Праверце сваю логіку і інтуіцыю. “Белакрылая птушка-2”
Логіка
– уменне разважаць і рабіць вывады.
Сінонімы
да слова “інтуіцыя”: чуццё,
прадбачлівасць, здагадка.
У мінскім выдавецтве “Беларусь” выйшла мая кніга
“Белакрылая птушка”, у якой змешчаны дзве аповесці і вершы.
1. Урывак з
аповесці “Белакрылая птушка”.
Ціха стала ў кватэры. Быццам не было Вовіка, быццам
здалося, што ён быў.
“Крыху расслабілася з ім, урокі з галавы прагнала”, --
падумала Галя і паглядзела ў акно.
Вовік ужо выйшаў з пад’езда і па дарожцы, укладзенай
шэрай пліткай, таропка накіраваўся на вуліцу.
-- Вунь як паляцеў! Аж пяты заблішчалі! Няхай ляціць! А я
тым часам у магазін схаджу, прадуктаў
сабе куплю, – прамовіла дзяўчынка і, дастаўшы з сумкі кашалёк, адчыніла яго.
Пуста ў кашальку, аніводнай манеткі ў ім.
Галя адчула, як задрыжэлі і падкасіліся ногі. Яна
апусцілася на крэсла.
Што ж выходзіць? Вовік забраў, выграб з кашалька ўсе грошы, якія бацька і маці пакінулі ёй.
Пусціла ў кватэру, даверылася яму.
Гэты ўрывак узяты з
раздзела:
а)
“Зноў Вовік”;
б) “Званок у міліцыю”.
• З двух варыянтаў выберыце
патрэбны.
2. Урывак з
аповесці “Белакрылая птушка”.
“Мой бацька
чалавек з двайным дном, як і я, відаць…” – праносіцца ў Вовіка ў галаве.
-- Цяжка думаць пра адно і тое ж… Адчуваеш? – непакоіць
голас Галі.
Вовікава рука міжволі пацягнулася да кішэні, у якой
нядаўна ляжалі, пяклі яго Галіны грошы.
Чаму лёс чалавека так залежыць ад грошай, іншы раз ад
самай мізэрнай сумы? Чаму яны маюць такую вялізную сілу?
-- Думкі самі сабою пераскокваюць на другую тэму, на
трэцюю!
-- Пераскочылі, -- паведаміў хлопец з далёкай вёсачкі.
-- Думай пра клён. Не давай думкам “саскочыць”.
Як іх утрымаць, калі гэтыя грошы лезуць у галаву?! Жывучы
ў горадзе, нават на дарогу сабе не зарабіў…
-- Пра што думаеш, Вовік? – хочацца ведаць Галі.
-- Пра грошы, якія ў цябе ўкраў.
Гэты ўрывак узяты з
раздзела:
а)
“Розныя думкі”;
б) “Песня пра рэчаньку”.
• З двух варыянтаў выберыце
патрэбны.
3. Урывак з
аповесці “Белакрылая птушка”.
У
кватэру зайшоў чарнавалосы лейтэнант.
Галя міжволі залюбавалася ім. “Стройны, як малады
топаль”, -- чамусьці менавіта такое параўнанне з’явілася ў яе галаве.
-- Добры дзень, Галіна Іванаўна, -- як з дарослай,
прывітаўся з дзяўчынкай участковы.
-- Хацелася б, каб быў добры, -- адказала Галя, а сама
непрыкметна зірнула на шафу. Ці вытрывае, ці выседзіць там спакойна Вовік? Во
будзе, калі раптам чхне ці кашляне!
Тарасевіч прабег вачыма па пакоі і пачаў здалёку, як
вопытны рыбалоў, які ведае, як злавіць шчупачка на жыўца:
-- Значыць, бацькі вас адну дома пакінулі?
-- Нібы былінку ў полі, таварыш Тарасевіч, -- прагаварыла
Галя і гарэзліва ўсміхнулася. Няхай ведае малады лейтэнант, што падабаецца ён
ёй. Няхай паселіцца ў яго душы надзея.
Тарасевіч
прайшоўся па пакоі і прамовіў строга, як начальнік:
--
Па нашых звестках, у горадзе з’явіўся небяспечны злачынца…
Гэты ўрывак узяты з
раздзела:
а)
“Танец з лейтэнантам Тарасевічам”;
б) “І ў шафу страх загоніць”.
• З двух варыянтаў выберыце
патрэбны.
Адказы (выкарыстоўвайце толькі для кантролю; словы напісаны наадварот). 1.
Юыцілім у конавз. 2. Ікмуд яынзор. 3.
Мачівесарат матнанэтйел з ценат.
Якімовіч, А. М. Белакрылая
птушка : аповесці, вершы / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларусь, 2021. – 199
с.