Поиск по этому блогу

Творчы ўрок у 3 класе. СІНОНІМЫ

 

Творчы ўрок у 3 класе. СІНОНІМЫ

 

Мэты: фарміраваць паняцце, што такое сінонімы; выпрацоўваць уменні і навыкі падбіраць сінонімы з шэрагу прапанаваных слоў і выкарыстоўваць іх у вусным і пісьмовым маўленні; садзейнічаць развіццю маўлення; пашыраць слоўнікавы запас вучняў; абуджаць у іх цікавасць да беларускай мовы; выхоўваць добразычлівасць, уменне прыслухоўвацца адзін да аднаго.

 

Ход урока

1. Арганізацыйны этап.

Прачытайце на дошцы тры сказы:

Праца чалавека корміць, а лянота псуе.

Так працуе, бы кот плача.

Спрос не б’е ў нос [2, с. 108, 110, 182, “Беларускія прыказкі”].

Які з гэтых скаазаў вы возьмеце з сабою на ўрок?

2. Праверка дамашняга задання.                              

3. Арфаграфічная размінка.

Прачытайце і ўстаўце прапушчаныя літары. Растлумачце іх напісанне. Адгадайце загадку.

                                                    Б..жыць свінка,

                                                    Стальная спінка,

                                                    Хвост к..напляны. (Іголка з ніткаю.)                      [2, с. 325, “Беларускія прыказкі…”].                      

                                                                                    З народнага.                       

Падбярыце слова, якім можна было б замяніць у вершы слова "бяжыць". (Імчыцца.)

Злучыце словы, блізкія па сэнсе.

дом                         крочыць

ісці                          алфавіт

азбука                     ліст

аркуш                     хата

4. Чыстапісанне.

Спадніца, пінжак, паліто, панчохі, шалік, камізэлька.

Што аб'ядноўвае гэтыя словы? (Абазначаюць прадметы адзення.)

У гэтых словах ёсць яшчэ адна заканамернасць, звязаная з пэўнай літарай. Здагадаліся, якая? ( У кожным слове ёсць літара і.)

Знайдзіце "лішняе" слова.

Ліпа, сліва, павук. (Павук, не мае літары і.)

Сёння на хвілінцы чыстапісання мы будзем пісаць літару і.

Прадоўжыце радок: Іі  іІ

Складзіце словазлучэнні са словам "павук".

Пры напісанні слова "павук" у якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна?

Перакладзіце на рускую мову слова "павук". Параўнайце гучанне і напісанне.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Павук -- слоўнікавае слова. Запішыце яго ў слоўнік і падкрэсліце літару в.

Перад вамі шыфроўка:

       ы    н    с    і    о    м    н    і

Разгадайце яе, і вам адкрыецца тэма сённяшняга ўрока. (Сінонімы.)

Запішыце тэму ўрока (два словы).

сінонімы    сінонімы

5. Паведамленне тэмы і мэт урока.

Н а с т а ў н і к. Тэму ўрока -- "Сінонімы" -- нам дапамогуць вывучыць казачныя героі Сарока і Шпачок. Паслухайце казку.

6. Вывучэнне і замацаванне новага матэрыялу.

Чытанне казкі ў спалучэнні з гутаркай і практычнай працай вучняў.

Неяк сустрэліся Шпачок і Сарока і сталі расказваць розныя гісторыі са свайго жыцця.

- Калі я была маленькая, - пачала Сарока.

- Невялікая, - паправіў яе Шпачок.

Сарока скоса паглядзела на сябра і цвёрда паўтарыла:

- Маленькая!

- Невялікая! - вырашыў не здавацца Шпачок.

"Зараз мы ні за што паспрачаемся. А спрэчка часта сваркай заканчваецца", - падумала Сарока і вырашыла ўважыць суседа.

- Няхай будзе па-твойму. Невялікая, маленькая... Розніца невялікая.

Шпачок з павагай паглядзеў на суседку.

- Я слухаю цябе, Сарока-белабока.

Сарока паглядзела ўдалячынь і ўздыхнула.

- Я помню, вельмі добра помню, цудоўна помню, як мама мяне калыхала і спявала прыгожыя песенькі.

Расчулены Шпачок з захапленнем паглядзеў на сяброўку. У яго нават слёзкі на вачах выступілі.

- А тата не дапамагаў тваёй маме даглядаць  цябе?

- Тата вельмі часта мяне люляў! - у задуменні прамовіла Сарока.

- А старэйшы брацік? - ціха запытаўся Шпачок.

- І брацік дапамагаў, гушкаў, - паведаміла Сарока.

Узнаўленне пачутага.

Успомніце блізкія па значэнні словы з казкі. Запішыце іх.

(Невялікая, маленькая; спрэчка, сваркай; добра, цудоўна; калыхала, люляў, гушкаў.)

Гэта сінонімы. Як яны пішуцца і вымаўляюцца: аднолькава ці па-рознаму?

Якія словы называюцца сінонімамі?

Паміж Шпачком і Сарокай ледзь не распачалася сварка. Хто павёў сябе правільна ў дадзенай сітуацыі?

Як вы разумееце значэнне выразу "ўмейце прыслухоўвацца адзін да аднаго"?

Праца са словам.

З прапанаваных слоў выберыце і запішыце сінонімы.

Узор. Крычаць, галёкаць.

Уменне, адчай, дом, постаць, хата, майстэрства, роспач, фігура.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Запомніце! Сінонімы могуць мець не толькі блізкае, але і аднолькавае значэнне.

Суразмоўніцтва.

Ці ёсць аднолькавыя па значэнні сінонімы ў тым радзе сінонімаў, які вы запісалі? (Дом, хата.)

Выкананне практыкавання.

Падбярыце сінонімы да выдзеленых слоў.

Узор. Гадаваць дзяцей. (Выхоўваць).

Гадаваць бараду. (     .) Галодны год. (     .) Гарачая праца. (     .) Глыбокія веды. (     .) Гнілы пень. (     .) Гнілое надвор'е. (     .)

Словы для даведкі: адрошчваць, неўраджайны, сыры, напружаны, грунтоўны, спарахнелы.

Неўраджайны. Ці можна раздзяліць пры пераносе спалучэнне літар "дж"? (Нельга.)

Праца з вучэбным дапаможнікам.

Прачытайце ў вучэбным дапаможніку тэму "Сінонімы " і скажыце, для чаго сінонімы ўжываюцца ў мове. (Сінонімы дапамагаюць пазбягаць паўтораў, робяць нашу мову больш выразнай, прыгожай.)

Рэдагаванне тэксту.

Выдзеленае слова, якое паўтараецца, замяніце адпаведнымі сінонімамі.

Аднаго дня раніцай з поўначы падзьмуў халодны вецер. Як нядобры госць, у вёску завіталі халодныя дзянькі. У небе закружыліся ў дружным карагодзе і пасыпаліся на халодную зямлю белыя пушыстыя сняжынкі. Прыйшла халодная пара.

Словы для даведкі: паўночны, настылая, марозная, марозлівая.

Хвілінка адкрыццяў.

Устаўце прапушчаныя літары. Назавіце сінонімы. Як вы іх  вызначылі?

Стружкі тонкія і духмяныя. Дзеці знімалі з дрэў яблыкі ды гр..шы. Дожджык пакапаў, ды не намач..ў. Міхась пабег, але не дагнаў.

(Сінонімы "і", "ды".)

У слове “стружкі” напісанне зычнай літары не адпавядае вымаўленню. Каб праверыць, якую літару патрэбна пісаць, звярніцеся да слова ласкава (утварыце яго памяншальна-ласкальную форму). (Стружачкі.)

Якое правіла вы прымянілі?

Хвілінка кемлівасці.

Складзіце сказ са словам, у якім падаўжэнне [дз] на пісьме перадаецца літарамі  ддз. Да аднаго са слоў падбярыце сінонім.

Узор. Суддзя быў высокі. Высокі, рослы.

Гульня "Сказ-жартаўнік".

Выпраўце ў сказе памылку.

Кожны код (год) стаў прыязджаць да нас у госці.

Падбярыце сінонім да слова “стаў”. (Пачаў.)

Раскрыйце значэнне слова “код”. (Сістэма ўмоўных знакаў і скарачэнняў для перадачы па тэлефоне, радыё розных звестак.) [1, с. 172, “Тлумачальны слоўнік”].

Гукавая гульня "Назавіце слова".

Прачытайце верш і назавіце патрэбнае слова.

                                                   Вясною на градцы

                                                   Вырасла цыбуля.

                                                   Яе пасадзіла

                                                   Дзяўчынка … (Гануля).

                                                                Аляксей Якімовіч.

Падбярыце сінонім да слова "вырасла". (Узышла).

Лексічная праца.

Знайдзіце сінонімы.

Смяяцца, весяліцца, рагатаць, спяшацца,  усміхацца, расспявацца.

Перакладзіце на рускую мову словы "смяяцца", "усміхацца". Параўнайце іх гучанне і напісанне.

Дапішыце прыказку: Смяецца той, хто ... (смяецца апошні.)

Як вы яе разумееце?

Фікультхвілінка.

Уявіце: вы знімаеце з яблыні спелыя яблыкі. Спачатку робіце гэта не спяшаючыся, затым знімаеце хутчэй, пасля зноў знімаеце не спяшаючыся. Нарэшце вы знялі з дрэва ўсе яблычкі. З палёгкай уздыхніце і ўсміхніцеся.

Чытанне працягу казкі.

Н а с т а ў н і к. Паслухайце працяг казкі пра Сароку і Шпачка.

Выслухаўшы Сароку, Шпачок сваю гісторыю вырашыў ёй расказаць. Ды такую, каб не толькі  за душу ўзяло, але і моцна здзівіла.

- А мой тата, - сказаў ён, -  у Афрыку лятаў!

- На чым? - не зразумела Сарока.

- Сам. Крыламі махаў і ляцеў, - растлумачыў Шпачок.

- Афрыка так далёка! - пакачала галавою Сарока.

- Канешне, яна няблізка. Ведаеш, што ён бачыў у Афрыцы?

- Што? - разгубілася Сарока. Ва ўсе вочы глядзіць на Шпачка. Не ведае, верыць яму ці не верыць.

- Папугайчыкаў бачыў. Яны бываюць і маленькія, і вялікія, але ўсе чамусьці стракатыя. Не верыш?

Сарока пакруціла галавою, паглядзеўшы на сваё стракатае ўбранне.

- Веру.

- А яшчэ ў Афрыцы ў рэках водзяцца вялікія пражэрлівыя кракадзілы. Верыш?

- Веру, - прамовіла Сарока. Канешне, яна таксама нешта чула пра жыццё ў Афрыцы ад бывалых пералётных птушак.

- Побач з кракадзіламі жывуць бегемоты і гіпапатамы. Верыш?

- Не веру! - адказала Сарока.

Гутарка.

Чаму Сарока не паверыла Шпачку? Не здагадаліся?

Бегемоты, гіпапатамы -- словы-сінонімы. Якія яны па значэнні: блізкія ці аднолькавыя?

(Аднолькавыя. Слова “бегемот” ужываецца ў гутарковай мове, “гіпапатам” -- у навуковай).

Яшчэ якія сінонімы вы пачулі ў казцы? Якія яны па значэнні?

Самастойная праца.

З прыведзеных слоў выберыце і запішыце асобнымі радамі сінонімы да слоў "радзіма", "прастора", "адважны", "аслабець". Якія з іх маюць аднолькавае значэнне?

Абяссілець, адпачыць, адчайны, айчына, беззаганны, бясстрашны, бацькаўшчына, дасціпны, дзяржава, занядужаць, далячынь, краіна, мужны, рахманы, даль, смелы, змарыцца, храбры, раздолле.

Складзіце сказы з двума дзеясловамі-сінонімамі.

Стварэнне і вырашэнне займальнай сітуацыі.

Ці з'яўляюцца сінонімамі словы  "растуць", "стараюцца дайсці"? Лічыце, што не?

А ці будуць яны сінонімамі ў дадзеным тэксце? (Тут тэкставыя сінонімы.)

На пясчаным узгорку растуць дзве тоўстыя сасны. Яны цягнуцца ўгору. Здаецца, да самага сонца стараюцца дастаць, дайсці, каб расказаць яму пра сваё жыццё.

Лінгвістычны каментарый настаўніка.

Ведайце! Ёсць тэкставыя сінонімы.

Чытанне тэксту.

Прачытайце тэкст і вызначце яго асноўную думку. Назавіце сінонімы. Якія з іх з'яўляюцца тэкставымі?

Пяшчотнае слова і пяшчотны дотык рук, сонечнае слова і сонечнае надвор’е, добрае слова і добры ўчынак! Няхай іх будзе як мага болей у нашым жыцці.

Як вымаўляецца шч у слове "пяшчотнае"? (шч)

Вясёлая хвілінка.

Вымаўляем правільна. Я прачытаю верш, а гукі птушкі -- цыві-ціві-цыві-ціві-кее --  потым перадасце і вы.

                                                         “Цыві-ціві-цыві-ціві-кее...”, --

                                                         Чыж зеленаваты гучна заспяваў.

                                                         Я гляджу і думаю:

                                                         “Мяне ён прывітаў”.

                                                                            Аляксей Якімовіч.

Пакажам, як спявае чыж, прамовім разам: “Цыві-ціві-цыві-ціві-кее...”. 

Падбярыце сінонімы да слоў “гучна” (моцна), “гляджу” (назіраю), “думаю” (разважаю). 

Узбагачаем мову словам Якуба Коласа.

Раскрываючы дужкі, запішыце словы з выбарам літар. Выразна прачытайце вершаваныя радкі Якуба Коласа.

                                                           - Тата, глянь, зірні сюды:

                                                           Ці не воўчыя сл(е, я)ды? --

                                                           Міхасёк сл(е, я)ды чытае,

                                                           Што не ясна, запытае.

                                                           Пагл(я, е)дзелі -- так і ёсць:

                                                           Воўк ішоў, н(я,е)званы гос(ц, т)ь!

                                                           І Міхасю страх цікава.

                                                           Ён ідзе, бяжыць рухава,

                                                           Г(а, о)ласок яго звініць --

                                                           Ёсць аб чым пагамані(т, ц)ь.

                                                           Лес патроху ажывае,

                                                           Ды гамоні(т, ц)ь, ды спявае [3, с. 11, “Раніца ў нядзельку”. “Грыбы”].

Назавіце сінонімы ў гэтым вершаваным тэксце.

Раскрыйце лексічныя значэнні слоў "рухава" (шпарка), "патроху" (пакрыху), выразу "страх цікава" (вельмі цікава). Падбярыце да іх сінонімы.

Тэст.

 Вызначце "лішняе" слова ў кожным радзе. Падкрэсліце яго.

А) прыкусіць язык; б) сказаць; в) замаўчаць.

а) гаварыць; б) паведамляць; в) дазваляць.

а) здзіўляцца; б) рабіць вялікія вочы; в) усміхацца.

7. Падвядзенне вынікаў урока.

Якія словы называюцца сінонімамі?

Ці могуць з'яўляцца сінонімамі спалучэнні слоў? Пакажыце гэта на прыкладах.

Для чаго сінонімы ўжываюцца ў мове?

8. Заданне на дом.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі / склад. Яўген Рапановіч. Выд. другое, перапрац. і дап.  – Мінск : Выш. шк., 1974. – 384 с.

3.  Колас, Я. Раніца ў нядзельку : вершы, апавяданні, казкі / Якуб Колас. —Мінск : Беларусь, 1969. — 224 с.

 

Упершыню надрукаваны ў дадатку да часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа” ў № 18 (2016 год) не ў гэтым, а ў іншым, змененым варыянце.