Поиск по этому блогу

Быў выпадак "Мурашкі"

 

Быў выпадак

 

Мурашкі

 

На сваім дачным участку вырашыў пасадзіць клубніцы. Паўстала пытанне: дзе набыць добрыя, урадлівыя вусы клубніц?

Жонка параіла мне звярнуцца да яе маладой сваячкі Т., якая жыла ў прыватным доме.

Так  і зрабіў: звярнуўся. Неўзабаве атрымаў чаканы падарунак: вусы клубніц. Звярнуў увагу на тое, што на іх карэньчыках сядзелі маленькія мурашкі. “Пасядзяць ды злезуць”, -- так падумаў тады. І на маім дачным участку былі мурашкі, але асабліва мне не надакучалі. “Гэтыя таксама неяк абжывуцца, знойдуць сабе месца”, -- так разважыў і пасадзіў гэтыя вусы.

А праз год мурашкі маладой гаспадыні Т. праявілі сябе як сапраўдныя агрэсары. Яны хутка размнажаюцца, займаюць усё новыя і новыя мясцінкі і знішчаюць літаральна ўсё: нападаюць на спелыя чарэшні, грушы, падгрызаюць храсточкі ў агуркоў, якія ўсходзяць, носяць тлю на маладзенькія лісцікі бурачкоў. А тля, канешне, знішчае іх, не дае ім развіцца, вырасці.

Ужо потым праведаў, што і на агародзе Т. мурашкі паводзяць сябе падобным чынам. Мала таго: яны нават сталі прабірацца ў хату.

“Як мае быць нашкодзіла мне маладая гаспадыня Т”, -- падумаў я і стаў змагацца з гэтымі пражэрлівымі мурашкамі.

Як? Мне параілі так: “Трэба знішчыць мураўіную матку, якая амаль увесь час сядзіць у гняздзе, глыбока ў зямлі і плодзіць мурашак. Для гэтага звары яйцо (вары 15 хвілін, не меней), дастань з яго жаўток і дабаў да яго мёду і 5 грам борнай кіслаты (не болей на адзін жаўток), потым  накачай з гэтага мурашынага пачастунку шарыкаў ці блінчыкаў і пакладзі туды, дзе знаходзяцца мурашкі. Наеўшыся жаўтка, яны панясуць яго матцы, накормяць яе ім. Вось і загіне яна. А без яе не стане і мурашак”.

Ці дапамагла такая парада? Крыху дапамагла. Мурашак стала менш.

Прымяняю і іншы спосаб. Гнёзды агрэсараў і іх скапленні пасыпаю негашанай вапнай.

Такі клопат даставіла мне маладая гаспадыня Т.!

                                                                                     Аляксей Якімовіч