вецер.)
Аляксей Якімовіч
Купілі на базары
У пакеціку зімою.
На градцы мы пасеем
Яго з мамай вясною. (Насенне.)
Аляксей Якімовіч
Калі ягадкі сабралі,
Мама іх зварыла,
Потым у слоік наліла
І накрыўкай закрыла. (Варэнне.)
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць словы
“адзінства”, “згуртаванасць”? (Еднасць.)
• Назавіце прадмет (ім часта карыстаюцца ў
школе), пасярэдзіне якога стаіць літара е?
(Мел.)
• Якому
значэнню адпавядае слова “екатаць”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) плакаць, скуголіць, выць
(звычайна ад болю);
б) назойліва прасіць,
дабівацца чаго-небудзь. (Енчыць)
[1, “Тлумачальны слоўнік”, стар. 119].
• Ці ведаеце вы, што
азначае спалучэнне слоў “есці
просяць"? (Падраныя, з адарванаю падэшваю ( боты, чаравікі.))
4, c. 96, Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце першы гук у слове “вады”. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
І кашу ў сябрыне добра есці.
Есць за вала, робіць
за камара.
Есць – пацее, а
працуе – мерзне.
Ехаўшы бачком, ні з
кім не зачэпішся.
Купляць – ехаў, браць, было,
грошы, трэба. (Ехаў купляць – трэба было
грошы браць.) [3, “Прыказкі Янкоўскага”, стар. 84, 177, 280, 344].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
Для даведкі: тут
слова “сябрына” ўжываецца ў значэнні
“група, калектыў аднадумцаў”.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Елачкі растуць у ельніку.
Еўка з Ельска ела прысмакі.
Еўка ўпрыгожыла елку.
Еў-еў-еў – там стаіць вялікі
хлеў.
Ес-ес-ес – мы з сястрой
прыйшлі ў лес.
Ел-ел-ел – прынясіце Еве мел.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “Е”, як мне здаецца,
падобна на грэбень з трыма зубамі. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а
затым прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Гаворыць, як (тры дні не
спаўшы, тры дні не еўшы, прыйшоўшы
са школы).
Ідзе, як (па асфальце, па
зямлі, па дрыгве).
Пагінулі, як (прусакі на
марозе, мурашкі на сонцы, камары на
балоце).
Поле, як (снегам пакрытае,
кніга, малаком аблітае).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Будзьце ласкавы!
Зрабіце ласку, хлеб-соль ад нас прыміце!
Як сябе адчуваеце?
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Еднасць – адзінства, згуртаванасць (напрыклад, у
класе) [1, стар. 119].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(Е)..ду, л(е)..с, (е)..сці,
выл(е)..з, ас(е)..нні.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “е”
да слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць манету.
• Складзіце слова з апошніх гукаў слоў
“рысь”, “кашнэ” (шалік для мужчын), “мел”, “ваша” (села) і з наступных
літар: с, е, е, а, л, в (весела).
• Назавіце другі гук і другую літару ў слове
“весела”.
• Назавіце тры словы з літарай “е”.
• Адніміце
адзін склад са слова “летам”. Якое
новае слова вы прачытаеце? (Там.) Ці
ёсць у гэтых словах літара ”е”? Калі ёсць, то які гук (якія гукі) яна
абазначае?
• Дапішыце
слова, якое абазначае дзеянне прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Еа.
(Ежа.)
ВЕРШ
Зіма
На санях ледзяных
Зіма выязджае,
Пугаю са снегу
Каня паганяе.
Людзям майго краю
Сілу паказала:
Са сняжынак пакрывала
Белае саткала.
Шапкі цяжкія на елках
Гнуць зялёныя галінкі.
Кружацца, як пчолкі,
Сыплюцца сняжынкі.
Сонейка нясмела
Выглянула з неба.
Ля кармушак птушкі
Ціха просяць хлеба.
Гурбы, як грыбочкі,
Растуць, падрастаюць.
Сані ледзяныя
Іх рэжуць, рассякаюць.
А яна рагоча,
Цешыцца, смяецца.
Па зямлі імкліва
Белы конь нясецца.
Прыляцеў вятрыска,
Вые, завывае.
Падабраў ён песню,
Для зімы спявае.
Дыхае марозам.
Рэкі застываюць.
Вясна прыйдзе, будзе.
Людзі пачакаюць.
Аляксей Якімовіч
Ё ё [йיִо]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [йיִо].
2. Назавіце першы гук у
словах “ён”, “ёсць”.
3. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме? (Ё.)
4. Запомніце словы з гукам [йיִо], якія сустрэнуцца вам у казцы “Літара “Ё”
дапамагла”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Літара “Ё” дапамагла
Аднаго разу заяц Шарачок і
мураш Рыжык сядзелі на лаўцы.
-- Ці ведаеш ты слова, якое
пачынаецца з гука “йיִо”? – запытаўся Рыжык у Шарачка.
-- Гэты гук абазначаецца на
пісьме літарай “Ё”? – вырашаў удакладніць Шарачок.
-- Так, -- кіўнуў галавою
Рыжык.
-- Ёрш! Ёсць такая рыба, --
адразу ж назваў патрэбнае слова Шарачок.
-- Ёсць такая рыба, --
пагадзіўся Рыжык.
-- Пад’ём! – нечакана
выгукнуў Шарачок.
Мураш ускочыў з лаўкі і са
здіўленнем паглядзеў на зайца.
Заяц устаў з лаўкі і,
усміхнуўшыся, паведаміў мурашу:
-- Зараз мы з табою пагуляем
у святлафор.
-- Не ведаю, як гуляць у
святлафор, -- шчыра прызнаўся Рыжык. Толькі цяпер пачуў ён, што ёсць такая
гульня.
-- Слухай і на вус матай, --
зноў усміхнуўся Шарачок. У гэты дзень ён быў у добрым настроі. – Трэба
прыдумаць слова, якое складаецца з трох літар. У гэтым слове літара “Ё” павінна
стаяць пасля першай.
-- Другой? – вырашыў
удакладніць Рыжык.
Шарачок кіўнуў галавою.
-- Другой. Хто прыдумае
такое слова, той перайдзе вуліцу, для яго загарыцца зялёны агонь святлафора.
-- Мёд, -- доўга не
раздумваючы, назваў патрэбнае слова Рыжык. Загарэўся для яго зялёны агонь
святлафора.
-- Лёд, -- прагаварыў
Шарачок. І для яго загарэўся зялёны агонь святлафора.
-- Сёмы! – усклікнуў Рыжык.
-- Вёсны! – гукнуў Шарачок.
Вясёлую гульню прыдумаў
Шарачок. Літара “Ё” яму дапамагла.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Адзін кажа: мне зіма лепей;
другі кажа: мне лета лепей, а трэці кажа: мне ўсё роўна. (Сані, калёсы, конь.)
Маленькі, сухенькі, усіх
адзявае. (Лён.)
Невялікая, рыжаватая, а
хвост доўгі і калматы, на дрэве жыве і шышкі грызе. (Вавёрка.)
Без языка жыве, не есць не
п’е, а гаворыць. (Радыё.) [2, “Загадкі Рапановіча”, стар.
323, 344, 346, 366].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Яно драўлянае,
Касу маю трымае,
Восенню і летам
Касіць дапамагае. (Кассё.)
Аляксей Якімовіч
На бераг выходзіць,
Хатку ў вадзе будуе.
Там адпачывае,
Там ён і начуе. (Бабёр.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце
і назавіце патрэбнае слова.
Лезе мышка на яліну.
-- Тут дупло, не норка, --
Кажа шэрай мышцы
Рыжая … (вавёрка).
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць словы
“адзінства”, “згуртаванасць”? (Еднасць.)
• Вы ўзялі ў рукі нейкі прадмет. Ён зручны і
прыемны ў карыстанні. Якое слова можна выкарыстаць, каб сказаць пра гэта? (Ёмкі.)
• Якому
значэнню адпавядае слова “ёлкі”?
Выберыце з двух варыянтаў:
а) прагорклы (аб тлушчах);
б) будынак для прасушвання
снапоў перад малацьбой. (Ёўня.)
[1, “Тлумачальны слоўнік”, стар. 42, 119, 120].
• Ці ведаеце вы, што
азначае спалучэнне слоў “даць дзёру"?
(Без аглядкі ўцякаць.) [4, c. 82, Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце
другі гук у слове “дзёру”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Ёсць хлеб – соку
няма, ёсць сок – хлеба няма.
Ён вока (табе) не
запарушыць.
Ён праз чужыя вочы на
свет глядзіць.
Госцем, ён, бывае, у, двары,
сваім. (Ён госцем у сваім двары
бывае.) [3, “Прыказкі Янкоўскага”,
стар. 54, 88, 280, 320].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
Для даведкі: слова “запарушыць” ужываецца ў значэнні “забрудзіць”,
калі ў вока трапляе нешта пабочнае.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Лёдзя і Фёдар елі мёд.
Ёг прынёс у хату радыё.
Клён і ёрш.
Пётр з-пад ёлкі сабраў
іголкі.
Ёў-ёў-ёў – снег даўно сышоў
з палёў.
Ёд-ёд-ёд – носяць пчолкі
мёд.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “Ё”, як мне здаецца,
падобна на лесвіцу з цвічкамі. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым
прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Убачыш, як (сваё вуха, крэсла, кнігу).
Прапала, як (мядзведзь,
вецер знёс, трава).
Халодны, як (гарох, жалеза,
лёд).
Асцярожна, як (з саломай,
паперай, агнём).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Дзіця, дзіцянё, дзіцяня.
Сонейка маё залаценькае!
Ах маё сакалянятка!
Ці ўсё ў вас добра?
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Ёт – зычны гук,
звонкі, мяккі, сярэднеязычны; у беларускім алфавіце абазначаецца літарай “й”. [1,
стар. 119].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
Зял(ё)..ны, (ё)..д, стады(ё)..н, л(ё)..гкі, вяс(ё)..лы.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “ё”
да слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць ёлку.
• Складзіце слова з апошніх гукаў слоў “край”, “акно”, “сыр”, “мыш” (ёрш) і з наступных літар: я, ё, н, н, с (сёння).
• Назавіце першыя два гукі ў слове “ёрш” і
другую літару ў слове “сёння”.
• Назавіце тры словы з літарай “ё”.
• Адніміце
два склады са слова “цвёрдзенькі”.
Якое новае слова вы прачытаеце? (Дзень.)
Ці ёсць у гэтых словах літара ”ё”? Калі ёсць, то які гук (якія гукі) яна
абазначае?
• Дапішыце
слова, якое абазначае назву прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Ёмць.
(Ёмкасць – якая-небудзь пасудзіна.)
ВЕРШ
Беларускі паясок
Мае ён сваё імя.
Яго лесам называем.
У паданнях, песнях, казках
З часоў даўніх праслаўляем.
Лес частуе нас дарамі,
Ён нас кліча, запрашае.
Летам, восенню, вясною,
Як сяброў сваіх, чакае.
На пагорках, на палянках
У зялёненькай травіцы
Спеюць, грэюцца на сонцы
Пасланцы вясны – суніцы.
Пад сасонкамі чарніцы.
Нарасло іх тут багата.
Людзі з вёдрамі ў руках
Прыбягаюць, як на свята.
Каля елачак, бярозак
Нас лісічкі сустракаюць.
Разам, дружнаю сямейкай
Нам насустрач выбягаюць.
Смачным сокам лес частуе,
Вабяць вока верасы,
На ўсю моц, нібыта ў храме,
Гучаць птушак галасы.
Лёгка дыхаецца ў лесе:
Кіслароду вельмі шмат.
Тут мядзяныя сасонкі
Любяць ладзіць свой парад.
Грыбнікі гукаюць, клічуць:
Прытаміліся хадзіць.
Па галінках, як па струнах,
Рэха звонкае ляціць.
Беражыце лес, лясок –
Беларускі паясок.
Аляксей Якімовіч
Ж ж [ж]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [ж].
2. Назавіце першы гук у
словах “жоўты”, “жолуд”.
3. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме? (Ж.)
4. Запомніце словы з гукам [ж], якія сустрэнуцца вам у казцы “Жалейка”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Жалейка
Ідзе заяц Шарачок і
вымаўляе:
-- Жалейка! Жалейка!
Жалейка!..
Сустрэў яго мураш Рыжык і
пацікавіўся:
-- Чаму ты слова “жалейка”
ўвесь час паўтараеш?.. Можа, на жыццё жалішся?
Цяжка ўздыхнуў Шарачок.
-- Паўтараю яго, каб не
забыцца.
-- Жартуеш? – усміхнуўся
мураш.
-- Не жартую. Хачу ведаць,
што азначае слова “жалейка”. Вельмі прыгожае яно! Як песня жаўрука. Ад барсука
Паласаціка пачуў нядаўна.
-- Дык давай сходзім да
Паласаціка. Няхай растлумачыць нам, што азначае слова “жалейка”, -- прапанаваў
мураш.
-- Не хочацца яго трывожыць.
Мне здалося, што ён нейкі засяроджаны, задуманы, -- сказаў заяц.
Рыжык пераступіў з лапкі на
лапку і прагаварыў:
-- Хадзем да майго дзядулі.
У яго дома ёсць тоўсты тлумачальны слоўнік. Ён растлумачыць нам, што азначае
слова “жалейка”.
-- Хадзем! – узрадаваўся
Шарачок.
Сябры павярнуліся і
пакрочылі па шырокай сцежцы.
А вы не здагадаліся, што
азначае слова “жалейка”?
Тады падкажу. Яго можна
замяніць іншым словам. Вось яно, толькі наадварот напісанае: акдуд.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
На паліцы дзве лісіцы, што
ім дадуць, тое з’ядуць. (Жорны.)
Ляціць – вые, сядзе – рые. (Жук.)
Малыя дзеці сядзяць на
павеці, а як падрастаюць, на зямлю злятаюць. (Жалуды.) [2, “Загадкі
Рапановіча”, стар. 330, 343, 344, 345].
Увосень рассыпаецца, улетку
збіраецца, само поўнае бывае, людзей корміць. (Жыта.) [5, “Загадкі Грынблат”, стар. 69].
Для даведкі: павеццю
называецца страха на слупах, тут гэта слова ўжываецца ў значэнні “ўгары, на
галінках”.
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Жаўтаватыя бочачкі
На дубе вісяць.
У цвёрдых скарлупах
Да пары сядзяць. (Жалуды.)
Аляксей Якімовіч
Казачная птушка
У сад прыляцела.
Асляпіўшы ззяннем,
На галінку села. (Жар-птушка.)
Аляксей Якімовіч
Ён працуе у газеце.
Навучыўся ён пісаць.
Паважаюць яго людзі,
Бо цікава ім чытаць. (Журналіст.)
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць слова “зычыць”?
(Жадаць.)
• Як называецца доўгая жардзіна над
калодзежам, з дапамогай якой дастаюць ваду?
(Журавель.)
• Якому
значэнню адпавядае слова “жарства”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) буйны пясок, дробныя
кусочкі разбітага каменя;
б) моцны страх да знямення.
(Жах.) [1, “Тлумачальны слоўнік”, стар.
121].
• Ці ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў “жыць сваім розумам"? (Быць самастойным у сваіх дзеяннях, учынках; прытрымлівацца сваіх поглядаў.) [4, c. 99, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце першы гук у слове “жыць”. Якой
літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Жураўлі ляцяць высока
– зіма яшчэ далёка.
Жару шапкаю не носяць.
Жартаваць можна, але
не калечыць бязбожна.
Жыць – не мех шыць.
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
Абы, жыве – да, дзень,
вечара. (Жыве – абы дзень да
вечара.) [3, “Прыказкі Янкоўскага”, стар. 102, 217, 218, 280].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Жураўляняты паляцелі за
жураўлём.
Жалуды каля Жабінкі
пажаўцелі.
Жорж прынёс жонцы журавіны.
Каля жыта сядзела жаба.
Жук сеў на жалязяку.
Жу-жу-жу – на воз сена
нагружу.
Жы-жы-жы – у нас машына ў
гаражы.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “Ж”, як мне здаецца,
падобна на сняжынку. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым прывітайце
правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Хуткі, як (мураш, стаенны жарабец, цяля).
Вырачыў вочы, як (стол, жаба, хата).
Вымахаў, як (былінка,
цягнік, жардзіна).
Чырвоны, як (ягада, неба, жар).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Як жывяце?
Жоначка.
Бывайце здаровы, жывіце багата!
Будзьце жывенькі, здаровенькі!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Журы – камісія, якая прысуджае прэміі і ўзнагароды
на конкурсах, выстаўках, алімпіядах [1, стар. 122].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(Ж)..ыццё, (ж)..эрдка, лы(ж)..ка,
мар(ж)..ы, (ж)..оўты.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “ж”
да слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць кажана.
• Складзіце слова з першых гукаў слоў “жыта”, “атрымаць”, “хор” (жах) і з наступных літар: ж, е, д, а, а,
н, н (жаданне).
• Назавіце першы гук у слове “жах” і першую
літару ў слове “жаданне”.
• Назавіце тры словы з літарай “ж”.
• Адніміце адзін склад са слова “жамчужына”. Якое новае слова вы прачытаеце? (Чужына.) Ці ёсць у гэтых
словах гукі [ж]? Калі ёсць, то якой літарай яны
абазначаюцца на пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае назву прадмета. З якой літары яно пачынаеца?
Жёр.
(Жанглёр.)
ВЕРШ
На пагорачку
зялёным…
На пагорачку зялёным
Царква даўняя стаіць,
Крыху воддаль, у нізінцы,
Шчара-рэчанька бяжыць.
Бяжыць хутка, нясе воды,
Каб брату Нёману аддаць.
Я гляджу і мне здаецца:
Продкі ля царквы стаяць.
Талакой тут працавалі,
Будавалі дзіўны храм.
Разам з ім святую веру
Перадаць змаглі і нам.
Каб маліліся старанна,
Вымаўляючы “Амінь”.
Божа, Ойча наш Нябесны,
Беларусаў не пакінь.
Жылі дружна, па-суседску,
Каб правіны дараваць.
Не хацелі мае продкі
Цяжкі грэх на душу браць.
Хлеб надзённы здабывалі
Там, дзе поле, на зямлі.
І малыя, і старыя
Працаваць туды ішлі.
Помню: бохан свежы
Мама з печы дастае.
На яго я пазіраю,
Побач два браты мае.
Па дарогах навакольных
Да царквы ідзе народ.
Цар Нябесны, я запомніў:
Будаваў яе наш род.
Аляксей Якімовіч
Для даведкі: талакой
– разам, калектыўна.
З з [з], [зיִ]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гукі [з], [зיִ].
2. Назавіце першыя гукі ў наступных
словах:
а) зарадка, залезці;
б) зірнуць, зялёны.
3. Якой літарай яны
абазначаюцца на пісьме? (З.)
4. Запомніце словы з гукамі [з], [зיִ], якія сустрэнуцца
вам у казцы “Зашыфраванае пісьмо”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Зашыфраванае пісьмо
На лясной сцяжынцы, атуленай
зялёнымі дрэвамі, сустрэліся заяц Шарачок і мураш Рыжык.
-- Нейкі невясёлы ты сёння.
Што здарылася з табою? – з такімі словамі звярнуўся да Шарачка Рыжык.
Заяц дастаў з кішэні аркуш
паперы і паказаў яго мурашу.
-- Нядаўна зашыфраванае
пісьмо атрымаў. Прачытай, калі не верыш.
Рыжык зірнуў на аркуш і
прачытаў:
-- Аміз.
-- Зашыфраванае? – усклікнуў
заяц.
-- Нейкае слова тут
напісана, -- прамовіў Рыжык.
-- Зашыфраванае?
-- Можна сказаць, што
зашыфраванае, -- мусіў пагадзіцца з суседам мураш.
-- Ты яго змог расшыфраваць
і прачытаць? – хочацца ведаць Шарачку. Ён даўно зразумеў, што хтосьці
забаўляецца, пацяшаецца з яго.
-- Гэтае слова ты таксама
зможаш прачытаць, калі пастараешся, -- абнадзеіў зайца мураш.
Шарачок уважліва паглядзеў
на Рыжыка і прагаварыў:
-- Мне здаецца, што першы
гук у гэтым слове “[зיִ]”.
-- Мне таксама так здаецца,
-- усміхнуўся Рыжык.
-- Я расшыфраваў! Я
здагадаўся, якое слова тут напісана! –
выгукнуў Шарачок.
А вы, сябры, здагадаліся,
якое слова напісана на аркушы паперы? Можа, падкажаце мне?
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Чорны сабака не брэша, не
кусае, а ў хату не пускае. (Замок.)
Летам шэранькі, а зімой
беленькі. (Заяц.)
Без голасу, а вые, без рук,
а абрусы сцеле. (Завіруха.)
Свечак многа гарыць, а
ніводнай не патушыць. (Зоркі.)
Усіх нас корміць, а сама
есці не просіць. (Зямля.) [2, “Загадкі
Рапановіча”, стар. 338, 355, 363, 364].
Для даведкі: абрус
засцілаюць на стол, настольнік, настольніца.
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
У зямлі цёплай, мяккай
Яны таўсцеюць, набухаюць.
Калі сонейка прыгрэе,
З іх расліны вырастаюць.
(Зярняткі.)
Аляксей Якімовіч
На суку ў ляску сядзіць,
Увесь дзень крычыць, кукуе.
Людзі кажуць, што яна
Сваіх дзетак не гадуе. (Зязюля.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце і назавіце патрэбнае слова.
Расспяваліся ў садку
З раніцы сініцы.
Шпак ім учора падарыў
Залатыя … (завушніцы).
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім
словам можна замяніць словы “неўзабаве”, “хутка”? (Зараз.)
• Каню, бывае, укладаюць цуглі ў рот, каб
лягчэй было кіраваць ім. Як мы называем гэта дзеянне? (Закілзаць.)
• Якому
значэнню адпавядае слова “зажынкі”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) пачатак жніва;
б) травы, кветкі (пераважна
лекавыя). (Зёлкі.) [1, “Тлумачальны
слоўнік”, стар. 125, 126, 131].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“заварыць кашу" (Распачаць складаную і непрыемную справу.) [5, c. 100, “Фразеалагічны
слоўнік”].
• Назавіце
першы гук у слове “заварыць”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
З агнём не жартуй, а
вадзе не вер.
За камаром не ганяйся
з малатком.
Завіхайся, але не спяшайся.
Збочыць з дарогі
лягчэй, як на дарогу натрапіць.
Не, ніколі, засцярога,
шкодзіць. (Засцярога ніколі не
шкодзіць.) [4, “Прыказкі Янкоўскага”, стар. 218, 220, 221].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
Для даведкі: завіхацца – старацца зрабіць штосьці хутка.
Збочыць – сысці ўбок.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Зязюляня клікала зязюлю.
Зіна і Зянон убачылі зязюлю.
Каля Замошша знаходзіцца Замосце.
Зубр купіў
зубраняці званок.
Змітрок вывеў з лазы казу.
Зу-зу-зу – лезем мы ў лазу.
Зе-зе-зе – на адной назе.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “З”, як мне здаецца,
падобна на птушку ў палёце. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым
прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Адна, як (сястра, зязюлька, сшытак).
Шмат, як (зорак на небе, снегу, пяску).
Блішчыць, як (памідор, золата, груша).
Вочы бегаюць, як (у суседа,
у вучня, у злодзея).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Заставайцеся здаровы!
Здаровенькі!
Здаровы бывайце, нас не
забывайце!
Зязюлечка мая сівенькая!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Зала – 1) вялікае
памяшканне для мнагалюдных сходаў і іншых мэт. Чытальная зала. 2) Прасторны пакой для прыёму гасцей.
Зноска дадатковы тэкст
(заўвагі, тлумачэнні), які друкуецца ўнізе старонкі асобна ад асноўнага тэксту [1,
стар. 126, 131].
Змест – 1( тое, аб
чым расказваецца, што паказваецца дзе-небудзь (у кнізе, кінафільме і інш.). 2)
Пералік раздзелаў або другіх састаўных частак кнігі ў канцы або ў пачатку яе.
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(З)..адача, (з)..іма, выла(з)..іць, (з)..агад,
(з)..ка(з)..аць.
• Запішыце
ў пустыя клетачкі словы, якія абазначаюць назвы месца для гандлю (базар), таго, хто перавозіць груз на кані (вазак),
палачку рэгуліроўшчыка (жазло),
узмацняльнік выпраменьвання, крыніцу вельмі вузкага і магутнага светавога пучка
(лазер),
масляністыя астаткі ад перагонкі нафты (мазут) [1, c. 68, 120, 196].
з
з
з
з
з
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “з”
да слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць зайца.
• Складзіце
слова з першых гукаў слоў “загад”,
“Антось”, “лазня”, “пакет” (залп
– адначасовы выстрал з некалькіх гармат, стрэльбаў) [1, c. 127] і з наступных літар: з, м, і, ь, а, а, в, ц
(зімаваць).
• Назавіце першы гук у слове “залп” і першую
літару ў слове “зімаваць”.
• Назавіце тры словы з літарай “з”.
• Адніміце
адзін склад са слова “золак” (світанне). Якое новае слова вы
прачытаеце? (Лак.) Ці ёсць у гэтых
словах гукі [з, з′]? Калі ёсць, то якой літарай яны абазначаюцца на пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае дзеянне прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Зіць.
(Зіхацець.)
Зязюля кукуе
Кожны год зязюля
Да нас прылятае.
Стараецца, кукуе,
Доўга жыць жадае.
“Ку-ку” ў лясочку
Песенькай нясецца,
На лужку зялёным
Рэхам аддаецца.
Стаю, як заварожаны,
Часам уздыхаю,
Ад зязюлькі шэрай
Цуду я чакаю.
Кукуй, наша зязюлька,
Лічы нам гадочкі.
Пасля сну зімовага
Разбудзі лясочкі.
Аляксей Якімовіч
І і [і], [йיִі]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [і].
2. Назавіце першыя гукі ў наступных
словах:
а) івалга, Іван;
б) аб’інець, сям’і.
3. Якой літарай яны абазначаюцца на пісьме? (І.)
4. Запомніце словы з гукамі [і], [йіיִ], якія сустрэнуцца вам у казцы “Замяніць слова”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Замяніць слова
У гэты цёплы летні дзень
заяц Шарачок і мураш Рыжык гулялі па ляску.
-- Мы зноў прыйшлі на тое ж
самае месца! – выйшаўшы з-за павароткі сцяжынкі, са здзіўленнем ўсклікнуў
Шарачок.
-- Якім словам можна
замяніць слова”зноў”? – пацікавіўся Рыжык.
Пачуўшы пытанне Рыжыка,
вераб’і, якія сядзелі непадалёку, падляцелі бліжэй, каб ні слова не прапусціць.
-- Хіба гэта магчыма? – не
паверыў заяц.
-- Канешне, магчыма! –
упэўнена заявіў мураш. – Напрыклад, слова “імгненне” можна замяніць словам “міг”,
слова “крочыць” – словам “ісці”.
Шарачок крыху падумаў і
сказаў:
-- Відаць, можна.
-- Дык якім словам можна
замяніць слова “зноў”? – паўтарыў Рыжык.
-- Крыху дапамажы мне,
падкажы, каб здагадаўся я, -- папрасіў сябра Шарачок.
-- Уважліва слухай і між
вушэй не прапускай, -- папярэдзіў Рыжык.
-- Я ўжо слухаю, -- наставіў
доўгія вушы заяц.
-- Слова “ржа” можна
замяніць словам “іржа”, -- прамовіў мураш.
-- Слова “зноў” можна
замяніць словам “ізноў”, -- нарэшце здагадаўся Шарачок.
-- Першы гук у гэтым слове –
“і”, -- заўважыў Рыжык.
-- А цяпер я дам табе
заданне, -- прагаварыў Шарачок. – Скажы, калі ласка, якім словам можна замяніць
слова “другі”?
Задумаўся Рыжык.
Сябры, дапамажыце Рыжыку,
падкажыце яму, якім словам можна замяніць слова “другі”. Першы гук у гэтым
слове – “і”.
Зашыфраваная падказка:
(Шыні.)
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Тры браты на адным кані па
белым полі едуць. (Пальцы і ручка.)
Бяжыць свінка, стальная
спінка, хвост канапляны. (Іголка.)
Два браты адзін на аднаго
глядзяць, а разам не сыдуцца. (Падлога і столь.)
Па полі ходзіць і дзіркі
робіць. (Іголка.)
Колькі на небе зорак, столькі
на зямлі дзірак. (Іржышча.) [2,
“Загадкі Рапановіча”, стар. 322, 325, 326, 33, 343].
Ляціць матылька, дзе сядзе,
там дзірка. (Іскра.)
Ёсць на свеце адно і для
ўсіх яно патрэбна. (Імя.) [5, “Загадкі
Грынблат”, стар. 207, 279].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Чорнае палатно
Высока над намі
Свеціцца даўно
Маленькімі агнямі. (Неба і
зоркі.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце і назавіце патрэбныя словы.
Сказала бярозцы
Тонкая рабінка:
-- Да мяне ў госці
Ляціць … (павуцінка).
Аляксей Якімовіч
Схаваўся шпачок,
У гняздзе сініца.
Выгінаецца на небе,
Ззяе … (бліскавіца).
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім
словам можна замяніць спалучэнне “мохавае балота”? (Імшара.)
• Як называецца матэрыял, які не праводзіць
электрычнасці або цеплыні? (Ізалятар.)
• Якому
значэнню адпавядае слова “ідэнтычны”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) такі самы, зусім
аднолькавы;
б) вельмі хуткі ў руху, у
развіцці. (Імклівы.) [1, “Тлумачальны слоўнік”, стар. 133, 135, ].
• Ці ведаеце вы, што
азначае спалучэнне слоў “і
вадой не разліць"? (Вельмі дружныя, заўсёды разам, неразлучныя.)
[4, c. 138, “Фразеалагічны слоўнік”].
Назавіце
пяты гук у слове “разліць”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
І кашы не хачу, і па
ваду не хаджу.
Ідзеш на дзень –
хлеба бяры на два.
Іншы горад – іншы
гонар.
Іскру тушы да пажару,
бяду адводзь да ўдару.
Як, як, іграеш, скачу, хачу,
знаеш. (Іграеш, як знаеш, скачу,
як хачу.) [3, “Прыказкі Янкоўскага”, стар. 222, 224].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Індык ірвануўся і пабег да
Іры.
Ііголкі ад ёлкі прынесла Іна.
Іпаліт прыйшоў у госці да
Іларыёна.
Акуліна зацягнула нітку ў
іголку.
Іл-іл-іл – не хапіла сіл.
Іў-іў-іў – агарод паліў.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “І”, як мне здаецца,
падобна на іголку. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым прывітайце
правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Нападала, як (дажджу, ігліцы ў бары, паветра).
Весела, (як на ігрышчы, дома, на дварэ).
Відно, хоць (дамоў ідзі,
танцуй, іголкі збірай).
Дзяўчынка
як (іскарка, сяброўка, знаёмая).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Маці, матуля.
Ці жывенькі, ці дужэнькі? – Дзякуем.
Лавіся, рыбка, малая і вялікая!
Будзьце моцненькія, дужанькія!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Ілюстрацыя – 1)
малюнак, які тлумачыць змест кнігі, часопіса, газеты. 2) Прыклад, які наглядна
паказвае што-небудзь.
Інструкцыя – правілы,
кіруючыя ўказанні для выканання чаго-небудзь. Інструкцыя аб правядзенні экзаменаў.
Інфармацыя –
паведамленні, звесткі аб чым-небудзь. Газетная
інфармацыя [1, стар. 134, 137, 139].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(І)..ншы, (і)..голка, л(і)..па, в(і)..с(і)..ць, летн(і).. .
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “і”
да слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць лісу.
• Складзіце слова з першых гукаў слоў “іржа”, “рост”, “абутак” (Іра) і з наступных літар: а, і, в, к, ё, к, с, л (васілёк).
• Назавіце першы гук у слове “Іра” і
чацвёртую літару ў слове “васілёк”.
• Назавіце тры словы з літарай “і”.
• Адніміце
два склады са слова “падпільнаваць”
(высачыць). Якое новае слова вы прачытаеце? (Пільна.) Ці ёсць у гэтых
словах літара ”і”? Калі ёсць, то які гук (якія гукі) яна абазначае?
• Дапішыце
слова, якое абазначае назву прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Ілня.
(Ільвяня.)
ВЕРШ
Восень ідзе
Гучна гудзіць вецер:
Восень ужо ідзе.
Срэбраныя ніткі
Павучок прадзе.
Ловяць іх галінкі,
Ля сябе трымаюць,
У далёкі вырай
Іх не адпускаюць.
Рвуцца павуцінкі,
Не хочуць тут вісець.
З птушкамі за мора
Імкнуцца паляцець.
Аляксей Якімовіч
Й [йיִ]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [йיִ].
2. Выдзеліце апошні гук у
словах “край”, “зімой”.
3. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме? (й.)
4. Запомніце словы з гукам [йיִ], якія сустрэнуцца вам у казцы “Цікавая
скорагаворка”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Цікавая скорагаворка
Крочыць заяц Шарачок па
сцяжынцы і весела спявае:
-- Казёл пайшоў з казой на
луг! Казёл пайшоў з казой на луг! Казёл пайшоў з казой на луг!..
Падбег да яго мураш Рыжык і
ўсклікнуў:
-- Ой!
-- Што з табой? – засмяяўся
заяц.
-- Усё нармальна са мной, --
адказаў мураш і шырока расплюшчыў вочы.
-- Напэўна, мая песенька
цябе здзівіла? – выказаў здагадку Шарачок.
-- Нейкая яна… Нейкая не
такая, як іншыя, -- Рыжык нарэшце знайшоў патрэбныя словы, каб выказаць свае
адносіны да песенькі зайца.
-- Гэта не проста песенька,
а скорагаворка, -- паведаміў Шарачок. – Скажы хутка-хутка некалькі разоў “казёл
пайшоў з казой на луг”. Паспрабуй!
Рыжык набраў у грудзі
паветра і прагаварыў хутка-хутка:
-- Казёл пайшоў з казой на
луг! Казёл пайшоў з казлом на луг!
-- Не з казлом, а з казой! –
зайшоўся ад смеху Шарачок.
-- Памыліўся я, не выйшла ў
мяне з першага разу, -- заморгаў вачыма мураш.
-- У мяне таксама з першага
разу не выйшла. А потым я навучыўся вымаўляць правільна. Вось і заспяваў з
радасці, -- паведаміў заяц.
-- Можна мне з табой
паспяваць? – папрасіў зайца Рыжык.
-- Канешне, можна. Мне не
шкада, -- сказаў Шарачок і пакрочыў па сцяжынцы, зацягнуўшы на ўвесь голас: --
Казёл пайшоў з казой на луг!
-- Казёл пайшоў з казой на
луг! – падхапіў Рыжык. Весела яму стала.
Цікавую скорагаворку
прыдумаў Шарачок. Вы згодны са мной, сябры?
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Шапка малая, камізэлька
нятканая, каптан рабы, а ходзіць босы. (Верабей.)
У адным доме – сотні
жыхароў, а сям’я адна. (Вулей і пчолы.)
Сама сталёвая, а хвост
ільняны. (Іголка з ніткай.)
Ні вачэй, ні вушэй, а
сляпога водзіць. (Кій.) [2, “Загадкі Рапановіча”, стар. 330, 333, 351, 354].
Для даведкі:
камізэлька – адзенне для мужчын, якое не мае каўняра і рукавоў.
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Маленькая птушачка
Шчоўкае, спявае,
У кустах ля рэчачкі
Новы дзень вітае. (Салавей.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце
і назавіце патрэбныя словы.
Сонейка заходзіць.
Ляціць пчала куляй
У свой прыгожы домік.
Яго назва --… (вулей).
Аляксей Якімовіч
Нам пашанцавала.
Быў дажджлівы май.
Восенню сабралі
Багаты … (ураджай).
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць слова
“травень”? (Май.)
• Вы пасадзілі лісцевы лясок. Як ён
называецца? (Гай.)
• Якому значэнню адпавядае слова “адчай”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) крайняя ступень
безнадзейнасці; роспач;
б) цёплыя краіны, у якія
адлятаюць птушкі. (Вырай.) [1, “Тлумачальны слоўнік”,
стар. 20, 78, 80].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“зваліць з плячэй"? (Вызваліцца ад чагосьці цяжкага.) [4, c. 116, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце
шосты гук у слове “плячэй”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Гавары дый чэрпай.
Добрая слава далёка чуваць,
а кепская яшчэ далей.
Другога слухай і свой розум май.
Жыве, як у Бога за пазухай.
Не, і, , не, і, перапрашай,
лай. (І не лай, і не перапрашай.)
[3, “Прыказкі Янкоўскага”, стар. 209, 216, 218, 223].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
На край поля сеў верабей.
Аляксей, не спявай, не
надакучай.
Сяргей слухаў, як спявае
салавей.
Йчы-йчы-йчы – дроў мне
насячы.
Йцэ-йцэ-йцэ – рыба ў рацэ.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “й”, як мне здаецца,
падобна на весніцы, над якімі пырхае птушка. Вачыма старанна напішыце яе на
дошцы, а затым прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Вісіць нада мной, як
(самалёт, грэх над душой, неба).
Дома край, як (рай, песня, цянёк).
Жыў, як (верабей пад страхой, рабіна, варона).
Носіцца, як (з кнігай, з
касой, з пісанай торбай).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Прыходзьце да нас часцей!
Дзядулечка ты мой!
Дзякуй.
Татка, татанька мой!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Май – апошні месяц навучальнага года.
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
Кле..(й), Сярге..(й), га..(й)ка, за..(й)чык, зімо..(й).
• Запішыце
ў пустыя клетачкі словы, якія абазначаюць вяроўкі або рамяні для кіравання
запрэжаным канём (лейцы), назву месца, якое
затапляецца вадой пры разліве ракі (пойма) [1, c. 187, 255], назву птушкі з рэзкім голасам (сойка), ласкавую назву
шыі (шыйка), назву птушкі, якая звычайна жыве каля мора (чайка).
й
й
й
й
й
Падбярыце адпаведнае слова з
літарай “й” да слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць сойку.
• Складзіце слова з апошніх гукаў слоў
“збор”, “агароджа”, “дай” (рай) і з наступных літар: р, й, п, а,
а, ы, т, ч (прачытай).
• Назавіце трэці гук у слове “рай” і восьмую
літару ў слове “прачытай”.
• Назавіце тры словы з літарай “й”.
• Адніміце
адзін склад са слова “сухавей” (сухі
вецер). Якое новае слова вы прачытаеце? (Суха.)
Ці ёсць у гэтых словах гукі [й]? Калі ёсць, то якой літарай яны абазначаюцца на
пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае дзеянне прадмета. Якой літарай яно заканчваецца?
Уй.
(Уцякай.)
ВЕРШ
Калыханка
Спяць, заснулі луг і лес.
Спіць у полі каласок.
Разам з імі засынай,
Даражэнькі мой сынок.
Спяць і зайцы, і лісіцы,
У нары спіць барсучок.
Разам з імі засынай,
Мая радасць, мой сынок.
Люлі-люлі-люлі…
Не гуляюць гулі.
Люлі-люлі-люлі…
Спаць пайшлі, заснулі.
Аляксей Якімовіч
К к [к], [кיִ]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гукі [к], [кיִ].
2. Назавіце першыя гукі ў наступных
словах:
а) карта, кола;
б) кідаць, кенгуру.
3. Якой літарай яны
абазначаюцца на пісьме? (К.)
4. Запомніце словы з гукамі [к], [кיִ], якія сустрэнуцца
вам у казцы “Цяжкая загадка”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Цяжкая загадка
Сустрэліся на сунічнай
палянцы заяц Шарачок і мураш Рыжык. Вакол пчолы лятаюць, звіняць, суніцамі
пахне.
-- Як прыгожа ў нас! – у
захапленні ўсклікнуў Шарачок.
-- Канешне, тут вельмі
прыгожа, -- пагадзіўся з сябрам Рыжык.
-- Гэтая палянка быццам
цікавая кніга, якую можна чытаць бясконца! – зноў усклікнуў заяц.
-- Нядаўна ў кнізе адну народную
загадку я прачытаў, -- успомніў мураш.
Шарачок сеў на высокую
калоду, якая стаяла побач з ім, і папрасіў суседа:
-- Калі ласка, задай мне
гэтую загадку.
-- Плыве ў прасторы, а не ў моры; як тое завецца, што вакол зорак уецца?
– прагаварыў Рыжык.
Задумаўся заяц. Цяжкую
загадку задаў яму мураш.
-- Магчыма, гэта птушка, --
нарэшце выказаў здагадку.
-- Хіба птушка караблём
завецца? – засмяяўся Рыжык.
Шарачок у адчаі драпануў
кіпцюрыкам па калодзе.
-- Гэты карабель вышэй
самалёта лятае?
-- Аж каля зорак, --
напомніў Рыжык.
Быццам каскадзёр, Шарачок
падскочыў на калодзе.
-- Я здагадаўся! Гэта
касмічны карабель!
-- А ты ведаеш, з якіх гукаў
пачынаюцца словы “касмічны” і “карабель”? – пацікавіўся Рыжык.
-- Канешне, ведаю! –
упэўнена заявіў Шарачок.
А вы, сябры, ведаеце, з якіх
гукаў пачынаюцца словы “касмічны” і “карабель”?
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Круглы, без вуглоў, за хвост
не падымеш. (Клубок.)
З барадою, а не дзед; з
рагамі, а не бык; малако дае, а не карова; лыкі дзярэ, а лапці не пляце. (Каза.)
І сваё дзіця не забыла і
чужых малаком напаіла. (Карова.)
Калматы, вусаты, есці
пачынае, песенькі спявае. (Кот.)
Не агонь, а пячэцца. (Крапіва.) [2, “Загадкі Рапановіча”, стар.
324, 328, 342, 346].
Для даведкі: тут
слова “лыкі” ўжываецца ў значэнні “кара”.
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Яго
ў цырку можна ўбачыць.
На
арэне ён стаіць.
У
вас зусім няма настрою?
Праз хвіліну рассмяшыць. (Клоун.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце і назавіце патрэбныя словы.
Ён з доўгай грывай,
Бяжыць, нібы агонь.
У воз яго мы
запрагаем.
Гэта наш цудоўны … (конь).
Аляксей Якімовіч
Укусіў за вуха,
Потым сеў на твар.
Мяне загнаў у хату
Маленечкі … (камар).
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць слова
“магазін”? (Крама.)
• Як называецца жалезная падстаўка для
кавання металу? (Кавадла.)
• Якому значэнню адпавядае слова “кемлівы”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) здагадлівы, знаходлівы;
б) ломкі, нетрывалы. (Крохкі.) [1, “Тлумачальны слоўнік”, стар.
141, 167, 175].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“кіснуць са смеху"? (Смяяцца.) [5, c. 152, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце
першы гук у слове “кіснуць”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Каб ведаў, дзе
павалішся, то саломкі падаслаў бы.
Каб не спатыкацца,
трэба пад ногі прыглядацца.
Каб пазнаць чалавека,
трэба з ім пуд солі з’есці.
Калі ёсць у мяшку, то
будзе і ў гаршку.
Не, калі, хваляць, хваліся.
(Калі хваляць, не хваліся.) [3, “Прыказкі
Янкоўскага”, стар. 224, 225, 226, 227].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Каваль Кузьма падкаваў
Кацінага каня.
Кацін конь не падкаваны.
Каля крыніцы Коля сустрэў
Кузьму.
Кузьма паклаў кнігу каля
капелюша.
Кот купіў кацяняці канькі.
Каваль Клім разгадваў
красворд.
Пад клёнам ляжалі кот і клубок
нітак.
Кі-кі-кі – быў каля ракі.
Ко-ко-ко – кот піў малако.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “К”, як мне здаецца,
падобна на сігнальшчыка на караблі, які трымае два сцяжкі. Вачыма старанна
напішыце яе на дошцы, а затым прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Дзяўчына, як (калінавая кветка, зязюля, былінка).
Пабеглі, як (вераб’і,
аўтамабілі, козы).
Прайшоў, як (кот, конь па градах, гусак).
Сапе, як (вецер, туман, кавальскі мех).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Калі ласка.
З калядамі вас!
Каб вам вялося!
Клёў на рыбу!
Каб ты вялікі вырас
(вялікая вырасла)!
Коцік любы мой!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Кабінет – 1)
службовае памяшканне, пакой для якой-небудзь адказнай асобы. Кабінет дырэктара. 2) Памяшканне для
спецыяльных заняткаў. Фізічны кабінет. 3). У некаторых краінах:
састаў міністраў, якія ўваходзяць ва ўрад. Кабінет
міністраў.
Каліграфія –
майстэрства пісаць роўным прыгожым почыркам.
Каментарый – 1)
тлумачэнні, паясненні да якога-небудзь тэксту. Каментарый да твораў Коласа. 2) Разважанні і крытычныя заўвагі аб
чым-небудзь. Каментарыі да замежных
падзей.
Канікулы – перапынак
заняткаў у навучальных установах для адпачынку навучэнцаў.
Карта – чарцёж зямной
паверхні або зорнага неба. Геаграфічная карта. Астранамічная карта.
Конкурс –
спаборніцтва, якое ставіць мэтай выявіць найлепшых з яго ўдзельнікаў. [1, стар.
141, 145, 148, 153, 161, 173].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(К)..ватэра, (к)..аз(к)..а, (к)..інуць,
ра(к)..а, (к)..іслы.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “к”
да слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць карову.
• Складзіце слова з першых гукаў слоў “калісьці”, “аб’ява”,
“вучань”, “афіцэр” (кава) і з наступных
літар: к, л, а, а, о, н (калона).
• Назавіце першы гук у слове “кава” і першую
літару ў слове “калона”.
• Назавіце тры словы з літарай “к”.
• Адніміце
адзін склад са слова “раскруціць”.
Якое новае слова вы прачытаеце? (Круціць.)
Ці ёсць у гэтых словах гукі [к, к′]? Калі ёсць, то
якой літарай яны абазначаюцца на пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае дзеянне прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Кіць.
(Кіўнуць.)
ВЕРШ
У бярозавым гаёчку
У бярозавым гаёчку
Танцы пачаліся.
Камары-дудары
За дудачкі ўзяліся.
Стараюцца камары,
Шчокі раздзімаюць.
Драўляныя дудачкі
Весела іграюць.
Пчолка залатая
Крыльцамі махае,
Ганарлівага жука
Ў кола запрашае.
Зялёненькі конік
У скокі пусціўся.
Музыку пачуўшы,
Тут ён прызямліўся.
Рыжаваты муравей
З мурашкаю танцуе.
Ён стараецца, заўжды
З музыкай сябруе.
Прыгажуня-страказа
Ляціць, як маланка.
Дазваляе страказе
Шырокая палянка.
Божыя кароўкі
Кружацца заўзята.
Для іх танцы на палянцы
Сапраўднае свята.
Даўганогі павучок
Злазіць з павуцінкі.
Яна стужкаю блішчыць
Ля тоненькай асінкі.
Гучыць музыка ў гаёчку,
Жыхароў яднае,
Летам на палянцы
Настрой паднімае.
Аляксей Якімовіч
Л л [л], [лיִ]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гукі [л], [лיִ].
2. Назавіце першыя гукі ў наступных
словах:
а) лапа, луг;
б) ліпа, лета.
3. Якой літарай яны
абазначаюцца на пісьме? (Л.)
4. Запомніце словы з гукамі [л], [лיִ], якія сустрэнуцца
вам у казцы “Чарадзейнае люстэрка”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Чарадзейнае люстэрка
Ідзе заяц Шарачок па лясной
сцяжынцы і ціха напявае:
-- Ля-ля-ля… Ля-ля-ля…
Ля-ля-ля…
Сумна гучыць яго песенька
без слоў.
-- Што здарылася з табою,
сусед? – убачыўшы Шарачка, усклікнуў мураш Рыжык.
Шарачок спыніўся каля
невялікай лужынкі, якая засталася на сцяжынцы пасля дажджу, і паскардзіўся:
-- Ліс мне нядаўна настрой
сапсаваў.
-- Ён абазваў цябе? –
занепакоіўся мураш.
-- Выскачыў з-за вялікага
куста лазы і напалохаў, -- паведаміў заяц.
Рыжык цяжка ўздыхнуў.
-- Няма чаго рабіць яму,
лынды б’е. Вось і палохае звяроў.
У зайца на вачах выступілі
слёзкі.
-- Вельмі сумна мне. Не
ведаю, як настрой сабе падняць.
-- У мяне ёсць чарадзейнае
люстэрка. Яно хутка настрой табе падніме, -- паглядзеўшы на Шарачка, ласкава
прагаварыў Рыжык.
-- Не падніме. Зараз лягу
пад кусцік і цэлы дзень моўчкі буду ляжаць, -- у адчаі прамовіў заяц.
Рыжык дастаў з кішэні
невялікае круглае люстэрка і паднёс яго да зайца.
-- Паглядзі ў маё люстэрка і
ўсміхніся.
Паслухаўся заяц мураша.
Паглядзеў у люстэрка і ледзь прыкметна ўсміхнуўся.
-- Яшчэ раз усміхніся!
Весялей! – гукнуў Рыжык.
На ўвесь рот усміхнуўся
Шарачок. І здарылася дзіва. Згінуў кепскі настрой, прапаў, далёка-далёка
паляцеў.
Вось так чарадзейнае
люстэрка Рыжыка дапамагло Шарачку.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Крывулька крывая, а ўсіх
корміць. (Лыжка.)
Чатыры нагі, а не звярушка,
многа пер’я, а не птушка. (Ложак
з падушкамі.)
Ніхто іх не палохае, а яны
ўсё дрыжаць. (Лісце асіны.)
Сярод поля сіннькі агеньчык
гарыць. (Лён.) [2, “Загадкі
Рапановіча”, стар. 320, 337, 347, 351].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Вясёлая, дзівосная пара!
Кажу табе: “Да пабачэння”.
Ты падарыла мне канікулы,
Цяпло і смачнае варэнне:
Сунічнае, бруснічнае,
А яшчэ чарнічнае. (Лета.)
Аляксей Якімовіч
Сінія агеньчыкі
На полі загарэліся.
На сонейку гарачым
Яны, відаць, нагрэліся. (Лён цвіце.)
Аляксей Якімовіч
Плыве па вадзе,
Вады не баіцца.
Мае яна лавачку,
Каб маглі садзіцца. (Лодка.)
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць слова “крыга”? (Льдзіна.)
• Чым можна выразаць невялікую фігурку з
фанеры? (Лобзікам.)
• Якому значэнню адпавядае слова “ладны”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) значны, досыць вялікі;
б) спагадлівы, жаласлівы,
велікадушны. (Літасцівы.) [1,
“Тлумачальны слоўнік”, стар. 182, 190, 191].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“лезці ў вочы"? (Настойліва прыставаць, дакучаць.) [4, c. 164, “Фразеалагічны слоўнік”].
Назавіце
першы гук у слове “лезці”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Лаянка і баразну
крывіць.
Лепш позна, як
ніколі.
Лепш сініца ў руках,
як журавель пад небам.
Лес і вада – родныя
брат і сястра.
І, лішняга, усыплеш, у, не,
мех. (Лішняга і ў мех не ўсыплеш.) [3,
“Прыказкі Янкоўскага”, стар. 231, 232, 233].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Ліза ў заапарку ўбачыла
лісяня.
Летам людзі любуюцца
лілеямі.
У Ларыскі – калыска, у Лізы
-- каляска.
Залезь і хуценька злезь.
Лі-лі-лі – мне медаль далі.
Ла-ла-ла – вазьмі са стала.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “Л”, як мне здаецца,
падобна на ўтульнае крэсла. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым
прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Слізкі, як (шкло, лёд, пластылін).
Хата, як (лялька, агонь, куст).
Шкада, як (арэхаў, леташняга снегу, вішняў).
Шыя, як (у зайца, у воўка, у
лебедзя).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Лябедзька мой!
Ластавачка мая
маленькая!
Ласкава просім!
А мая жа любачка!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Лагагрыф – род
загадкі, для рашэння якой трэба адшукаць загаданае слова і ўтварыць ад яго
новыя словы шляхам перастаноўкі або выкідвання асобных складоў ці літар.
Лемантар – даўнейшая
назва буквара [1, стар. 182, 187].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(Л)..іса, вы(л)..ез, (л)..асі, па(л)..яна, рыд(л)..ёўка.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “л”
да слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць Ліду.
• Складзіце
слова з першых гукаў слоў “лодка”,
“увішны (спрытны, рухавы, кемлівы, разбітны)” [1, c. 333], “год” (луг) і з наступных
літар: л, с, к, я, і, н (ляснік).
• Назавіце першы гук у слове “луг” і першую
літару ў слове “ляснік”.
• Назавіце тры словы з літарай “л”.
• Адніміце
два склады са слова “ластаўка”. Якое
новае слова вы прачытаеце? (Стаў.) Ці
ёсць у гэтых словах гукі [л,
л′]? Калі ёсць, то якой
літарай яны абазначаюцца на пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае дзеянне прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Лць.
(Лячыць.)
ВЕРШ
Добры дзень
“Добры
дзень” у хату
Нашу запрашаем,
Песні беларускія
Разам паспяваем.
Ля асінак тонкіх
Ой, цячэ крынічка,
Поіць беларусаў
Чыстаю вадзічкай.
Ля крынічкі звонкай
Салавей клякоча,
Хмара праплывае,
Бліскае, грукоча.
Слухае крыніца,
Слухаюць асінкі.
Цалуюць зямліцу
Цёплыя дажджынкі.
Паспявалі гэту.
Дык пачнём другую
Пра старонку слаўную,
Мілую такую.
Сёння ў вёсцы свята:
Ураджай сабралі,
Цёплаю парою
Дружна працавалі.
Іграе гармонік,
Скрыпка выцінае.
Павучок на павуцінцы
Ціха падлятае.
Восень залатая
Прыйшла, завітала.
Караваем свежым
Нас пачаставала.
-- Добры дзень, -- ад душы
Добрым людзям скажам.
Са сцяблінак залатых
Для іх снопік звяжам.
Аляксей Якімовіч
М м [м], [мיִ]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гукі [м], [мיִ].
2. Назавіце першыя гукі ў наступных
словах:
а) муха, мора;
б) міна, метр.
3. Якой літарай яны
абазначаюцца на пісьме? (М.)
4. Запомніце словы з гукамі [м], [мיִ], якія сустрэнуцца
вам у казцы “Важнае правіла”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Важнае правіла
Стаяў месяц май. На ўсе лады
спявалі, перасвістваліся птушкі. На лавачцы сядзелі заяц Шарачок і мураш Рыжык.
-- А я ўчора за малюнак на
ўроку дзясятку атрымаў, -- паведаміў Шарачок. – Мяне доўга хваліў настаўнік
барсук Паласацік.
-- Што ж ты намаляваў? –
пацікавіўся Рыжык.
-- Мядзведзя. Як ён мёд
нясе, -- прамовіў заяц.
-- Мабыць, добры малюнак
атрымаўся ў цябе, -- сказаў мураш.
Шарачок апусціў галаву і
цяжка ўздыхнуў.
-- Пасля гэтага аднакласнікі
чамусьці мінаюць мяне, з халадком адносяцца. А я хачу, каб яны мяне паважалі.
-- Павагу трэба заслужыць,
-- заўважыў Рыжык.
Шарачок ускочыў з лаўкі.
-- Я заслужыў! Я мядзведзя з
мёдам намаляваў! Я мастак! Я самы лепшы мастак! Я так і заявіў сваім
аднакласнікам.
-- Цяпер мне ўсё зразумела.
Атрымаўшы за малюнак дзясятку, ты стаў задавацца. Вось і адвярнуліся ад цябе
аднакласнікі , -- прагаварыў мураш.
Заяц моўчкі паглядзеў на
мураша і паківаў галавою.
-- Не ведаеш, што цяпер
рабіць? – запытаўся ў зайца Рыжык.
-- Не ведаю, -- шчыра
прызнаўся Шарачок.
-- Важнае правіла запомні,
сусед: атрымаеш добрую адзнаку – радуйся, але не задавайся, -- падказаў Рыжык.
-- І тады аднакласнікі
стануць паважаць мяне? – прамовіў Шарачок.
-- Думаю, што пасябруюць яны
з табою, -- абнадзеіў Шарачка Рыжык.
-- Назавіце ў казцы словы,
якія пачынаюцца з літары “м”.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Вадкае, а не вада, белае, а
не снег. (Малако.)
Сам драўляны, а галава
жалезная. (Малаток.)
Семсот муляроў змуравалі дом
без вуглоў. (Мурашкі.)
Ходзіць над намі дагары
нагамі. (Муха.) [2, “Загадкі
Рапановіча”, стар. 325, 333, 349, 353].
Для даведкі: муляр --
той, хто будуе з цэглы ці каменю.
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
У муравейніку жывуць
Каля пня старога.
Не чапайце тую хатку.
Іх там вельмі многа. (Мураўі.)
Аляксей Якімовіч
Яна пявуча льецца.
А можа і грымець,
Маланкаю імкліваю
Ўгару можа ляцець.
(Музыка.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце
і назавіце патрэбнае слова.
Пахвалілася дарога:
-- І ў мяне ёсць хвост.
Яго называюць
Чамусьці словам “…” (мост).
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць слова
“дзяцінства”? (Маленства.)
• Вы нешта робіце ручным спосабам. Як можна
назваць такую працу? (Майстраваць.)
• Якому значэнню адпавядае слова “мажны”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) рослы, поўны, дужы;
б) схільны рабіць дабро;
літасцівы, спачувальны, чалавекалюбівы. (Міласэрны.) [1, “Тлумачальны слоўнік”,
стар. 196, 212].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“мець Бога ў сэрцы"? (Быць сумленным, чулым да другіх, шкадаваць другіх.)
[4, c. 175, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце
першы гук у слове “мець”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Малым пачалося, а
вялікім скончылася.
Масла з вадою не
змяшаеш.
Меней гавары – болей
пачуеш.
Мяняць дабро на дабро
не спяшайся.
Свеціць, месяц, грэе, ды,
не. (Месяц свеціць, ды не грэе.) [3,
“Прыказкі Янкоўскага”, стар. 234, 235].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Мядзведзяня гуляла з мядзведзіцай.
Мышка ў мельніцы малола муку.
Мельнік Максім купіў у краме
мэблю.
Мы-мы-мы – вакол стаяць
дамы.
Мі-мі-мі – вядро з сабой
вазьмі.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “М”, як мне здаецца,
падобна на дзве гары, якія стаяць побач. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы,
а затым прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Абмок, як (плашч, масляк, баравік).
Асунуўся, як (мех, лодка, мяч).
Блішчыць, як (сонца, зорка, месяц).
Вялікі, як (мора, возера, рака).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Мужчынка.
Маё вам шанаванне!
Дзеткі мае, галубяткі мае!
Мой ты каласок!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Макулатура – 1)
непрыгодная папера, кнігі, што ідуць у перапрацоўку. 2) перан. Пра бяздарныя літаратурныя творы. [1, стар. 197, 204].
Маскарад – баль,
вечар, на які прыходзяць у масках і асобых касцюмах [1, стар. 197, 204].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(М)..атор, (м)..орква, (м)..есца, с(м)..ала, кар(м)..іць.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “м”
да слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць маму.
• Складзіце слова з першых гукаў слоў “махаць”, “арбуз”,
“трымаць”, “чакаць” (матч)
і з наступных літар: м, р, ь, а, ц, е (мераць).
• Назавіце першы гук у слове “матч” і першую
літару ў слове “мераць”.
• Назавіце тры словы з літарай “м”.
• Адніміце
два склады са слова “маркотны”
(сумны, невясёлы). Якое новае слова вы прачытаеце? (Кот.) Ці ёсць у гэтых словах гукі [м, м′]? Калі ёсць, то якой літарай яны абазначаюцца на пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае прымету прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Маны.
(Магутны.)
ВЕРШ
Маё багацце
Ёсць багацце ў мяне –
Беларуская мова.
Гадавала, люляла
Яе кожнае слова.
Тваё дзеканне, мова,
Нібы песня, гучыць,
Ад дзядоў праз стагоддзі
Звонкай птушкай ляціць.
Бачу тыя мясціны,
Дзе стваралася ты.
Час той боскі, дзівосны
Для мяне залаты.
З тваім яканнем, мова,
Жыў заўжды і жыву,
На зямлі маіх продкаў
Жыцця нітку праду.
Сябры ў госці прыходзяць,
Вясна лашчыць, чаруе.
На бярозцы зялёнай
Зноў зязюля кукуе.
Люблю аканне слухаць.
Яно наша, маё.
Мама змалку вучыла:
-- Беражы, сын, сваё.
З пашы гнаў я кароўку
У спартыўным трыко,
Потым з хлебам духмяным
З кубка піў малако.
“Парасон”, -- вымаўляю.
Бачу дожджыка кроплі.
У садку, што за хатай,
Нашы грушы намоклі.
“Палазы”, -- кажу ціха.
Сані гучна рыпяць.
А сняжынкі, бы іскрынкі,
У белым полі зіхацяць.
Як крынічкі, льюцца словы.
А крынічак гэтых шмат.
Нашы прашчуры стварылі
Незвычайны, дзіўны сад.
Не старэе наша мова,
Як і сонца за акном.
Разам з ёю пабудуем
Беларускі светлы дом.
Аляксей Якімовіч
Н н [н], [нיִ]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гукі [н], [нיִ].
2. Назавіце першыя гукі ў наступных
словах:
а) нага, норка;
б) непаседлівы, нізіна.
3. Якой літарай яны
абазначаюцца на пісьме? (Н.)
4. Запомніце словы з гукамі [н], [нיִ], якія сустрэнуцца
вам у казцы “Колькі незабудак?”
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Колькі незабудак?
Непадалёку ад сцяжынкі на
нізенькай лавачцы сядзеў заяц Шарачок. Да яго наблізіўся мураш Рыжык і
прагаварыў:
-- На яблыні тры галіны.
-- На вялікай ці на малой? –
вырашыў удакладніць Шарачок.
-- На вялікай, -- адказаў
Рыжык.
-- Няпраўда! – запратэставаў
заяц. Ён добра ведаў, што на вялікай яблыні шмат галін.
Мураш незадаволена
паморшчыўся і зноў прагаварыў:
-- Паслухай да канца,
нецярпячка.
-- Кажы. Так і быць.
Паслухаю, -- насупіўся Шарачок.
Рыжык кашлянуў і пачаў з
самага пачатку:
-- На яблыні тры галіны. На
кожнай галіне па тры незабудкі. Колькі ўсяго незабудак на яблыні?
Шарачок крыху падумаў і
запытаўся:
-- Незабудкі – гэта кветкі?
-- Прыгожыя кветкі, --
сказаў Рыжык і дадаў, напомніў зайцу: -- Колькі ўсяго незабудак на яблыні?
-- Тры галіны… Тры незабудкі
на кожнай… Дзевяць незабудак на яблыні, -- падлічыў Шарачок.
-- Н-не! – усклікнуў мураш і
засмяяўся.
Шарачок усхапіўся з лаўкі і
ўсклікнуў:
-- Незабудкі на яблыні не
растуць! Зусім забыўся я!
Шаноўныя сябры, Шарачок
усё-ткі ўспомніў, што незабудкі на яблыні не растуць. А вы не забыліся, з якога
гука пачынаецца слова “незабудкі”?
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Бяжыць – скрыпіць, стаіць –
маўчыць. (Новы бот.)
Паміж двух свяціл я
пасярэдзіне адзін. (Нос.)
Прыйшоў госць ды пад лаўку
шусь. (Ногі.)
Два кальцы, два канцы,
пасярэдзіне цвік. (Нажніцы.)
Не мора, а хвалюецца. (Ніва.) [2, “Загадкі Рапановіча”, стар.
317, 321, 326, 346].
Для даведкі: слова
“лаўка” тут ужываецца ў значэнні “лава”. Гэта шырокая дошка на чатырох ножках.
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Цёмна на дварэ.
Птушкі даўно спяць.
Раніцай прачнуцца,
Зноў будуць спяваць.
Аляксей Якімовіч
• Як мы называем гэты час сутак? (Ноччу.)
Затапіла луг і поле,
Лясок заліло.
Цёмнай ноччу нечакана
Да нас яно прыйшло. (Навадненне.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце
і назавіце патрэбнае слова.
Я прыйшоў у хату,
Прысеў пасля дарогі,
Сёння нахадзіўся.
Стаміліся … (ногі).
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць слова “дзесьці”?
(Недзе.)
• Вы спяклі тонкі блін з прэснага пшанічнага
цеста. Як ён называецца? (Наліснік.)
• Якому значэнню адпавядае слова “наўмысна”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) з пэўнай мэтай, з
намерам;
б) найбольш кароткай
дарогай, напрасцяк. (Нацянькі.) [1, “Тлумачальны слоўнік”,
стар. 222, 223].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“не браць у рот"? (Не піць, не есці, не ўжываць
чаго-небудзь.) [4, c. 202, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце
першы гук у слове “не”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
На адным услоне ўсе
не сядуць.
На вуліцу смецця з
хаты не вынось.
На вярбе грушы не
растуць.
На людзей крыўдаваць
– толькі сабе замінаць.
Звяглівага, бойся, не,
куслівага, бойся, а. (Не бойся
звяглівага, а бойся куслівага.) [3, “Прыказкі Янкоўскага”, стар. 235, 236,
238].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Насця навучылася скакаць на
адной назе.
Ніна праз акно глядзіць на
двор.
Надзея, Ніна і Несцер каля
нас пасадзілі рабіну.
Надзея і Несцер прыехалі з
Нясвіжа.
Вада цячэ не з экрана, а з
крана.
Ні-ні-ні – пасядзім на пні.
Не-не-не – бяжы да мяне.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “Н”, як мне здаецца,
падобна на планку для скачкоў. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым
прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Далёка, як (да горада, да
лесу, да неба).
Едзе, як (назаўтра, трэба, дамоў).
Есць, як (заяц, нехаця, без апетыту).
Тонкія, як (кусты, ніткі, вяроўкі).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Нізка кланяюся!
Усяго найлепшага!
Добры вечар вам! Ці рады вы нам?
З Новым годам!
На ката пацягушкі, а на дзеці растушкі.
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Нататка -- кароткі запіс аб чым-небудзь.
Натацыя -- павучанне, вымова [1, c. 221]
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(Н)..ра, (н)..род, (н)..ізкі, кі(н)..уць, (н)..ове(н)..ькі.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “н”да
слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць Ніну.
• Складзіце слова з першых гукаў слоў “накіраваць”, “Омск”,
“саліць” (нос) і з наступных
літар: н, к, к, і, я, с, п, е (някепскі).
• Назавіце першы гук у слове “нос” і першую
літару ў слове “някепскі”.
• Назавіце тры словы з літарай “н”.
• Адніміце
адзін склад са слова “нізка”. Якое
новае слова вы прачытаеце? (Ніз.)
Ці ёсць у гэтых словах гукі [н, н′]? Калі ёсць, то якой літарай яны
абазначаюцца на пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае назву прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Нўп.
(Натоўп.)
ВЕРШ
Баравіна і нізіна
Як памешчык,
Баравіна
Паглядае
На нізіну.
Не сябруе
Баравіна
З нізкай,
Нізенькай
Нізіна.
Аляксей Якімовіч
Для даведкі: баравіна
– высокае месца, там, дзе бор, хваёвы лес.
О о [о]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [о].
2. Назавіце другі гук у
словах “восень”, “горача”.
3. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме? (О.)
4. Запомніце словы з гукам [о], якія сустрэнуцца вам у казцы “Чок-чок…”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Чок-чок…
Заяц Шарачок і мураш Рыжык
стаялі на сунічнай палянцы, залітай сонечным святлом.
“Чок-чок, чок-чок…” –
данеслася з ускрайку палянкі. Здавалася, хтосьці нябачны на флейце меладычна
зайграў.
-- Чуеш? – прыслухаўшыся,
звярнуўся Рыжык да Шарачка.
-- Вядома, чую. Дрозд чорны
спявае, -- адказаў Шарачок.
-- Ого! – са здзіўленнем
вырвалася ў мураша.
-- Ты са мною не згодзен? –
запытаўся заяц.
Рыжык пакруціў галавою.
-- Не згодзен.
-- Лічыш, што гэта не дрозд
чорны, а нейкая іншая птушка?
-- Лічу, што іншая, --
адказаў Рыжык.
-- Уважліва паслухай! Зараз
ён зноў заспявае! – прамовіў Шарачок і, выцягнуўшыся ў струнку, гукнуў: --
О-го-го!..
“Чок-чок, чок-чок…” –
паплыло над палянкай.
-- Дрозд чорны мяне
паслухаўся, адгукнуўся! – узрадаваўся Шарачок.
Рыжык скрывіўся, нібыта
з’еўшы горкага.
-- Гэта не дрозд!
“Цыррэ-чок-чок,
цыррэ-чок-чок, цыррэ-чок-чок…” – меладычна прагучала паблізу.
-- Цяпер дрозд чорны
па-іншаму заспяваў. Ён так умее. Яго ў оперу можна браць, -- абвясціў Шарачок.
-- Не, гэта не дрозд! – тупнуў лапкай мураш.
-- Дрозд! – запярэчыў заяц. –
Апярэнне ў яго чорнае, а дзюба жоўтая.
-- Калі б ён цяпер прыляцеў
сюды, то пабачылі б, якое ў яго апярэнне, -- сказаў Рыжык.
-- О-го-го!.. – гукнуў
Шарачок, падклікаючы нябачнага пеюна.
“Чок-чок, чок-чок, чок-чок…”
– адазваўся з кустоў пяюн, а праз хвіліну з’явіўся. Пакружыўся над палянкай і
сеў на пень. Апярэнне ў яго было чорнае, а дзюба жоўтая.
-- А я табе што казаў! –
зірнуўшы на Рыжыка, як пераможца, усклікнуў Шарачок.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Поле шкляное, а межы
драўляныя. (Акно.)
Без сякеры і цвікоў збудаваны
круглы дом. (Гняздо.)
Не лёгкае і не цяжкае, а
праз хату не перакінеш. (Пяро.)
Без крылаў, а ляціць, без
языка, а гаворыць. (Пісьмо.) [2, “Загадкі Рапановіча”, стар.
323, 331, 340, 360, 366].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
У памяшканне гэта
З усяго свету
Прыходзяць пісьмы,
Пасылкі і газеты. (Пошта.)
Аляксей Якімовіч
Ён заўжды падкажа,
Хто яго паставіў,
Хто сваё імя
Зганьбіў ці праславіў.
(Подпіс.)
Аляксей Якімовіч
Праз яго заўжды гляджу
Са сваёй кватэры.
Мне яно патрэбна,
Як і нашы дзверы. (Акно.)
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць спалучэнне
слоў “вялікімі колькасцямі”? (Оптам.)
• Вам даручылі пафарбаваць сцяну прыроднай
фарбай жоўтага колеру. Як яна называецца?
(Охра.)
• Якому значэнню адпавядае слова “ордэр”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) пісьмовы загад,
распараджэнне, дакумент на выдачу або атрыманне чаго-небудзь;
б) урачысты верш, прысвечаны
якой-небудзь значнай падзеі або асобе. (Ода.)
[1, “Тлумачальны слоўнік”, стар. 226, 227].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“няма чаго"? (Не варта, няма сэнсу.) [4, c. 221, ”Фразеалагічны
слоўнік”].
• Назавіце
чацвёрты гук у слове “чаго”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Казала ліха, што не быць
дабру, але не датрымала само.
Крывое кола на сябе гразь
кідае.
Лёгка прыйшло – лёгка і з рук сышло.
Ой, ці бачыш,
Мікалаю, як я жыта падсяваю?
Але, было, смачна, дно,
блізка. (Смачна было, але блізка дно.)
[3, “Прыказкі Янкоўскага”, стар. 225, 230, 256, 282, 333].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
Для даведкі: рады не
дамо – не можам справіцца, зрабіць так, як хочацца.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Мікола прыйшоў у офіс.
Фрол і Пятрок купілі ў краме
сок.
У агародчыку расце мой
гарох.
Оля залезла на стог.
Ой-ой-ой – гэты коцік мой.
Ох-ох-ох – на балоце стог.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “О”, як мне здаецца,
падобна на абруч. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым прывітайце
правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Белы, як (сажа, малако, лес).
Белы, як (гальштук, нітка,
палатно).
Барада, як (крапіва, памяло, вінаград).
Круглы, як (стол, бервяно, ліст).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Добры дзень!
З аўторкам вас!
Хлеб-соль! – Просім есці!
Добры вечар добрым
людзям!
-- Як маешся, як жа вы там
жывеце? – От, то бокам, то скокам.
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Ода – урачысты верш,
прысвечаны якой-небудзь значнай падзеі або асобе.
Оптыка – раздзел
фізікі, які вывучае з’явы і ўласцівасці святла [1, c. 226].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
Гар(о)..х, (о)..х, м(о)..ст, (о)..рдэн, мар(о)..зны.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “о”
да слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць Вольгу.
• Складзіце слова з апошніх гукаў слоў “было”, “стой” (ой) і з наступных літар: д, о, с, п, а, р
(падрос).
• Назавіце першы гук у слове “ой” і пятую
літару ў слове “падрос”.
• Назавіце тры словы з літарай “о”.
• Адніміце
тры склады са слова “вынаходнік”. (Ход.)
Якое новае слова вы прачытаеце? Ці ёсць у гэтых словах гукі [о]? Калі ёсць, то якой літарай яны абазначаюцца на пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае назву прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Оа.
(Опера.)
ВЕРШ
Свеціць сонейка
Свеціць з неба сонейка,
Росачкі збірае,
Хмаркі белагрывыя
Імі напаўняе.
Пацяжэлі хмаркі,
Віснуць над зямлёю,
Утварыўшы ў небе
Возера з вадою.
Сонца яшчэ свеціць,
Дзівіцца, смяецца.
Ведае, што возера,
Плюхнуўшы, пральецца.
Дожджыкам вясёлым
Пырсне на палеткі,
Памочыць травіцу
І на лузе кветкі.
Ручаёчкі жвавыя
У лагчыну панясуцца,
Неўзабаве там усе,
Як адзін, збяруцца.
Свеціць з неба сонейка,
Росачкі збірае.
Спёкай дыхае зямля,
Дожджыка чакае.
Аляксей Якімовіч
П п [п], [пיִ]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гукі [п], [пיִ].
2. Назавіце першыя гукі ў наступных
словах:
а) паехаць, плыць;
б) песня, пісаць.
3. Якой літарай яны
абазначаюцца на пісьме? (П.)
4. Запомніце словы з гукамі [п], [пיִ], якія сустрэнуцца
вам у казцы “Пяць дзён”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Пяць дзён
-- Пералічы пяць дзён па
парадку, -- аднаго разу прапанаваў зайцу Шарачку мураш Рыжык.
-- Панядзелак, аўторак, --
пачаў лічыць Шарачок.
-- Не так, не так! –
перапыніў зайца мураш.
-- А як трэба лічыць? –
насупіўся Шарачок.
-- Пералічы пяць дзён па
парадку, не называючы назваў дзён, -- удакладніў Рыжык.
-- Першага, другога, --
па-іншаму пачаў лічыць заяц.
-- Не так! Не так! – зноў
перапыніў зайца мураш.
-- Растлумач, як мне трэба
лічыць, -- папрасіў сябра Шарачок.
-- Пералічы пяць дзён па
парадку, не называючы назваў дзён і датаў, -- растлумачыў Рыжык.
-- Хіба так можна пералічыць
пяць дзён па парадку? – не паверыў Шарачок.
-- Можна, -- запэўніў
Шарачка Рыжык. – Толькі спачатку добра падумай.
Шарачок пастаяў, падумаў і
стаў лічыць:
-- Пазаўчора, учора…
-- Ты здагадаўся, як можна
пералічыць пяць дзён па парадку! – усклікнуў Рыжык.
А Шарачок не зважае, лічыць:
-- Сёння, заўтра…
-- І паслязаўтра! – не
вытрываў Рыжык. “Разумнік мой сябар. Хутка справіўся з гэтым няпростым
заданнем”, -- паглядзеўшы на Шарачка, адзначыў ён.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Дзесяць пальцаў, а ногцяў
няма. (Пальчаткі.)
Пяць братоў у адну ноч
нарадзіліся, і ўсе з адным імем. (Пальцы.)
Два браты адзін на аднаго
глядзяць, а разам не сыдуцца. (Падлога
і столь.)
Жалезны нос у зямлю ўрос. (Плуг.)
Зубы вострыя мае, дробна
жуе, а не глытае. (Піла.) [2, “Загадкі
Рапановіча”, стар. 317, 321, 326, 327, 327].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Мы не птушкі, а ляцім,
Калі заспяваюць.
Многім нашы словы
Настрой паднімаюць. (Песні.)
Аляксей Якімовіч
Хоць не рыба, а плыве
Хутка і умела.
Не баіцца ён вады.
Ў ваду скача смела. (Плывец.)
Аляксей Якімовіч
Прыносіць
пісьмы і газеты.
З радасцю яго чакаем.
Калі бачым, што ідзе,
Дзверы адчыняем. (Паштальён.)
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць словы
“”асобна”, “не разам”, “па адным”? (Паасобку.)
• Вы падрыхтавалі брус, на які кладзецца
падлога. Як ён называецца? (Падваліна.)
• Якому значэнню адпавядае слова “падкасаць”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) завярнуўшы, ссунуць уверх,
закасаць;
б) падвесці вынікі. (Падсумаваць.)
[1, “Тлумачальны слоўнік”, стар. 229, 230].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“перад (самым) носам”? (Зусім побач, вельмі блізка.) [4, c. 240, “Фразеалагічны
слоўнік”].
• Назавіце
першы гук у слове “перад”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Па нітачцы клубок
знаходзяць.
Памыляцц – памыляйся,
але не часта.
Пісьменнаму і кнігі ў
рукі.
Плётку ў адно вуха
ўпусці, а ў другое выпусці.
На, садзіцца, пчала, кветку,
любую. (Пчала на любую кветку
садзіцца.) [3, “Прыказкі Янкоўскага”, стар. 248, 249, 250, 251, 252].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Паўз дарогі Пятрусь пасадзіў
прысадкі.
Пракоп ішоў пад парасонам.
Жабка схавалася пад
Петрусёву шапку.
Пры плоце расла ліпка.
Прыгожа малююць Прохар і
Платон.
Пі-пі-пі – святлом не
асляпі.
Па-па-па – сядзім ля снапа.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “П”, як мне здаецца,
падобна на перакладзіну для падцягвання. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы,
а затым прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Зямля, як (гліна, попел, туман).
Танцуе, як (плыве, гаворыць, спявае).
Лезе, як (сарока, певень на плот, качка).
Лёгкі, як (камень, гарбуз, пух).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
З панядзелкам вас!
Прывітанне!
Спор у працу!
Пухам дарожка! –
Дзякуй.
Пацягушанькі, на леся
парастушанькі.
Птушанятка маё
маленькае!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Паводле – згодна з чым-небудзь. Паводле паведамленняў газет.
Падручнік – кніга для
абучэння чаму-небудзь. Падручнік па беларускай мове.
Партфель – чатырохвугольная закрытая сумка, у якой
носяць кнігі, паперы.
Педагог – той, хто займаецца выкладчыцкай і
выхаваўчай працай (напр., настаўнік).
Пенал – каробачка для
хавання ручак, алоўкаў, пер’яў.
Пераклад – тэкст, перакладзены з адной мовы на
другую. Пераклад з польскай мовы.
Пераплёт – цвёрдыя вокладкі ў кнізе, сшытку.
Пластылін – незасыхаючая маса з гліны і воску, з
якой вылепліваюць розныя фігуры.
Правіла – 1)
палажэнне, якое выражае тую або іншую заканамернасць. Правілы правапісу. 2) Пастанова, якая абавязвае захоўваць пэўны
парадак пры выкананні чаго-небудзь. Правілы
паводзін для вучняў. 3) Нормы
паводзін, прывычка. Маё правіла – рана
ўставаць [1, стар. 228,
230, 240, 245, 246, 252, 258, 259].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(П)..едаль, у(п)..асці, (п)..ртрэт,
высы(п)..аць, (п)..іяніна.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “п”да
слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць Паўла.
• Складзіце слова з другіх гукаў слоў “спаць”, “мост”, “браць”,
“атрымаць” (порт) і з наступных
літар: п, н, ц, і, т, э (пінцэт).
• Назавіце першы гук у слове “порт” і першую
літару ў слове “пінцэт”.
• Назавіце тры словы з літарай “п”.
• Адніміце
адзін склад са слова “пакасіць”.
Якое новае слова вы прачытаеце? (Касіць.)
Ці ёсць у гэтых словах гукі [п, п′]? Калі ёсць, то якой літарай яны
абазначаюцца на пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае назву прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Пда.
(Прырода.)
ВЕРШ
Хацеў узяць
Туман шэры над балотам
Разаслаўся і вісіць.
Я хацеў яго рукою,
Нібы коўдру, узяць, схапіць.
Не узяў, не удалося.
У кусты уцёк, паплыў.
Толькі пальцы, як здалося,
Напаследак памачыў.
На кустах, як слёзы Бога,
Кроплі цяжкія вісяць.
Сонца выйдзе, і на неба,
Як іскрынкі, паляцяць.
Ля сцяжынкі утравелай,
Дзе шырокая рака,
Птушка гучна закрычала,
Прывітала дзівака.
Аляксей
Якімовіч
Р р [р]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [р].
2. Назавіце першы гук у
словах “рука”, “рыжы”.
3. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме? (Р.)
4. Запомніце словы з гукам [р], якія сустрэнуцца вам у казцы “Ручаёк”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Ручаёк
У гэты дзень на дварэ ішоў
дождж. Заяц Шарачок і мураш Рыжык сядзелі ў хаце.
-- Давай пабудуем ручаёк са
слоў, -- прапанаваў Шарачку Рыжык.
-- Хіба можна пабудаваць
ручаёк са слоў? – здзівіўся Шарачок.
-- Можна. Спачатку падбярэм
слова, у якім гук “р” будзе першы, потым
– другі, потым – трэці, -- пачаў тлумачыць Рыжык.
-- Потым – чацвёрты? –
здагадаўся заяц.
-- Так! – усміхнуўся мураш.
– Кожны з нас свій ручаёк пачне будаваць.
-- У каго выйдзе даўжэйшы,
той і выйграе? – усклікнуў Шарачок.
-- Той і выйграе, -- кіўнуў
галавою Рыжык.
-- Спачатку ты назаві першае
слова, -- папрасіў Шарачок.
-- Рот, -- назваў першае
слова Рыжык.
Шарачок падумаў і таксама
назваў слова, якое пачынаецца з гука “р”:
-- Рыба.
-- Краіна – назваў другое
слова Рыжык.
-- Край, -- сказаў Шарачок.
-- Народ, -- назваў трэцяе
слова Рыжык.
-- Мара! – усклікнуў
Шарачок.
-- Адпраўка, -- назваў
чацвёртае слова Рыжык.
Задумаўся Шарачок. Не
ўспомніць слова, у якім гук “р” знаходзіцца на чацвёртым месцы. Можа, вы
дапаможаце Шарачку, успомніце падобнае слова? Вось яно, толькі наадварот
напісанае: артса. (Астра.)
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Дзірак многа, а вылезці няма
куды. (Рыбацкая сетка.)
Новая пасудзіна, а ўся ў
дзірках. (Рэшата.)
Дыхае, расце, а хадзіць не
можа. (Расліна.)
Круглая, ды не гарбуз, з
хвастом, ды не мыш. (Рэпа.)
Без языка, а крычыць, ніхто
яго не бачыць, а ўсякі чуе. (Рэха.)
[2, “Загадкі Рапановіча”, стар. 327, 331, 341, 343, 356].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Мяне цэняць, паважаюць.
Я пішу, пішу, пішу
Словы, лічбы на паперы.
На паліцы не ляжу. (Ручка.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце
і назавіце патрэбныя словы.
На дварэ завіруха,
Мяцеліца, сцюжа.
А ў цёплым парніку
Расцвітае … (ружа).
Аляксей Якімовіч
Зялёны беражок,
На беражку – авечка.
Бляе яна старанна:
-- Глыбокая тут … (рэчка)!
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць слова
“сумесна”? (Разам.)
• Вам трэба ўскапаць градку на агародзе?
Што для гэтага патрэбна? (Рыдлёўка.)
• Якому значэнню адпавядае слова “ранжыр”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) пастаноўка людзей па
росту ў адну шарэнгу;
б) месца, дзе высечаны лес;
расчыстка. (Расцяроб.) [1, “Тлумачальны
слоўнік”, стар. 281, 282].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“раз (і) назаўсёды”? (На ўвесь час.) [4, c. 251, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце
першы гук у слове “раз”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Рабі, што хочаш, але
глядзі, што выйдзе.
Раз кветак не было,
то і яблыкаў не чакай.
Рукі пабрудзіш –
вадою абмыеш, душу пабрудзіш – і мылам не адмыеш.
Рэшатам вады не
наносіш.
Абівае, птушачка, расу,
рана. (Рана птушачка расу абівае.) [3, “Прыказкі
Янкоўскага”, стар. 252, 253, 254].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Да рысі прыбегла рысянятка.
На дрэве тры разы каркнула
варона.
Аграном Рома рушыў у дарогу.
Рыгорка з Рагачова зарагатаў.
Грыбы не грабуць граблямі.
Ра-ра-ра – дождж лье як з
вядра.
Рэ-рэ-рэ – добра на дварэ.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “Р”, як мне здаецца,
падобна на ветразь на мачце. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым
прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Маўчыць, як (камар,
мядзведзь, рыба).
Паўзе, як (рак, барсук, воўк).
Сціх, як (костку праглынуў,
вады ў рот набраў, вінаваты).
Чырвоны як (рамонак, фасоля,
ружа).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Поўны сеткі рыбы!
Рыбна вам!
Ручнічком дарога
(дарожка)!
Вялікі расці!
А татачка ты мой родненькі!
Праўданька, маманька,
праўданька, родная!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Раздзел – 1)
раздзяленне. Зрабіць раздзел маёмасці.
2) Частка тэксту, кнігі. У другім раздзеле брашуры [1, стар. 279].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(Р)..асці, (р)..ухацца, за(р)..адка,
наг(р)..эць, т(р)..убка.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “р”
да слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць Радзівона.
• Назавіце тры словы з літарай “р”.
• Складзіце слова з другіх гукаў слоў
“кратаць”, “вуліца”, “схапіць” (рух)
і з наступных літар: р, а, ь, э, ц, з (рэзаць).
• Назавіце першы гук у слове “рух” і першую
літару ў слове “рэзаць”.
• Адніміце
адзін склад са слова “парасон”. Якое
новае слова вы прачытаеце? (Пара.) Ці ёсць у гэтых словах гукі
[р]? Калі ёсць, то якой літарай яны абазначаюцца на пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае прымету прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Рны.
(Радасны.)
ВЕРШ
Варона без парасона
Кар-кар-кар,
Кар-кар-кар…
Не люблю я цёмных хмар.
Закрычала так варона,
Бо была без парасона.
Кар-кар-кар…
Аляксей Якімовіч.
С с [с], [сיִ]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гукі [с], [сיִ].
2. Назавіце першыя гукі ў наступных
словах:
а) сук, сто;
б) сястра, сіла.
3. Якой літарай яны
абазначаюцца на пісьме? (С)
4. Запомніце словы з гукамі [с], [сיִ], якія сустрэнуцца
вам у казцы “Без слёз плача”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Без слёз плача
Аднаго дня заяц Шарачок і
мураш Рыжык сядзелі каля хаты на лаўцы.
-- Што без слёз плача? –
запытаўся ў Шарачка Рыжык. Ён любіў задаваць розныя пытанні, кемлівасць сябра
часта правяраў.
-- Магчыма, пакрыўджаны
вецер, -- адказаў Шарачок і скоса паглядзеў на Рыжыка.
Рыжык абапёрся аб спінку
лаўкі і зноў запытаўся:
-- А яшчэ хто без слёз
плача?
“Не ведаю”, -- хацеў сказаць
Шарачок, але з адчыненага акна хаты, якая стаяла насупраць, данесліся гукі
скрыпкі.
-- Барсук Паласацік іграе,
цешыцца, -- заўважыў Рыжык.
-- Прыгожа іграе. Здаецца,
слухаў бы і слухаў бы гэтую цудоўную музыку, -- адазваўся Шарачок.
На ўсю моц заіграла скрыпка,
зазвінела, засмяялася.
Сонца выглянула з-за хмаркі,
усміхнулася, тонкастволая бярозка лісцікамі перастала шапацець, сцішылася.
-- Чуеш, Шарачок, чуеш? –
усхвалявана прамовіў Рыжык.
-- Радасць цяпер перапаўняе
Паласаціка, -- зазначыў заяц.
Сярдзіта заіграла скрыпка.
Шарачку здалося, што чмель каля самага вуха загудзеў.
-- Вось як выцінае! –
пахваліў барсука Рыжык і ўстаў з лаўкі. Стаіць, уважліва слухае музыку
скрыпача.
А скрыпка, здалося Шарачку,
стала жаліцца, на свой нялёгкі лёс наракаць.
-- Я ведаю, што без слёз
плача, -- сказаў Шарачок.
А вы, сябры, ведаеце, што
без слёз плача?
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Крылаў не маю, а хутка
лятаю, сам мяне выпусціш, ды потым не зловіш. (Слова.)
Без зубоў, а есць. (Сякера.)
Гарыць дубок – ані жару, ані
попелу. (Свечка.)
Ляжыць – маўчыць, а возьмеш
– заплача. (Скрыпка.)
Пад адным капелюшом чатыры
браты жывуць. (Стол.) [2, “Загадкі
Рапановіча”, стар. 320, 324, 325, 329, 331].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Над дамамі, над лясамі
Ён цяпер ляціць.
У салоне пасажыры.
Імі даражыць. (Самалёт.)
Аляксей Якімовіч
Ён вусаты,
Але не ходзіць.
Жыве ў вадзе,
Там час праводзіць. (Сом.)
Аляксей Якімовіч
У
ім мы пішам словы, сказы
На уроках, дома.
У
чыстым ранцы яго носім.
Беражом, вядома. (Сшытак.)
Аляксей Якімовіч
• Назавіце
патрэбнае слова.
Сонца выйшла і пячэ,
Хоць стаіць яно высока.
Адбірае усю сілу,
Мучыць мяне … (спёка).
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць слова “ўсюды”? (Скрозь.)
• Вам патрэбны жалезныя вілы для накідвання
і разбіўкі гною. Як яны называюцца? (Сахор.)
• Якому значэнню адпавядае слова “сажалка”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) штучны вадаём;
б) даўней: шырокае верхняе
жаночае адзенне. (Салоп.) [1, “Тлумачальны слоўнік”, стар. 296, 297, 300].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“свету паглядзець (пабачыць)”? (Пажыць інакш, пабыць у невядомых краях.) [4, c. 263, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце
першы гук у слове “кіснуць”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Сам не ўмееш слухаць
– другога не прымусіш.
Свет не без добрых
людзей.
Сілком адабраць
можна, а даць – не.
Сораму ў кішэню не
схаваеш.
Праходзіць, святы, хутка,
дзень. (Святы дзень хутка
праходзіць.) [3, “Прыказкі Янкоўскага”, стар. 254, 255, 256].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Сымон смяецца, а сарока
стракоча.
Стог сена паклалі на калёсы.
Суседзі Сцяпан і Саня разам
возяць сена.
Сева і Савасцян прыехалі ў
Слонім.
Сняжана і Сева ішлі па
сцяжынцы.
Сяргей прынёс Сцяпану вялікі
кавалак сала.
Са-са-са – тоўстая каса.
Сы-сы-сы – не было расы.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “С”, як мне здаецца,
падобна на паўмесяц у небе. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым
прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Ліпкі, як (смала, цукар, мёд).
Сакоча, як (варона, сарока, салавей).
Баіцца, як (конь аўса, сабака мух, карова сена).
Барада белая, як (папера,
сліва, снег).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Сакалок, сакалочак мой!
Дзякуй табе, голубе, за
добрае слова.
А мае ж вы саколікі!
Спорна вам!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Сапернік – той, хто
імкнецца апярэдзіць, перамагчы каго-небудзь, дабіваючыся адной і той жа мэты.
Сваволіць –
весяліцца, забаўляцца, дурэць. Дзеці
сваволяць. 2) Рабіць так, як захочацца. Даць
вымову за тое, што сваволіў на працы [1, стар. 299, 301].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(С)..адок, (с)..уддзя, (с)..нег,
па(с)..ыпаць, напі(с)..аць.
• Падбярыце
адпаведнае слова з літарай “с”да слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць Свету.
• Складзіце слова з другіх гукаў слоў “псаваць”, “думка”, “смак”
(сум) і з наступных літар: с, і, ы, в,
л (слівы).
• Назавіце першы гук у слове “сум” і першую
літару ў слове “слівы”.
• Назавіце тры словы з літарай “с”.
• Адніміце
адзін склад са слова “салавей”. Якое
новае слова вы прачытаеце? (Сала.)
Ці ёсць у гэтых словах гукі [с, с′]? Калі ёсць, то
якой літарай яны абазначаюцца на пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае дзеянне прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Сць.
(Сеяць.)
ВЕРШ
Нябесныя агні
Сняжынкі са сняжынкамі
Гуляюць ў вышыні.
Прыгожыя на сонцы
Нябесныя агні.
Над лугам, над ляском,
Як зорачкі, ляцяць.
То ўніз яны апусцяцца,
То ўгору узляцяць.
Гляджу на іх, любуюся,
Рукою ім махаю.
«Як цёпла на душы!» --
З пяшчотай вымаўляю.
Аляксей Якімовіч
Т т [т]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [т].
2. Назавіце першы гук у
словах “тата”, “торт”.
3. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме? (Т.)
4. Запомніце словы з гукам [т], якія сустрэнуцца вам у казцы “Тры пажаданні”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Тры пажаданні
Выйшаў заяц Шарачок на двор
і гучна чхнуў.
Тут як тут мураш Рыжык.
-- Што здарылася, сусед?
Магчыма, захварэў ты? – занепакоіўся.
-- Учора на ветры пастаяў.
Вось і прастудзіўся крыху, -- паведаміў Шарачок і зноў гучна чхнуў.
-- Будзь здаровы як дуб, --
на гэты раз пажадаў зайцу мураш.
Шарачок паглядзеў на магутны
волат-дуб, які стаяў непадалёку, і ўсміхнуўся.
-- Добрае пажаданне прыдумаў
ты.
“Так, гэтае пажаданне
някепскае”, -- падумаў Рыжык і пахваліўся:
-- Я яшчэ два добрыя
пажаданні ведаю.
-- Што ты мне цяпер
пажадаеш? – пажвавеў Шарачок. На хвілінку ён нават пра сваю прастуду забыўся.
-- Будзь здаровы як вада, --
пажадаў мураш і ўважліва паглядзеў на сябра, чакае, што скажа ён.
-- Так, так, -- два разы паўтарыў Шарачок. – Выдатнае
пажаданне ў цябе атрымалася. Вада сапраўды заўжды здаровая. Толькі зімою ў люты
мароз замярзае яна.
“І гэтае пажаданне яму
спадабалася”, -- здагадаўся Рыжык і трэці раз пажадаў:
-- Будзь здаровы як камень.
Шарачок акінуў позіркам
наваколле і ўсміхнуўся. Сёння тры цудоўныя пажаданні пачуў ён ад Рыжыка.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Ад рання да ночы на полі
стракоча. (Трактар.)
Арэ – гудзіць, стаіць –
маўчыць. (Трактар.)
Без ніякага страху і гора
пралятае рэкі і мора. (Самалёт.)
На страсе жораў сядзіць, у
хаце на стале скрынка стаіць, у пакоі святло патушана, а ўвесь свет відаць. (Тэлевізар.) [2, “Загадкі Рапановіча”,
стар. 365, 366, 369].
Адзін лье, другі п’е, трэці
зелянее ды расце. (Дождж, зямля, трава.)
Едзе кошка на шасці ножках,
сама сёмая. (Тыдзень.) [5,
“Загадкі Грынблат”, стар. 40, 52].
Для даведкі: жораў –
журавель.
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
З музыкай сябруе,
Пары ўмела кружыць.
Заўсёды ў настроі,
Ніколі не тужыць. (Танец.)
Аляксей Якімовіч
Гэта паведамленне
Па правадах прыйшло.
У кватэры нашай
Хутка нас знайшло. (Тэлеграма.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце і ўстаўце патрэбнае слова.
Радасна ў кватэры.
Сёння у нас свята.
Ордэн атрымаў
Мой любімы … (тата).
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць слова
“неабходна”? (Трэба.)
• Вам трэба прымацаваць парусінавую
стрэшку, пад якой хаваюцца ад сонца ці дажджу. Як яна называецца? (Тэнт.)
• Якому значэнню адпавядае слова “тайфун”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) вецер вялікай
разбуральнай сілы;
б) цвёрды і бліскучы
каштоўны камень рознай афарбоўкі. (Тапаз.) [1, “Тлумачальны слоўнік”,
стар. 322, 323, 331]
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“трымаць сябе ў руках”? (Умець стрымацца.) [4, c. 284, “Фразеалагічны
слоўнік”].
• Назавіце
першы гук у слове “трымаць”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Так сабе нічога не
бывае.
Такі ж, але горшы.
Тое дорага, што
нялёгка даецца.
Трапіў у нерат – ні
ўзад, ні ўперад.
Нахіліцца, трэба, з, каб,
напіцца, ручая (Трэба нахіліцца, каб з
ручая напіцца.) [4, “Прыказкі Янкоўскага”, стар. 258, 259, 260].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
Для даведкі: нерат – конусападобная
прылада, якою ловяць рыбу. Яе сетка нацягнута на абручы.
СКОРГАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Толя і Таня памылі талеркі.
Тук-тук. Так пастукаў Толя.
Трахім, Трыфан і Трышка
сустрэлі Таццяну.
Трактар затарахцеў.
Трактарыст Трыфан сеў у
трактар.
Ту-ту-ту – аддалі кату.
Та-та-та – у лесе любата.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “Т”, як мне здаецца,
падобна на антэну на даху дома. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым
прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Без солі, як (цыбуля, буряк,
трава).
Ідзе, як (назаўтра трэба, заяц, прачнуўшыся).
Гаворыць, як (у торбу кладзе, працуе, спіць).
Галасок, як (агеньчык, тоненькі валасок, іголка).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
З тройцай вас!
Будзьце жывы, здаровы! –
Жыві ты з Богам.
Мой ты дзядзюхна!
Родны татухна!
Татулечка мой
родненькі!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Туш – чорная ці каляровая вадкая фарба для
малявання альбо чарчэння.
Тытульны ліст –
старонка ў пачатку кнігі, дзе надрукаваны яе загаловак ці назва [1, стар. 330, 331].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(Т)..абліца, (т)..абурэтка, рас(т)..аць,
(т)..анцаваць, падрас(т)..аць.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “т”да
слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць тату.
• Складзіце слова з другіх гукаў слоў “стаць”, “суд”, “стрымацца”
(тут) і з наступных літар: т, е, а, а, л,
к, р (талерка).
• Назавіце першы гук у слове “тут” і першую
літару ў слове “талерка”.
• Назавіце тры словы з літарай “т”.
• Адніміце
два склады са слова “бібліятэка”.
Якое новае слова вы прачытаеце? (Біблія.)
Ці ёсць у гэтых словах гукі [т]? Калі ёсць, то якой літарай яны абазначаюцца на
пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае прымету прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Ты.
(Тоўсты.)
ВЕРШ
Ясеў стук
Малаточкам тук-тук-тук…
Вы пачулі Ясеў стук?
Тату ён дапамагае:
Цвік у дошку забівае.
Тук-тук-тук,
Тук-тук-тук…
Аляксей Якімовіч.
У у [у]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [у].
2. Назавіце першы гук у
словах “упрыгожыць”, “улезці”.
3. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме? (У.)
4. Запомніце словы з гукам [у], якія сустрэнуцца вам у казцы “Слова ў слове”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Слова ў слове
-- А я ўмею знаходзіць слова
ў слове, сустрэўшыся на ўзлеску з мурашом Рыжыкам, пахваліўся заяц Шарачок.
-- Як гэта ў цябе выходзіць?
– уставіўся на Шарачка Рыжык.
-- У слове “ўзрыты” я магу
знайсці слова!.. – узнёсла прагаварыў заяц.
-- Якое слова? – не вытрываў
мураш.
-- Слова “ты”, -- сказаў
Шарачок і ўвесь аж засвяціўся, быццам узнагароду атрымаў.
-- А яшчэ ў якім слове ты
можаш знайсці іншае слова? – хочацца ведаць Рыжыку.
-- У слове “ўзварухнуць” я
знайшоў слова “рух”, -- урачыста паведаміў Шарачок.
-- Вельмі цікава ты
прыдумаў! – з захапленнем паглядзеўшы на Шарачка, усклікнуў Рыжык.
-- У слове “ўдача” я знайшоў
слова “дача”, -- усміхнуўся заяц.
-- Добра, вельмі добра. Ты
сапраўдны вынаходнік, -- пахваліў сябра мураш.
-- А ў слове “ўказка”
знайшоў слова “казка”. Вось так! – зноў усміхнуўся Шарачок.
-- Словы “ўзрыты”,
“узварухнуць”, “удача”, “указка” з аднаго і таго ж гука пачынаюцца, -- зазначыў
Рыжык.
-- Ведаю! – усклікнуў
Шарачок.
А вы ведаеце, з якога гука
пачынаюцца словы “ўзрыты”, “узварухнуць”, “удача”, “указка”?
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Шэсць ног, дзве спіны і адна галава. (Чалавек у
крэсле.)
Поўны падпечак чырвоных яечак. (Жар у
ямцы.)
Спераду грэе, а ззаду вее. (Горан у
кузні.)
Сядзіць дзядок – на хату
гарбок. (Крук у сцяне.) [2,
“Загадкі Рапановіча”, стар. 323, 331, 334].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Крылы ў нас.
Ляцім, ляцім…
З вышыні
На вас глядзім. (Птушкі.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце і назавіце патрэбныя словы.
Зялёныя вушкі,
Чырвоненькі бачок.
Грэецца на градцы
Тоўсты … (бурачок).
Аляксей Якімовіч
Раненька устаўшы.
Ёй гэта няцяжка.
Мурашнік рамантуе
Рыжая … (мурашка).
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць словы “бедны”,
“няшчасны”? (Убогі.)
• Раней нашы продкі часта займаліся ткацкай
справай: папярочныя ніткі яны перапляталі з прадоўжнымі ніткамі (асновай). Як
яны называліся? (Уток.)
• Уверадзіць. Якому значэнню адпавядае гэта слова? Выберыце з
двух варыянтаў:
а) ператаміць працай;
б) зрабіць больш буйным. (Узбуйніць.)
[1, “Тлумачальны слоўнік”, стар. 333, 334, 337].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“увайсці ў сябе”? (Стаць замкнутым, негаваркім.) [4, c. 288, Фразеалагічны
слоўнік”].
• Назавіце
першы гук у слове “увайсці”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Узяліся ў бокі і
пайшлі ў скокі.
Уночы ўсе каты шэрыя.
Усё чалавеку трэба,
аднаго ліха не трэба.
Учарашняга дня не
вернеш.
Не, у, чужую, залезеш, душу.
(У
чужую душу не залезеш.) [3,
“Прыказкі Янкоўскага”, стар. 261, 262, 263].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Да дзеда Уладзіміра прыбегла
ўнучка Ульяна.
Улетку сонца ўсходзіць
раней, чым узімку.
Ульяна ўвосень збірае
журавіны.
Павярнулі ўлева, потым
управа.
У руку ўсыпаў не крупу, а
муку.
Ух-ух-ух – мы прыйшлі на
луг.
Ул-ул-ул – данёсся з лесу
гул.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “У”, як мне здаецца,
падобна на сучок. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым прывітайце
правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Вёрткі, як (мядзведзь, сук, уюн).
Стаў, як (малы, жук, укопаны).
Носяцца, як (не еўшы, угарэлыя, браты).
Сказаў, як (учора, у сук уляпіў, сусед).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Добрага ранку!
Сакалінага лёту!
Удачы!
Час добры на дарогу!
Усяго добрага!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Укладальнік – аўтар; той, хто складае што-небудзь. Укладальнік слоўніка.
Урок – 1) вучэбны час
(звычайна 45 мін.), прысвечаны асобнаму прадмету. Урок беларускай мовы. 2) Вучэбная работа, якую задае настаўнік вучню
для таго, каб вучань падрыхтаваўся да наступных заняткаў. Вывучыць урокі [1, стар. 334, 336].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(У)..скочыць, (у)..борка, прыд(у)..маць,
в(у)..ч(у).., (у)..важліва.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “у”да
слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць Ульяну.
• Складзіце слова з другіх гукаў слоў “мука”, “схаваць” (ух) і з наступных літар: у, а, ь, т, ц, с
(устаць).
• Назавіце тры словы з літарай “у”.
• Убегчы. Адніміце з гэтага слова адзін склад. Якое новае
слова вы прачытаеце? (Бегчы.) Ці ёсць
у гэтых словах гукі [у]? Калі ёсць, то якой літарай яны абазначаюцца на пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае назву прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Уод.
(Уваход.)
ВЕРШ
Наш храм
Я заходжу ў храм.
У храме тым бачу словы
Нашай добрай, пявучай,
Людзьмі створанай мовы.
Мовы нашай Радзімы,
Беларускай зямлі.
Як зярняткі калоссяў,
Спелі тут на раллі.
Шмат стагоддзяў яны
У светлым храме жывуць,
Іншы раз, каб пачулі,
Салавейкам пяюць.
Нашы прашчуры дбайна
Будавалі той храм.
Ён стаіць перад намі,
Ён аддадзены нам.
Плылі цёмныя хмары,
Гром грымеў звар’яцелы.
На пагорку высокім
Бачу храм уцалелы.
Я заходжу ў храм,
Я на мове малюся.
Я жыву з табой, храм,
Я табой ганаруся.
Кажу беларусам,
Маім землякам.
Беражыце здабытае,
Не разбурайце храм.
Аляксей Якімовіч
Ў [ў]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [ў].
2. Назавіце апошні гук у
словах “стаў”, “выкапаў”.
3. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме? (ў.)
4. Запомніце словы з гукам [ў], якія сустрэнуцца вам у казцы “Нібы песенька”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Нібы песенька
Ідзе заяц Шарачок па
сцяжынцы і ўсё паўтарае:
-- Быў – плыў, леў – спеў,
даў – стаў…
Падбег да яго мураш Рыжык і
сказаў:
-- Нібы вясёлая песенька,
гучаць у цябе словы.
-- Такую песеньку я сам
прыдумаў, -- пахваліўся заяц і гукнуў ледзь не на ўвесь лясок: -- Быў – плыў,
леў – спеў, даў – стаў!..
І мурашу захацелася скласці
гэткую песеньку.
-- Давай разам прыдумаем
падобныя словы, -- прапанаваў ён.
-- Давай. Разам будзе яшчэ
весялей, -- пагадзіўся Шарачок.
-- Мыў, -- сказаў Рыжык.
-- Плыў, -- адразу ж
падхапіў Шарачок.
-- Знайшоў! – усклікнуў
мураш.
-- Прыйшоў! – падабраў
патрэбнае слова заяц.
-- Зноў, -- прагаварыў
Рыжык.
-- Арлоў, -- прамовіў
Шарачок.
Сябры абняліся і пакрочылі
па сцяжынцы, вымаўляючы нараспеў:
-- Мыў – плыў, знайшоў –
прыйшоў, зноў – арлоў.
А вы назавіце, калі
ласка, апошні гук у словах “быў – плыў,
леў – спеў, даў – стаў, мыў – плыў, знайшоў – прыйшоў, зноў – арлоў”.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Каля пралому белыя галубы
сядзяць. (Зубы ў роце.)
Два браты ўцякаюць, а два даганяюць, але ж ні
пярэднія не могуць уцячы, ні заднія дагнаць. (Колы ў калёсах.)
Стаіць ваўчок, абсмалены
бачок. (Засланка ў печы.)
Увайшла пані ў сад, ды не
выйшла назад. (Рыба ў сетцы.) [2,
“Загадкі Рапановіча”, стар. 319, 326, 334, 351].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Заўжды ў хатцы ён жыве.
Поўз да грушы і спыніўся.
З кожным так бывае:
Паспяшаўся і стаміўся.
(Смоўж.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце
і назавіце патрэбныя словы.
Не клявала рыба.
У рацэ яго улоў.
З вудаю пад пахай
Крочыць … (рыбалоў).
Аляксей Якімовіч
Выйшаў на палянку.
Шмат на ёй грыбоў.
Можа, мне паклікаць
З косамі … (касцоў)?
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць слова
“ўсхапіўся”? (Ускочыў.)
• Вам прапанавалі надрукаваць тэкст з
нахілам, падобны на рукапісны. Як ён называецца? (Курсіў.)
• Якому значэнню адпавядае слова “лейтматыў”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) асноўная, кіруючая думка,
якая неаднаразова паўтараецца і падкрэсліваецца;
б) група людзей, аб’яднаных
агульнай працай, агульнымі інтарэсамі. (Калектыў.) [1, “Тлумачальны слоўнік”,
стар. 145, 180, 187].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“у пер’е ўбрацца”? (Стаць на свае ногі, абжыцца.) [4, c. 296, “Фразеалагічны
слоўнік”].
• Назавіце
першы гук у слове “ўбрацца”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Што двор, то нораў.
Яшчэ той не нарадзіўся, каб
усім дагадзіў.
Дзе сеў, там і прыкіпеў.
Што зарабіў, тое і сцерабіў.
Сякеры, каваль, без, шавец,
ботаў, без, а. (Каваль без сякеры, а шавец без ботаў.) [3,
“Прыказкі Янкоўскага”, стар. 270, 275, 279, 281, 289].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
Для даведкі: тут
слова “нораў” ужываецца ў значэнні “свае асаблівасці”. Сцерабіў – з’еў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Шмат збаноў стаяла каля касцоў.
Еўсцігней і Аўсей пасябравалі.
Аўтаінспектар спыніўся каля Яўсея.
Яўхім ніколі не жыў у Аўстраліі.
Еў-еў-еў – у звярынцы леў.
Оў-оў-оў – шмат прыгожых слоў.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “ў”, як мне здаецца, падобна на сучок,
над якім узнялася пярынка. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым
прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Белы свет, як (макаў цвет, невядомае, дом).
Ведаць, як (дарогу, варону,
свае пяць пальцаў).
Вырваў, як (з зямлі, з воўчых зубоў, з пня).
Многа, як (у лесе дроў, людзей у вёсцы, гусей на падворку).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Бывай здароў!
Ці жыў, ці дуж? – Нічога, хвала Богу. Як ты?
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Пазваніў – паведаміў аб тым, што закончыўся
ўрок.
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
Знайшо..(ў), будава..(ў), по..(ў)ны, во..(ў)к, здаро..(ў)е.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “ў”да
слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць лаўку.
• Складзіце слова з апошніх гукаў слоў “сход”, “краіна”, “гартаў”
(даў)
і з наступных літар: я, ў, у, ц, а, к (уцякаў).
• Назавіце трэці гук у слове “даў” і шостую
літару ў слове “уцякаў”.
• Назавіце тры словы з літарай “ў”.
• Адніміце
адзін склад са слова “бацькоўскі”.
Якое новае слова вы прачытаеце? (Бацькоў.) Ці ёсць у гэтых словах гукі
[ў]? Калі ёсць, то якой літарай яны абазначаюцца на пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае дзеянне прадмета. Якой літарай яно заканчваецца?
Зоў.
(Знайшоў.)
ВЕРШ
Пры дарозе…
Пры дарозе, пратаптанай
Тысячамі ног,
Два сляпыя вымаўлялі:
-- Вось каб хто нам дапамог!
Белы свет хацелі ўбачыць,
Сваіх блізкіх і сяброў.
І прасілі, і ўздыхалі
На каленях зноў і зноў.
Іісус, Сын Божы,
Просьбу іхнюю пачуў.
А яшчэ душой і сэрцам
Гэты боль прыняў, адчуў.
Ён рукою дакрануўся
Да сляпых, хворых вачэй.
І прапала ўраз хвароба,
Як нядобры, люты змей.
Цуд адбыўся нечакана
На вачах многіх людзей.
І цяпер мы часта просім:
-- Госпадзе, прыйдзі хутчэй!
Аляксей Якімовіч
Ф ф [ф], [фיִ]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гукі [ф], [фיִ].
2. Назавіце першыя гукі ў наступных
словах:
а) факел, фота;
б) фехтаваць, фінік.
3. Якой літарай яны
абазначаюцца на пісьме? (Ф.)
4. Запомніце словы з гукамі [ф], [фיִ], якія сустрэнуцца
вам у казцы “Старт і фініш”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Старт і фініш
Неяк заяц Шарачок і мураш
Рыжык гулялі на ўзлеску.
-- Я хачу быць дужым і
лоўкім, -- прызнаўся Шарачок.
-- А фельдмаршалам ты не
хочаш быць? – засмяяўся Рыжык.
-- Жартуеш? – пакрыўдзіўся
заяц.
-- Канешне, жартую, --
прамовіў мураш.
Шарачок з палёгкаю ўздыхнуў.
-- Фу-у!.. А мне здалося,
што пацяшаешся з мяне.
-- Каб быць дужым і лоўкім,
трэба… -- пачаў Рыжык.
-- Фігурным катаннем
займацца! – падхапіў заяц. Гэтаю зімою да іх прыязджалі фігурысты, цудоўна
выступілі ў ляску.
-- Не абавязкова, -- сказаў
Рыжык.
-- Я яшчэ адзін від спорту
ведаю! – усклікнуў Шарачок. – Ён называецца фехтаванне! Давай запішамся ў
фехтавальны гурток.
-- Няма ў нашым ляску
фехтавальнага гуртка, -- напомніў сябру Рыжык. – Каб быць дужым і лоўкім, трэба
кожны дзень займацца фізкультурай.
-- Значыць, мы з табою
будзем фізкультурнікамі? – пажвавеў заяц.
-- Будзем, калі пажадаем.
Шарачок выцягнуўся ў струнку
і адрапартаваў, як сапраўдны фізкультурнік:
-- Фізкультпрывет!
-- Фізкультпрывет! – адказаў
Рыжык і кіўнуў галавою, паказаўшы на сцяжынку, якая вяла ў глыб ляска. – Зараз
мы з табою да павароткі сцяжынкі прабяжымся.
-- Чаму да павароткі? –
вырвалася ў Шарачка. Не чакаў ён, што цяпер, з гэтай хвіліны, з мурашом пачне
займацца фізкультурай.
-- Бо там наш фініш, --
растлумачыў Рыжык.
-- А тут наш старт?
-- А тут наш старт, --
прагаварыў Рыжык і прыгнуўся, падрыхтаваўся да забегу.
НАРОДНАЯ ЗАГАДКА
Дваццаць два чалавекі за
мною бегаюць, у вароты хочуць забіць; як заб’юць, адзінаццаць радуюцца, а іншыя
адзінаццаць сумуюць. (Футбольны
мяч.)
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Паруснае судна.
Тры мачты яно мае.
Па парусах надзьмутых
Вецер прабягае. (Фрэгат.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце
і назавіце патрэбнае слова.
Бегае вавёрка,
На месцы не сядзіць.
Боцікі купіла.
Цяпер у іх … (фарсіць.)
Аляксей Якімовіч
На сцяне малюнкі.
Фарбамі нанеслі.
Яны ля самай столі.
Высока людзі лезлі. (Фрэскі.)
Аляксей Якімовіч
• Як называюцца малюнкі, нанесеныя на сцяну
вадзянымі фарбамі?
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць словы
“няпраўда”, “хлусня”? (Фальш.)
• Вам прапанавалі пафарбаваць верхнюю
частку акна. Як яна называецца? (Фрамуга.)
• Якому значэнню адпавядае слова “фаліянт”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) тоўстая кніга вялікага
памеру;
б) перадавая ўмацаваная
пазіцыя. (Фарпост.) [1,
“Тлумачальны слоўнік”, стар. 339, 341].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў “гэта не факт”? (Нешта магло не быць, бо няма
доказу.)
• Назавіце
першы гук у слове “факт”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Фашысты высока
масціліся, ды нізка зваліліся.
Фашысты да нас – як
рыба ў нерат: ні ўзад, ні ўперад.
Фурман добры, але
коні не вязуць.
Фарсун, што і носа
крукам не дастаць.
Не, фарсуна, пазнаеш,
адразу. (Фарсуна не адразу пазнаеш.) [3, “Прыказкі
Янкоўскага”, стар. 45, 199, 337].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
Для даведкі: фарсун
любіць выхваляцца чым-небудзь.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Падфутболіць футбольны мяч.
Фрося купіла ў Фядоры шклянку фасолі.
Да Фаіны прыйшла Фрося.
Фокуснік Фелікс купіў новыя туфлі.
У фургоне ляжала Фролава фанера.
Хведар – футбаліст з Фаніпаля.
Фа-фа-фа – новая страфа.
Фе-фе-фе – напішу ў графе.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “Ф”, як мне здаецца,
падобна на вочы філіна. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым
прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Людзей, як (у пакоі, на фэсце, на агародзе).
Лёгкае, як (камень, фата, трава).
Надзейна, як у (пакоі,
класе, футляры).
Для даведкі: фэст --
вялікае свята, якое праводзілі людзі, сабраўшыся ў населеным пункце.
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
З фінішам вас!
Добрага футболу!
Фазанаў вам!
Жадаю хутчэй вярнуцца з фронту!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Факультатыўны –
неабавязковы, які даецца на выбар.
Фарба – 1) каляровае
рэчыва, якім афарбоўваюць што-небудзь. 2) Колер. Мяккія фарбы восені.
Фінал – заключная частка, канец.
Фініш – заключная
частка спартыўнага спаборніцтва. 2) Канечны пункт дыстанцыі пры спартыўных
спаборніцтвах [1, стар. 339, 340, 344].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(Ф)..ара, (ф)..акел, (ф)..ура, (ф)..ігура, (ф)..іялетавы.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “ф”да
слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць фазана.
• Складзіце слова з першых гукаў слоў “філе”, “інструмент”,
“нарваць”, “трымаць” (фінт
– у спорце: падманны рух) [1, c. 345] і з наступных
літар: ф, р, а, а, б (фарба).
• Назавіце першы гук у слове “філе” і першую
літару ў слове “фарба”.
• Назавіце тры словы з літарай “ф”.
• Адніміце
тры склады са слова “фатаграфаваць”. Якое новае слова вы
прачытаеце? (Фата.) Ці ёсць у
гэтых словах гукі [ф, ф′]? Калі ёсць, то якой літарай яны абазначаюцца на
пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае назву прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Ферк. (Феерверк.)
ВЕРШ
Факел, фабрыка,
фармуляваць,
Фільтраваць, фінансаваць.
Нашу мову
вывучаю,
Разам з брацікам
чытаю.
Аляксей Якімовіч
Х х [х], [хיִ]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гукі [х], [хיִ].
2. Назавіце першыя гукі ў наступных
словах:
а) хата, холад;
б) хітры, хістацца.
3. Якой літарай яны
абазначаюцца на пісьме? (Х)
4. Запомніце словы з гукамі [х], [хיִ], якія сустрэнуцца
вам у казцы “Не ходзіць”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Не ходзіць
У гэты дзень заяц Шарачок і
мураш Рыжык сядзелі пад зялёнай хваінкай. Па дарозе пастух гнаў на луг кароў.
Няспешна ідуць каровы. Час
ад часу б’юць хвастамі па баках, адганяючы надакучлівых мух. Пастух гучна
шчоўкае пугай.
-- Чаму пастух пугу носіць?
– неспадзявана запытаўся ў Шарачка Рыжык.
Шарачок аж хіснуўся. Не
чакаў ён гэткага пытання.
Рыжык уважліва паглядзеў на
суседа.
-- Чаму носіць?
“Хітры ты, браце. Маю
кемлівасць хочаш праверыць, няйначай”, -- падумаў заяц і вырашыў перавесці
гаворку на іншае:
-- Нядаўна я пазнаёміўся з
адным хлебаробам…
-- Потым раскажаш пра
хлебароба, -- нахмурыўся мураш. – Цяпер на маё пытанне адкажы.
-- Не ведаю, як адказаць на
тваё пытанне, -- хрыпла прамовіў Шарачок.
-- А ты падумай, добра
падумай! – хутка-хутка прагаварыў Рыжык. Вельмі хочацца яму правільны адказ
пачуць ад Шарачка.
-- Ха-ха-ха… – гучна
засмяяўся Шарачок.
-- Чаго рагочаш? –
пацікавіўся ў Шарачка Рыжык.
-- Я здагадаўся, чаму пастух
пугу носіць! – паведаміў Шарачок.
-- Чаму? – вырвалася ў
Рыжыка.
-- Бо яна сама не ходзіць,
-- адказаў Шарачок і зноў гучна засмяяўся: -- Ха-ха-ха…
Рыжык крыху падзівіўся на
сябра і таксама засмяяўся на ўвесь голас:
-- Ха-ха-ха…
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Воўны клачок, дрэва сучок і
саломы пучок. (Хамут.)
Без рук, без ног узлез на
дрэва. (Хмель.)
Па моры ідзе, ідзе, а да
берага дойдзе – тут і прападзе. (Хваля.)
Не ткачыха, а адзявае; не
шавец, а абувае; не гаспадыня, а корміць; не чараўніца, а цуды робіць. (Хімія.) [2, “Загадкі Рапановіча”, стар.
325, 340, 362, 370].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Плывуць яны
Над намі, уверсе,
Гляджу на іх, гадаю:
На якім жывуць паверсе? (Хмары.)
Аляксей Якімовіч
Вельмі дужымі бываюць.
Узнімаюць караблі.
Нясуць будынкі, разбураюць
На ўзбярэжжы, на зямлі. (Хвалі.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце і назавіце патрэбнае слова.
Мае вокны, мае дзверы,
Мэблі там багата.
Часта ўспамінаецца
Бацькоўская … (хата).
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць словы
“беспарадак” “неразбярыха”? (Хаос.)
• Вам трэба пасадзіць расліну, якая ўецца
вакол дрэўца. Як яна называецца? (Хмель.)
• Якому значэнню адпавядае слова “хаджалы”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) аб чалавеку: бывалы;
б) добры, які ўдаўся на
славу. (Хвацкі) [1,
“Тлумачальны слоўнік”, стар. 349, 350].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“хварэць на пана”? (Доўга спаць, вылежвацца, ленавацца.) [4,
c. 303, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце
першы гук у слове “хварэць”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Хадзі простаю
сцежкаю, то не заблудзіш.
Хітрэйшы за ўвесь
свет не будзеш.
Хоць блізка, але пад
нагамі слізка.
Хто спяшаецца, той
перарабляе.
Шукае, хто, знаходзіць, той.
(Хто шукае, той знаходзіць.) [3, “Прыказкі
Янкоўскага”, стар. 263, 264, 267].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Хрыстафор прывёз хамяка.
Харытон – хакеіст з Хоцімска.
Хрысціна ўзяла хустку і выйшла з хаты.
Квактуха ходзіць каля хаты і квохча.
Ха-ха-ха – прыгожая страха.
Хі-хі-хі – злез са страхі.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “Х”, як мне здаецца,
падобна на козлы, якія дапамагаюць утрымліваць бервяно. Вачыма старанна
напішыце яе на дошцы, а затым прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Дапаможа, як (лекар, певень,
кашаль хваробе).
Накінуўся, як (верабей,
галодны на хлеб, ліса).
Шчасця, як (у казы хвост, у мядзведзя мёду, каровы
малака).
Войска, як ( былінка, гара, хмара).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Хадзі да мяне, мой
каточак!
Добры вечар у хату!
Хлеб ды соль! –
Садзіся, госцем будзеш.
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Характарыстыка –
апісанне якасцей, уласцівасцей, дадатных і адмоўных бакоў чаго-небудзь,
каго-небудзь
Харэй – двухскладовая
вершаваная стапа з націскам на першым складзе [1, стар. 350].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(Х)..олад, (х..)імія, ды..(х)аць,
со(х)..нуць, су(х)..і.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “х”да
слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць хату.
• Складзіце слова з першых гукаў слоў “хістацца”, “Іна”, “багаты”
(хіб – пярэдняя частка хрыбта ў свіней) [1,
c. 350] і з наступных літар: х, с, а, т, к, у (хустка).
• Назавіце першы гук у слове “хіб” і першую
літару ў слове “хустка”.
• Назавіце тры словы з літарай “х”.
• Адніміце
адзін склад са слова “пахадзіць”.
Якое новае слова вы прачытаеце? (Хадзіць.)
Ці ёсць у гэтых словах гукі [х, х′]? Калі ёсць, то
якой літарай яны абазначаюцца на пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае дзеянне прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Хіць.
(Хіхікаць.)
ВЕРШ
На зямлю прыйшоў
Вялікдзень…
На
зямлю прыйшоў Вялікдзень.
Уваскрос Хрыстос святы.
Гэты дзень для праваслаўных
Незвычайны, залаты.
Ён
збірае людзей у храмах,
Ён
частуе за сталом,
Ён
надзеяй і натхненнем
Напаўняе кожны дом.
Ісус учора быў далёка.
Сёння блізка, разам з намі.
Ён
заўсёды малады,
Не
старэе Ён з гадамі.
Мае светлую душу.
Многіх Ён абараніў.
Узышоўшы на Галгофу,
Ён
прызнанне заслужыў.
Ён
ва ўсіх куточках свету,
Размаўляюць людзі з Ім,
Самым важным, што хвалюе,
Дзеляцца, як са сваім.
--- --- --- --- --- --- --- --- --- ---
Памаліцца трэба,
Папрасіць нам хлеба,
Папрасіць вадзічкі
З
чыстае крынічкі.
Аляксей Якімовіч
Ц ц [ц], [цיִ]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гукі [ц], [цיִ].
2. Назавіце першыя гукі ў наступных
словах:
а) цар, цукар;
б) церці, цяжка.
3. Якой літарай яны
абазначаюцца на пісьме? (Ц.)
4. Запомніце словы з гукамі [ц], [цיִ], якія сустрэнуцца
вам у казцы “Перасцярог”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Перасцярог
Цёплым вясеннім днём вось
якую гісторыю расказаў зайцу Шарачку мураш Рыжык.
У аднаго гаспадара быў
вартаўнік. Гаспадару трэба было ехаць у горад, але вартаўнік перасцярог яго,
сказаў, што будзе крушэнне цягніка. І сапраўды, на другі дзень крушэнне цягніка
адбылося. Гаспадар пацікавіўся ў вартаўніка:
-- Адкуль ты ведаў, што
будзе крушэнне?
-- Я спаў і сніў гэта, --
адказаў вартаўнік.
Гаспадар падзякаваў
вартаўніку за перасцярогу, узнагародзіў яго па-царску і выгнаў з працы.
-- У той жа самы дзень? –
ціха прамовіў Шарачок. Яму чамусьці стала шкада гэтага вартаўніка.
Мураш кіўнуў галавою і
запытаўся ў Шарачка:
-- Чаму гаспадар выгнаў з
працы вартаўніка?
Заяц прайшоўся па сцяжынцы і
стаў пад цяністай бярозкай.
-- Мабыць, не цаніў ён
свайго вартаўніка.
-- Да гэтага цаніў, --
заўважыў Рыжык.
-- А можа, можа… Я, відаць,
здагадаўся, -- няўпэўнена прагаварыў Шарачок.
-- Дык кажы хутчэй, не
цягні. Чаму гаспадар выгнаў з працы вартаўніка?
-- Бо вартаўнік спаў, --
нарэшце адказаў Шарачок.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Без костачкі, без жылачкі –
адзін састаў і той устаў. (Цеста.)
У сярэдзіне белае, а зверху
чырвонае. (Цыбуля.)
Уцячы – не ўцячэш, падняць –
не падымеш. (Цень.) [2, “Загадкі Рапановіча”,
стар. 325, 353, 364].
Хоць ён побач ідзе, а рукамі
не возьмеш. (Цень.)
Белы, як снег, салодкі, як
мёд. (Цукар.)
Імчыцца абоз на сотні калёс.
(Цягнік.) [5, “Загадкі Грынблат”, стар.
49, 196, 268].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Ён цягне вагоны,
Па рэйках грукаціць,
Не стамляецца ніколі,
Як спартсмен, бяжыць. (Цягнік.)
Аляксей Якімовіч
Нас шкадуеш,
Зямлю грэеш,
Вакол ходзіш,
Як умееш. (Сонца.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце
і назавіце патрэбнае слова.
Малаточкам стукаю.
Працаваць прывык.
У дошку забіваю
Металічны … (цвік).
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць словы “бура”,
“ураган”? (Цыклон.)
• Вам трэба начарціць круг. Што вы для
гэтага выкарыстаеце? (Цыркуль.)
• Якому значэнню адпавядае слова “цокаль”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) металічная частка
электрычнай лямпачкі;
б) салодкая ежа,
прыгатаваная з морквы. (Цымус.) [1, “Тлумачальны слоўнік”, стар. 352, 353].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“цяжкі хлеб”? (Жыццё з цяжкаю працаю.) [4, c. 312, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце
першы гук у слове “цяжкі”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Ці з перцам, ці не з
перцам – абы было з шчырым сэрцам.
Цапам-лапам не ўсюды возьмеш.
Ціхая вада грэблі
рве.
Цягаў воўк, пацягнулі
і воўка.
Навукі, без, і, цяпер,
дояць, каровы, не. (Цяпер без навукі і каровы
не дояць.) [3, “Прыказкі Янкоўскага”, стар. 94, 165, 172, 267, 268].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
Для даведкі: цапам-лапам – сілаю, нахабствам.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Не кожны нацягне цеціва лука.
Ціт ціха падышоў да Ціхана.
Цецераня не ўцякае ад цецерука.
Цімох любіць хадзіць у цір.
Цэ-цэ-цэ – трымаю ў руцэ.
Ці-ці-ці – дамоў пара ісці.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “Ц”, як мне здаецца,
падобна на рожкі з барадою. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым
прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Здаровы, як (цвік, асіна, крэсла).
Сядзіць, як (морква, дошка, цецярук).
Прыгожая, як (радыска, цацка, арэх).
Сланяецца, бы (дзень, ноч, цень).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Мая ты цётачка, мая ты залаценькая!
Цётухна мая
міленькая!
Ці ўсе ў вас здаровыя?
Каб цябе ліха ў дарозе мінавала!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Цыркуль – інструмент для чарчэння.
Цыліндр –
геаметрычнае цела, абмежаванае дзвюмя плоскасцямі і цыліндрычнай паверхняй [1,
стар. 352].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(Ц)..энтр, (ц)..ана, выйс(ц)..і, (ц)..ёплы, крочы(ц)..ь.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “ц”да
слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць Кацю.
• Складзіце слова з першых гукаў слоў “цягнуць”, “Іван”,
“радавацца”(цір – памяшканне для
прыцэльнай стральбы) [1, стар. 352] і з наступных літар: ц, і, к, к, р, е, у (цукеркі).
• Назавіце першы гук у слове “цір” і першую
літару ў слове “цукерка”.
• Назавіце тры словы з літарай “ц”.
• Адніміце
адзін склад са слова “цэтлік”. Якое
новае слова вы прачытаеце? (Лік.) Ці
ёсць у гэтых словах гукі [ц,
ц′]? Калі ёсць, то якой
літарай яны абазначаюцца на пісьме?
Для даведкі: цэтлік -- у гутарковай мове: распіска, квітанцыя [1,
стар. 354].
• Дапішыце
слова, якое абазначае назву прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Цар.
(Цукар.)
ВЕРШ
Песенька
Цёмна за акном,
Вецер пралятае,
Маці ля дачушкі
Песеньку спявае.
Люлі, люлі, люлі…
Спі, кветка дарагая.
Цябе, маё дзіцятка,
Добры сон чакае.
Ён з табою сёння
Будзе начаваці.
Спадабалася яму
Тут, у нашай хаце.
Ён табе цудоўную
Казачку раскажа,
Зорачку дзівосную,
Як заснеш, пакажа.
Няхай ззяе зорачка,
Шлях твой асвятляе.
Няхай мілай кветачцы
Сілы прыбаўляе.
Няхай з табой шчасце
Заўжды разам крочыць,
Каб злоснае вока
Не змагло сурочыць.
Ходзіць цемра за акном,
Вецер пралятае.
Глядзіць вочкамі малая,
Зорачку шукае.
Аляксей Якімовіч
Ч ч [ч]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [ч].
2. Назавіце першы гук у
словах “частаваць”, “чысты”.
3. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме? (Ч.)
4. Запомніце словы з гукам [ч], якія сустрэнуцца вам у казцы “Чарнэшя”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Чарнэшя
-- Дай мне, калі ласка,
смешнае заданне, -- аднаго разу папрасіў
заяц Шарачок мураша Рыжыка.
-- Заданне-жарт? – вырашыў
удакладніць мураш.
-- Ты яго называеш
заданне-жарт, а я называю – смешнае заданне, -- сказаў заяц і чхнуў. Перад
гэтым, у чацвер, ён прастудзіўся.
-- Чуць-чуць хочаш
пасмяяцца? – пацікавіўся Рыжык.
-- Хачу чуць-чуць пасмяяцца,
-- ажывіўся Шарачок.
-- Калі ласка, -- прамовіў
Рыжык і напісаў на аркушы паперы: Чарнэшя.
-- Чарнэшя, -- прачытаў
Шарачок і незадаволена паглядзеў на Рыжыка: -- Я чакаў, што дасі смешнае
заданне, а ты абы што тут напісаў!
-- Не абы што. Гэта назва
ягады! – павысіў голас мураш. Вывеў яго з сябе Шарачок.
Заяц скоса паглядзеў на
мураша.
-- Такую ягаду я не ведаю.
-- А якія ягады ты ведаеш?
-- па-іншаму вырашыў пачаць Рыжык.
-- Чарніцы, -- адказаў
Шарачок.
-- А яшчэ якія?
-- Часнок.
-- Часнок – гэта агародніна!
– усклікнуў Рыжык.
Шарачок часта-часта заморгаў
вачыма.
-- Зусім ты мяне заблытаў!
-- Гэта ты мяне заблытаў! –
крыкнуў Рыжык.
-- Ты мне даў заданне!..
Калі ласка!.. Калі ласка! – нагадаў Шарачок Рыжыку і прагаварыў са здзіўленнем:
-- А я ведаю, як называецца гэтая ягада!
-- Як? – вырвалася ў Рыжыка.
-- Чарэшня, -- прамовіў
Шарачок і ўсміхнуўся.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Еду, еду – няма следу. (Човен.)
Зямля белая, насенне чорнае,
пяцёра аруць, двое глядзяць, адзін кіруе. (Чалавек
піша.)
Стаіць гусак над вадой,
трасе барадой. (Чарот.)
Хоць малая, ды дужая: з
сабой хату носіць. (Чарапаха.)
Хутка бяжыць – не дагоніш. (Час.) [2, “Загадкі Рапановіча”, стар.
318, 319, 350, 353, 364].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Мама мне купіла
Прыгожыя шорты.
Падарунак заслужыў:
Перайшоў у клас чацвёрты.
Аляксей Якімовіч
• Як называюць таго, хто перайшоў
у чацвёрты клас? (Чацвёртакласнік.)
Каля ганка увесь дзень
Ён гудзіць, лятае.
Кветка ружа тут цвіла.
Як відаць, шукае. (Чмель.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытаце
і ўстаўце патрэбнае слова.
Рэйкі роўненька ляжаць,
Нацягнуты, як струнка.
Гэта важная дарога
Не шасэ, … (чыгунка).
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць словы
“душэўны”, “шчыры”, “сардэчны”? (Чулы.)
• На металічны выраб вы наносіце пэўныя
ўзоры. Як яны называюцца (Чаканка.)
• Якому значэнню адпавядае слова “чаранок”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) у садаводстве: галінка
пладовай расліны, якая высаджваецца ў зямлю для прарастання;
б) металічны гаршчок. (Чыгун.)
[1, “Тлумачальны слоўнік”, стар. 355, 356].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“чаму не!”? (Як сцверджэнне: можна! Згода!) [4, c. 313, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце
першы гук у слове “чаму”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Чаго не згубіў, таго
не знойдзеш.
Чаго не ясі, таго і
да рота не нясі.
Чым далей у лес, тым
гусцей.
Чужым розумам не
пражывеш.
Хочаш, чаго, просіш, таго. (Чаго хочаш, таго просіш.) [4, “Прыказкі
Янкоўскага”, стар. 199, 269].
• Пабудуйце
прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Чапля і чаравікі.
Індычаняты ідуць чародкай.
Чэсь і Чэся любяць чараваць.
Чмель убачыў
чарніцы-чараўніцы.
Чайка і чапля гасцююць у
чыжа.
Да чарапахі прыляцела пчала.
Ча-ча-ча – наведалі ўрача.
Чу-чу-чу – высока палячу.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “Ч”, як мне здаецца,
падобна на лічбу “4”. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым прывітайце
правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Баіцца, як (ворага, сабакі, чорт крыжа).
Галава, як (неба, чыгунная, цяжкая).
Горка, як (на чужыне, у суседа, у полі).
Паўзе, як (вада, чарапаха, дамоў).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
У добры час!
Часцей прыязджайце!
Як ты чуешся?
Чалом кланяюся!
Для даведкі: чалом
кланяюся – нізка кланяюся.
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Чытальнік – артыст-дэкламатар.
Чытач – той, хто чытае [1, c. 357].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(Ч)..ытаць, (ч)..арніцы, но(ч).., уба(ч)..ыць, (ч)..ысты.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “ч”да
слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць качку.
• Складзіце слова з апошніх гукаў слоў “драч”, “ваза”, “намалюй”
(чай) і з наступных літар: ч, р, ы, ы, т,
а (чатыры).
• Назавіце першы гук у слове “чай” і першую
літару ў слове “чатыры”.
• Назавіце тры словы з літарай “ч”.
• Адніміце
адзін склад са слова “частаваць”.
Якое новае слова вы прачытаеце? (Часта.)
Ці ёсць у гэтых словах гукі [ч]? Калі ёсць, то якой літарай яны абазначаюцца на
пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае назву прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Чэён.
(Чэмпіён.)
ВЕРШ
Канцэрт
Зашчоўкаў салоўка,
І жаўрук азваўся.
На ускрайку лесу
Канцэрт распачаўся.
Шпак працяжна свішча,
Зязюля кукуе.
Дзяцел стукае па дрэве,
Дзюбу тут мацуе.
Бусел даўганогі
Стаіць і клякоча.
Даўгахвостая сарока
Глядзіць і стракоча.
Шэрая варона
Каркае заўзята.
Сёння у вароны
Гэты дзень як свята.
Каралёк з бярозы
Трэлі рассыпае,
Пеначка-вяснічка
Яму дапамагае.
Разышлася сойка.
«Чжээ», -- заспявала.
На узлесак птушак
Яна запрашала.
Прыгожая пліска
Галавой ківае.
Ёй здалося, што яна
Найлепей спявае.
Прыляцела ластаўка
І зашчабятала,
Самую высокую
Ноту падабрала.
Верабейка гарадскі
Спявае і скача.
У яго за горадам
Прыгожая дача.
На лясным ускрайку
Весяляцца птушкі.
Вы іх хочаце пачуць?
Настаўляйце вушкі.
Аляксей Якімовіч
Ш ш [ш]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [ш].
2. Назавіце першы гук у
словах шэсць, шалаш.
3. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме? (Ш.)
4.
Запомніце словы з гукам [ш], якія сустрэнуцца
вам у казцы “Карысная рэч”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Карысная рэч
Неяк заяц Шарачок прыйшоў да
мураша Рыжыка ў госці і пацікавіўся:
-- Што ты сёння збіраешся
рабіць?
-- Мабыць, у акно цэлы дзень
буду глядзець, прытуліўшыся да шкла. Не ведаю, чым заняцца.
-- Давай зробім якую-небудзь
карысную рэч, -- прапанаваў мураш.
-- Якую? Можа, паветраны
шар? – ажывіўся Рыжык. Яму даўно хацелася палятаць на сапраўдным паветраным
шары.
-- Вельмі ты шпаркі! –
паківаў галавою Шарачок. – Паветраны шар за дзень не зробіш. Вельмі вялікі ён.
-- А маленькі шарык за дзень
можна зрабіць? – запытаўся Рыжык.
-- Не атрымаецца ў нас. Мы
шыць не ўмеем.
-- Сапраўды, не ўмеем. На
шаўцоў мы не вучыліся, -- мусіў пагадзіцца мураш. – Можа, шахматныя фігуркі
зробім?
-- Навошта табе шахматныя
фігуркі? Мы не ўмеем гуляць у шахматы, -- запярэчыў заяц.
-- Зробім і навучымся.
Выпішам газету “Шахматыст”, -- сказаў мураш.
-- Іншае я задумаў, --
паведаміў Шарачок.
-- Якая ў цябе задума? Кажы
хутчэй, -- нецярпіцца Рыжыку.
-- Давай зробім шкатулку, --
перайшоў на шэпт Шарачок. – Шкатулка – вельмі карысная рэч. У шкатулку шмат
чаго можна пакласці.
-- Але ж я не ўмею рабіць
шкатулку, -- панурыўся Рыжык.
-- Мой дзядуля Чарныш умее!
Ён навучыць нас! – выгукнуў Рыжык. – Пабеглі да яго.
Шарачок і Рыжык выскачылі з
хаты і пабеглі да дзядулі Чарныша. Сёння яны пастараюцца, зробяць прыгожую
шкатулку.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Вярхом сядаю, на кім – не
знаю, знаёмага ўбачу – адразу саскочу. (Шапка.)
Ішоў, ішоў – дзве дарогі
знайшоў і ў абедзве пайшоў. (Штаны.)
Ноччу маўчыць, удзень
гамоніць – маці другая: дзяцей навучае. (Школа.)
Не звер, а махнатая, не
конь, а з вушамі. (Шапка.)
У хаце замярзае, а на дварэ
не. (Аконнае шкло.) [2, “Загадкі Рапановіча”, стар. 317, 319, 321, 336].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Штангу
ён ледзьве падняў,
Ды
стаіць, трымае.
Суддзям хоча дагадзіць,
Выраку чакае. (Штангіст.)
Аляксей Якімовіч
Падкідаю я яго.
Ён ляціць, уцякае.
Набягае вецярок,
Вышэй паднімае. (Паветраны
шарык.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце
і назавіце патрэбнае слова.
Заходжу ў хату,
Адчыняю дзверы.
А на сценах бачу
Новыя … (шпалеры).
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць слова
“дарога”? (Шлях.)
• Вам трэба прабіць дзірачку ў цвёрдай
скуры. Што вы для гэтага выкарыстаеце? (Шыла.)
• Якому значэнню адпавядае слова “шаляваць”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) абіваць тонкімі дошкамі
(шалёўкамі);
б) апрацоўваць паверхню
чаго-небудзь, каб зрабіць гладкай. (Шліфаваць.)
[1, “Тлумачальны слоўнік”, стар. 358, 359].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“шукай у полі ветру”? (Не знойдзеш, назад не вернеш.) [4, c. 320, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце
першы гук у слове “што”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Шануй сябе, то і
людзі будуць шанаваць.
Што баліць, пра тое і
буду гаварыць.
Шукай, але не
ашуквай.
Шчасце ўсюды, дзе
захочаш.
У, шыла, мяшку, схаваеш, не.
(Шыла ў мяшку не схаваеш.) [3, “Прыказкі
Янкоўскага”, стар. 270, 271, 272].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Шпак прынёс у музей шаблю.
Каля шпакоўні сядзяць
шпачаняты.
Шпак
вучыць лятаць шпачанят.
Зашырокія шорты.
Шпак паставіў на стол
шклянку.
Шу-шу-шу – ранец я нашу.
Шы-шы-шы – брата калышы.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “Ш”, як мне здаецца,
падобна на вілы. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым прывітайце
правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З
прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае, каб атрымалася трапнае параўнанне.
Але есць, як ( чужое,
катлету, валоў шэсць).
Асцярожна, як (з цацкай, са
сшыткам, са шклом).
Броўкі, як (шнурочкі, зорачкі, песенька).
Валасы, як (сена, шоўк, кветка).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Шаноўны (шаноўная).
Шчасліва!
Шанаванне вам!
Шчаслівага шляху!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Школа – вучэбная
ўстанова, у якой вучні атрымліваюць базавую адукацыю.
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(Ш)..айба, (ш)..ла..(ш), (ш)..фёр, (ш)..фа, (ш)..эры.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “ш”да
слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць шасэ.
• Складзіце слова з другіх гукаў слоў “сшыць”, “сушыць”,
“змокнуць” (шум) і з наступных
літар: ш, р, т, ы, о (шорты).
• Назавіце першы гук у слове “шум” і першую
літару ў слове “шорты”.
• Назавіце тры словы з літарай “ш”.
• Адніміце
адзін склад са слова “шчыраваць”
(старанна рабіць што-небудзь). Якое новае слова вы прачытаеце? (Шчыра.) Ці ёсць у гэтых словах гукі [ш]?
Калі ёсць, то якой літарай яны абазначаюцца на пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае дзеянне прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Шкць.
(Шкадаваць.)
ВЕРШ
Шэры,
шкляначка, шаптаць,
Шчыры,
сшытак, вырашаць.
Словы
гучна называю,
Свае веды правяраю.
Аляксей Якімовіч
יִ (апостраф)
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце: יִ (апостраф).
2. Прачытайце наступныя
словы з апострафам: пад’езд, бур’ян.
3. Запомніце словы з
апострафам, якія сустрэнуцца вам у казцы “Быццам пад’ём адолеў”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Быццам пад’ём адолеў
-- Нядаўна я прачытаў, што
апостраф літарай не з’яўляецца, -- прыйшоўшы да мураша Рыжыка, паведаміў заяц
Шарачок.
-- Так, апостраф літарай не
з’яўляецца, -- пагадзіўся Рыжык.
-- Значыць, ён не патрэбен.
Зараз пайду і напішу аб’яву: апостраф нам не патрэбен! – заявіў Шарачок.
Рыжык уважліва паглядзеў на
яго і цяжка ўздыхнуў.
-- У кожным шматпавярховым
доме ёсць пад’езд і кватэры. У пад’ездзе, як вядома, людзі не жывуць. Дык што
па-твойму выходзіць? Пад’езд не патрэбен?
-- Пад’езд і апостраф – гэта
розныя паняцці, -- запярэчыў заяц.
Мураш сеў за стол і напісаў
на аркушы паперы: надворе, сямя, абяднаць, пере.
-- Што ты там напісаў? –
пацікавіўся ў сябра Шарачок.
-- Прачытай, калі жадаеш, --
прапанаваў Рыжык.
-- Надворе, сямя, абяднаць,
пере, -- прачытаў заяц і скрывіўся.
-- Не падабаюцца табе гэтыя
словы? – усміхнуўся мураш.
-- Абы што! – усклікнуў
заяц.
-- Каб не было абы што,
зараз у кожнае гэтае слова апостраф устаўлю, -- сказаў Рыжык і ў кожнае слова,
напісанае на аркушы, уставіў апостраф.
-- Надвор’е, сям’я,
аб’яднаць, пер’е, -- прачытаў Шарачок.
-- Цяпер ты зразумеў, што
апостраф вельмі патрэбен? – запытаўся ў суседа Рыжык.
Шарачок кіўнуў галавою і
прагаварыў, змахнуўшы з носа кропелькі поту:
-- Я быццам цяжкі пад’ём
адолеў!
НАРОДНАЯ ЗАГАДКА
Чорная, малая, хоць якое
мора пераплывае. (П’яўка.) [2, “Загадкі Рапановіча”, стар. 354].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Грузы паднімаю,
Калі дом будуюць.
Людзі працавітыя
Са мною сябруюць. (Пад’ёмны
кран.)
Аляксей Якімовіч
Вострае, як піка.
Спартсмен яго кідае,
Калі на розных гульнях
З сябрамі выступае. (Кап’ё.)
Аляксей Якімовіч
Гараць зоркі на небе.
Сабраліся і ззяюць.
Вёсачку прыціхлую
Уночы асвятляюць.
Аляксей Якімовіч
• Як мы
можам назваць вялікае мноства зорак? (Сузор’е.)
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім
словам можна замяніць слова “паведамленне”? (Аб’ява.)
• Вам трэба парамантаваць дарогу. Які знак,
акрамя знака “рамонт дарогі”, вы паставіце? (Аб’езд.)
• Якому значэнню адпавядае слова “кар’ер”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) месца адкрытай
распрацоўкі карысных выкапняў;
б) рух наперад, поспех у
службовай або іншай дзейнасці. (Кар’ера.) [1, “Тлумачальны слоўнік”,
стар. 160].
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
І попел рассыпаць трэба
выбраць надвор’е.
Адным гарбузікам не пад’ясі, а расічкаю не нап’ешся.
Слязьмі ворага не паб’еш.
Ведае кошка, чыё сала з’ела!
Заплаціў, калі, з’есці, то,
трэба. (Калі заплаціў, то трэба з’есці.) [4, “Прыказкі Янкоўскага”,
стар. 103, 203, 226, 256, 365].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Аб’яву прынеслі Дар’я і
Соф’я.
Як на малюнку, з’явіліся
вераб’і.
Певень з яркім пер’ем зайшоў
у пад’езд.
З-пад куп’я вылецеў чмель.
Тут аб’езд, трэба аб’ехаць.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Апостраф, як мне здаецца,
падобна да іскрынкі. Вачыма старанна напішыце яго на дошцы, а затым прывітайце
правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Гавораць, як ( чайнік
кіпіць, у бубен б’юць, дзеці ў
садку).
Есці, як (вераб’ю, каню, сабацы).
Прысмактаўся, як (магніт,
пчала, п’яўка).
Сцеле словам, як (гарохам,
пер’ем, цукрам).
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Аб’ява – друкаванае або вуснае паведамленне аб чым-небудзь, якое
даводзіцца да ўсеагульнага ведама. Павесіць
аб’яву. [1, стар. 13].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце слова з прапушчаным знакам.
З..езд.
(З’езд.)
• Падбярыце адпаведнае слова з апострафам да слова
“ўбачыць”.
Узор.
Убачыць Мар’ю. (Кар’ер, узмор’е.)
• Адніміце
два склады са слова “аб’едзены”.
Якое новае слова вы прачытаеце? (Едзе.)
Ці ёсць у гэтых словах апостраф?
• Дапішыце
слова, якое абазначае прадмет.
За. (З’ява.)
ВЕРШ
Блік і сцяна
На сцяне з’явіўся блік,
Праз хвіліну згінуў, знік.
Блік рухавы, не ўцякай,
Са мной крыху пагуляй.
Нам надвор’е паспрыяе.
Не паслухаўся, уцякае.
Аляксей Якімовіч
Для даведкі: блік –
водбліск, светлая пляма.
Ы [ы]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [ы].
2. Назавіце другі гук у
словах “рыс”, “мыла”.
3. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме? (ы.)
4. Запомніце словы з гукам [ы], якія сустрэнуцца вам у казцы “Аднавіць словы”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Аднавіць словы
Стаяла зіма. На дварэ злосна выла мяцеліца.
Заяц Шарачок і мураш Рыжык
сядзелі за сталом. Перад імі ляжаў аркуш паперы, на якім было напісана:
“Аднавіце словы “шым”, кыб”, “мыд”,“алым”.
Такое заданне ад барсучка
Паласаціка яны атрымалі. Кемлівасць двух сяброў вырашыў праверыць хітры
Паласацік.
-- Як жа нам аднавіць гэтыя
словы? – у роспачы прагаварыў Шарачок.
-- Думаю, што “шым” трэба
чытаць як “мыш”, -- выказаў здагадку мураш.
-- Правільна, правільна! –
аж падскочыў заяц. – А як прачытаць наступнае?
-- Каб прачытаць наступнае,
трэба падумаць, -- заўважыў Рыжык.
-- Я, здаецца, ужо падумаў,
здагадаўся, -- нясмела пачаў Шарачок.
-- Кажы! – падахвоціў сябра
Рыжык.
-- Наступнае слова “бык”, –
сказаў заяц.
Цяпер ужо мураш аж
падскочыў.
-- Правільна! Правільна!
-- А што азначае “мыд”? Як
ты лічыш? – запытаўся ў Рыжыка Шарачок.
-- Круціцца ў галаве,
круціцца… Здаецца, гэта… Гэта… Гэта… Мыд – гэта дым! – усё-ткі здагадаўся
Рыжык.
А апошняе слова аднавіце вы,
сябры, пастарайцеся.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Два браты родныя праз мяжу жывуць, адзін аднаго
думкі ведаюць, ды ніколі не бачацца. (Вочы.)
Поўны падпечак белых авечак.
(Зубы
ў роце.)
У дзвюх матак па пяць
хлапчанятак, кожнаму сыну адно імя. (Пальцы.)
Тры браты пайшлі на раку
купацца, двое купаюцца, а трэці на беразе валяецца. (Каромысел і вёдры.) [2, “Загадкі Рапановіча”, стар.
317, 321, 322. 335].
У шапках, а не людзі,
высокія, а не дрэвы. (Горы, на іх снег.)
Жыву, жыву, а ліку іх не
знаю. Што гэта такое? (Валасы.) [5, “Загадкі Грынблат”, стар.
30, 96].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Іх ў хвіліне шэсцьдзесят,
А ў гадзіне болей:
Ажно трыста шэсцьдзесят!
Падлічылі з Воляй. (Секунды.)
Аляксей Якімовіч
На высокім дрэве
Часта сядзяць.
Перад дажджом старанна
Каркаюць, крычаць. (Вароны.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце
і назавіце патрэбнае слова.
Пахваліўся певень:
-- Купіў я нагавіцы.
Курачка сказала:
-- Гэта … (рукавіцы).
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць словы “незвычайны”, “небывалы”, “казачны”? (Легендарны.)
• Як
называюцца вяроўкі або рамяні для кіравання запрэжаным канём? (Лейцы.)
• Якому значэнню адпавядае слова “легальны”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) прызнаны, дазволены
законам;
б) з нягладкай паверхняй. (Шурпаты.) [1, “Тлумачальны слоўнік”,
стар. 186, 187, 361].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“хоць вушы затыкай”? (Пра штосьці непрыемнае (на слых).) [4, c. 306, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце
чацвёрты гук у слове “вушы”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Хлеб свежы добры да ежы.
Не кожна курачка – чубатка,
не кожны сабака – касматы.
Па кветках яблыкаў не лічы.
Лянівы і санлівы – два браты.
Падкладай, не, у, саломы,
агонь. (Не падкладай у агонь саломы.) [3, “Прыказкі Янкоўскага”,
стар. 184, 241, 242, 248, 282].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Вароны распрамілі крылы.
Панакрывалі пакрывалам.
Мышы ў краме купілі лыжы.
Ыш-ыш-ыш – прабегла мыш.
Ын-ын-ын – любіць маму сын.
Ыў-ыў-ыў – грыбы зварыў.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “ы”, як мне здаецца,
падобна на сякеру, побач з якой стаіць палена. Вачыма старанна напішыце яе на
дошцы, а затым прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Адзін, што (дрэва ў лесе, вароты ў полі, аловак у пенале).
Баіцца, як (баран новых
варотаў, асіна ветру, воўк казы).
Вочы, як (слівы, грушы, агурок).
Лезе, як (дым у вочы, туман за каўнер, вядро ў калодзеж).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Сонейка ты маё!
А мая ж ты радулечка!
У добры час кажучы.
Бывайце здаровы!
Вечар добры!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Парты – мэбля для працы ў класе.
Крэслы – мэбля для сядзення.
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
Стал..(ы), плат..(ы), тоўст..(ы), р..(ы)балоў, в..(ы)бег.
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “ы”да
слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць Рыту.
• Складзіце слова з апошніх гукаў слоў “сом”, “сны” (мы)
і з наступных літар: х, ж, р, ы, а (жыхар).
• Назавіце другі гук у слове “мы” і другую
літару ў слове “жыхар”.
• Назавіце тры словы з літарай “ы”.
• Адніміце
адзін склад са слова “выбраць”. Якое
новае слова вы прачытаеце? (Браць.) Ці
ёсць у гэтых словах гукі [ы]? Калі ёсць, то якой літарай яны абазначаюцца на
пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае назву прадмета. Якой літарай яно заканчваецца?
Вяы.
(Вятры.)
ВЕРШ
З-за гары
Што так свеціцца
ўгары?
Сонца выйшла з-за гары.
У лес ідуць мае
сябры:
Нараслі грыбы ў бары.
Аляксей Якімовіч
Для даведкі: бор – хваёвы лес.
Ь
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце літару
“ь”.
2. Назавіце апошнюю літару ў
словах “дзень”, “алень”.
4. Запомніце словы з літарай
“ь”, якія сустрэнуцца вам у казцы “У дзікую жывёліну”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
У дзікую жывёліну
-- Ператвары, калі ласка,
рыс у дзікую жывёліну, -- аднаго дня папрасіў зайца Шарачка мураш Рыжык.
Шарачок некалькі хвілін з
недаўменнем глядзеў на Рыжыка, а затым прагаварыў:
-- Хіба такое магчыма?
-- Лічу, што магчыма. Толькі
трэба падумаць табе, -- зазначыў мураш.
Заяц пакруціў галавою.
-- Я не чараўнік. Вось так!
-- Значыць, здаешся! –
усклікнуў Рыжык.
Шарачок не хацеў здавацца.
-- Я падумаю. Цэлы дзень
буду думаць, калі спатрэбіцца.
-- Добра, што не здаўся.
Малайчына, -- пахваліў Шарачка мураш. – Чым канчаецца “дзень”? Не скажаш?
-- Літарай “ь”. Як і словы
“цень”, “пень”, “алень”, -- усміхнуўся
Шарачок.
-- Літарай “ь”! – паўтарыў
Рыжык і таксама ўсміхнуўся.
-- Я ведаю, як ператварыць
рыс у дзікую жывёліну! – нарэшце здагадаўся Шарачок.
-- Як? – запытаўся Рыжык.
-- На канцы слова “рыс”
трэба напісаць літару “ь”, -- адказаў Шарачок.
А вы, сябры, скажыце, калі
ласка: у што можна ператварыць мел?
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Цэлы дзень у рацэ купаецца, а на бераг выйдзе –
сухенькая. (Гусь, качка.)
Не стукае, не грукае, а ў
акно ўвойдзе. (Дзень.)
Без ног, а бяжыць, без
голасу, а крычыць; вочы, як колы, ды не бачыць нікога. (Аўтамабіль.)
Плыве ў прасторы, а не ў моры; як тое завецца, што
вакол зорак уецца. (Касмічны карабель.)
[2, “Загадкі Рапановіча”, стар. 353, 361, 366, 370].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Птушкі адлятаюць,
Сыплюцца лісты.
Дрэмлюць у тумане
Голыя кусты. (Восень.)
Аляксей Якімовіч
У яго ёсць цешча.
Яе паважае.
А са сваім цесцем
У хаце прыбірае. (Зяць.)
Аляксей Якімовіч
• Прачытайце
і назавіце патрэбнае слова.
Набягае вецер,
Як страла, ляціць.
Сасна над галавою
Хістаецца, … (шуміць).
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць словы “іней”, “намаразь”? (Шэрань.)
• Вас папрасілі купіць у краме
прыстасаванне для падключэння ў электрычную сетку розных электрычных прыбораў.
Як яно называецца? (Штэпсель.)
• Якому значэнню адпавядае слова “шакіраваць”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) бянтэжыць каго-небудзь
сваімі паводзінамі (парушаючы правілы прыстойнасці);
б) павольна хадзіць,
прагульвацца. (Шпацыраваць.) [1, “Тлумачальны слоўнік”, стар. 357,
360, 361, 362]
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“хадзіць гогалем”? (Трымацца ўпэўнена.) [4, c. 303, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце
шосты гук у слове “хадзіць”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
.
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Не заўсёды, добра сеўшы,
добра едуць.
Не згубіў – няма чаго шукаць.
Не ў сваё карыта не лезь.
Не хвалі сябе: хай людзі
пахваляць.
Кусаюць, усе, не, сабакі,
брэшуць, што. (Не ўсе сабакі кусаюць, што брэшуць.) [4, “Прыказкі Янкоўскага”, стар. 240, 245, 246].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Алень прысеў на пень.
Васіль прынёс з лесу ясень.
Наш ясень стварае цень.
Ань-ань-ань – каля мамы
стань.
Уць-уць-уць – заўсёды добрым
будзь.
Унь-унь-унь – вялікі акунь.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “ь”, як мне здаецца,
падобна на булаву. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым прывітайце
правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Хлопец, як (жыта, агонь, рака).
Цвёрды, як (пластылін,
груша, сталь).
Чырвоны, як (вясёлка, агонь, сліва).
Аброс, як (поле, луг,
мядзведзь).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Дабры дзень, дабрыдзень добрым людзям!
Дзень добры!
Дзень добры ў хату!
Пакуль!
Няхай жывуць здаровыя!
У вясёлым часе, у шчаслівую
мінуту вам гэта сказаць.
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Вучань – той, хто вучыцца ў школе.
Партфель – чатырохвугольная закрытая сумка, у
якой носяць кнігі, паперы [1,
стар. 240].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
Бац..(ь)ка, ален..(ь), яблын..(ь)ка, лез..(ь), апен..(ь)кі.
• Запішыце
ў пустыя клетачкі словы, якія абазначаюць назву бервяна, якое звычайна кладуць
на зруб хаты (бэлька), назву дробных акругленых і адшліфаваных вадой каменьчыкаў
(галька)
[1, c. 81], ласкавы зварот да Колі (Колька),
назву дробнай рыбы (кілька), назву прыстасавання для
ачысткі вадкасцей або газаў (фільтр) [1, c. 344].
ль
ль
ль
ль
ль
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “ь”да
слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць соль.
• Складзіце слова з апошніх гукаў слоў “двор”, “лыжы”, “вось” (рысь)
і з наступных літар: ь, ы, з, в, а, л (вылазь).
Назавіце чацвёртую літару ў
слове “рысь” і шостую літару ў слове “вылазь”.
• Назавіце тры словы з літарай “ь”.
• Адніміце
адзін склад са слова “адкапаць”.
Якое новае слова вы прачытаеце? (Капаць.) Ці ёсць у гэтых словах літара
”ь”?
• Дапішыце
слова, якое абазначае назву прадмета. Якой літарай яно заканчваецца?
Внь.
(Восень.)
ВЕРШ
Надзея
Пастрасала восень лісце,
Адышла з дажджамі.
Падкрадаецца зіма
Цёмнымі начамі.
Кружацца
сняжынкі,
Выбіраюць сабе шлях.
Да зямлі не далятаюць,
Растаюць у маіх грудзях.
Над палямі вецярок
Цешыцца, гуляе.
Сівы іней на балоце
Траву засцілае.
Па зямлі цвёрдай ступаю.
Абнімае халадок.
А ў вушах, зімой прысланы,
Хрумсціць тоненькі лядок.
Вясна прыйдзе і сагрэе:
Сонца слухае яе.
Вясна-матухна надзею
Прысылае нам, дае.
Аляксей Якімовіч
Э э [э]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [э].
2. Назавіце першы гук у
словах “этаж”, “экскурсія”.
3. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме? (Э.)
4. Запомніце словы з гукам [э], якія сустрэнуцца вам у казцы “Эскалатар і
экскаватар”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Эскалатар і экскаватар
-- На паляне сапраўдны
эскалатар працуе, -- сустрэўшыся з зайцам Шарачком, паведаміў мураш Рыжык.
-- На нашай сунічнай паляне?
– усклікнуў Шарачок. Яму даўно хацелася падняцца на эскалатары на высокую
хвойку, куды можа залезці толькі шустрая вавёрка ці рысь.
-- Ты не так зразумеў мяне,
-- прамовіў Рыжык. – Ліс з суседняга
ляска сказаў мне, што на іх паляне працуе
эскалатар.
-- У суседнім ляску
экскаватар працуе, ручай расчышчае, паглыбляе, -- прагаварыў заяц. Ён сам
бачыў, як на днях у суседні лясок на вялікім прычэпе везлі экскаватар. Вясёлы
экскаватаршчык яшчэ памахаў рукой, прывітаўшы яго, зайца.
-- Пераблытаў ліс! –
усміхнуўся мураш. – Экскаватар эскалатарам назваў.
-- Ты растлумач яму, што
эскалатар – гэта пад’ёмнік, зроблены ў выглядзе рухомай лесвіцы, а экскаватар –
самаходная машына з каўшом. Ён вымае, пераносіць на іншае месца або грузіць на
транспарт грунт, -- сказаў Шарачок.
-- Абавязкова растлумачу, -- паабяцаў Рыжык.
-- Э-эх! – нечакана
ўсклікнуў Шарачок.
-- Ты, напэўна, нешта
цікавае ўспомніў? – запытаўся ў сябра Рыжык.
-- Калі б на нашай сунічнай
паляне стаяў эскалатар, то шмат звяроў сюды прыязджала б! – у задуменні
прамовіў заяц.
-- Як на экскурсію? –
вырашыў удакладніць мураш.
-- Як на экскурсію, --
кіўнуў галавою Шарачок. – А я ім расказваў бы, паказваў бы, быў бы
экскурсаводам. Давай пабудуем эскалатар.
-- Мы не зможам пабудаваць
эскалатар. Мы яшчэ малыя, у школу ходзім, -- прагаварыў Рыжык.
-- А калі станем дарослымі,
то пабудуем? – сказаў Шарачок і ўважліва паглядзеў на Рыжыка.
Рыжык крыху падумаў і
адказаў:
-- Калі станем дарослымі, то
абавязкова пабудуем.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Вісіць груша – есці нельга,
бо ў сярэдзіне агонь. (Электрычная
лямпачка.)
Еду, еду; на дарозе не
пакідаю следу; куды ні прыйду, людзям святло прынясу. (Электрычнасць.)
Па тканым моры карабель
плыве; мора пад ім шуміць і адразу высыхае. (Электрычны прас.)
Як сонца гарыць; хутчэй за
вецер ляціць; дарога яе ў паветры вісіць. (Электрычнасць.)
[2, “Загадкі Рапановіча”, стар. 366, 367, 370, 372].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
• Прачытайце і назавіце патрэбныя словы.
Летам не працуе,
А зімою грэе.
Ля сцяны ў маім пакоі,
Як гармонік, … (батарэя).
Аляксей Якімовіч
Каля вёскі на пагорку,
Ля дарогі, злева,
Дзяцел шышку згубіў.
Вырасла тут … (дрэва).
Аляксей Якімовіч
Ў
круглых галаўных уборах
Мы ходзім разам з братам.
Іх нам купіла мама
У
магазіне з татам.
Аляксей Якімовіч
• Як называецца круглы галаўны
ўбор без казырка? (Берэт.)
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць словы “вопыт”, “дослед”? (Эксперымент.)
• У вашай кватэры патухла святло. Якога
спецыяліста вам трэба выклікаць? (Электрыка.)
• Якому значэнню адпавядае слова “эскіз”?
Выберыце з двух варыянтаў:
а) папярэдні накід малюнка,
карціны;
б) адбітак з гравюры. (Эстамп.) [1, “Тлумачальны слоўнік”, стар. 364,
369, 370].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“як рэпу грызці”? (Вельмі добра, без памылак.) [4, c. 348, Фразеалагічны
слоўнік”].
• Назавіце
другі гук у слове “рэпу”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Ранняя птушка крылкі цярэбіць, а позняя вочкі трэ.
Воўк і лічанае бярэ.
Не рыба, што ў рацэ, а рыба, што ў руцэ.
Ад парога хату мяце, а ў гаршку блінцы пячэ.
Эй, воўча, сядзі
моўча!
Так, яму, ты, гэтак, табе, ён, а. (Ты яму так, а ён табе гэтак.) [4, “Прыказкі Янкоўскага”, стар. 116, 209, 243, 290, 394].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
Для даведкі: тут
слова “цярэбіць” ужываецца ў значэнні “мые, распраўляе”.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Эдуард у электрычцы вёз
электракасілку.
Электрык іграў на акардэоне.
Цярэшка каля рэчкі пасеяў
грэчку.
Эдзік і Эля гулялі каля
рэчкі.
Эх-эх-эх – цукар сып у мех.
Эл-эл-эл – прынясіце мел.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “Э”, як мне здаецца,
падобна на разяўлены роцік з высунутым язычком. Вачыма старанна напішыце яе на
дошцы, а затым прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Ліпіць, як (сліва на дрэве,
арэх на сухой галіне, сонца на
небе).
Баліць, як (агнём пячэ, густы туман, градам б’е).
Надакучыў, як (горкая рэдзька, учарашні дзень, асінавы ліст).
Ласкі, як (у вядры вады, у рэшаце вады, у шклянцы чаю).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Хутчэй прыязджайце!
Здаровенькія вяртайцеся з экскурсіі!
Новай энергіі вам!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Экватар – уяўная
лінія, якая дзеліць зямны шар на два паўшар’і: паўднёвае і паўночнае.
Экскурсія – 1)
калектыўнае наведванне чаго-небудзь (музея, выстаўкі, гістарычнага помніка і
інш.) з навукова-адукацыйнай мэтай. 2) Група ўдзельнікаў такога наведвання [1, стар. 363, 364].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(Э)..ран, пац..(э)ліў, р..(э)йка, (э)..лектрык, ш..(э)сце.
• Падбярыце .адпаведнае слова з літарай
“э”да слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць шымпанзэ.
• Складзіце слова з першых гукаў слоў “энергічны”, “розум”,
“калыхаць” (эра – момант, з якога
вядзецца летазлічэнне) і з наступных літар: э, э, р, с, п, к (экспрэс – від транспарту, які ідзе з
найбольшай хуткасцю) [1, c. 365, 369].
Назавіце першы гук у слове
“эра” і першую літару ў слове “экспрэс”.
• Назавіце тры словы з літарай “э”.
• Адніміце
два склады са слова “рэдзенькі”.
Якое новае слова вы прачытаеце? (Дзень.)
Ці ёсць у гэтых словах гукі [э]? Калі ёсць, то якой літарай яны абазначаюцца на
пісьме?
• Дапішыце
слова, якое абазначае назву прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Экн.
(Экран.)
ВЕРШ
Пячэ мама пірагі
Цячэ рэчка, цячэ рэчка.
У кожнай рэчкі берагі.
Сёння свята ў нашай хаце:
Пячэ мама пірагі.
Пірагі ў гарачай печы,
Жарам дыхае яна.
Стол дашчаны з мылам мые
Мая мама ля акна.
Пірагі пякуцца ў печы,
Ружавеюць, падрастаюць.
На хвілінку мне здалося:
Як жывыя, уздыхаюць.
На дварэ птушка шчабеча,
Сваю песеньку пяе.
Пірагі нашы спякліся.
Мама з печы дастае.
Дастае, на стол кладзе іх,
Ручнікамі накрывае.
Сонца злезла з вышыні,
У хату свеціць, пазірае.
Я гляджу на пірагі.
Для мяне яны як казка.
Цёпла-цёпла на душы.
Грэе мамы маёй ласка.
Цячэ рэчка, цячэ рэчка,
У кожнай рэчкі берагі.
Сёння свята ў нашай хаце:
Спякла мама пірагі.
2022 год
Ю ю [йיִ у]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [йיִу].
2. Назавіце першы гук у
словах “Юра”, “юны”.
3. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме? (Ю.)
4. Запомніце словы з гукам [йיִу], якія сустрэнуцца вам у казцы “Літара згубілася”.
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Літара зубілася, прапала
Аднаго разу прыйшоў да зайца
Шарачка і мураша Рыжыка барсучок Паласацік і паскардзіўся:
-- Літара, згубілася,
прапала.
-- Як згубілася? – разам
усклікнулі Шарачок і Рыжык.
Паласацік пакруціў галавою.
-- Не ведаю.
-- Можа, ты жартуеш? –
пацікавіўся Шарачок.
-- Не жартую, праўду кажу.
Магчыма, уцякла. Вельмі юркая яна, -- заявіў Паласацік.
-- Прапала літара!.. З табою
часта так бывае? – паўшчуваў Паласаціка Рыжык.
-- Бывае. Не толькі са мною,
але і з маімі суседзямі, -- панурыўся барсучок.
-- Дакажы, што літара
згубілася, -- прапанаваў барсучку мураш.
Барсучок дастаў з кішэні
аркуш паперы і разгарнуў яго.
-- Паглядзіце на словы!.. У
гэтых словах яна была, першаю стаяла.
“..велір, ..нак, ..нга,
..шка”, -- прачыталі на аркушы паперы Шарачок і Рыжык.
-- Тут сапраўдная
галаваломка, -- прагаварыў Шарачок.
-- Яшчэ якая галаваломка! –
пагадзіўся Паласацік.
-- Значыць, ты не помніш,
якая літара згубілася, – звярнуўся да барсучка мураш.
-- Калі б помніў, то ў вас
не пытаўся б, -- адказаў барсучок.
-- А на што яна была
падобная? – запытаўся Рыжык.
-- Не ведаю, -- шчыра
прызнаўся Паласацік.
-- А ты падумай, -- параіў
Шарачок. – Магчыма, успомніш.
-- Здаецца, яна была
падобная, -- няўпэўнена пачаў Паласацік, -- на літару “О”, прымацаваную да
слупка.
-- Дык гэта была літара “Ю”!
– здагадаўся Шарачок.
-- “Ю”! Сапраўды, “Ю”! –
усклікнуў барсучок і пабег дамоў, усміхаючыся.
А вы, сябры, пакуль барсучок
бяжыць дамоў, прачытайце словы, напісаныя на аркушы паперы.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
Што за рэч: паглядзіш на яе
– сябе ўбачыш? (Люстэрка.)
Паверх лесу агонь гарыць. (Рабіна восенню.)
[2, “Загадкі Рапановіча”,
стар. 338, 347].
Бегла свінка, шэранька
спінка, а хвосцік ільняны. (Іголка з
ніткаю.) [5, “Загадкі Грынблат”,
стар. 183].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Яму пяцьдзесят.
У яго юбілей.
Свята сапраўднае
Для сям’і, для дзяцей.
(Юбіляр.)
Аляксей Якімовіч
Кружацца ў паветры,
Падаюць сняжынкі,
Белым пухам засцілаюць
Дарогі і сцяжынкі.
Аляксей Якімовіч
• Калі гэта бывае? (Зімою.)
Трава зелянее,
Сонца прыгравае.
Як вы лічыце, сябры:
Калі гэта бывае? (Вясною.)
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць слова “прававед”? (Юрыст.)
• Вам даручылі закрыць заслонку ў коміне,
якая перакрывае цягу паветра. Як яна называецца? (Юшка.)
• Якому значэнню адпавядае слова “юніёр”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) спартсмен ва ўзросце 18 –
20 гадоў, удзельнік спаборніцтваў у сваёй узроставай групе;
б) падлетак на судне,
малодшы матрос. (Юнга.) [1, “Тлумачальны слоўнік”, стар. 372].
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“на долю”? (Для кагосьці выпадае, прыходзіцца
штосьці.) [4, c. 188, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце
чацвёрты гук у слове “кіснуць”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Дараванаму каню ў зубы не глядзяць.
Дай сэрцу волю – зойдзеш у
няволю.
Кашу вары густую, а ў
дарогу бяры торбу не пустую.
Кінь за сабою – знойдзеш перад сабою.
Языком, спяшайся, не,
справаю, спяшайся, а. (Не спяшайся
языком, а спяшайся справаю.) [3,
“Прыказкі Янкоўскага”, стар. 210, 212, 228, 229, 244].
• Пабудуйце
прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Юстына зварыла смачную юшку.
Юнак Юра і Юпітэр.
У ювеліра сёння юбілей.
Юра прыйшоў да юрыста
Юстына.
Юс-юс-юс – вырас гарбуз.
Юл-юл-юл – данёсся з вёскі
гул.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “Ю”, як мне здаецца,
падобна на ўтаймавальніка тыграў, які трымае ў выцягнутай руцэ кальцо. Вачыма
старанна напішыце яе на дошцы, а затым прывітайце правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Узяў, як (з агню, кішэні, са снегу).
Гуляе як (з братам, кот з
мышкаю, з гусаком).
З ім, як (у лесе з бараною, касою, падковаю).
Хутка, як (расказаў, маланкаю спаліў, праспяваў).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Шчаслівага юнацтва!
Дарагі юбіляр!
З юбілеем вас!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Юннат – юны
натураліст.
Юнкор – юны карэспандэнт
[1, стар 372].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(Ю)..ны, паль..(ю), (Ю)..’е, (Ю)..льян, б’..(ю).
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “ю”да
слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць Юстына.
• Складзіце слова з апошніх гукаў слоў “пачакай”, “дакажу”,
“банан”, “сталы” (юны) і з наступных
літар: а, а, ю, д, п (падаю).
• Назавіце першыя два гукі ў слове “юны” і
пятую літару ў слове “падаю”.
• Назавіце тры словы з літарай “ю”.
• Адніміце
адзін склад са слова “вымыю”. Якое новае слова вы прачытаеце? (Мыю.)
Ці ёсць у гэтых словах літара ”ю”? Калі ёсць, то які гук (якія гукі) яна
абазначае?
• Дапішыце
слова, якое абазначае назву прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Ют.
(Юрыст.)
ВЕРШ
Коні
Бягуць коні па дарозе,
Пыл клубамі ўецца.
Сіла наша забурліла.
Гэтак мне здаецца.
Сіла беларуса
З дужымі рукамі,
Што зямлю арала
Вострымі плугамі.
Коні за ракою
Стому пакідалі,
Травіцу зялёную
Усю ноч шчыпалі.
Травіца зялёная,
Як шчотка, густая
На лузе шырокім
Яшчэ падрастае.
Бягуць коні па дарозе.
Грывы, нібы крылы.
З імі мой буланы,
Самы лепшы, мілы.
Канюшынкаю карміў,
Да яго туліўся.
Ён разумнымі вачамі
Пазіраў, касіўся.
Нёс мяне ён спіне
Па сцежках-дарогах.
З ім вяртаўся я заўжды
Да свайго парога.
Сонца вочы слепіць.
Руку прыўзнімаю,
Як сяброў вас, коні,
Ля хаты вітаю.
Побач стаяць бацька,
Мама маладая.
Лета беларускае
Цяплом абнімае.
Аляксей Якімовіч
Я я [йיִ а]
ФАНЕТЫЧНАЯ ЗАРАДКА
1. Правільна вымавіце гук [йיִа].
2. Назавіце першы гук у
словах “яркі”, “ясны”.
3. Якой літарай ён
абазначаецца на пісьме? (Я.)
4. Запомніце словы з гукам [йיִа], якія сустрэнуцца вам у казцы “Птушкі ці ягады?”
КАЗКІ ПРА ГУКІ І ЛІТАРЫ
Птушкі ці ягады?
-- Нядаўна ястраб апусціўся,
на хваінку сеў, а я ў яго запытаўся: суніцы – гэта грыбы ці ягады? –
сустрэўшыся з мурашом Рыжыкам, паведаміў заяц Шарачок.
Рыжык паглядзеў на Шарачка і
прагаварыў з дакорам:
-- З ястрабам асцярожна
трэба трымацца. Ён небяспечны, можа напасці і пакрыўдзіць.
-- Ведаю. Блізка да сябе яго
не падпускаў, -- супакоіў сябра заяц.
-- Ястраб правільна адказаў
на тваё пытанне? – пацікавіўся мураш.
-- Няправільна! Не ведае,
што суніцы – гэта ягады! – гучна засмяяўся Шарачок.
– Я таксама не ведаю, што
азначаюць некаторыя словы, -- нахмурыўся Рыжык.
-- А я ўсе словы ведаю! –
колам выгнуў грудзі Шарачок.
-- Калі ведаеш, то скажы
мне: явар – гэта дрэва ці звер?
Заяц крыху падумаў і сказаў:
-- Здаецца, няма такіх
звяроў. Не сустракаў іх у нашым ляску.
-- А ў суседнім?
-- Не ведаю, -- прызнаўся
Шарачок. – У суседнім ляску я яшчэ не быў.
-- І ты не ведаеш. А з
ястраба пасмяяўся! – папракнуў Рыжык.
Шарачок цяжка ўздыхнуў.
-- Думаю, што явар – гэта
дрэва.
-- Так, явар – гэта дрэва,
белы клён, -- паведаміў Рыжык.
НАРОДНЫЯ ЗАГАДКІ
За цёмным лесам белы
бярэзнічак. (Язык.)
Скручана, змучана, па хаце
скача. (Мятла.)
Цэлы дзень кланяецца, а
прыйдзе дамоў – расцягнецца. (Сякера.)
Чым больш з яе бярэш, тым
большай яна робіцца. (Яма.)
Чым больш мы ў яе кладзём,
тым меншай яна робіцца. (Яма.)
[2, “Загадкі Рапановіча”, стар. 318, 333, 337, 338].
ЛІТАРАТУРНЫЯ ЗАГАДКІ
Беластволыя, стаіце,
Калі ветрана, шуміце,
Зелянееце вясною
І чаруеце красою. (Бярозы.)
Аляксей Якімовіч
Старанна працуеш,
Агеньчыкі ўключаеш.
Пераходзіць вуліцу
Ты нам дапамагаеш. (Святлафор.)
Аляксей Якімовіч
• Назавіце
патрэбнае слова.
Шапку снегавую
Скінула сасна.
Яе сагравае
Цёплая … (вясна).
Аляксей Якімовіч
ЗАГАДКІ-ПЫТАННІ
• Якім словам можна замяніць спалучэнне слоў “белы клён”? (Явар.)
• Вам даручылі праверыць поле са злакавымі
культурамі, якія высяваюцца вясной і даюць ураджай восенню таго ж года. Як яны
называюцца? (Ярына.)
• Якому значэнню адпавядае слова “ясакар”? Выберыце з двух варыянтаў:
а) чорная таполя;
б) паляўнічая сумка для
дзічыны. (Ягдташ.) [1, “Тлумачальны
слоўнік”, стар. 372, 373].
Для даведкі: да
злакавых адносяцца расліны са сцяблом у выглядзе пустой саломіны і мяцёлкамі
або каласамі.
• Ці
ведаеце вы, што азначае спалучэнне слоў
“як (нібыта) з-пад зямлі вырас”? (Раптам, нечакана ўзнік, з’явіўся.) [4, c. 335, “Фразеалагічны слоўнік”].
• Назавіце
першы гук у слове “як”. Якой літарай ён абазначаецца на пісьме?
ПРЫКАЗКІ, ПРЫМАЎКІ
Языком работы не
зробіш.
Як клічуць, так і
адклікаюцца.
Якое карэнне, такое
насенне.
Яшчэ той не
нарадзіўся, каб усім дагадзіў.
Рука, якая, такая, рукавіца,
і. (Якая рука, такая і рукавіца.) [3,
“Прыказкі Янкоўскага”, стар. 272, 273, 274, 275].
• Пабудуйце прыказку з прыведзеных слоў.
СКОРАГАВОРКІ І ЧЫСТАГАВОРКІ
Якім, Якуб і Яраслаў гулялі
ў яловым лесе.
Янка любіць хадзіць у яслі.
Якуб і Якім прыйшлі да
Яўхіма.
Янінка схавалася за ялінкай.
Над яловым лесам лятаў
ястраб.
Ян-ян-ян – купілі новы збан.
Яў-яў-яў – пісьмо Міхась
паслаў.
ФІЗКУЛЬТХВІЛІНКА
Літара “Я”, як мне здаецца,
падобна на якар. Вачыма старанна напішыце яе на дошцы, а затым прывітайце
правай і левай рукой.
ТРАПНЫЯ ПАРАЎНАННІ
• З прапанаваных слоў падбярыце патрэбнае,
каб атрымалася трапнае параўнанне.
Сястрычка, як (прыгажуня,
ліпа, ягадка).
Добры, як ( ягнятка, мураш, шпак).
Змоўк, як (язык праглынуў, спалохаўся, сеў).
Ідзе, як (з яблыкамі, з яйкамі, з цукеркамі).
СЛОВЫ ВЕТЛІВАСЦІ (ВІТАННІ І РАЗВІТАННІ, ЗЫЧЭННІ)
Ягадачка, ягадзінка мой!
Яблычак мой
салодзенькі!
Як маецеся? – Нічога
сабе, жыву патроху. Як вы? – Так
сабе, маладзеем (перабіваемся).
З Янам вас!
СЛОВЫ СА ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ
Ядро – у спорце:
металічны шар для штурхання.
Ямб – двухскладовая
вершаваная стапа з націскам на другім складзе [1, стар. 372, 373].
ХВІЛІНКІ КЕМЛІВАСЦІ
• Прачытайце
словы з прапушчанымі літарамі.
(Я)..сень, в(я)..дро, (я)..гада, в(я)..сёла..(я), з(я)..мл..(я).
• Падбярыце адпаведнае слова з літарай “я”да
слова “ўбачыць”.
Узор. Убачыць мяту.
• Складзіце слова з апошніх гукаў слоў “пажадай”, “сала”, “кран”, “сады” (яны) і з наступных літар: а, а, а, я, р, г, д (дарагая).
Назавіце першыя два гукі ў
слове “яны” і сёмую літару ў слове “дарагая”.
• Назавіце тры словы з літарай “я”.
• Адніміце
тры склады са слова “авіяпошта”.
Якое новае слова вы прачытаеце? (Пошта.)
Ці ёсць у гэтых словах літара ”я”? Калі ёсць, то які гук (якія гукі) яна
абазначае?
• Дапішыце
слова, якое абазначае назву прадмета. З якой літары яно пачынаецца?
Яа.
(Ягада.)
ВЕРШ
Снег ідзе
З неба падаюць сняжынкі,
Дружна кружацца, ляцяць.
Мне здаецца: усю прастору
Хочуць холадам абняць.
Снег ідзе, ідзе, ідзе.
У садку гарой расце.
На галінках павуцінкі
Свае белыя пляце.
Наваколле анямела,
Прытаілася, маўчыць.
Каля берага рачулкі
Лядок тоненькі блішчыць.
Аляксей Якімовіч
Спіс выкарыстанай літаратуры
1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік
беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П.
Шуба. – 2-е выд., перапрац. І дап. --
Мінск : Нар. Асвета, 1972. – 376 с.
2. Беларускія
прыказкі, прымаўкі і загадкі. Выданне другое, перапрацаванае і
дапоўненае /Склаў Яўген Рапановіч. – Мінск : Выш. Шк., 1974. – 384 с.
3. Беларускія прыказкі,
прымаўкі, фразеалагізмы. Склаў Ф. Янкоўскі. Выдавецтва Акадэміі навук БССР. –
Мінск 1962.
4. Гаўрош Н. В. і інш.
Фразеалагічны слоўнік. Для сярэд. Школы. Пад рэд. Доктара філалагічных навук Ф.
М. Янкоўскага. Мн., “Нар. Асвета”, 1973. 352 с.
5. Загадкі / НАН Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і
фальклору; Склад. М. Я. Грынблат, А. І. Гурскі; Рэд. Тома А. С. Фядосік. – 2-е
выд., выпр. І дапрац. – Мн.: Бел. Навука, 2004. – 363 с. – (Беларуская народная
творчасць).
Змест
Ад аўтара
Уступ
А а [а]
Б б [б], [бיִ]
В в [в], [вיִ]
Г г [г], [гיִ]
Д д [д]
Дж дж [дж]
Дз дз [дзיִ]
Е е [йיִ э]
Ё ё [йיִо]
Ж ж [ж]
З з [з], [зיִ]
І і [і], [йיִі]
й [йיִ]
К к [к], [кיִ]
Л л [л], [лיִ]
М м [м], [мיִ]
Н н [н], [нיִ]
О о [о]
П п [п], [пיִ]
Р р [р]
С с [с], [сיִ]
Т т [т]
У у [у]
ў [ў]
Ф ф [ф], [фיִ]
Х х [х], [хיִ]
Ц ц [ц], [цיִ]
Ч ч [ч]
Ш ш [ш]
יִ (апостраф)
ы [ы]
Ь
Э э [э]
Ю ю [йיִ у]
Я я [йיִ а]