Поиск по этому блогу

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма “Пабочныя словы, словазлучэнні і сказы, устаўныя канструкцыі”.

 

Мовазнаўчы матэрыял для самаадукацыі. Тэма “Пабочныя словы, словазлучэнні і сказы, устаўныя канструкцыі”.

 

Што трэба ведаць пра пабочныя словы, словазлучэнні і сказы, устаўныя канструкцыі?

 

З прапанаваных варыянтаў адказу выберыце адзін: самы лепшы, самы дакладны. Вось яны.

Варыянт 1

1. Пабочнымі называюцца словы, словазлучэнні і сказы, пры дапамозе якіх моўца выказвае свае адносіны да таго, пра што ён паведамляе.

2. Пабочныя словы не з'яўляюцца галоўнымі або даданымі членамі сказа, не выражаюць граматычнай сувязі са словамі ў сказе і маюць розныя значэнні.

3. Адносіны да выказвання можна выразіць таксама пры дапамозе пабочных сказаў. Значэнне пабочных сказаў адпавядае значэнню пабочных слоў.

4. Пабочныя словы, словазлучэнні, сказы, як правіла, выдзяляюцца невялікімі інтанацыйнымі паўзамі, паніжаным тонам (без лагічнага націску) і больш хуткім тэмпам вымаўлення, а на пісьме -- коскамі.

Варыянт 2

1. Пабочнымі называюцца словы, словазлучэнні і сказы, пры дапамозе якіх моўца выказвае свае адносіны да таго, пра што ён паведамляе: Заўтра, відаць, будзем касіць. З дапамогай слова "відаць" перадаецца меркаванне моўцы адносна асноўнага выказвання. Учора, як мне здалося, дзень быў больш гарачы. Пабочны сказ як мне здалося выражае меркаванне моўцы аб выказанай думцы.

2. Пабочныя словы не з'яўляюцца галоўнымі або данамі членамі сказа, не выражаюць граматычнай сувязі са словамі ў сказе і маюць розныя значэнні.

3. Адносіны да выказвання можна выразіць таксама пры дапамозе пабочных сказаў. Значэнне пабочных сказаў адпавядае значэнню пабочных слоў.

4. Пабочныя словы, словазлучэнні, сказы, як правіла, выдзяляюцца невялікімі інтанацыйнымі паўзамі, паніжаным тонам (без лагічнага націску) і больш хуткім тэмпам вымаўлення, а на пісьме -- коскамі: Заўтра, мабыць, будуць жаць жыта.

 

Як іх распазнаць?

 

Праверце, ці можна паставіць да іх пытанне ад іншых членаў сказа. Граматычнай сувязі з іншымі словамі сказа яны не выражаюць, не звязаны з імі.

 

Самастойная праца.

Спішыце сказы, устаўляючы на месцы пропускаў пабочныя словы і сказы і расстаўляючы знакі прыпынку. Параўнайце сказы. Які з іх дае больш поўную інфармацыю?

1. Аднаго разу … мы з Алесяй прыехалі ў абласны горад нашай краіны. 2. Даўняя арабеска … спадабалася майму брату. 3. … усім нам трэба добра вучыцца.

Для даведкі: канешне; адным словам; так сталася.

Раскрыйце сэнс слова "арабеска". (Малюнак у выглядзе прыгожа пераплеценых ліній, кветак, раслін, жывёл.)

Падбярыце сінонімы да слова "арабеска". (Узор, арнамент.)

Падбярыце аднакаранёвае слова да назоўніка "арабеска". Выдзеліце ў іх корань. (Арабескавы.)

Пры напісанні слова "арабеска" ў якім месцы вас падпільноўвае Памылка Памылкаўна? Чаму?

Падбярыце рускі адпаведнік да слова "арабеска". (Арабеска.) Параўнайце гучанне і напісанне. Чаму гэтае слова гучыць і пішацца аднолькава ў беларускай і рускай мовах? (Яно прыйшло да нас з італьянскай мовы.)

Пабудуйце сказ ці словазлучэнне са словам "арабеска". (Цікавая арабеска.)

         [1, стар. 37,“Тлумачальны слоўнік”]

Ведайце! Да пабочных слоў, словазлучэнняў і сказаў прымыкаюць устаўныя канструкцыі. Яны ўтрымліваюць дадатковыя заўвагі, удакладненні і тлумачэнні, на пісьме выдзяляюцца працяжнікамі або бяруцца ў дужкі: Зімою (на дварэ ляжала шмат снегу) мы дружна з’язджалі з горак на лыжах

Пабочныя словы, словазлучэнні, сказы, устаўныя канструкцыі, як правіла, выдзяляюцца невялікімі інтанацыйнымі паўзамі, паніжаным тонам (без лагічнага націску) і больш хуткім тэмпам вымаўлення.

Выразнае чытанне.

Прачытайце, захоўваючы патрэбную інтанацыю.

   1. Чмель гудзіць каля травы.

                                                       Ён, напэўна, баявы.

                                                                                   Аляксей Якімовіч.

2. Вясны, можна сказаць, зусім не было.

   3. У гэты дзень (была субота)

                                                       Прыляцеў камар з балота.

                                                                        Аляксей Якімовіч.  

Карысна ведаць.

У 1596 годзе беларус Лаўрэнцій Зізаній выдаў  "Граматыку" для народа з дадаткам "Лексіс" (слоўнік), у якім на старажытнай беларускай мове растлумачыў значэнне многіх  царкоўнаславянскіх слоў. Мне думаецца, што ў “Лексісе” можна знайсці шмат слоў жывой сучаснай мовы беларусаў.

Растлумачце пастаноўку знаку прыпынку ў другім сказе тэксту.

Пагартаем "Лексіс" Лаўрэнція Зізанія.

Разногласіе -- нязгода.

Выкарыстаўшы слова "нязгода", пабудуйце і запішыце сказ з пабочным словам. Дакажыце, што ў сказах з пабочнымі словамі перадаецца два паведамленні: асноўнае, якое адпавядае рэчаіснасці, і пабочнае, якое перадае адносіны моўцы да свайго выказвання. (У зале, бясспрэчна, панавала нязгода.)

Фізкультхвілінка.

На столі, на сцяне вачыма напішыце прыгожае беларускае слова “дадатак” і лагодна ўсміхніцеся, прывітайце яго, добрае і ласкавае.

У гасцях у тлумачальнага слоўніка.

Выкарыстаўшы ўзор, прачытайце і запішыце слоўнікавы артыкул да слова "бруствер". (Земляны насып па краі акопа для прыкрыцця байцоў ад варожага агню.)

Узор. Дзеяч, -а, м. Асоба, што праявіла сябе ў якой-небудзь галіне дзейнасці. Вядомы дзеяч.

Выкарыстаўшы слова "бруствер", пабудуйце і запішыце сказ з устаўным сказам. (Бруствер (а ён быў даволі высокі) цягнуўся ўздоўж усёй траншэі.)

[1, стар. 61,“Тлумачальны слоўнік”]

Акцэнталагічная хвілінка.

Пастаўце націскі ў словах і прачытайце іх.

Бруствер, маладосць, пасланец, супавы, алфавіт, была. (

Адказ. Бруствер, маладосць, пасланец, супавы, алфавіт, была.

Цікава ведаць.

Прачытайце ўголас, захоўваючы арфаэпічныя нормы беларускай мовы.  Дайце загаловак тэксту. Вызначце яго асноўную думку.  Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку. Зрабіце сінтаксічны разбор сказа з пабочным словазлучэннем. Вызначце ролю пабочнага словазлучэння ў тэксце.

Вялікдзень -- адна з нядзель у перыяд з 4 красавіка па 8 мая (у праваслаўных) і з 22 сакавіка па 25 красавіка (у каталікоў).

Вялікдзень (яго яшчэ называюць Вялічка) -- гэта значыць вялікі дзень, доўгі дзень. Гэта свята прыйшло да нас з глыбокай старажытнасці.  Як лічаць гісторыкі, у часы язычніцтва Вялікдзень святкаваўся ў дзень вясновага раўнадзенства. Гэта была сустрэча Новага года па сонечным календары. Нашы продкі ладзілі свята ў гонар сонца, абуджэння прыроды, набліжэння "вялікіх дзён" палявых работ. Новае гучанне Вялікдзень набыў  у нашы дні. Цяпер хрысціяне ўшаноўваюць яго як уваскрашэнне (паўстанне з мёртвых)  Ісуса Хрыста, якое сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю, свету над цемрай, дабра над злом.

Назавіце назоўнік, да якога можны прымяніць наступнае выказванне:

Вёсны -- вясна!..

                                                                Пасля мяккай зычнай напішам я:

                                                                У першым складзе перад націскам яна.

                                                                                                                       (Вялікдзень, нядзель.)

Праца з вучэбным дапаможнікам.

Прачытайце ў вучэбным дапаможніку лінгвістычны матэрыял аб тым, што некаторыя словы могуць выступаць як у ролі члена сказа ці сродку сувязі ў сказе, так і ў ролі пабочнага слова.

Ведайце! Узмацняльная часціца нават у ролі пабочнага слова не выступае і коскамі не выдзяляецца: Здавалася, нават камары ў гэты летні дзень схаваліся ад спёкі.

Выкананне практыкавання.

Параўнайце сказы ў парах. Вызначце, у якіх сказах выдзеленыя словы з'яўляюцца членамі сказа, а ў якіх -- не. Спішыце сказы, пастаўце, дзе трэба, коскі.

1. З-за туману нават дарогі не было відаць. 2. Сонца(,) відаць(,) не захацела грэць людскія палеткі. 3. Бадай(,) нікому ў класе не прыходзілася так цяжка, як Міхасю. 4. Бадай з радасцю кожны беларус, дзе б ён ні жыў, сустрэне Новы год. 5. Праўда не любіць сябраваць з няпраўдай. 6. Рака ў гэтым месцы(,) праўда(,) была неглубокая. 7. Цягнік рухаўся па чыгунцы(,) аднак ужо не так хутка, як раней. 8. Міхась(,) аднак(,) не змаўчаў, як гаворыцца, агрызнуўся.

Назіранне за словам.

Спішыце, устаўляючы прапушчаныя літары. Расстаўце прапушчаныя знакі прыпынку. Параўнайце выдзеленыя словы і адкажыце, якую сінтаксічную функцыю яны выконваюць: а) выступаюць у ролі пабочнага слова; б) выступаюць у ролі члена сказа; б) выступаюць у ролі сродку сувязі (злучніка) ў сказе.

1. У гэтай сям’і дзяўчынка(,) відаць(,) была самая мало..шая. 2. Дарога з узгорка была добра відаць (Эдуард Самуйлёнак). 3. Вядома(,) мы кожны го.. чакаем вясну -- час прылёту галасістых птушак. 4. Усім вядома, што адклад не ідзе ў лад (Змітрок Бядуля). 5. Садок быў(,) праўда(,) невялічкі (Якуб Колас). 6. Праўда даражэй за грошы (Прыказка). 7. Сапраўды(,) у гэты дзень ра..пачалася моцная навальніца. 8. Баравікі сапраўды раслі ў густым маладнячку. 9. Тут(,) здавалася(,) усё жыло толькі зменай дзён і нач..й (Кузьма Чорны). 10. Адзінокая гармата здавалася жывою істотаю (Кузьма Чорны). 11. Светлай, а галоўнае, вясёлай і прыветлівай здалася мне гэтая сунічная палянка.

Для даведкі (напісана на картцы). Калі пабочнае слова (словазлучэнне), пры якім стаяць злучнікі а, і, можна апусціць ці пераставіць у іншае месца ў сказе, то коска паміж злучнікам і пабочным словам (словазлучэннем) ставіцца абавязкова: Незвычайным, а галоўнае, прывабным здаўся мне гэты маленькі гарадок.

Злучнікі а, і не аддзяляюцца коскай ад наступнага пабочнага слова (словазлучэння), калі яны ўтвараюць з ім адно сэнсавае цэлае. У такім выпадку пабочнае слова (словазлучэнне) апусціць ці пераставіць у іншае месца ў сказе немагчыма: Міхась глядзеў на Ганначку і, здавалася, крыху хмурыўся.

Назавіце назоўнік, у якім гукі [д], [т] пры змякчэнні чаргуюцца з  [дз′], [ц′]. На пісьме яны перадаюцца літарамі дз, ц. (Гармата -- аб гармаце.)

Перакладчыкі.

Запішыце афарызмы па-беларуску. Пастаўце прапушчаныя знакі прыпынку.

... Нежнейшее сердце

                                                            Дать человеку в удел замыслила(,) видно(,) природа,

                                                            Коль наделила слезами.

                                                                                                                               Ювенал.

Другого, пожалуй, и обманешь, самого же себя никто не обманет  (Фрэнсіс Бэкан).

Я мыслю(,) следовательно(,) существую (Дэкарт).

Сломишь(,) но не согнёшь (о сильном человеке) (Цэцылій Стацый).

Конечно(,) лишь добродетель даёт нам дорогу к спокойствию жизни (Ювенал).

Словы для даведкі: в удел -- на долю,  замыслить -- задумаць, коль -- калі, следовательно -- значыць.

Хвілінка кемлівасці.

Пабудуйце сказы з наступнымі ўстаўнымі канструкцыямі. Запішыце іх і пастаўце знакі прыпынку.

Так звалі майго сябра; гэта было ў Вялікую Айчынную вайну; іх было чалавек дзесяць; я дакладна падлічыў; у гэтым мы былі перакананы; гэта адразу кідалася ў вочы.

Праца са сказам.

Запішыце сказ. Акрэсліце значэнне пабочнага слова. Для гэтага выберыце патрэбнае тлумачэнне.

1) Пабочныя словы могуць выражаць:

а) розную ступень упэўненасці;

б) розныя пачуцці (эмоцыі).

2) пабочныя словы могуць указваць:

а) на крыніцу паведамлення (каму належыць паведамленне);

б) на парадак думак і іх сувязь, паслядоўнасць выкладання;

в) на заўвагі аб спосабах афармлення думак.

На шчасце, у гэтым старым густым лесе мы хутка знайшлі патрэбную нам дарогу.

Тэст.

Адзначце сказы, у якіх набраныя курсівам словы трэба выдзеліць коскамі.

1. Гэтым  летам мы несумненна будзем адпачываць у бабулінай вёсцы.

2. Здалёку відаць было, як на полі ўзнімаліся сцены шэрага пылу.

3. Міхась відаць забыўся, што трэба было вывучыць правіла па мове.

4. Пятрусь Броўка напрыклад нарадзіўся ў вёсцы, а потым доўгі час жыў у горадзе Мінску.

5. Човен здалося Міхасю стаў аддаляцца.

(Сказы, у якіх набраныя курсівам словы трэба выдзеліць коскамі: 1, 3, 4, 5.)

5. Мытны кантроль.

Як вядома з гісторыі, ліку "сем" надаваўся таямнічы, магічны сэнс. Так, семярычнасць свету выяўлялася ў сямі ўзростах чалавечага жыцця:

да 7 гадоў -- маленства;

з 7 да 14 (7 памножыць на два) -- дзяцінства;

да 21 года (7 памножыць на тры) -- юнацтва;

да 28 гадоў (7 памножыць на 4) -- малады чалавек;

да 49 гадоў (7 памножыць на 7) -- сталы мужчына;

да 63 гадоў (7 памножыць на 9) -- пажылы мужчына.

Цяпер я задам вам сем пытанняў да тэмы "Пабочныя словы, словазлучэнні і сказы, устаўныя канструкцыі. Іх значэнне і роля ў сказе, інтанаванне і знакі прыпынку". Пастарайцеся правільна адказаць.

Якія словы, словазлучэнні і сказы называюцца пабочнымі?

Чым ад іх адрозніваюцца ўстаўныя канструкцыі?

Якія словы могуць выконваць і ролю пабочных слоў, і ролю даданых членаў сказа?

Якія вы ведаеце групы пабочных слоў па значэнні?

Як інтануюцца пабочныя словы, словазлучэнні і сказы, устаўныя канструкцыі ў вусным маўленні?

Як пабочныя адзінкі выдзяляюцца на пісьме?

Якая роля пабочных слоў, словазлучэнняў і сказаў, устаўных канструкцый у тэксце?

 

Выкарыстаная літаратура

 

1. Баханькоў, А. Я. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: для сярэдняй школы / А. Я. Баханькоў, І. М. Гайдукевіч, П. П. Шуба. – 2-е выд., перапрац. і дап. --  Мінск : Нар. асвета, 1972. – 376 с.