Аляксей Якімовіч
Ад зямлі не адрос
Мастацкі
гіпотэз
Ганна адчыніла дзверы хаты і выйшла на двор. Над лесам
узнімаецца вялікі чырвоны шар сонца, асвятляе наваколле.
На вочы наплылі слёзы. Ганна выцерла іх далонню. Цяжка
без каханага Змітрака. На вайну паехаў ён, з ворагамі б’ецца.
Два тыдні таму прыскакаў у вёску на ўзмыленым кані
княжацкі ганец і гукнуў: “Вораг наступае! У паход збірайцеся, мужчыны!”
Быццам пажар ахапіў вёску. Загаманіла, загаласіла яна.
На другі дзень мужчыны селі на коней і паехалі,
падтрымліваючы свой дух беларускай песняй:
Ляцяць
коні вараныя,
Іскры
высякаюць.
Беларускія
жаўнеры
Край
абараняюць.
І Змітрок спяваў разам з імі. Яго голас яна добра чула,
кожнае слоўца лавіла, каб запомніць, не забыцца.
І гаючую
крынічку,
І
задумлівы лясок,
І зялёную
травінку,
І жытнёвы
каласок.
Дзе
ж ён? Ці вернецца з вайны?
Стаіць
Ганна, удалячынь глядзіць.
Не
ўздыхай, маці-матуля,
Горкіх
слёз не пралівай.
Ты
пабачыш: абароніць
Мужны
сын любімы край.
З хаты выйшаў дзевяцігадовы сынок Алесік. Затуліўшыся
рукою ад сонца, глядзіць на маці, усміхаецца.
-- Чаго так рана ўспароўся? Спаў бы яшчэ! – паўшчувала
Ганна. Пацяплела ў яе на душы.
Алесь зірнуў на капач, які Ганна трымала ў руцэ.
-- Агарод будзеш ускопваць?
-- Трэба, сыночак. Вясна прыйшла.
-- І я крыху дапамагу табе!
-- А зможаш?
-- Канешне, змагу! – усклікнуў Алесь і сагнуў руку, каб
паказаць маме, што ў яго вялікія і пругкія мускулы.
-- Паспаў бы яшчэ!
-- Пасплю, калі агарод ускапаем. Тата вернецца з вайны, а
ў нас агарод ужо ўскопаны… Як ты думаеш?.. Ён хутка прыедзе дамоў?
І сын, як і яна, чакае Змітрака. Адно і тое ж іх
непакоіць.
Узяўшы капач, які стаяў пры сцяне хаты, Алесь разам з
маці накіраваўся на агрод. Ён адразу ж за хатай, побач. На агародзе грушка
расце, цвіце, красуе.
Капаюць Алесь і Ганна, стараюцца. Кропелькі поту
выступілі на лбе Алеся, але ён не выцірае іх. Няма калі выціраць.
Чорны, з фіялетавым адлівам грак прыляцеў, апусціўся
непадалёку. “Краа, краа, краа…” – вымаўляе, дзівіцца. Напэўна, цікава яму тут.
-- З сынам працуеш, Ганна? – данёсся з вуліцы голас дзеда
Панаса.
Ганна адагнулася на хвілінку.
-- Дапамагае мне!
-- Ад зямлі не адрос, а ўжо капае! – прагаварыў дзед
Панас і пакачаў галавою.
“Краа, краа, краа…” – азваўся чорна-фіялетавы грак.
-- Нашы хутка дамоў вернуцца? Не чулі? – пацікавілася ў
дзеда Панаса Ганна.
-- Учора на базары быў, там казалі, што пагналі ворагаў.
Значыць, вернуцца, -- паведаміў дзед Панас і пайшоў.
-- Вернуцца! – прамовіла Ганна і змахнула з вачэй
здрадлівыя слязінкі.
-- Мама, чаму дзед Панас сказаў пра мяне ад зямлі не адрос? – пацікавіўся Алесь.
-- Бо ты яшчэ малы, маленькага росту.
“Краа, краа, краа…” – падаў голас грак.
-- Я ўжо не малы, не маленькага росту! – запярэчыў Алесь
і падскочыў, дакрануўшыся да ніжняй галінкі прыгажуні-грушкі. Ён вырашыў
паказаць маме, што высока можа дастаць.
-- Ты вельмі вялікі. Ты ўжо гаспадар! – сказала Ганна.
“Краа, краа, краа...”, -- не змаўчаў, пацвердзіў грак.
Ганна глядзіць на сына, а ў вушах гучыць:
Ляцяць
коні вараныя,
Іскры
высякаюць.
Беларускія
жаўнеры
Край
абараняюць.
З таго часу прыйшоў да нас выраз ад зямлі не адрос.
Надрукаваны ў кнізе “Нязваныя госці”.
Якімовіч, А. М. Нязваныя госці :
прыгодніцка-гістарычная аповесць, мастацкія гіпотэзы, вершы, прыпеўкі для
настрою / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2022. – 199 с.