Поиск по этому блогу

Думкі Ірыны аб мужчынах


Думкі Ірыны

Назавём яе Ірына. Ёй 30 гадоў. Працуе прадаўцом. Разам з мужам выхоўвае двух дзяцей дашкольнага ўзросту.
Вытрымкі з маёй гутаркі з Ірынай.

-- Аб якой сям’і ты марыла раней?
-- Хацелася выйсці замуж і выхоўваць дваіх дзяцей: хлопчыка і дзяўчынку. Мая мара збылася.

-- Некаторыя твае сяброўкі, як мне вядома, ці ў разводзе, ці незамужнія. Ты прывыкла б да такога жыцця?
-- Прывыкла б. Я самадастатковая, працую і працу пакідаць не збіраюся. А наконт разводу вось што хачу сказаць. Не патрэбен у сям’і мужчына, які сам бездапаможны. Некаторыя мужчыны лічаць, што ім, як дзецям, у першую чаргу трэба ўдзяляць увагу. З тэлефонам ляжаць на канапе і чакаюць, калі прыйдзе жонка, каб нагрэла ежу, пакарміла, посуд памыла. Але ж яны не дзеці. Яны самі могуць справіцца з гэтай працай, толькі не жадаюць, бо лічаць, што жонка павінна быль прыслугай, афіцыянткай у мужчыны, што ад нараджэння выбрала такі лёс.

-- І ў тваёй сям’і можна ўбачыць падобнае?
-- Раней было менавіта так. Я і паіла, і карміла, і посуд прыбірала, які гарой ляжаў у ракавіне.

-- А цяпер?
-- Цяпер ён сам сябе абслугоўвае. І дзяцей глядзіць, гуляе з імі, і мне ў хатніх справах дапамагае.

-- Як табе ўдалося пераламаць гэтую архаічную сітуацыю?
-- Сварылася, нават скандаліла, а аднойчы заявіла: “Гэтае становішча мне не падабаецца. Выбірай адно з двух: або разыходзімся, або дапамагай”.

-- Яго спалохаў развод?
-- Вельмі спалохаў.

-- А цябе?
-- Раней баялася разводу, бо думала, што адна з двума дзецьмі не пражыву. А потым так сталася, што муж паехаў на заробкі ў Расію. Ездзіў два гады і звычайна прыязджаў толькі праз два месяцы. Вось у той перыяд я і зразумела, што змагу пражыць без яго, што спраўлюся. Лепш жыць адной, чым з бездапаможным мужчынам, які займаецца толькі самалюбаваннем.

-- Куды ж ішла твая любоў?
-- Усю любоў я аддавала дзецям і гэта мяне цалкам задавальняла. Не было часу, каб думаць пра нейкую іншую, крамольную любоў. Так што любові мне хапала. Я яе не толькі аддавала, але і адчувала на сабе з боку дзяцей. Уся мая сіла аддавалася менавіта выхаванню дзяцей.

-- Ты рашучая?
-- Заўжды прытрымліваюся прынцыпу: трэба вырашаць праблему, а не трымаць яе ў сабе.

-- Але ж у час такога вырашэння можна памыліцца і зрабіць сабе горш.
-- Лепш зрабіць і шкадаваць, чым не зрабіць і потым усё жыццё шкадаваць, думаць: “А чаму не зрабіла?”  Задуманае прыводзіць і да добрага выніку. Хіба не так?

-- Кахаеш свайго мужа?
-- Кахала тады, калі ў святочным плацці выходзіла замуж і свяцілася шчасцем. Бегала каля яго, дагаджала яму, а ён гэта не ацаніў. Таму цяпер яго не люблю, разлюбіла.

-- Ён гэта ведае?
-- Адчуваў, а аднаго дня сказала прама: “Я цябе не люблю”.

-- Ён не ўзбурыўся, не закрычаў?
-- Спахмурнеў і, напэўна, спалохаўся. Паведаміў, што цяпер кахае мяне больш, чым кахаў і ўсё зробіць для таго, каб і маё каханне вярнулася.

-- Яно вернецца?
-- Цяжка сказаць. Агіды да яго не адчуваю, цаню як бацьку сваіх дзяцей. Мне з ім зручна.

-- Як на мяккім крэсле?
-- Напэўна, так.
                                                                                                              2020 год.